Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
2а*
яны ж узялі ўдзел у заваяванні Ханаана і пасяліліся ў Зямлі Абяцанай. 3 гэтага таксама вынікае, што нашчадкі Ёсэфа выйшлі з Егіпта ў чацвёртым пакаленні. Славуты іудзейскі гісторык Іосіф Флавій у сваёй кнізе «Іудзейскія старажытнасці» (А7У 2) называе 215 гадоў знаходжання яўрэяў у рабстве (верагодна, на яго паўплывала традыцыя, зафіксаваная ў Сэптуагінце). У працы «Супраць Апіёна» (/ 33) Іосіф Флавій піша, што біблейны Іосіф старэйшы за Майсея на чатыры пакаленні, і гэта, на яго думку, складае каля 170 гадоў. Старажытнае равіністычнае сачыненне «Сэдэр Олам» («Парадак Свету») паведамляе пра 210 гадоў знаходжання яўрэяў у Егіпце. Навукоўцы мяркуюць, што чатырохсотгадовы тэрмін існавання ў рабстве мог узнікнуць як рэакцыя на летазлічэнне Стэлы чатырохсотага года, пастаўленай Рамсэсам II у Пер-Рамсэсе. Падкрэсліваючы, што Іосіф Флавій, Манефон, Плутарх і іншыя антычныя аўтары ідэнтыфікавалі яўрэяў з гіксосамі ці разглядалі іх у якасці іх саюзнікаў, што, на думку Манефона і Плутарха, Майсей і яго прыхільнікі шанавалі Тыфона (г. зн. БаалаСэтха, або Баал-Цафона1), I. Р. Тантлеўскі адзначае: «Думаецца, што дадзеная ідэнтыфікацыя магла адлюстроўваць традыцыю, якая ўзыходзіць да глыбокай старажытнасці. Ва ўсялякім выпадку ізраільцяне, якія знаходзіліся ў Егіпце, відавочна, маглі ўспрыняць указанне на чатырохсоты год сцвярджэння Сэтха-Суту ў Аварысе як канстатацыю часу сцвярджэння роднасных і сяброўскіх для іх сутыяў-гіксосаў у Дэльце. Больш таго, магчыма, не ведаючы дакладна дату свайго з’яўлення ў раёне Аварыса (ці, можа, правільней будзе сказаць, не маючы магчымасці дакладна скарэляваць свой прыход у раён Дэльты з якойнебудзь буйной падзеяй), яны маглі палічыць, што прый-
1 Цафон (угарыц. Цапану) — назва угарыцкай святой гары, на якой жыў (якой валодаў) Баал; магчыма, само гучанне гэтай назвы нагадвала грэкам імя Тыфон, да таго ж апошні разумеўся як той, хто выклікае землятрасенні і буры, валодае вятрамі (параўн. тайфун). Ёсць меркаванне, што на элінскі міф пра бойку паміж Зеўсам і змеем (драконам) Тыфонам, сынам Геі-Зямлі і Тартара, паўплываў ханаанейскі міф пра барацьбу бога навальніцы і буры Баала (Ваала) і бога мора Йамму або пра барацьбу таго ж Баала са змеем Лафанам (Латану магчыма, тое ж, што і біблейны Лівйатан, або Левіяфан).
