Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
1 Вейсман М.. раббн. Ммдраш рассказывает: В 6 т. Т. 2. Ш.мот: В 2 кн. Кн. 1. С. 17.
Пісання, нельга лічыць пакуты кожны раз толькі пакараннем; гэта ў пэўных выпадках выпрабаванне на трываласць веры, той асаблівы «інструмент», якім Бог лечыць душу чалавека, праясняе яго ўнутраныя зрок і слых. Як сказана ў Кнізе Іёва, у якой з такой моцай, як нідзе болей, узнятае балючае пытанне пра прычыны пакутаў нявінных і праведных, «пакутамі пакутніка ратуе Ён, у прыгнечанні адкрывае людзям слых» (Іёў 36:15). Так і рабства Егіпецкае, на думку мудрацоў, дапамагло яўрэйскаму народу пазбавіцца ад многіх недахопаў, стаць, перажыўшы страшэнныя пакуты, народам, вартым Запавету з Богам. Нездарма рабі Хісдай Крэскас, вялікі знаўца Торы, які жыў у XIV ст. у Іспаніі, пісаў: «Выгнанне ў Егіпце мела глыбокую мэту, вызначаную Боскай Мудрасцю». I хаця. як лічыць традыцыя, мы ніколі не можам цалкам спасцігнуць волю Божую (калі чалавек можа спасцігнуць да канца Бога, то можа і стаць 1м, але гэта немагчыма), але ўсё ж некаторыя мэты Божыя чалавек здольны зразумець. Безумоўна, знаходжанне ў рабстве стала для народа Ізраіля асаблівым выпрабаваннем, якое дазволіла яму ператварыцца ў народ Запавету. Нездарма ў Торы Егіпет названы «плавільным катлом»: у ім сапраўды «выплавілася» асаблівая трываласць народа Ізраіля, яго здольнасць падтрымліваць веру, адраджаць яе ў сабе і любіць Бога нават у самым эпіцэнтры пакутаў. Як тлумачыць традыцыя, менавіта ўбачыўшы здольнасць яўрэйскага народа цвёрда пераносіць пакуты, Бог вырашыў прапанаваць яму Запавет і ўручыць Тору. Рабі Вейсман піша: «Егіпецкае рабства, якое скончылася Боскім збаўленнем, спрыяла таксама ўмацаванню ў маладым народзе глыбокага пачуцця ўдзячнасці. Увайшло ў прымаўку, што наш народ упарты і з жорсткай шыяй. Калі б Ашэм прапанаваў Тору сям’і Йаакова да яе выгнання, Яго пасланец Машэ мог бы сутыкнуцца з цяжкай задачай угаварыць кожнага яўрэя прыняць Тору. Толькі такі нацыянальны досвед яднання, як Зыход, мог прымусіць цэлы народ прасякнуцца бязмежнай удзячнасцю да Творцы і поўнай гатоўнасцю падпарадкавацца Яго волі. Апроч таго, знаходжанне нашага народа ў рабстве на досвітку яго гісторыі надзяліла яго здольнасцю перажываць спагаду і спачуванне да чужых пакутаў. Многія вершы Торы завяршаюцца
словамі: “Ты будзеш памятаць, што быў рабом у Егіпце”. Тора патрабуе спачування і разумення зняважаных і прыгнечаных, нагадваючы нам, што калісьці мы былі ў такім жа стане»1. Безумоўна, лічба, якая замацавалася ў свядомасці большасці людзей, — 400 гадоў рабства — нясе ў сабе асаблівы сакральны змест: гэта ў дзесяць разоў памножаны лік «сорак», што мае ў Бібліі сімвалічнае значэнне тэрміну пакарання і выпрабавання (параўн. сорак дзён і начэй, якія доўжыўся патоп, сорак гадоў блукання ў пустыні), але адначасова і тэрміну сыходжання ласкі Божай (сорак гадоў жыватворнага міру, пасланага падчас кіравання Саламона, і г. д.). Чатырыста гадоў доўжыліся пакуты і выпрабаванні, каб змяніцца вялікай літасцю Божай.
