• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    прыводзіцца і ў Талмудзе (Пэсахім 646). Пасля разбурэння Другога Храма (70 г.) спынілася прынясенне ў ахвяру пасхальных ягнятаў, але іншыя пасхальныя абрады захоўваліся. Самарыцяне, чый культавы цэнтр знаходзіцца на гары Герызім (Гарызім), і зараз прыносяць там на Пэсах у ахвяру пасхальных ягнятаў.
    Законы Пэсаха сфармуляваныя ў талмудычным трактаце Пэсахім, або Псахім, сама назва якога літаральна значыць «Пэсахі». Яшчэ да надыходу пасхальнага тыдня (нагадаем, што першы дзень, дакладней, ноч, звязаная з ноччу Зыходу, а апошні дзень — з цудам на Трысняговым моры) у дамах, усіх гаспадарчых збудовах, ва ўсіх крамах і г. д. збіраюць усё квашанае, або хамёц, каб спаліць яго ў апошнюю раніцу перад Пэсахам. Забарона на ўжыванне ў ежу на Пэсах дражджавога (квашанага) хлеба і пад’яданне толькі сухога, непадлеглага псаванню (мацы), звязаная не толькі з памяццю пра падзеі ночы Зыходу, але мае сімвалічны падтэкст: вынішчэнне з дому і з душы чалавека брадзільнага пачатку, багаборчай «закваскі», канцэнтрацыя душы на пакорнасці волі Усявышняга. Перад надыходам свята бацька сям’і разам з дзецьмі ходзяць з пакою ў пакой са свечкамі ў руках, каб адшукаць рэшткі хамеца (напрыклад, крошкі хлеба) і вынішчыць яго (гэты звычай мае выхаваўчае значэнне і важны для дзяцей). Перад Пэсахам таксама спецыяльна апрацоўваюць (кашаруюць: ад іўрыц. кашэр — «дазволенае») посуд, у якім раней знаходзіўся ці мог знаходзіцца хамец: яе апускаюць у вар або напальваюць на агні. Калі посуд нельга апрацаваць ніводным з указаных спосабаў, яго не выкарыстоўваюць. У сучасных умовах для Пэсаха захоўваецца асаблівы посуд толькі для гэтага свята.
    Уласна пачаткам свята з’яўляецца першая пасхальная трапеза ў эрэв Пэсах («вечар напярэдадні Пэсаха») — Сэдэр (літаральна «парадак»). Законы Сэдэр Пэсах і зафіксаваныя ў Пасхальнай Агадзе, якая ўключае ў сябе фрагменты Кнігі Зыходу, пераказ апісаных у ёй падзеяў, неабходныя малітвы, бенедыкцыі (дабраславенні), хваласпевы, адказы старэйшага ў сям’і (таго, хто вядзе сэдэр) на пытанні дзяцей, дзіцячыя пасхальныя песенькі і інш. Такім чынам, Пэсах сустракаецца з кнігаю ў руках, і галоўнае прадпісан-
    не абраду Сэдэр Пэсах — распавесці з дапамогаю Пасхальнай Агады пра падзеі Зыходу, каб яны ніколі не зніклі з памяці народа. Таму Агада, паўтараючы словы Торы і дадаючы новыя, кажа: «Рабамі былі мы ў фараона ў Егіпце, і Гасподзь, Бог наш, вывеў нас адтуль рукою моцнаю і мышцаю распасцёртаю. I калі б Святы. Дабраславёны Ён, не вывеў нашых продкаў з Егіпта, то мы з дзецьмі і ўнукамі нашымі былі б прыгнечаныя фараонам у Егіпце. I хаця ўсе мы мудрыя, усе мы разумныя, усе мы ў шаноўным узросце, усе мы знаўцы Торы, на нас ляжыць абавязак распавядаць пра Зыход з Егіпта. 1 хто больш распавядзе, таму хвала».
    Пасхальная Агада ўключае ў сябе паданне пра тое. як у II ст. чатыры выдатныя знаўцы Торы, чатыры вялікія законавучыцелі — рабі Эліэзэр, рабі Йегашуа, рабі Аківа і рабі Тарфон — сядзелі на Сэдэры ў Бнэй-Браку і ўсю ноч распавядалі пра Зыход, пакуль не прыйшлі іх вучні і не сказалі ім: настаўнікі нашы, настаў час ранішняй малітвы Шма. Сэдэр Пэсах, сцэнарыем якога і з’яўляецца Пасхальная Агада, будуецца як гутарка бацькі з сынамі, настаўніка з вучнямі пра самую галоўную падзею яўрэйскай гісторыі — Зыход. 1 гэтая гутарка за пасхальным сталом з’яўляецца прамой рэалізацыяй запаведзі Торы распавядаць сыну пра пакуты народа ў рабстве, Дзесяць караў егіпецкіх, цуды, здзейсненыя Госпадам, Зыход, Сінайскі Запавет і Запаведзі, пра вялікае Збавенне.
