Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Варцы пашанцавала — узялі яе на працу ў краму, спачатку прыбіральшчыцай. Наняла пакойчык у маленькай хатачцы на Баярах, за дапамогу ў апецы. Запісалася ў вечаровы ліцэй. Праз год перавялі яе на прадаўшчыцу, бо добра кеміла ў матэматыцы ды сумленная была. У ліцэі мела адны пяцёркі. Ды гэта, на жаль, не цешыла бацькоў. У чэрвені, пасля першага класа Варка паявілася на родным падворку, у новай сукенцы, з выдатным школьным пасведчаннем у кішэні. Бацька выйшаў на ганак. “Ты чаго прыехала, дармаедка?! Нажэрціся?!" — гыркнуў. Дзяўчына павярнула назад.
Слала пісьмы дадому, але не чакала ўжо адказу. Паведамляла маці, як ідуць справы. Сястра наведала яе пару разоў у Беластоку, купляла сабе новую вопратку, хвалілася заляцанкамі кавалераў і тым, што бацькі выпраўляюць яе вучыцца на краўчыху. Але доўга Ірка не пабыла ў тэхнікуме, праз паўгода справілі ёй вяселле з багатым хлопцам.
Варка знайшла сабе кавалера ўжо на студыуме. Тады ўжо працавала бухгалтаркай. Хлопец быў таксіст з “Фіатам”, прыгажун, нічога, што католік, бо гатовы быў браць шлюб нават у царкве. Але Варка пайшла за ім у касцёл, бо ж гэта Юркавы бацькі зрабілі ім вяселле. Hi сястра (бо якраз нарадзіла), ні
бацькі не прыехалі, ано цёця Зося з Сухаволі пабыла гадзіну на банкеце.
Павезла Варка сваіх двух сыноў у вёску, пахваліцца. Раз. Дзеткам было крыўдна — баба Надзя дала цётчынай Алі вялікі шакалад, а ім батончык на дваіх! Нават не прытуліла, не пагладзіла па галоўках. А дзед Адам песціў Алечку, гушкаў, а да ўнукаў словам не азваўся. He падабаўся Надзі і зяць, хоць у яе з ім размова больш клеілася, чым з дачкою. Калі Варка з ім развялася, Надзя паківала галавою: “А хто ж з табою вытрымаў бы, бэмба ты! He ўмела яму дагадзіць, то знайшоў сабе іншую!”
Юрка на працягу семнаццаці гадоў не мог ніяк справіцца з аліментамі. За той час паспеў дарабіцца яшчэ чацвёркі малечаў з рознымі панямі.
— I што яны ў ім бачылі? — дзівіцца сёння пані Варвара. — Ну, у свой час быў ён відны хлопец, гжэчны. Было на што прынамсі паглядзець, абы толькі рот не раскрыў. Але, папраўдзе, то неахайны, нудны ён бамбіза. Каб я з ім была, то нічога не дарабілася б. А так у хаце хоць спакой быў. А наймалодшай вось Юркавай каханцы дваццаць пяць гадоў, сына яму нарадзіла. Жыць з ім не хоча, ано каб грошы ёй плаціў...
Нічога Варка са свае хаты не ўзяла за ўсё жыццё. Толькі родную матку. Перадала была Надзя пасля смерці Адама малодшай дачцэ гаспадарку, а тая адправіла яе ў “дом старцаў”. 3 плачам паявілася маці ў Варчынай кватэры, да таго ж пад руку са сваёй сястрой Зосяй, таксама бяздомнай. Давялося Варцы ўзяць іх пад свой дах. Цяпер жа жыла адна, з сабачкам толькі — аднаго сына адправіла ў Амерыку, другога ажаніла. Ужо пенсіянерка, але ўсё пры рабоце — дасведчаная бухгалтарка з камп’ютэрам заўсёды мае цану. Hi слова не сказала Варка маці пра былое.
Першая памерла ціхая бабулька Зося. Суседзі заўважылі, што сабачку выгульвае цяпер адна
маўклівая сухенькая, сутулая старая. А пасля і яна перастала выходзіць з блёка. Адмовілася есці. “Атруціць ты мяне хочаш, Варка. Я ведаю. Ты мяне ненавідзіш, хоць нічога не кажаш! He буду я есці нічога!”, — упіралася. Бегала да суседзяў, каб купілі ёй рыцынавы алей, апаражніцца ад атруты. Пасля сашчаміла бяззубы рот і не брала ні кроплі, ні крышынкі. Стагнала: “Ты мяне не любіш, Варка! Я гэта ведаю!” У Харошчы спрабавалі карміць яе цераз кропельніцу. Пахавала Варка маці побач ейнае сястры, паставіла ім помнікі на магілках.