У якім жа стане быў народ Ізраіля ў рабстве паводле Кнігі Зыходу? Першым «дэкрэтам» новага фараона стаў загад пра абавязковую цяжкую працу на самога фараона — апроч таго, што народ мусіць неяк пасвіць свае статкі і падтрымліваць сваё жыццё. Пры гэтым новы ўладар Егіпецкай дзяржавы баіцца, што падчас новай смуты народ Ізраіля можа далучыцца да ворагаў егіпцянаў (магчыма, пад апошнімі маюцца на ўвазе гіксосы-азіяты), а потым пакіне краіну. Апошняе лёгка выдае «глыбінную» задуму фараона: выціснуць з прышэльцаў, якія сталі такімі шматлікімі, усе сокі, выкарыстаць іх як танную працоўную сілу і адначасова паступова знішчыць. «I паставілі над ізраілем начальнікаў павіннасцяў, каб мардаваць яго цяжкаю працаю, і будаваў ён гарады-сховішчы для фараона — Пітом і Раамсэс» (Зых 1:11). Вельмі лаканічна Біблія падкрэслівае, што ўсё робіцца дзеля таго, каб народ Ізраіля не выжыў. Магчыма, перад намі першае ў гісторыі апісанне свайго кшталту працоўных лагераў. Нездарма ў Дз. У. Шчадравінкага ўзнікаюць асацыяцыі са сталінскімі лагерамі і наогул таталітарнымі рэжымамі: «...праца была не мэтаю, а сродкам. Звычайна, калі вядзецца якое-небудзь вялікае будаўніцтва, то захоўваюць жыццё і здароўе працаўнікоў, клапоцяцца пра іх дабрабыт. Калі ж мэтаю з’яўляецца знішчэнне насельніцтва, а праца становіцца чымсыді другасным
1 Вейсман М., раббн. Мндраш рассказывает: В 6 т. Т. 2. Шмот: В 2 кн, Кн. 1. С. 21-22.
(як, напрыклад, пры будаўніцтве Беламорканала ў Савецкім Саюзе), то ўсё адбываецца дакладна так, як апісана ў Кнізе Зыходу: наўмысна ствараюцца ўмовы для мардавання і пагібелі людзей. Так што Старажытны Егіпет быў, напэўна, першай краінай свайго кшталту канцлагераў, і натоўпы бяспраўных нявольнікаў узводзілі агромністыя збудаванні літаральна на сваіх касцях. А будавалі яны, як напісана, “гарады для прыпасаў”. Верагодна, у памяці фараона былі свежыя прадказанні Іосіфа і сляды яго дзейнасці: бо ў дні яго кіравання таксама будавалі гарады для прыпасаў і збіралі ў іх хлеб, каб выжылі егіпцяне ў сямігоддзе голаду. 1, як ні дзіўна, усё гэта механічна працягвалася ў гады фараона-прыгнятальніка, хаця цяжкі голад і не прадбачыўся. Ад вялікай ідэі застаўся толькі лозунг, які выкарыстоўваўся цяпер толькі для знішчэння людзей...»1 Як падкрэслівае каментатар і даследчык, стаўленне фараона да ізраільцянаў было вельмі несправядлівым нават на фоне тых звычаяў і законаў, якія панавалі ў Егіпце (выкарыстанне вялікай колькасці нявольнікаў на працах па прымусу — на будаўніцтве гарадоў, пірамідаў і г. д.), бо ізраільцяне не былі ўзятыя ў палон, яны былі толькі мірнымі суседзямі егіпцянаў і пакорлівымі грамадзянамі, што разводзілі жывёлу і прыносілі краіне карысць. «I таму іх заняволенне і пазбаўленне элементарных правоў факт абуральны, нават з пункту гледжання маралі таго часу»2.
Старажытныя яўрэйскія каментатары падкрэслівалі, што ўсё гэта сталася магчыма таму, што ў выгнанні, удалечыні ад радзімы, шмат хто з ізраільцянаў стаў адчуваць сябе ўтульна, шмат хто стаў пераймаць егіпецкія звычаі. Каментар Сфорна адзначае, што «менавіта тады Усёмагутны выліў на іх Свой гнеў, Ён зрабіў так, што рука егіпцянаў давіла на іх усё цяжэй»3. Адначасова Бог не пакідае Свой народ, бо толькі дзякуючы гэтаму народ выжывае фізічна, і не проста выжывае, але і памнажаецца, што выклікае злосць і нянавісць фараона і ўсіх егіпцянаў: «Але
1 Шедровннкяй Д. В. Введеняе в Ветхнй Завет: В 8 т. Т 1—3 Пятнкнмжяе Моясеево. С. 287.
2 Та.мсама.
3 Цыт. па: Вейсман М., раббя. Мядраш рассказывает: В 6 т. Т. 2. Ш.мот: В 2 кн Кн. 1. С. 22.
па меры таго, як мардавалі Ізраіль, усё больш памнажаўся ён і разрастаўся, і былі сыны Ізраіля ў цяжар егіпцянам. // 1 сталі егіпцяне прынявольваць сыноў Ізраіля цяжкаю працаю: // Горкім зрабілі жыццё іх цяжкаю працаю над глінаю і цаглінамі, усялякаю працаю ў полі, і наогул усялякаю працаю, да якой жорстка прымушалі іх» (Зых 1:12— 14). Тэкст дае зразумець, што фараон і ўсе егіпцяне неяк цьмяна адчувалі, што ізраільцяне — незвычайны народ, што іх сапраўды вядзе нейкая асаблівая сіла, якая не дазваляе ім знікнуць. 3-за гэтага яны ненавідзелі і прыгняталі народ Божы яшчэ мацней. Так Тора рыхтуе нас да таго разумення, што, як ні сумна, справядлівымі будуць пакаранні, якія абрынуцца пазней на фараона і егіпцянаў, бо ўсе, цалкам усе егіпцяне падтрымалі палітыку свайго кіраўніка: паставіць цэлы народ у становішча «недачалавекаў», а потым знішчыць яго. Ці можа быць вінаваты цэлы народ? Далей Тора скажа, што некаторыя егіпцяне апомняцца і нават пойдуць з таталітарнага Егіпта разам з Майсеем і яго народам. Але пакуль што ўсе яны — у страшэннай імгле нянавісці... I ці не пацвярджае трагічная гісторыя XX стагоддзя, сумны досвед нацысцкай Германіі, што такая сітуацыя магчымая? Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Кніга Зыходу дае парадыгму не толькі гістарычнага, але і звышгістарычнага, метагістарычнага досведу.
