• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    Калісьні ж, на пачатку гісторыі народа Божага, Гасподзь загадаў сынам Ізраіля прыносінь у Скінію (Храм) для гарэння Меноры найчысцейшы алей, здабыты асаблівым шляхам — выбіты з найлепшых алівак: «1 загадай сынам Йісраэля, каб яны прыносілі табе алей чысты. выбіты з алівак, для асвятлення, каб узносіць святло пастаянна. II У Скініі Сходу па-за заслонаю, што перад Каўчэгам Адкрыцця, няхай запальваюць яго Агарон і сыны яго, каб гарэла яно з вечара да раніцы перад тварам Госпада. |Гэта| вечны закон для ўсіх пакаленняў іх ад сыноў Йісраэля» (Зых 27:20—21). Чысты алей, выбіты з найлепшых алівак, які згараў у полымі Меноры, сімвалізаваў, як ужо адзначалася, сам дух чалавечы, што злучаецца з Духам Святым (Духам Божым), служыць яму. Дз. У. Шчадравіцкі піша: «...алей, што гарыць у свяцільні, — знак служэння Богу духу чалавечага, ачышчанага і пераўтворанага, знак свайго кшталту квінтэсенцыі духоўнага служэння. Дух чалавека, споўнены любові і мудрасці, прадстаўлены ў Меноры ў выглядзе алею. Ён злучаецца з Духам Святым, на прысутнасць якога паказвае агонь, што гарыць. ...Аднак каб у свяцільні гарэў агонь, неабходны чысты выбіты алей, прыгатаваны з асабліваю стараннасцю. Каб Дух Святы жыў у сэрцы, запальваючы, асвячаючы і ўзносячы ўгору наш дух, неабходная пастаянная праца чалавека над самім сабою — “выбіванне” і “ачышчэнне” алею...»1 Важна. што
    1 Шедровішквй Д. В. Введенме в Встхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкнмжне Монсеево. С. 538.
    ў арыгінале сказана літаральна: легаалдт нэр тамі'д — «каб узносіць святло пастаянна». Гэта значыць, што і чалавек мусіць пастаянна падтрымліваць гарэнне свайго духу. I важна таксама, што Менора павінная гарэць з вечара да раніцы. «“У ночы” — у змроку сусветнай гісторыі, у цемры зямнога жыцця Дух Святы гарыць і свеціць, нагадваючы пра будучы Дзень Непагасны, калі ўжо не будзе ночы...»1
    Глыбокую сімволіку мае таксама і сама Скінія Запавету, так дэталёва апісаная ў Торы з вуснаў Бога. Гасподзь загадвае прароку: «Скінію ж зрабі з дзесяці пакрывалаў кручанага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай [воўны], і керуваў зрабі на іх, адмысловай працы» (Зых 26:1). Так і зробяць майстры на чале з Бэцалелем і Агаліявам, «усе мудрыя сэрцам» (Зых 36:8). Дзесяць пакрывалаў, з якіх робіцца Скінія, сімвалічна суадносяцца, з аднаго боку, з Дзесяццю Словамі Божымі, якімі быў створаны свет (дзесяць разоў паўторанае Йіг’е — «Хай будзе!»), бо Скінія — сімвал сусвету, а з другога — з Дзесяццю Запаведзямі, якія служаць апірышчам жыцця чалавека і яго духоўнага свету, бо Скінія — сімвал унутранага, духоўнага чалавека.
    Пакрывалы былі сатканыя з чатырох відаў ніцяў. Першая з іх — кручаны вісон, або на іўрыце — шэш машзар. Шэш (вісон) — каштоўная тканіна, як ужо адзначалася, з арганічных ніцяў, атрыманых з мускулаў малюскаў. 3 вісону на Блізкім Усходзе выраблялася вельмі каштоўнае адзенне для цароў, вяльможаў, жрацоў. Адначасова на іўрыце шэш азначае «шэсць» і нагадвае пра Шэсць Дзён Стварэння. Белыя ніці вісону сімвалізуюць асляпляльнае святло Божае, усёпрысутнасць Бога ў Яго стварэнні. Другая ніць — блакітная воўна, фарба для якой здабывалася з глыбакаводнага малюска. Як піша Дз. У. Шчадравіцкі, «з глыбіні марской — з глыбіні сэрца свайго — мусіць чалавек здабыць любоў да Госпада, якая і дасць яму сілу ўзвесці духоўны Храм»2. Безумоўна, блакітны колер сімвалізуе прысутнасць Неба ва ўсіх думках і справах чала-
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Встхмй Завет: В 8 т. Т 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 539.