Цяпер Варка купіла новую кватэру. У старую пасяліла сына. Мела за што. Спадчыну атрымала па Ірцы, па адзінай сваёй сястры. Ірчын муж з дачкою і зяцем разбіліся пад Кузніцай. У Алі дзяцей не было, з мужам была развялася. I ўсё — і змеханізаваная гаспадарка, і заходні аўтамабіль, і дом мураваны са ўсімі стадоламі-хлявамі Варцы засталіся. Прадала яна ўсё хутка, каб і не глядзець на гэта.
А цяпер ізноў муж былы, Юрка, дахаты да яе просіцца. Пастарэў, прыхварэў. Няма куды яму дзецца. Сыны за тое, каб маці дала шанц старому, каб даравала. Хай хоць унукі маюць дзеда!
Чалавечыя словы
Бурык быў калісьці сабачыска харошы, бліскучы, круглабокі. Ну, вядома, старасць нікому не ў радасць, хоць, кажуць людзі, бачылі істот “пагоднай восені”, прынамсі, так іх называюць... Зусім як і з ягоным гаспадаром, Анісам. Здаецца, хоць стары, палінялы, a ўсё ж удавіцы з чатырох навакольных вёсак, будзе з два тузіны, на Аніса пазіраюць і ў самоце ўздыхаюць: хоць жыве адзін (з Бурыкам), то і сыны яго
наведаюць, і хоць нагу яму адымае, дае сабе раду ў хаце, нават гадуе курэй, індыкаў, свінчо, трымае кароўку, а пенсію мае за гаспадарку і за працу ў міліцыі. Чэпае сабе паціху па свеце, уголас не плача, міласці не просіць.
Адно ў Анісы і ў Бурыка асталося з маладых гадоў у непарушным стане: нюх! Hoc, вялікі і мясісты, у Анісы чулы да смачнай ежы. Добра корміць сябе стары, на такое не шкадуе, бо ўдосталь пояс заціскаў у галоднае і босае маленства і безбацькоўскае юнацтва. I Бурыку не шкадуе цёплага тлустага супу, салідных костак, заскваранай кашы. На хутарах смяюцца, што хоць Бурык есць не менш, чым свіння, ды сваімі рэбрамі толькі кепскую славу прыносіць гаспадару. He морыць сябе і сабаку голадам дбайны гаспадар, але і сам кашчэй, і цюцька ў яго худы.
Вылезе Бурык з будкі, скаланецца сваім цяжкім целам, лусне зубамі па сваіх баках, пачухае задняй лапай за вухам, падыме нагу для палёгкі, акіне падслепаватым вокам маёнтак, і акунаецца ў мора пахаў. Вось цяплом дыхае гной з Фросінага хляўчука, то ад пярэстай курыцы нясецца пах чыстага пер’я і запэцканага яйка, то ў Бурыкаў нос востра заходзіць маразок ад бяроз на пагорку... Гарачыя бульбяныя лупіны, тоўчаныя з восыпкай, каровіны добры пот, змешаны з малаком і сенам. Гаспадаровы злежалы тытунь і едкі дым, ад якога Бурыку робіцца нудна ў сярэдзіне і млявы пах “гумафільцаў” каля самога Бурыкавага носа. Замерзлы хлеб, крупінкі кашы на костцы...
Дзед Аніса сёння пах ялінай і смалой. 3-пад шопкі даносілася кахаканне — глухі кашаль з перакураных бронхаў — і цюканне сякеры, — стары сек дровы. Бурык нервова заклубаваў на свежым сене ў будцы, спачатку стараўся ямчэй улегчыся абаранкам, то зноў вылазіў на холад, бразгатаў ланцугом, цягаў яго па снезе, пераступаў з лапы на лапу, варочаў міску.
Бляшанка клацала то донцам, то берагамі аб цвёрды стаптаны брудны снег. He, Бурык не быў галодны, і нічога яму не балела. Праўда, карціла крыху пабегаць па лесе, абнюхаць знаёмыя куткі; у апошні час дзед Аніса баяўся спускаць сабаку з ланцуга нават ноччу — ляснічы Давідовіч страляў як апантаны “дзікіх” катоў і сабак, што адышліся за сто метраў ад гаспадаркі. Сто метраў ад іхняй хаты стаяў лес — спачатку шчыльны маладняк, далей бор, густа падшыты маладым лістовым гаем і кустамі, а затым пачыналася пушча. Туды, бывала, у маладосці, сарваўшыся, бегаў Бурык з сябрамі, лавіў зайцоў. Ужо пад старасць сцягваў ашыйнік з намуленай, лысай шыі, бег куды вочы глядзяць, слухаючы як свішча ў вушах вецер, распасціраючы лапы на ўсю моц, a цяпер нават і бегаць не хацелася. Ламаў раматус нядужыя ўжо лапы, асабліва дранцвела задняя правая, ад пят да самага азадка, — пачаставаў яго ляснічы жменяй шроту... He мог сёння супакоіцца Бурык, пазіраў то на дым, які цёмнай пасмай віўся з коміна, то на старога, які няскладна калдыбаў па падворку.
