Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
— Дурань, і ўсё, хоць вучоны! — плюецца солтыс. — Замест жыць, як трэба, то сабе пятлю на дурную шыю закінуў! А мне тут у вёсцы стытыстыку папсаваў, хай яго ліха! Хто ж мог спадзявацца, што такое яму стрэліць? Зусім жа нармальны хлопец быў.
Галіна сядзіць у хаце. 3 Міхалавай маці прасуюць свежавысушаную бялізну. Прыгожая, стройная брунетка, падстрыжаная пад хлопчыка.
Я мнуся няўпэўнена на парозе.
— Заходзьце. Дзякуй Богу, што не з паліцыі. Ужо нам усё гэта абрыдла, — уздыхае маці, досыць яшчэ маладая, сіваватая мажная жанчына.
— Калі я выходзіла замуж, ведала, што ў Мішы бываюць прыступы дэпрэсіі. Яго ў армію ўзялі, то зараз дамоў адправілі. Находзіла на яго нейкая туга. Усё гаварыў, што так перажывае бяссэнсавасць існавання, войны на свеце, гвалт і голад на зямлі.
— Ведаеце, сядзім за абедам. Есць катлету, адсуне талерку, маўчыць, і потым кажа: “Гляньце, мама, мы забілі звера, ямо яго мяса, а ў Афрыцы дзеткі з голаду пухнуць, нават адной бульбіны не маюць. Жывецца мне так добра, а ўсё здаецца, бы грашу. За што мне Бог даў такое шчасце?”
— Лячыўся ад дэпрэсіі?
—Ездзіў у амбулаторыю, прымаў таблеткі. Так папраўдзе то хіба ніхто і не ведаў пра яго нямогласць. — Галіна зачыняе камоду. — Я пакахала яго за яго ўражлівасць. Быў зусім непадобны да іншых мужчын, якіх я ведала раней. I цудоўна з ім жылося. Быццам хто зачараваў...
— Адна бабулька казала пра прадказанне ў царкве, і пра тую кветку, што вам на шлюбе падарылі.
— Так, баба Маланея была ў нас заўчора. Вырвалі мы тую гартэнзію і спалілі. He веру я ні ў чары, ні ў забабоны, але мама ўперліся. I тая свечка... Здавалася, што халодны вецер прабег па царкве...
Пад плотам ляжыць горбачка попелу і паморшчанае, карычневае недагарэлае лісце. Гэта рэшткі тае злашчаснае кветкі, якую падарыла шчаслівым маладым суседка.
— Яна сябравала з Міхасём, — кажа паціху Ганна Брук. — Умела з ім размаўляць, мелі свае сакрэты. Мне здаецца, што, хаця старэйшая ад майго Мішы на пятнаццаць гадоў, штосьці там у іх было. Але што, мала ёй кавалераў? I старых, і маладых! Нябрыдкая, можа знайсці сабе аматара! Чаго да Мішы прычапілася? Але, вось, бачыце, нашага Мішу ўсе людзі так любілі, паважалі... He кажу гэта толькі таму, што ён маё дзіцё. Нават чужыя сабакі, каты за ім проста ўлягалі, хадзілі за ім, як прывязаныя. Якую ж злосць ён мог мець на жыццё?..
Цуд над Семяноўскім возерам
Над Семяноўскім вадасховішчам хлопцы сустрэлі цуд. Кажуць, мусі русалка гэта была, бо як жа іначай назавеш такую істоту — надзвычай прыгожую бландзінку з доўгімі да пояса распушчанымі валасамі,
бледную з твару ды зеленавокую?.. Па чым тутэйшыя следапыты Юзаф 3. і Мікалай Б. распазналі, што тая дзеўка — незямная? Мала такіх можа паявіцца тут, у такім цяпер людным месцы? Магла ж тая паненка быць хоць бы турысткай, калі не з Гайнаўкі ці Беластока, то нават і з нейкай Варшавы. Тутэйшых дзевак, маладзіц, цётак і бабуль усіх як адну могуць нам пералічыць Зютак 3. і Колік Б. з заплюшчанымі вачыма — няма такое ні ў Нараўчанскай, ні ў Міхалоўскай гміне. Думалі ўжо нават, што гэта была якая ўцякачка з-пад Ваўкавыска ці Свіслачы. Ну, бо калі б гэта была турыстка, то мела б з сабою нейкі багаж, так ці не, — рукзак, спальны мяшок, a то нават і сваю палатку, а тая красуня была ў адной сукенцы, і то слабенькай, выцвілай, пашытай па старой модзе. Да таго і зусім босая. I яшчэ ж, што адразу звочыў Коля, не мела станіка, і хоць кавалеру, нават старому, не ўсмак такія грудачкі, што тырчэлі ў паненкі ў тым месцы, дзе павінны быць цыцкі, на густ Міколы, як гарбузэ, то і так закіпела ў ім кроў, бо зблізку такое пекнае дзеўкі даўно не бачыў.