    Падчас Сэдэра неабходна таксама растлумачыць асаблівую семантыку кожнай стравы на пасхальным стале (уся трапеза ў цэлым мае знакавы характар). Апрача мацы, «беднага хлеба», на стале знаходзяцца: бёца, або бёйца, — крутое яйка, якое сімвалізуе нараджэнне народа, пераадоленне смерці і пачатак новага жыцця (архетып, распаўсюджаны ў многіх культурах); зэроа, або зроа, — смажанае крылца птушкі ці костка з мясам, якія не ядуцца (напамін пра пасхальнае ягня, якое з часу разбурэння Храма не прыносіцца ў ахвяру); посуд з салёнаю вадою (сімвал слёзаў народа, пралітых у рабстве); марбр — «горкая трава» (сельдэрэй, хрэн і т. п. — у напамін пра горыч рабства і тыя горкія травы, з якімі запаведаў Гасподзь есці мяса з праснакамі ў ноч Зыходу); харбсэт (літаральна «гліна») — салодкая сумесь з цёртых яблыкаў, молатых
    арэхаў і карыцы, якая сімвалізуе гліну, што мясілі рабы ў Егіпце); карпас («зеляніна») — зеляніна і гародніна, якія ў пэўны момант трапезы мачаюць у салёную ваду, каб адчуць горкі і салёны «смак» рабства, каб не страціліся ў памяці нашчадкаў пакуты папярэдніх пакаленняў, каб гэтыя пакуты не паўтарыліся (страта гістарычнай памяці пагражае паўтарэннем самых жудасных падзеяў гісторыі).
    Кожны ўдзельнік трапезы мусіць таксама выпіць пасля асаблівых дабраславенняў чатыры келіхі віна, якія адпавядаюць чатыром фразам з Кнігі Зыходу: «...і выведу вас з-пад іга егіпцянаў, і збаўлю вас ад служэння ім. і выратую вас мышцаю распасцёртаю і карамі вялікімі, і прыму вас да Сябе ў народ...» (Зых 6:6—7). Апрача таго, як тлумачылі мудрацы ў трактаце Пэсахім, чатыры келіхі віна сімвалізуюць чатыры чары, што ўзгадваюцца ў Кнізе Быцця ў аповедзе віначэрпа Ёсэфу (Іосіфу) пра свой сон (Быц 40:11—13). Пры чытанні вядучым Сэдэра фрагмента Кнігі Зыходу з пералічэннем Дзесяці караў егіпецкіх. усе прысутныя адліваюць па кроплі віна са сваіх келіхаў, што сімвалізуе непаўнату радасці, бо пакутавалі і гінулі егіпцяне, а Тора забараняе радавацца пакутам і гібелі ворагаў. 1 ўсё ж такі ноч Пэсаха — ноч радасці, ноч свабоды, ноч асабліва напружанага Збавення як народа Ізраіля, так і ўсяго чалавецтва. Вось чаму на стол ставіцца келіх з асаблівым надпісам — келіх прарока Элійагу (Іллі), які можа ўвайсці непрыкметна, узяць у руку гэты келіх і абвясціць прышэсце Машыяха. Дзверы ў памяшканне павінныя быць прыадчыненыя — і для таго, каб увайшоў з радаснаю весткаю прарок, і як сімвал бадзёрасці духу, яго незасынання, як сімвал «ночы дбання» — ночы, прысвечанай Госпаду (Зых 12:42). Завяршаецца Сэдэр спевамі Галёля (літаральна «ўслаўленне») — падборкі Псальмаў, што ўслаўляюць літасць і міласэрнасць Усявышняга, Яго моц (Пс 115— 118\ у Сэптуагінце і славянскай Бібліі — Пс 113:9—117). Напрыканцы Сэдэра яўрэі жадаюць адзін аднаму сустрэцца на будучы год у Іерусаліме (Ле-тана га-ба бэ-Йерушалаім). Гэтае пажаданне ўзнікла тады, калі народ быў канчаткова пазбаўлены сваёй радзімы і жыў удалечыні ад Зямлі Абяцанай.
    На першы дзень Пэсаха ў сінагозе чытаюцца малітва пра расу (таль; раса — старажытны сімвал ласкі Божай) і поў-
    насцю — Галель (Псальмы падзякі Госпаду). У Суботу, што прыпадае на адзін з дзён святочнага тыдня, чытаецца Песня Песняў, якая інтэрпрэтуецца як апісанне Зыходу суполкі Ізраіля (Нявесты) з «дому рабства» і яе сустрэчы з Богам (Каханым, Жаніхом). Такое гэта свята, што захоўвае ўжо шмат стагоддзяў памяць пра старажытны Зыход і прымушае новыя і новыя пакаленні адчуць збавіцельную прысутнасць Бога ў сваім лёсе.
