Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
вечнае ўладанне, пакуль не рассыплецца цела і памяць у порах. Цяпер маладыя і юнакі, што ў Нарожкі прыязджаюць на лета, да позняй ночы слухаюць магнітафон з ангельскімі песнямі, да дзядоў папольску азываюцца, як і тыя да іх. Весечцы Насцінай вось дванаццаць гадоў, яшчэ не дзеўка, а ўжо пазірае на шаснаццацігадовага Гандзінага ўнука, Роберта, але ўсё ж большы ў яе інтарэс да малых, бо ж дзіця яшчэ. Што ёй разумець у нарожскай даўнечы...
Вось тады схапіла яна сваю торбачку з цукеркамі і апельсінамі і пабегла патратуары, мінаючы каровіныя бліны (наражчанскія каровы на выган чамусьці любяць ісці не па вуліцы-брукоўцы).
— Праз мінут дваццаь прыбегла да мяне Гандзя, ледзь аддыхалася. Схапілася за сэрца і крычыць ад парога: “Ты хоць яе спутай, хоць прывяжы да дзвярэй, тую сваю Веську, хоць пярэвяслам сперазай! Хай толькі яна да нас не прыходзіць! Хай сядзіць тут у цябе ў хаце, раз да цябе прыехала!” — баба Насця пурпуравее маршычністым худым тварам. —Кажу ёй: ‘Тандзечко, гэта ж дзіця, як яе ўтрымаеш у хаце? Ёй жа да дзяцей хочацца! Будзь чалавекам, не праганяй Весі ад сваіх...” — “Павел заб’е яе хіба, як толькі яшчэ ў нас пакажацца! Мала свае навалачы!” Я спачатку ў слёзы кінулася, але пасля злосць мяне ўзяла: “Ну нелюдзі вы, Канцавыя! Нелюдзі! Усё да людзей нешта маеце, фашысты вы! Праз вас наш Пеця і загінуў! A ваш Мікола то ўсім с... лізаў, у каго ружжо было, то Сталіну, то Гітлеру!! Каб ён і ўсе вы на гарэ стаялі і сонца не бачылі! Учапіліся, бач, цяпер да нявіннага дзіцяці!” Ну і пабіліся мы тады з Гандзяю, дурныя бабы.
Пра тое, што дакладна здарылася на падворку Карацінскае, ахвотна расказваюць суседкі. Вядома, прыдаюць колераў бітве бабулек, якія на вачах людзей шчыра счапіліся, пазрывалі сабе з галоў хусткі, павыдзіралі сабе пару жмутоў сівых валос.
Тузаліся яны тады добрых пару хвілін, а крыку было больш, чым бойкі. Суседкі смяюцца, успамінаючы гісторыю, седзячы на лавачцы пад плотам.
— От, дурасць, і ўсё! — кажа Тэкля Пякарская. — Чаго ім было сварыцца? Адзін смех, ну, камедыя чыстая, дый годзе.
— Ну, папраўдзе гэта і неганарова ў такім узросце за чубы брацца. I яшчэ моладзі поўна, гарадскіх паноў. Вось учора мой Ірэк пачаў дапытвацца, як з тым “фашыстам” было, — уздыхае Сонька Салавейкава. — Вазьмі растлумач дзіцяці, як гэта бывала, чаму брат пайшоў на брата... Успомніш брудныя справы, зачэпіш незагоеныя раны...
He толькі “чыстая камедыя” атрымалася. Гандзя, падаючы на каменныя прыступкі ля Насцінага парога, мела сатрасенне мозгу. Цудам не паламала сабе падставу чэрапа (падала на патыліцу), а тады была б горшая бяда.
— Я бяру таблеткі на нервы, і на сон, бо заснуць не магу, — каўтае слязу Насця Карацінская. — Усё находзяць на мяне думкі пра канчыну. Мусіць, і я хутка пайду “на горку пад лесам”, да майго Сашыка. Думала, што да смерці спакойна дажыву, а цяпер страх на вуліцу выходзіць...
Ды і няма чаго з хаты нос высоўваць. Кончылася капанне. Трэція суткі бубніць дождж. Маладыя паехалі ў горад. У вёсцы ціха, толькі дзе-нідзе азываецца злосны галодны сабака.
На Паторцы
На Паторцы каля Н. жыў Жорка. Хату, прасторную, шчытом да вуліцы, паставілі яшчэ ягоны бацька Іванко з дзедам Міхалём амаль паўстагоддзя таму.
Іванко славіўся аж у трох гмінах сваімі печкамі і мураванкамі, але сабе хату змайстраваў драўляную, здаровую. Ды прыйшлося яе нядаўна абкладваць цэглай, паднялі яе за вуглы і падрубы на новы, умацаваны вялікімі камянямі цэментавы падмурак. Выбілі новыя вокны, большыя, у дзве паловы, з фортачкамі. Гэтак завяла маладая Жоркава жонка, Гануся.