Дзед падышоў да будкі, засадзіў кароткі тапор пад фуфайку, расшпіліў ашыйнік на Бурыкавай шыі.
— Ну, пабегай. Свята і ты маеш. He бойся ляснічага, зрэшты, другой смерці ніхто яшчэ не дачакаўся. Ідзем па ялінку. I мяне за гэта не павесяць. Калі нават заштрахуюць, то не будуць мець што з нас браць...
Бурык то забягаў наперад, то пятляў наўкол старога, качаўся ў снезе як шчанюк, уздымаючы веер сыпучага пылу. Раптам знік.
Даходзілі да шашы, па якой нядаўна праехаў аўтобус (нават Аніса ўхапіў у ноздры далёкі пах бензіну). На дарозе, засыпанай пакрышанымі коламі снежнымі косткамі, нікога не было. Аніса спусціўся з насыпу за прыпынак, увайшоў у гушчар малінніку, прарослы гнуткімі бярозкамі, але сабака астаўся на
шашы, забегаў каля будкі прыпынка. Заяхкаў, быццам учуў звера. Аніса пабрыў далей у лес. Сабака скаціўся з насыпу, прадзёрся цераз маліннік, схапіў гаспадара за лямцавую халяўку чобата.
— Ты чаго! — тузануў да сябе нагу Аніса. — Ты што там знайшоў? Пайшоў прэч! — але сабака не адступаў, гурчаў усхваляваны і злосны, што гаспадар не разумее ў чым справа. Адбегся, зацяўкаў тоненька як шчанюк, вярнуўся, брахнуў басам. Аніса рушыў назад.
Пад лаўкай на прыпынку стаяў доўгі лазовы кошык з клетчатым пледам пад самую дужку. 3 кошыка прабіўся тоненькі, як камарыны, піск. Сабака ўжо ўхапіў ражок пледа, засунуў нецярплівую пысу ў сярэдзіну. Дзед здранцвелымі пальцамі разгарнуў знаходку. Зірнулі адтуль на яго цёмна-сінія, запухлыя ад плачу вочкі.
— Яй-ёй! A то тут... на табе... тое... Ат, ёпіхума, б... не маці цябе тут пакінула, ах дзіцятачка ты, сіротка... — схапіўся дзед за сэрца.
У вёску першы ўбег Бурык, абвяшчаючы навіну сабакам і людзям. За ім, амаль на кожным кроку спатыкаючыся, калдыбаў дзед Аніса з цяжкай ношай то на баку, то перад сабою. Да солтыса нёс знаходку, да Сяргея Бароўскага, адзінага маладога гаспадара (таму і выбранага солтысам дэмакратычнай пенсіянерскай большасцю), у якога ў хаце быў тэлефон.
Збегліся бабы. Дзіцятка яшчэ не прастыла, акутанае ў каптанікі, швэдрыкі і тры пары паўзункоў на пялюшцы “пампэрс”. Добра, прыгожа быў адзеты малы, з пасагам — тры замежныя пялюшкі, дзве бутэлькі з малаком. Старая Юлішча, умела адклеіўшы пялюшку, сцвердзіла, што нечаканы госць гэта кавалер. Заохалі, заўздыхалі, зацмокалі бабулькі — даўно не бачылі немаўлятка ў іхняй вёсцы, яшчэ, здаецца, нядаўна такой люднай. Пакуль прыехаў
доктар і паліцыянты, у пакоі стала быццам цяплей ад гэтых ахаў і охаў. Бурык таксама ўдзельнічаў у агульным захапленні і цудзе, тоўкся пад нагамі, уставаў на заднія лапы, каб агледзець дзіва.
— А пайшоў ты, скаціна! — махнула яму па носе баба Насцечка, пахучая часнаком, хлебным цестам і авечай воўнай. — Хто цябе сюды прасіў, заразу!
— Гэта ж ён знайшоў малое, — пагладзіў Бурыка па гарачай лабэсіне гаспадар. — Малайчына! За такое трэба медаль даць!