Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Варункова нішто не пойдзе ў залік, няма паўторных экзаменаў з веснавое маладосці, перанесеных на асеннюю сесію. Запісалі ўсё ў тваёй заліковай кнізе, у індэксе.
На індэксе будзеш і ты, і твая чэкавая кніжка з фальшывымі подпісамі, не спаляць і змарнаваных лісткоў з пячаткай “Анулявана”, адкуль ні возьмуцца вырваныя хвіліны і тыдні, пра якія даўно забыўся і ты, і твае дзённікі, якія ты пакінуў, каб іншыя параўналі свой лёс з тваім і палічылі цябе... за... Альбо і кінуў ты іх весці, а яны ўсё пішуцца, пішуцца...
I ты, сам не свой, яшчэ і яшчэ раз будзеш хацець выцягнуць свой фант-лёс у латарэі, але ці выйграеш нешта вартае старання?
Панас, што па нас? Загавораная брыдота ці краса ў прах абернуцца? Добра, што на спажыву больш нас вечным дрэвам або хоць чарвячкам, якім адзін дзень — век.
Горкая вада
Разахвочаны Зютак урэзаў: “Расьцветалі яблыні і грушы!”. Коля тузануў яго за рукаў святочнага пінжака: “Сціхні! To ж варшавякі!..” Аднак пан з міністэрства пляснуў Зютка па плячы, аж хлопец угнуўся: “Spiewaj pan ро rusku!”
Увечары ўсе паселі ля вогнішча. Зютак ізноў тоўкся каля гасцей: заўсёды трапяцца кропля якая гарэлкі, і то не найгоршай, і каўбаска на закуску. Зютку Мікалаюку жылося нудна, як кончыў сорак. Казаў, пайшла жытка на спад, з горачкі, і хоць павесся сёння, ці памры праз сорак гадоў, то “адна польза”. Калі б
дзіцё якое гадавалася ў хаце, то хоць бы ты сам прыгінаўся з цягам гадоў, то яно расло б, было б каму багацце якое збіраць. А тут усё валіцца, і ты разам з ім. Аж жыць не хочацца, нават “ро kielichu”, але тая кропля крыху суцешыць чалавека хоць на пару хвілін, налье яму агнём жылы. Тады і заспяваеш, закрычыш, чаго табе хочацца ці хацелася, аж азавецца рэха ад пушчы.
Кавалераў шмат у С. Калісь Зютку здавалася, калі яшчэ быў маладзейшы, што чалавек, якому за сорак, ужо старэча: бачыў жа свайго хваравекага, хоць учэпістага да працы бацьку, а раней і дзеда Івана, які ў свае сорак быў белы, як галубок, перажыўшы шмат чаго ў сваім жыцці. Цяпер і ў Зютка, як у казцы: чорны волас—срэбны волас. “Гэта ад сівухі так пасівеў”, — мяркуе Коля. Але, толькі тае сівухі не заўсёды стае, бо ўсё грош каштуе. Ну, папраўдзе, і Зютак піў або і не піў, калі не было за што. Бо які ж алкаголік, калі гаспадарку маеш. А калі, вось, зарэзаў быў бычка, то і піць, і есці было: на свежанінку збегліся з паўгміны аматары мець добрую закусь, кожны са сваёй бутэлькай. Пілі датуль, пакуль не з’елі нават бЫчковы вушы: пачалі ад сцягнутай з вяселля “чыстай”, кончылі на вынаходстве Ізыдара з Б. (доўга меркавалі, хто яшчэ мог, што за пачастунак прывалок Ізыдар). Кончылі бычка і папляліся кожны ў сваю хату, а Зютак астаўся з рожкамі і капыткамі ды сваімі трыма метрамі бульбы на зіму.
Адзінай “разрыўкай” былі турысты. Можна было крыху падзарабіць, упусціць на начлег у хату, павадзіць іх па лесе, паказаць месцы, дзе ходзяць рысі, дзе завяліся бабры... Ну і тыя вогнішчы на беразе! Црывалачэш галля, ламачча, чагосьці на распалку — грош маеш, і запросяць цябе ў кампанію. А калі і чарачка пойдзе ў pyx! He абмінуць жа чалавека!