Цудам называлі Ганусю ў вёсцы, так як і тое, што рашыла ісці на Паторку. Чаго тут ёй шукаць, дзеўцы з сярэдняй адукацыяй, толькі што па школе, тут во, і з Жоркам, якому добра пад сорак! Што з таго, што гаспадарка ў яго някепская, і машыны амаль усе мае, калі тых кароў ды свіней не злічыць? To ж рукі сабе да локця адрабіць можна! А харошая Гануся, як карцінка! Праўда, і Жорка, як маляваны, высокі, чарнявы, і дзеўкі за ім шалелі, асабліва калі яшчэ ў гурце “Імператар” на бас-гітары іграў ды спяваў пра нешчаслівае каханне (ты мне пожуціла, длячэго то зробіла, не зрозуме нік, о-о-о, о дзевчыно...). He заўважыў Жорка, як яго аднагодкі, хто зараз па арміі, а хто і раней абзавяліся сем’ямі, пачалі ўжо збірацца сваіх дзяцей жаніць ды замуж выдаваць. Ездзіў яшчэ па забавах, але ўжо ўсё меншае ўражанне рабіў на дзяўчат (ды і менш усё іх было па вёсках) — над пасачак над нагавіцамі вылазіў яму ўсё круглейшы жывоцік, паявіліся залысіны ў кучаравым чорным чубе і голас страціў гучную прывабнасць, якая калісьці даводзіла слухачак да дрыжыкаў і слёз. Новы вакаліст “Імператара П” не меў пад апекай кароў ды свіней (аддаў яго бацька гаспадарку пад жонд), меў час ездзіць па забавах, і нават не запрапанавалі Жорку запісацца на касету Disco-Polo, якую накруцілі ў новым складзе, хаця раней абяцалі. Пакрыўдзіўся вельмі Жорка, бразнуў сястрой-гітарай (так яе пяшчотна называў) аб падлогу і сабраўся дадому.
Ганусю выпісаў Жорка з газеты. Напісалі адно другому пару лістоў, абмяняліся фотаздымкамі.
Прыехала на Паторку, агледзела, што і як. Файна тут, сказала, ёсць кантакт з прыродай. Але неабходна ў хаце ванну мець, хто ж у балеі будзе купацца, і каб гарачая вада не з парніка, а з бойлера, і цэнтральнае ацяпленне, і, каб зусім было па-людску, пліткай выкласці і кухню, і ванную (зрабілі яе ў каморцы)... Ага, і каб падлогі не з дошак, а паркет. Можа быць дубовы, але хай бы і ясеневы, абы ўзор прыгожы. Ну і, вядома, срачык каб у хаце быў, не бегаць жа ў будку за клуняй...
Прадалі Ляўшуны шмат што, зрабілі хату рыхтык як хацела Гануся. Праўда, за такія штукі стары Іванко ўжо не браўся, — тут іншы майстар патрэбен. Хатку вырыхтавалі такую, што як у шклянцы стала — суседзі палюбавацца прыходзілі. Гануся сустракала ўсіх ветліва, частавала, і сама не была супраць бліжэй пазнаёміцца з суседкамі. Хутка яны заўважылі, што Ляўшуноў у хаце будзе болып.
Толькі неяк зарана Гануся нарадзіла. Можа, надарвалася, адно што не было чым, бо муж не даваў ёй да нічога дакрануцца. Хлопчык, як на няпорнага, надта ж вялікі быў, больш за чатыры кіло. Прывёз Жоржык малога дахаты непрытомны ад радасці, хваліўся сынам як родным, але ж сляпы не быў. Ну, як там сабе ладзілі ў хаце Ляўшуны, не наша і не суседзяў справа, — не на вачах — не ў сэрцы. Пра сваркі ніхто не чуў. Адась рос здаровы, Гануся сядзела ў хаце, і хоць часу ў яе не было на нуду, відна, сумавала, і быццам зачахла — гасла на вачах яе асляпляльная краса.
Калі малому споўнілася тры гады, здала яго маці ў садок, пайшла працаваць “скляповай”-прадаўшчыцай.
Аднойчы ў спажывецкую краму з даставай прыехаў новы шафёр.
— Гануся, ты тут? Век не бачыліся! А што ж цябе сюды прыгнала? Запрашай у госці, пакажы, як абжылася!
