Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
аднойчы, лежачы ў пасцелі, выдзьмухваючы дым таннай “карткавай” цыгарэты, сказала Яську:
— Янак, у мяне ёсць іншы сябар. Мы разумеем адзін аднаго выдатна. Канчае палітэхніку. Ведаеш, секс гэта не ўсё, хоць не адмаўляюся час-часом да цябе завітаць. Але перастань гаварыць глупствы пра нашу супольную будучыню. Сам добра ведаеш, чаго ты варты, Ясю. He прыходзь да мяне больш у інтэрнат, збірайся ў свае Путрыкі, чаго тут час марнуеш, з бацькоў апошні грош цягнеш.
Вярнуўся Яська да бацькоў. Тры сястры былі ўжо замужам. Малодшы брат вучыўся ў майстра на “глазурніка”; той ужо меціў яго ўзяць зяцем — надта ж спадабаўся Багдан майстравай дачцэ. Бацькі яшчэ дужыя былі, рабілі ў гаспадарцы ўсё самі. Яська зачапіўся на чыгунцы. Калі пайшлі групавыя звальненні, пачаў ездзіць у Гродна з кантрабандай. Панашываў спецкашулек і падштанікаў з адмысловымі трубкамі-кішэнямі, куды напіхваў пачкі цыгарэт. Удавалася. Заробак, усё ж, рабіўся ўсё меншы. Абрыдла Яську хаваць тавар пад падлогамі вагонаў, мытнікі раз-пораз пачалі дамацвацца пачак, што перавозіліся на целе. Што за жыццё — ні сну, ні адпачынку — ездзіў жа Яська не адзін раз у Гродна, штодзённа. Кінуў. За тое, што зарабіў, адрамантаваў унутры бацькоўскую хату, купіў матацыкл маркі “Хонда” і бульбакапалку. Рэшту прапіў з сябрамі.
Калі не хапіла грошай на “Раял”, паставіў Яська ў склепе на падворку, крытым дзёрнам, адмысловую апаратуру. Дым выходзіў у бор. “Мелі нос” на дымнагоркія пахі сябры з акалічных вёсак. Нават Яська і не ведаў, што ў яго столькі сяброў!
Усе сябры балююць за Яськавым старым сталом на моцных, кручаных чорных нагах. Кавалеры старыя і маладыя, — перш за ўсё яны, але на першачок часценька заглядае і нестарая ўдавіца Насцечка, і распусная бяззубая саракагадовая Гэлька, што
вярнулася на бацькоўскае, пакінуўшы сваіх траіх мужоў-не мужоў, што “ніколі мужчынамі не былі”, як сама кажа (за кожным з іх асталася ў Гэлькі памятка — жменя ейных зубоў)... Хто зваліцца з ног, то і заначуе. Так у Яські асталася за гаспадыню Гандзя, старэйшая за яго роўна на дзесяць гадоў. П’е нараўні з мужыкамі, але ў хаце нейкі парадак трымае, карову доіць, калі зможа, у агародзе тое-сёе пасадзіць. Найбольш працівілася маці, каб Гандзя тут гаспадарыла, але не змагла пераканаць сына ды ўцякла да найстарэйшай дачкі ў Беласток.
Спачатку з Яські шмат хто смяяўся, што ўзяў такую, якую ніхто не паквапіўся ў жонкі браць, але ён толькі ўсміхаўся. Хай будзе хоць такая, худзюшчая як дрот, з рабым носам-дзюбаком, але нашто яму, Яську, бегаць па чужых? I ў хаце больш-менш парадак. Дзяцей ужо ў Яські надзеі мець няма. А калі б трапілася якое, то і яно забярэцца ды пойдзе ў свет. Дарога кожнаму адкрыта — рабі што хочаш, едзь куды хочаш, жыві як хочаш. Вяртаюцца толькі такія неўдалоты, як сам Яська...
Гэта ўсё раскажа мне Яська пасля. Цяпер стаю перад брамкай, азіраюся на сабаку, які, выгнуўшы ў дугу сваю рабрыстую спіну, заядла, да сіпаты цяўкае на ланцугу. Яська павінен мяне памятаць — жыў жа ў інтэрнаце па-суседску, шмат мы размаўлялі... Але, як жа ж не пазнаць — бярэ мяне аброслы рудой барадой гаспадар за белыя рукі, вядзе ў свае харомы. За сталом спіць, апёршыся няголенай шчакой на бліскучую цырату, малады вельмі прыгожы хлопец. Русая доўгая чупрына мокне ў мутнай калюжынцы. Падсоўваюся да яго на столку. Гаспадыня нясе міску з густой цёплай капустай, Яська — бабах! — на стол зялёны буталь. He, у ім не шампанскае! Нюхаю: свежанькі першачок.