— Занадта Зютак пачаў выдурняцца! — кажа Сця-
пан Бярыцкі, шасцідзесяцігадовы гаспадар. — Хай ты голы і розум у цябе не першы, чаго з сябе рабіць блазна перад чужымі? Вядома, выпіць чалавеку хочацца, але і гонар мець якісь трэба. A то барукацца з кожным хоча, то збіраецца скакаць у вір, у Супрунчыкаву яму... А як завядзецца, то не супыніш: “Што, я-я-я?!! Я — не магу!? Ты ведаеш, з кім гаворыш?! To ж я ўсіх вас адным пальцам!..” I ад якоесь злосці такі страшны, моцны зробіцца, то хоць яго вяжы, путай, то вяроўку парве! Раз крыху сам супакоіўся, то падышоў да сасны і давай біць у камель галавою! Лупіў так, што мала чэрап не раструшчыў. A потым праспаўся ў карчах, і то на мокрым, ніякая халера яго не ўзяла. Рана нават не памятаў, адкуль у яго мазгаўня паабдзіраная, у крыві. Сядзе, бывала, плача, войска ўспамінае, дзяўчат, усе свае крыўды, a зараз ірвецца помсту рабіць, вядома, на тых, хто найбліжэй сядзіць.
У той вечар Зютак быў апрануты акуратна — надзеў да джынсаў свой чысты, выхадны шэры пінжак, абуў белыя адыдасы. Пагаліўся. Варшаўскія госці прыехалі, сярод якіх быў нейкі чалавек з міністэрства, ці што. Зютак рабіў быў крыху ў лесе, займаўся насякомымі. Свае заўвагі штомесяц адпраўляў у Варшаву, за гэта прысылалі яму невялікі грош. Цяпер, у рамках ашчаднасці, міністэрства адмовілася ад яго паслуг...
— Здаецца, што яму, на п’яную галаву, думалася, што яго возьмуць у Варшаву, калі ён такі спецыяліст па караедах! — смяецца Ваня Скакоўскі. — Ну, у такім стане розныя думкі чалавеку прыходзяць у мазгавешку. Я яму сказаў, што гэта глупства: школы ж не мае па тых караедах і іншай заразе, а мала то вучоных у Варшаве сядзіць?! Ну, дурань, і ўсё. Але марыць-то можна, ну не? Каб хоць вырвацца ў свет. A куды невучонага хочуць!..
— Цяпер то і я, каб быў маладзейшы, — дадае
Адам Засімюк, — то сам пайшоў бы вучыцца. A калісь нават мае бацькі пыталіся: “Нашто рольніку школа? Хопіць ведаць тое, што дзяды ведалі, каб зямля радзіла. Тады з голаду не памрэш, абы табе панства жыць давала...”
Заспяваў Зютак “Кацюшу” і пад хвальбу кампаніі ўзбег на кручу.
— Я заўважыў толькі, як ён узмахнуў рукамі, бы збіраўся паляцець, — кажа Коля Падлескі. — Так і паляцеў! Пакуль мы ачомаліся, узабраліся на высокі бераг, Зютка ўжо не было. Спачатку думалі, што зноў выпендрываецца, што схаваўся пад берагам, а тут.. Варшавякі змыліся, і следу не засталося, толькі іхнія каўбаскі і гарэлка на беразе асталіся...
Хлопцы вярнуліся піць да вогнішча. Коля ўзабраўся на ровар і хістка памчаўся па лясной сцежцы ў вёску, да солтыса, каб той пазваніў у паліцыю.
Пасля таго дружбакі закідалі Колю Падлескаму, што патрывожыў іх святы спакой, калі качаліся ў попеле ля выгаслага вогнішча.
He трэба было шукаць доўга — Зютка знайшлі пад карчамі за Супрунчыкавай ямай — заблытаўся ў карэнне і водарасці шнуроўкамі ад ботаў.
— Ну, напіўся Зютак, то напіўся! — чорны гумар не пакідае ўчарнелага з твару Сярожу Катловіча. — Але ж, рачная вада, — гэта ж не гарэлачка! Паганая смерць. Лепш ужо сканаць ад перапою.
На злосць павешуся!
У вёсцы Лазова, кажуць людзі, зусім як у фільме: чатыры пахаванні і адно вяселле. Гэта так, для добрага пачатку тэксту. Бо, напэўна, статыстыка намнога горшая, калі справа ў шлюбах.
A i тое сужонства, y каго на вяселлі нагулялася ўволю ўся аколіца, бо і дармовае disco polo было ў святліцы, не прынесла ніякага выніку. Бо плод сямейнага кахання — дзеці, наступнікі ў гаспадарцы, новае пакаленне, падтрымка на старасць.
Міхал Брук меў шчасце. Нарадзіўся здаровы і прыгожы, у прыстойнай, працавітай ды багатай сям’і. I розуму яму хапала — у школе не быў апошні, закончыў сярэднюю. Бацькі намовілі яго вярнуцца на гаспадарку, бо і каму мелі яе пакінуць, як не адзінаму сыну?