Ежы Срока прыехаў да Ляўшуноў у наступную нядзелю з вялікай торбай — з гарэлкай і падарункамі малому. I Жорка паставіўся — пілі ды елі доўга за поўнач, успаміналі Жорка з Ежым нядаўнія, здавалася б, гады, у той час, як Гануся яшчэ пісяла ў майткі, седзячы ў пясочніцы, ужо буянілі на забавах і скубалі дзевак.
Раніцай стары Іванко нарабіў віску на ўвесь дом. Звалок нявестку з ложка, пацягнуў яе ў “вялікую хату”, цяпер званую “салёнам”, дзе маладыя ноччу балявалі. На дыване, аплёўшыся нагамі, спалі галюткія Жорка і Ежы. Іванко аж калаціўся, хапаўся за сэрца:
— Гэта хто такое бачыў?! Што яны, кнуры гэтыя, тут рабілі?! А людочкі... — і старэча пахіснуўся, падаючы ўдарыў сівою галавой аб стол.
— Гэта так, Ежык?! To я тваё дзіцё гадую, а ты з маім мужам?! — пачала Гануся тузаць непрытомных мужчын, якія не з меншым жахам пазіралі на сябе ледзьве прадзертымі вачыма.
Жоржык сарваўся на роўныя ногі. Ужо не на кавалера глядзеў, не на раз’юшаную Ганусю, а на старога бацьку, што непрытомны скурчыўся пад сталом.
Чым гэтая гісторыя скончылася? Што думаюць пра “такую камедыю” ў вёсцы ? Паедзьце, запытайце. Бабы кажуць, Еўропа прыйшла да нас, то і цікавей жывецца, чуючы пра такія “штукі”. Толькі шкада, што цяпер пустуе толькі што абноўленая хата Ляўшуноў на Паторцы. Іванка пахавалі, Гануся з малым з’ехала ў Беласток, а Жорка, кажуць, у Бельгіі сядзіць, шукае сабе занятку. Быццам не было працы тут, у нас.
Скарб
Дарафей Мацюкевіч перад смерцю сказаў Мірону, свайму ўнуку, каб скарб шукаў, што ягоны дзед Аніська закапаў, едучы ў Сібір, у агародзе пад бэзам. Той стары пакручаны куст рос калісьці каля хаты, каля самое сцяны, і няма даўно ўжо таго дому, стаіць новы, ужо трэці пасля таго, які пакінулі, ідучы ў паняверку. Згарэла тады ўся вёска, і вярнуліся ў дваццаць трэцім на парослыя буйным зеллем і маладымі дрэўцамі руіны. Яшчэ цяпер на градках, нават неглыбока капаючы, знойдзеш паламаныя цэглы, абломкі паліванай кафлі, завесы, пераедзеныя іржой да тоненькай сэрцавіны цвікі, счарнелыя лыжачкі, медныя грошыкі. Але сярод гэтага ёсць і рэшткі хаты, спаленай фашыстамі, калі пацыфікавалі вёску, як усе прыпушчанскія падбелавежскія пасяленні.
Калі дзед Дарафей ціха і спакойна паміраў, Мірон хадзіў у другі клас. Дзед, аслаблы і бледны, як тыя падушкі, узбітыя высока бабай Маланеяй, паўсядзеў, беспамылкова перабіраючы жоўтую бліскучую нітку ў пакручаных доўгіх пальцах — сплятаў сетку кломлі і “плёў кашалі”, як пра аповеды мужа гаварыла Маланея. Баба адразу адрэзала, гледзячы на разяўлены рот найстарэйшага ўнука і нашыя вырачаныя вочы, утаропленыя ў дзедаў бяззубы рот, з якога гучалі незвычайныя словы:
— Ты, Дарафей, не вучы ўнука лухты, а то і з яго вырасце цудак, як усе Мацюкевічы. Скарбы, скарбы! Вам адно ў галаве: ганяцца па свеце за невядома чым, а з таго хлеба есці не будзеш!
— Маланея, гэта не лухта і не глупствы. Гэта — гісторыя! Ты, маці — баба, а бабскае дзело — печы пільнаваць. He сунь носа ў такія справьь Ужо Ева давяла да таго, што нас выгналі з раю!
Дзед Дарафей быў у гэтым упэўнены — ва ўсім віна кабет. I войны праз тое, гаварыў (а мне, адзінай дзяўчынцы ў кампаніі яго слухачоў, было вельмі прыкра, і мне хацелася быць хлопчыкам), што бабы хочуць кіраваць светам: давай ім аздобы, давай ім футры звяроў, давай грошы! Біблію чытаў дзед Дарафей, з якой мы мала разумелі, з распевам, а белая доўгая барада лагодна клалася на пажаўцелыя, набухлыя старонкі з растрэпанымі берагамі. 3 гэтай Кнігай сям’я ў бежанстве была, перажыла яна разам з Мацюкевічамі ўсе войны і ўлады...