    2 Тамсама. С. 541.
    века. Нездарма далей, у Кнізе Лікаў, Гасподзь дасць пастанову сынам Ізраіля ўплятаць у спецыяльныя кутасы — цыцыт — на краях адзення блакітную нітку, каб заўсёды памятаць пра неабходнасць выканання запаведзяў, пра іх нябеснае паходжанне: «Абвясці сынам Йісраэля і скажы ім, каб яны рабілі сабе цыцыт на краях адзення свайго ва ўсіх пакаленнях сваіх і ўстаўлялі ў цыцыт, якія на краях адзення, блакітную ніць. // I будзе яна ў вас у цыцыт, і, гледзячы на яе, успомніце вы ўсе запаведзі Гасподнія і выканаеце іх, і не будзеце ісці следам за сэрцам і вачамі вашымі, якія цягнуць вас да распусты, // Каб вы памяталі і выконвалі ўсе запаведзі Mae і былі святыя Богу вашаму» (Лік 15:38—40'). Дагэтуль яўрэі, якія выконваюць усе запаведзі Торы, носяць пад верхнім адзеннем так званы таліт катан — «малы таліт» — чатырохвугольны кавалак тканіны з прарэзам для галавы; на канцах малога таліта — кутасы з блакітнаю ніткаю, якія нагадваюць пра запаведзі; гэтыя ніці павінны быць бачныя з-пад верхняга адзення. Вялікі таліт — прамавугольнае малітоўнае пакрывала — таксама мае па краях блакітныя ніці. Наогул, спалучэнне белага і блакітнага колераў — святасці святла і неба — самае распаўсюджанае ў яўрэйскай рэлігійнай традыцыі (адсюль і колеры дзяржаўнага сцяга Ізраіля, якія ўзятыя з малітоўнага таліта, — блакітныя палосы па краях белага поля, пасярэдзіне якога — блакітная ж зорка Давіда).
    У пакрывалах Скініі прысутнічаюць таксама ніці з пурпуровай і чырванёнай воўны. Для першай фарба таксама здабывалася з пэўнага віду малюска (славуты фінікійскі пурпур, які каштаваў вельмі шмат). Ізноў з самых глыбіняў сваёй істоты чалавек павінны здабыць сілу для служэння Усявышняму. Пурпуровая воўна — аргаман — сімвалізавала чалавечую кроў, паўнакроўнасць жыцця ў служэнні Госпаду. Чырванёная воўна — воўна густога цёмна-чырвонага колеру, які нагадвае пралітую і загусцелую кроў. Гэтая ніць сімвалізавала гатоўнасць чалавека прынесці на алтар Бога, калі гэта спатрэбіцца, і сваё жыццё. Фарба для чырванёнай воўны здабывалася з асаблівага насякомага, дакладней, з яго гусеніцаў; на іўрыце гэтае насякомае называецца тола — «чарвяк», а сама афарбаваная ў цёмна-чырвоны колер воўна — толаат (адсюль і сла-
    вянскія словы червленйца, червленый, утвораныя ад слова червь). Вельмі тонка сімвалічныя сэнсы, закладзеныя ў чырванёнай ніці, тлумачыць Дз. У. Шчадравіцкі: «...калі страх і эгаістычная прывязанасць да рэчыўнага жыцця прыпадабняе чалавека насякомаму (“чарвяку”), то рашучасць яго аддаць жыццё ў асвячэнне імя Божага ўзносіць яго ў нябёсы, якія сімвалізуе страха Скініі... Таму назва фарбы “толаат” дапаўняецца словам шані — “дваісты”, у сэнсе “пераліўчаты”. Яно паказвае на дваістыя думкі зямнога чалавека, на яго нерашучасць у справе поўнай самааддачы свайму сапраўднаму прызначэнню, а таксама і на падвойную магчымасць, дадзеную кожнаму: на выбар паміж эгаістычным гібеннем і самаахвярным выкананнем волі Усявышняга...»1
    Разважаючы пра сімволіку злучэння чатырох ніцяў у адно цэлае, мысляр і экзэгет адзначае: «Чатыры ніці сплятаюцца ў адно, утвараючы тканіну для Скініі. У дачыненні да сусвету яны азначаюць саўдзел у яе быцці нябачнага Божага Духу (белая ніць), касмічных, нябесных законаў і сілаў (блакітная ніць), жыцця прыроднага (пурпуровая ніць) і жыцця ахвярнага (чырванёная ніць) або, інакш, — Духу Божага, рэчыва неарганічнага, арганічнага жыцця і, нарэшце, чалавека як істоты, здольнай на ахвяру. Ёсць тут паказанне і на “чатыры стыхіі” — паветраную (белы колер), вадзяную (блакіт), агнявую (пурпур) і зямную (чарвец). У дачыненні да народа Божага спалучэнне гэтых чатырох ніцяў адзначае арганічнае яднанне пастаяннага роздуму пра Бога Нябачнага (белы колер), малітвы (блакіт неба), паўнакроўнага жыцця ў служэнні (пурпур) і, нарэшце, гатоўнасці да ахвяры (цёмна-чырвоны колер). Падобнае значэнне маюць гэтыя колеры і ў дачыненні да чалавека як “Храма Божага”»2. Нагадаем, што, паводле традыцыйнага каментара, да чатырох ніцяў была дададзеная яшчэ і пятая — тонкая залатая ніць, якая сімвалізуе царскую ўладу Усявышняга над светам, а ўсе пяць ніцяў — пяць кніг Торы, у якой выкладзеная найвышэйшая мудрасць. Керувы (херувімы), вытканыя на па-
    1	Шедровішкйй Д. В. Введснне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакннжме Монсеево. С. 541—542.