I дзяўчыну ўдалося яму знайсці, праўда, не з вёскі, a з мястэчка, але не пабаялася ісці на гаспадарку. Спадабалася Галіне і Міхалава сям’я, і гаспадарка, і вёска, згодная і акуратная. Міхалава гаспадарка была ўся механізаваная, то і не было так шмат рабіць, a грошай хапала. I свякруха нявестку любіла, а тая плаціла ёй узаемнасцю.
Вяселле згулялі чатыры няпоўныя гады таму.
— Яшчэ памятаю, — кажа Малянея Сіманюк, — як я, старэча, нагулялася! Кавалераў хоць гаць гаці, а я танцаваць люблю, ой, люблю! А падарункаў надавалі! Калі ў грашах, то менш мільёна цяпер устыдна даваць. Калісь, то дасі палок палатна ці абрус, вядома, усё ж рукамі рабілі, дый хопіць. Цяпер жа, калі падарунак, то толькі купны. I кветкі куплёныя, не з гародчыка. Я ведаю, што ўсё праз тую гартэнзію, што Тарэска ім прынесла. Толькі нікому не кажэце, што гэта я вам гаварыла. Чом? Каб мяне пакруціла?! Ці яна чараўніца? Напэўна, трохі ведае. Я — старая, не адно бачыла за сваё жыццё. Яна вось ім прынесла толькі гартэнзію ў падарунку. Вялізная, кветкі буйныя, ружаватыя. Разраслася на ўсё акно, перасадзілі яе ў агарод. Людзі глядзелі, як на дзіва нейкае, на тую кветку-велікана. У царкве мне аж у сэрцы кальнула, як убачыла, што Тарэска стаіць з тым вазонам, бо аж туды яго спачатку завалакла. Я думала, што яна
гартэнзію для аздобы царквы прынесла, ці што. А як убачыла, што Мішава свечка гасне, то прадчула благое. Ой, не, не будуць яны жыць доўга разам... He будзе ім шчасця. Бяда, дый годзе.
Пра тую бяду ў Лазове некаторыя распавядаюць з неахвотай, адмоўчваюцца, убачыўшы мяне, раптам зварочваюць у свае веснічкі. Іншыя ахвотна, нават з нейкай яхіднасцю цешацца апісваннем таго, што бачылі і чулі. Але такіх няшмат. Вёска Лазова славіцца тым, што жывуць тут людзі спакойныя, памяркоўныя, самавітыя, проста людскія.
— Вы, пісакі, ходзіце па белым свеце ды ўсё вынюхваеце, дзе трапіцца якая кроў ды няшчасце! — крычыць на мяне дзед Мікалай Гапунік і пастуквае палачкай аб тратуар. — Такі добры хлопец быў!
— Некаторыя кажуць, што вінавата ў яго смерці жонка Галіна... — не паддаюся, хоць самой крыўдна і непрыемна трывожыць усхваляванага старэнькага суседа Мішы Брука.
— А ў чым тут яе віна? Што запіска была: “На злосць павешуся”?! Якую ён мог мець злосць да жонкі? Добрая, рупная. Нідзе не валачылася, глядзела на яго, як на абразок...
— Вы, дзеду, мала ведаеце, бо з кулясачкай толькі па падворку топчацеся. А яна ж маладая. Толькі глянь, зноў замуж пойдзе, я сам яе ахвотна ўзяў бы хоць сёння, — смяецца стары кавалер Здзісек, выразна на лёгкім “цыку”, увесь у бруднаватым джынсе.
— Мог мець нейкую злосць і да маці... — заўважаю няўпэўненым голасам.
У дзеда ўсяляецца фурыя. Аж замахваецца сваёй кульбай на мяне.
— Маўчы! Такое маці, як Гандзя, ніхто ніколі не меў! Усім умела дагадзіць. За іншымі свету ўсё жыццё не бачыла! Усё ў подбежках, усё то сваім бацькам, то свекрам, то дзецям гадзіла. Адзін яе грэх, што таксама сябе не глядзела. Як такой маці Міша мог такое
зрабіць! Такі сын!..
Дзядуля дрыготкімі рукамі бярэцца за кульбу, з крэктам падымаецца і памаленьку ідзе да свае брамкі. У чырвоных вачах слёзы.
Здзісек з кішэні джынсаў выцягае “Maestro”, частуе мяне.
— Калі не хочаш закурыць, мне больш будзе. He куры, здаравейшы памрэш. Мішка не смаліў. Праўду кажучы, зусім без дайпрычыны павесіўся. Я б на яго месцы Богу ногі цалаваў за такое шчасце, што яму дасталася. У хаце, як у шклянцы, машына, баба такая ў ложку! Мне якую дзеўку там у Беластоку пашукайце.