    У XX ст. аднаўленне Ізраіля і вяртанне народа з галута (выгнання) разглядаецца як паўтарэнне вызначальных падзеяў яўрэйскай гісторыі, звязаных з Зыходам, і ў гэтым сэнсе Пэсах як свята вызвалення набывае асабліва актуальнае значэнне.
    Паказальна, што ў большасці варыянтаў Пасхальнай Агады, поўнасцю прысвечанай Зыходу, імя Майсея або зусім адсутнічае, або ўзгадваецца мімаходзь. Яўрэйскія каментатары тлумачаць гэта незвычайнай сціпласцю Майсея, але за «элімінаваннем» яго імя ў момант найвышэйшага свята выратаванага ім народа праглядвае асабістая трагедыя прарока.
    Ужо ў асноўным аповедзе Пяцікніжжа пра Майсея прадстаўленыя дыялектычна супярэчлівыя тэндэнцыі: з аднаго боку, ён — усяго толькі сродак у руках Госпада, раб Божы, які выконвае Яго волю, з другога — дзёрзкая і смелая асоба, якая адстойвае перад Самім Богам свой пункт гледжання і правы свайго народа; з аднаго боку — суровы, уладарны, часам нават жорсткі правадыр і выхавацель народа, які можа ўпасці ў стан афекту, з другога — чалавек незвычайнай сціпласці, цярпення, самаахвярнасці і лагоднасці, пра якога сказана: «А гэты муж — Машэ — быў лагоднейшы з усіх людзей, якія на зямлі» (Лік 11:3). Абедзве тэндэнцыі — узвелічэння асобы Майсея і прымяншэння яе — працягваюць. гіпербалізуючы іх, Талмуд і Мідрашы.
    У Талмудзе гаворыцца, што ўвесь свет існуе дзякуючы заслугам Майсея і Аарона (Хулін 89а), што, калі Майсей нарадзіўся, увесь дом Амрама азарыўся незвычайным святлом (Coma 136), што, паміраючы, Майсей пацалункам Самога Бога быў узяты на неба (Бава Батра 17а). Мудрацы Талмуда выказалі таксама меркаванне, што Майсей не памёр і працягвае служыць Богу, як некалі на гары
    Сінай (Недарым 38а). Агада надзяляе Майсея гіпербалізаванымі здольнасцямі, расфарбоўвае яго вобраз фальклорна-казачнымі матывамі. Асабліва шмат паданняў прысвечаныя яго дзяцінству і юнацтву, яго здольнасці ўжо ў такім раннім узросце здзяйсняць цуды. Адначасова на гэтым фоне яшчэ больш рэльефна выступаюць яго чыста чалавечыя рысы і слабасці. Так, адно з паданняў распавядае, што, калі маленькі Майсей з’явіўся ў палацы фараона, ніхто не мог адарваць ад яго вачэй, такі прыгожы ён быў. Нават сам фараон любіў з ім забаўляцца. Аднойчы, седзячы на каленях фараона, Майсей пацягнуўся, сарваў з яго галавы карону і ўсклаў на сваю галаву. За гэтым назіралі чарадзеі фараонгі — тыя самыя, якія прадказалі, што нейкае немаўля, народжанае ў ноч з’яўлення незвычайнай зоркі, збавіць народ Ізраіля і пазбавіць фараона яго ўлады. I цяпер, убачыўшы, як забаўляецца маленькі Майсей, яны, вельмі занепакоеныя. звярнуліся да фараона, упэўніваючы яго ў тым, што гэтае прыгожае дзіця лепш забіць: «Гаспадар! Перасцерагаем нябе наконт небяспекі, што пагражае табе ў асобе гэтага дзіцяці: цяпер яно дзеля забавы надзявае на сябе вянец твой. Аднак як бы яно не сталася менавіта тым, пра каго мы прароцтвалі, што яно ў будучым адніме разам з каронаю і царскую ўладу ў цябе» (Шэмот Раба . Але ў справу ўмяшаўся будучы мід’янскі жрэн Йітро, які быў здным з чарадзеяў і дарадцаў фараона. Ён сказаў, што дзіця сарвала карону з галавы фараона па сваёй несвядомасці і неразумнасці і прапанаваў выпрабаваць яго: «На маю думку, дзіця гэтае яшчэ не ўсведамляе таго, што робіць. Мы можам гэта праверыць: хай паставяць перад ім блюда з золатам і гарачым вуголлем. Калі дзіця пацягнецца да золата, то гэта дакажа, што яно здольнае дзейнічаць свядома, і ў такім выпадку забіце яго, калі ж яно працягне руку да вуголля, тады за што ж забіваць яго?»2 Безумоўна, вельмі разумны маленькі Майсей працягнуў руку да золата, але Сам Усявышні праз Свайго Анёла — Гаўрыэля (Гаўрыіла) — перасцярог Майсея: «...архангел