Мідраш дапаўняе аповед Кнігі Зыходу шматлікімі сумнымі дэталямі пакутаў народа ў нявольніцтве. Сыны Ізраіля павінныя былі працаваць не толькі на фараона: калі яны вярталіся пасля цяжкага працоўнага дня дадому, егіпцяне перахоплівалі іх і прымушалі працаваць вечарам і ноччу ў сваіх хатах і на сваіх палях. Яны задавалі ім працу, не кажучы, колькі яна будзе працягвацца. «Працуйце!» — патрабавалі яны, і да пакутаў фізічных далучаліся маральныя, бо людзі не бачылі канца і краю цяжкай працы, не бачылі сваіх родных. Фараон загадаў, каб мужчынаў усю ноч не выпускалі з працоўных лагераў і з палёў, а жанчыны павінныя былі працаваць у гарадах. Пры гэтым вельмі часта жанчынам давалі мужчынскую працу, патрабуючы мясіць цэмент і класці цэглу. Агада і Мідраш асабліва адзначаюць мужнасць, смеласць і вернасць Богу і сваім мужам яўрэйскіх жанчынаў, дзякуючы якім — з дапамогай Божай — народ выжываў і ўсё ж такі памнажаўся.
Фараон, зразумеўшы, што ажыццяўленне яго плана па «канчатковым вырашэнні» «яўрэйскага пытання» зацягнулася, прымае яшчэ больш жорсткія меры. Ён выклікае да сябе дзвюх галоўных яўрэйскіх павітух — Шыфру і Пуа (Фуа) — і загадвае ім: «Прымаючы роды ў яўрэек (у арыгінале — івріопг. — Г. С.), не спускайце вачэй з радзільных крэслаў: калі сын, то забівайце яго, а калі дачка, то няхай жыве» (Зых 1:16). Такім чынам, фараон прама аддае загад забіваць, знішчаць тых, хто можа прадоўжыць род, але рабіць гэта знешне «легітымным» шляхам: дзіця загінула падчас родаў, што тут зробіш! Вынікам павінна стаць знішчэнне ўсяго народа. Але чаму ж дзяўчынкі пакуль што могуць застацца жывыя? Магчыма, тут таксама асаблівая «палітыка»: у Егіпце вельмі цанілася прыгажосць жанчынаў з Пярэдняй Азіі (рэтэну, як іх называлі егіпцяне; узгадаем, як захапіўся раней іншы фараон прыгажосцю Сары, жонкі Аўраама), і паралельна са знішчэннем мужчынаў, перапыненнем вольнай мужнасці фараон спадзяецца на асіміляцыю жанчынаў-ізраілыдянак, на іх абсалютнае падпарадкаванне егіпцянам; да таго ж дзяржаве фараона не перашкодзяць руплівыя жаночыя рукі. Апроч таго, яўрэйскае агадычнае паданне кажа: фараон ведаў ад сваіх прадказацеляў і магаў, што павінны нарадзіцца хлопчык, які стане збавіцелем прыняволеных ізраільцянаў і пакарае самога фараона ці яго нашчадка; таму ён і загадаў знішчаць немаўлятаў менавіта мужчынскага полу. Безумоўна, свядомай паралеллю да гэтага сюжэта стала евангельская гісторыя пра цара Гордуса (Ірада), які таксама ведаў старажытнае прароцтва пра Немаўля-Збавіцеля, сапраўднага Цара Іудзеі, Які народзіцца ў Бэт-Лэхеме (Віфлееме). Як вядома, даведаўшыся ад трох іншаземных магаў і адначасова цароў, якія прыйшлі ў Іерусалім, што прароцтва ўжо ажыццявілася, Ірад запатрабаваў у магаў, каб яны выведалі ўсё пра гэтае Немаўля, а калі не дачакаўся іх, то. раз’юшаны, загадаў забіць у Віфлееме ўсіх немаўлятаў, маладзейшых за два гады (Мац 2:7—16). Так Ірад паўтарыў «гюдзвіг» егіпецкага фараона, але, здаецца, апошні прэтэндаваў на значна болыды размах: знішчыць усіх хлопчыкаў-немаўлятаў ва ўсім народзе Ізраільскім (нагадаем, што ў Віфлееме, паводле евангельскага тэксту, загінулі таксама яўрэйскія дзеці).