    2	Тамсама. С. 542.
    17 Зак. 4008
    крывалах, сведчаць пра кіраванне Богам свету праз анёлаў, якім падпарадкуюцца стыхіі.
    Асаблівая сімволіка заключаная і ў наступным загадзе Госпада: «Пяць пакрывалаў павінны быць злучаныя [сшытыя] адно з другім, і [яшчэ] пяць пакрывалаў злучаныя адно з другім» (Зых 26:3). Гэтак жа злучаныя пяць Запаведзяў, якія тычацца абавязкаў у дачыненні да Бога, на адной Скрыжалі, і пяць Запаведзяў, якія тычацца абавязкаў у дачыненні да блізкага, на другой. Разам яны ўтвараюць адзінства Закону Божага, на якім трымаецца маральна-духоўны свет чалавека. I падобна да гэтага пяць вялікіх Словаў былі пра.моўленыя Богам пры Стварэнні свету ў дачыненні да неарганічнага свету і раслінаў, а пяць — у дачыненні да жывёлаў і чалавека. Далей пакрывалы, сшытыя ў дзве вялікія паласы па пяць у кожнай, злучаюцца з дапамогаю пяцідзесяці петляў (гафтачак) блакітнага колеру і пяцідзесяці залатых аплікаў (Зых 26:4—6). Магчыма, з гэтым звязаная сімволіка нябеснай і царскай улады Усявышняга, а таксама адліку часу юбілейнымі (пяцідзесяцігадовымі) цыкламі. К.алі ўсе гэтыя ўказанні будуць выкананыя, то «будзе Скінія адно цэлае» (Зых 26:6). У арыгінале сказана: вэ-гайа га-Мішкан эхад — «і будзе Мішкан [Скінія] адзінствам». Гэта адразу выклікае ў памяці словы аб Адзінстве Божым у малітве Шма Йісраэль'. «Слухай, Йісраэль, Гасподзь, Бог наш, Гасподзь Адзін (Ado­nai/ Эхад)...» (Друг 6:4). Адзінства і цэласнасць Скініі павінныя стаць напамінам пра Адзінства Божае і цэласнасць чалавечай волі. Зверху Скінія павінна быць пакрытая пакрываламі з казінай шэрсці (або з казіных скураў), злучанымі пяццюдзесяццю петлямі з кожнага боку і пяццюдзесяццю меднымі аплікамі. Далей павінна быць зробленае пакрыццё для Скініі з барановых скураў, афарбаваных у чырвоны колер, а зверху — з тахашавых (у Сінадальным перакладзе — кожн сі/нне). Паводле класічнага каментара, гэтыя чатыры слаі Скініі сімвалізуюць ступені паглыблення ў Мудрасць Божую, чатыры ўзроўні спасціжэння сэнсу Торы, пачынаючы з самага простага, знешняга, і заканчваючы глыбінным, схаваным, містычным: пшат — «просты», літаральны сэнс (тлумачэнне гістарычнага кантэксту); рэмез — «схаваны намёк» (алегарычнае
    тлумачэнне); драш, або друш, — «адшукванне» глыбока схаваных сімвалічных сэнсаў (герменеўтычны ўзровень); сод — «таямніца» (тлумачэнне Боскіх таямніцаў, схаваных у тэксце, даступнае толькі містыкам). Як лічаць яўрэйскія мудрацы, усе гэтыя ўзроўні разумення Пісання зашыфраваныя ў слове Пардэс — «Сад» (маецца на ўвазе Сад Мудрасці, Райскі Сад).