— Частуйся! У інтэрнаце горшае свінства даводзілася піць, якое самагонкай не назавеш. А вось
гэта — проста цымэс\ — цмокае Яська і налівае мне ў шклянку мутнаваты напой. — Ну, пытаешся, як нам жывецца... Жывем, як можам, — найлепш.
Моцны Янак
Янак Барысюк быў мацак ад малога. Як нейкі казачны волат, рос ён не па днях, а па гадзінах. У тры свае месяцы утоптваў бульбу, пальцамі напіхаў таўканіцу ў бяззубы роцік, а ў паўгода хапаўся за каўбасу. Пры матчынай цыццы вісеў да двух гадоў, сам падыходзіў, адкладваў набок малаткі і гайкі, што былі ўжо яму за забаўку, падцягваў матчыну кашулю, і, насмактаўшыся ўволю, ішоў дапамагаць бацьку на падворак. Гаварыць пачаў позна, яшчэ ў два з паловай гады мог сказаць толькі “мама”, “тата”, “дай”, “баба” і “не”. Загаварыў раптам у чатыры, але не меў з кім размаўляць, апроч Жучка і Мурзіка, бо старэйшыя сёстры паехалі вучыцца ў горад, тыднямі іх у хаце не было, бацькі і дзед у полі, бабуля ў старэчай бяспамяці калыхалася на сваім услончыку і прыгаварвала Яначку “ну-ну!”, калі ён, набегаўшыся на падворку і вуліцы, убягаў у кухню, зачэрпваў кубкам ваду ў вядры і піў нагбом, расчырванелы і мокры.
Янак ад малога меў сіплы, нейкі старэчы хрыпаты голас. Пэўна, ад вечнай прастуды. I саромеўся свайго пеўнікава-басавітага галаска, і найчасцей маўчаў, найбольш на ўроках, чакаючы выбуху дружнага смеху аднакласнікаў і настаўніцы (якая праз сілу ратавала свой педагагічны ўзорны твар за насоўкай) на яго хрыпаткое гугненне-адказ. Ведаў шмат, асабліва пра прыроду, някепскі быў па матэматыцы, але рэдка яго пыталі на ўроках. Сам руку не падымаў, не прасіўся
адказваць. Добрыя ацэнкі з кантрольных настаўнікі лічылі вынікам спісвання ад лепшых вучняў.
Вучыцца далей пасля пачатковай школы Янак не збіраўся (прынамсі, нікому пра гэта не казаў), хоць закончыў яе ў час і без двоек. Меў жа быць гаспадаром! — так рашылі бацькі. Нарадзіўся ж ён Сашку і Марусі ў іх познія гады якраз на суцеху, каб было каму пакінуць бацькаўшчыну... Татку ў яго 56 гадоў “адбіла” нешта, рушыў шукаць новага шчасця — развёўся з Марусяй, прыстаў у другой гміне да ўдавы-аднагодкі, з добрай гаспадаркай (казалі людзі, было ў Сашка з Нюрай каханне яшчэ ў партызанцы, і зноў дарогі іх звялі на базары ў Гародні). Маруся памерла на сынавых руках — аггускала вядро ў студню, пакаўзнулася на мокрым каменні, стукнула яе ў скронь ручка калаўротка. Пакуль прыехала “пагатове” (роварам сусед пёр без духу на пошту званіць па хуткую дапамогу), Маруся знерухомела на радзюжцы пад яблыняй.
Янак астаўся адзін у хаце ў тры вялізныя пакоі з кухняй у цені 150-гадовай ліпы і старых яблынь, яшчэ пладавітых, што садзіў у 1912 годзе дзед Анісім сабе на славу, унукам на скаштаванне, як паўтарала баба Аўдося. Пахаваў Янак і бабулю. У апошнія свае хвіліны называла яго Якімам, найпрыгажэйшым, найлепшым сынам, ад якога апошні ліст прыйшоў з Магілёва ў 1943 годзе; усё пра той ліст шаптала Аўдося, дапытвалася: “А чом ты, Якімку, трыма крыжыкамі распісаўсе, ты ж пісаці вучаны?.. Чы на цябэ крыжык паклалі бальшавікі, чы хто інакшы? Дзецятко, то ж так добрэ, што ты во вэрнуўсе...” Стаялі ціха суседзі, ківалі галовамі, праводзячы бабу за вёску ў апошнюю яе дарогу. Янак маўчаў, каўтаў слёзы. Вярнуўся дадому, памыў падлогі. Сядзеў доўга ля печы, пускаў дым у дзверкі, хаця ў хаце не было ўжо нікога, каму мог бы шкодзіць тытунёвы дым.