А яна падышла да вогнішча, на якім Коля з Зюткам пяклі сала на палачках, нахілілася да Колі і, хаваючы ад полымя за яго плечуком бледны твар, прашаптала хлопцу ў вуха, быццам ветрык павеяў:
— Мікола , гэта ж я цябэ так шукала...
— Ігы, мане, кажэш?! А скуоль ты сама ўзяласэ? Пэўно, хочэш, каб я табе тое-сёе паказаў? Дзе ў нас страшыт у Марушцы або на Падкапуоўскум? Ты, пэўно, якая з газэты, чы навуковэц? Па-пашаму, чую, уміеш. Седай, бары палачку з салом. Ты, як цябэ там зваці, пэўно, Алеся Баршчэўского прафэсара віедаеш? Можэ, вуон цябэ прыслаў?..
— Ага, даўно віедаю. Ужэ з трыццэць ліет будзе, як па падрэчках уначэ яго вадзіла. Думала, звэду ды ўтаплю ў Нарві, забэру ў свуой сьвіет, бо файны хлопэц, а вашых мужыкоў лёгко ў багну звэсьці,
закамзытаці, зацалаваці на сьмэрць і ўтапіці. Ано на такого пальчыком кіўні. Іду, пальчыком клічу Баршчэўского, сьпэваю ему тоненько, а вуон ідзе, подбегом за мною скачэ па купах, і ніяк ні топіццэ, a як да мане дарваўсэ, пачаў складно вэршыком гаварыці, то зарэз і заранка выйшла, піеўні засьпівалі, і мніе прыйшлосэ расою рассыпаццэ... Ты, Мікола, так мане ні цісьні, я хачу з табою, як з чалавіеком пагаварыць, як чалавіекаві прыглядзеццэ, бо вэльмі ж ты добры і харошы...
— Ну, як табіе там будзе, Русалка чы Расінка, чы ешчэ інакш... — расчуліўся Коля, прыхінуў дзеўку да сябе.
— Як ты да его, як да чалавіека, то і вуон да цябэ, як да бабы: сьцягвай майткі! — хруснуў скварачкай Зютак.
— Уой, я ж такого ні нашу! — сарамліва стуліла каленкі Русалка. —-1 з сукенкаю астаруожно, мніе ее ў дваццэць сёмум дала Прузына з Таніцы. Як я посьлей пакажусе людзям?!
Дзеўка была хударлявая, дробная, ну, амаль у жменю няма чаго ўзяць, але ўсё ж зусім матэрыяльная, бо хоць Колік з Зюткам былі выпіўшы, ведаюць, што мелі ў руках.
— He быў я ж такі п’яны, каб ні памэтаць! — злуецца Зютак на маю заўвагу пра “Раял”, якім і сёння мяне частуюць. — Я ж сам ее асабісьце цалаваў! Во тут мане ўкусіла, кале вуха! Напраўду, майток ні мела, а якая ж баба бэз трусоў ходзіт?! Станіка якая і ні носіт, але каб бэз іх?! Забі мане, усё добрэ памэтаю! Выпілі ж толькі тры паўлітры на траіх, і то за ўсю ноч. Колькі ж гэто е! Ну, калі б вана была русалка, то чы піла б сьпірт? Але, ваны — духі, і сьпірытус — тожэ дух, і вана посьле ж чы вадою, чы расою расплыласэ, ано рукі ў мане мокры засталісэ. А калі вана — баба, то чы зранку гола пабіегла б? Тут бабы ў ваколіцы нармальные, навэць калі екая п’е, то гола ні бегае па
лесі!
Ніхто ж, апрача Міколы Б. і Юзафа 3. не бачыў згаданай істоты — даўгавалосай прыгажуні, тым больш распранутай дагала і босай, пасля іхняй прыгоды за ўрочышчам Марушка.
Я мяркую, што ўсё ж гэта была русалка. Толькі навошта было ёй есці саланіну ды каштаваць “Раял”! Пра шкоднасць алкаголю, у прыватнасці “Раялу”, пісалі і гаварылі шмат, вядома, але адкуль гэта ведаць “вадзяной панне”? Пэўна, праз тую заразу і страціла бедная Русалка падарунак таніцкай Прузыны. А як жа цяпер пакажацца людзям наша, можа быць, апошняя беларуская русалка ў туманныя ночы над Семяноўскім возерам?
Калі здарыцца вам сустрэць тую істоту, дайце, беднай, якое адзенне — міні-спаднічку, джынсы ці нават і фуфайку (толькі не частуйце яе гарэлкай, нават калі будзе вельмі прасіць!). Файная ж дзеўка, і панашаму гаворыць. Можа, з якім нашым хлопцам застанецца, расой не расплывецца?..
Федзік
Школы ў горадзе не кончыў, плакаў па начах у інтэрнаце і падчас практыкі на фабрыцы, а пілавінкі са станка вінаваты былі ў тым, што яго вочы чырванелі. Федзікава сэрца трапятала, калі даходзіў пах мокрае мяты на далёкім ветры з-над Нарвы, пах сытага торфу, сітніку і трысця на падрэчках. Хутка бег са станцыі ў бок, дзе ў цемнаце, над даляглядам, над якім удзень сінеў зубчаты бераг Белавежскай пушчы, глыбока пабрэхвалі сабакі. Пазнаваў голас сваіх, якія нудна адклікаліся да суседскіх, ці сумна падвывалі на полі, прывязаныя да слупка, пільнуючы
жыта ці рэггу ад дзікоў.
Федзікавы рукі патрэбны ў гаспадарцы. Старэйшыя сёстры пайшлі вучыцца, брат у арміі. Дзе тут пхацца ў вялікія паны, хай вучацца больш здольныя ды крутыя. Чаго мучыць сваю душу, скавытаць па начах, як гэты Рэкс пад месяцам на рэпіску?..
Прыехаў дахаты пад Вялікдзень і не вярнуўся больш у школу. Завялікі ўжо быў, каб яго біць. Маці накрычала, пабурчэў бацька, а Федзік пайшоў даць каровам, спакойна, упэўнена, што ён тут цяпер гаспадар, і ніхто не будзе гнаць яго ў Гайнаўку. Заўтра пойдзе ў пушчу, у шосты квартал, паглядзіць, што там робіцца...
Коля п’е, Збышак п’е... Старыя кавалеры, якім жонак тут не знайсці... Поле палыны зарастаюць і чартапалох, аблогі цягнуцца аж за Рабінку... У Рабінцы крыж калісь стаяў, змуршэў, і няма яго, зваліўся. Федзік яшчэ яго памятае, але хто там пад крыжам ляжаў — хто яго ведае!.. Дата на ім раней выразана была, дзед казаў, 1842 год. За Федзікава жыццё шмат тут змянілася: і асфальт паклалі, і аўтобусы ходзяць, і людзей многа чужых наехала. Але ўсё, аднак, па-старому... Сумна: вясна — араць, сеяць, садзіць; лета — сенакосы, жніво; восень — капанне... Зімой снег ляжыць амаль пад самую страху. Кажуць, што ёсць ваўкі ў пушчы, зноў развяліся. Ласёў бачыў, сарны, дзікі падходзяць амаль што пад клуні і бухтуюць. Сабакі да ўпаду брэшуць, сцерагуць палеткі сваіх гаспадароў, з надзеяй, што тыя не забудуць і прынясуць што цёплае ў місцы...
Федзік знайшоў адрас дзяўчыны ў часопісе. 3-пад Варшавы. Пісалі часта, амаль штодзень ездзіў на пошту ў Зяўровачку. Іза вучылася ў ліцэі. Сяброў у яе не было многа, а для сэрца — нікога. He змагла знайсці сабе братняй душы і дала свой адрас у каляровы часопіс, які выдаецца для вёскі, але які чытаюць не толькі тут. У такім выпадку ніколі не
ведаеш, хто табе адкажа на ліст, але будзе гэта, напэўна, чалавек у нечым падобны да цябе, які шукае кантакту з іншым самотным чалавекам.
Дзяўчына пісала пра ўсё. Аб сваіх праблемах і маленькіх радасцях. Найцяжэй ёй жылося з тым, што была вельмі тоўстай. 3 такой поўнай дзяўчынай хто пойдзе на дыскатэку, хто пакажацца на вуліцы? Федзік суцяшаў, гаварыў аб іншых каштоўнасцях чалавечай душы. Хлопец стаў дарослым, дзякуючы гэтым лістам і думкам, якія ў ім даспявалі. Так прайшло тры гады. Адзін з лістоў прыйшоў з Аўстраліі. Іза паехала туды да сваёй цёткі. Напісала, каб Федзік не думаў аб ёй сур’ёзна (думак аб магчымай жаніцьбе ў лістах не было, хоць былі яны ўсё цяплейшыя), таму што Іза можа выйсці добра замуж за больш адпаведнага чалавека і ў больш адпаведную для яе краіну.