“Моцным” называлі Янака яшчэ з пачатковых
класаў — клаў вобзем намнога, здавалася б, дужэйшых за сябе, і хоць невялікі ростам, паўметра бульбы ўскідаў над галавою адным рыўком. Калі яму пасыпаўся вус, качаўся, барукаўся Янак на выгане з кавалерамі. Клаў усіх. Можа быць, і таму, што яны, перажэртыя самагонкай, падалі, як снапы, на голы выган пад напорам буйнога пружыністага цела. Янак пляваў быў тады на гарэлку, кінуў курыць, ласаваўся цукеркамі, плаваў у Нарве з Юр’я амаль да зазімкаў, a зранку, перад даеннем кароў, нават фіззарадку рабіў, пасвістваючы, быццам мала было маху рукам у гаспадарцы за цалюткі дзень!
Гаспадарыў Янак як умеў на сваіх васьмі гектарах. За тое, што прадаў, плаціў a то страхоўку, a то за паслугі, a то купляў угнаенні... Калоў свінчо два разы ў год, дзяліўся з сёстрамі, якія тады якраз з сем’ямі з’язджаліся да брата ў госці, пабедаваць над яго гаротнай самотай. Спачатку хлеб сам пёк, але калі пачалі прывозіць штодзень у склеп белыя круглыя булкі, кінуў. Добра радзіў яму агарод — сеяў Янак капусту: і звычайную, і брусельку, і кальрабі, і чырвоную, і каляровую, саліў гуркі, марынаваў зялёныя і чырвоныя памідоры, цукіню, дыню. У асаблівай пашане былі ягоныя марынаваныя яблыкі. Каму найбольш смакавалі жоўтыя кавалкі антонавак, каму цэлыя чырвоныя райскія яблычкі ў кісла-віннай заліве. Каму? Сябрам, знаёмым, усім.
3 суму вялікага, казалі, з адзіноты Янак піць пачаў. Спачатку не так многа. Ды і сёння рэдка ўбачыш, каб напіўшыся, як бонак, валокся дахаты, а пад плотам жа ж яго не ўбачыш паўмёртвага, як шмат з кім бывае. Хутчэй у яго доме спыняцца сасмаглыя сябрукі, кавалеры і нават сямейнікі. Бо жанчыны тут у ваколіцы няма, якая б узяла ' дзяркач ды паганяла гэтую кампанію! Хоць Янак дужы і яшчэ прыгожы, ды і неблагі з яго чалавек, і гаспадар старанлівы, не знайсці яму гаспадынькі. He сумеў прыдбаць яе ў
дваццаць ды трыццаць, тым больш з гэтым цяжка ў сорак сем, калі ўжо сівее цемя, калі зубы парадзелі. Ды і куды запрашаць кабету — дома ж нічога асаблівага няма, адно той каляровы “рускі” тэлевізар ды матацыкл “Ява”, на якім Янак праехаў тысячы вёрст ад забавы да забавы!
Цюцька ды коцік, адзіныя істоты, якія ведаюць, што мроіцца ў глухую ноч іхняму гаспадару, Моцнаму Янаку, ды нічога пра гэта нікому не скажуць.
Ёзік
У майго знаёмага маладога гаспадара ў вёсцы К. было досыць многа жывіны. Дзве каровы, два падсвінкі, сем курак ды певень і тры сабакі. Малако кароў утрымлівала пры жыцці гаспадара і самую гаспадарку, з парасят Ёзік чакаў мяса і сала, яйкі служылі за закусь, а сабакі пільнавалі ўсяго маёнтку і таго, каб Ёзіка, калі ўпадзе пад плотам ад алкагольнае знямогі, разам з дабыткам не панеслі зладзеі. Праўда, па падворку і па-за ім мог бегаць толькі рабрысты чорны Ac, а сівая Аза з касцістым азадкам і рабы куцы Рэкс яхкалі на ланцугах — Аза пад курнікам (начавала ў старой бочцы без донца), а Рэкс — у кутку дрывотні (спаў на пілавінні ды стружках, счарнелых ужо ад дажджоў і снегу; нябожчык Ёзікаў бацька — Колечка калісьці займаўся сталяркай). Ac, бывала, зловіць якога звярка ў полі ці ляску, адбярэ мыш у ката, хлебане вады з рова ці памыяў у кухні, калі яны ёсць, папросіць есці ў суседкі, а Аза і Рэкс цудам трымаліся пры жыцці. У найгоршую спёку не даў ім гаспадар ні кроплі вады, а елі яны тое, што траплялася на дне свінога вядра, калі гаспадар не забыў ім яго кінуць. Я дзіву даваўся кожны раз, калі заязджаў у