шлі туды разам з гіксосамі, у межах іх руху... У той жа час нельга выключыць верагоднасць таго, што яўрэі наўмысна прадставілі справу дадзеным чынам, каб суаднесці сваё з’яўленне ў Егіпце з такой выдатнай падзеяй, як пераможнае сцвярджэнне гіксосаў у Дэльце. У абодвух выпадках атрымліваецца, што калі чатырохсоты год з часу замацавання гіксосаў у Аварысе прыпадае прыблізна на 1330/1320 г. да н. э., то Зыход мог адбыцца дзесьці каля 1300/1290 г. да н. э.»1
Што тычыцца тэрміну «чатырыста гадоў рабства», то, здаецца, тут больш пераканаўчым будзе не гістарычны падыход, а метагістарычны (пра гэта — ніжэй). А зараз цікава адзначыць яшчэ некаторыя версіі наконт непасрэднага часу Зыходу. Так, у самой Бібліі, у Кнізе Быцця, паведамляецца, што Іакаў-Ізраіль трапіў у Егіпет праз трынаццаць гадоў пасля таго, як там апынуўся Іосіф (Быц 37:2, 41:46). «...у гэты час там кіраваў ex hypothesi гіксоскі цар. Такім чынам, з улікам апошняга храналагічнага арыенціру (1300/1290. — Г. С.) дапушчальна меркаваць, што яўрэі маглі пакінуць Егіпет пасля прыблізна 1287/1277 г. да н. э., г. зн. у першыя гады кіравання фараона Рамсэса II»2 (патрэбна адзначыць, што гісторыкі не могуць дакладна высветліць год узыходжання Рамсэса II на трон: паводле адной храналогіі, гэта адбылося ў 1304 г. да н. э., паводле другой — у 1279 г. да н. э.). Некаторыя даследчыкі датуюць Зыход больш раннім часам — XV ст. да н. э. Пры гэтым яны абапіраюцца на тэкст 1-й Кнігі Цароў (3-й Кнігі Царстваў): «У чатырыста васьмідзесятым годзе пасля Зыходу сыноў Ізраіля з зямлі Егіпецкай, на чацвёрты год царавання Саламона над Ізраілем... пачаў ён будаваць Храм Госпаду» (3 Цар 6:1). Існуе таксама пункт гледжання, адпаведна якому Зыход адбыўся ў XIV ст. да н. э., адразу пасля няўдалай рэформы фараона Аменхотэпа IV (Эхнатона); у гэтым выпадку і рэлігійная рэформа Майсея разглядаецца як непасрэдны працяг рэформы Эхнатона, што даволі няпэўна (гл. пра гэта ніжэй). На думку некаторых даследчыкаў, адбыўся не адзін, а два Зыходы: першы — у XV
1 Тантлевскнй й. Р. Введенме в Пятмкннжне. С. 181 — 182.
2 Та.мсама. С. 182.
ці XIV ст. да н. э. на чале з Майсеем, а другі — у XIII ст. да н. э. пад правадырствам Ісуса Навіна. Ёсць меркаванні, што Зыход адбыўся на пачатку XII ст. да н. э., пры фараоне XIX дынастыі Аменмесэсе (гэтую ідэю, падтрыманую славутым егіптолагам Г. Масперо, выкарыстаў Г. Р. Хагард у гістарычным рамане «Месяц Ізраіля»), Але гэтыя пункты гледжання не падзяляюцца абсалютнай большасцю даследчыкаў.
Сучасная навука мае цэлы шэраг доказаў таго, што Зыход адбыўся не раней і не пазней за XIII ст. да н. э., і менавіта ў першыя гады царавання Рамсэса II або кагосьці з першых фараонаў XIX дынастыі. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, і тое, што, згодна з Кнігай Зыходу, яўрэі жылі паблізу ад рэзідэнцыі фараона. Вядома, што такое суседства магло быць не раней XIII ст. да н. э., бо адразу пасля выгнання гіксосаў фараоны XVIII дынастыі жылі далёка на поўдні, у Фівах. У XIV ст. Эхнатон пачаў будаваць новую сталіцу, горад Ахетатон («Далягляд Атона»), у сярэдняй плыні Ніла, а больш познія фараоны XVIII дынастыі, якія праклялі Эхнатона і яго рэформу, пераехалі з Ахетатона ў Мемфіс, на поўдзень ад Дэльты. Далей, як адзначае 1. Р. Тантлеўскі, спасылаючыся на дадзеныя біблейнай археалогіі1, аднясенне падзеяў Кнігі Зыходу менавіта да XIII ст. да н. э. пацвярджаецца наступнымі фактамі: «Згодна з Кнігай Лікаў (Лік 20:14—2Г, 21:21—35), ізраільцяне на сваім шляху ў Зямлю Абяцаную мусілі ісці ў абыход краінаў Эдома і Маава', мяркуючы па пасажы Лік 21:24, у эпоху Зыходу існавала і краіна Амона. Мяркуючы ж па дадзеных археалагічных раскопак у гэтым раёне, названыя краіны не існавалі прыблізна да 1300 г. да н. э.Л (курсіў аўтара. — Г. С.). Расійскі даследчык адзначае таксама, што каля 1200 г. да н. э., у перыяд пераходу ад эпохі Позняй Бронзы (1550/1500—1200 гг. да н. э.) да эпохі Жалеза (1200—1000 гг. да н. э.), у цэнтральнай, га-
1 Glueck The Other Side of the Jordan. P. 114—125; Franken H. J. Palestine in the Time of the Nineteenth Dynasty: Archaeological Evidence. Cambridge Ancient History / Ed. by 1. E. Edwards. Cambridge, 1981. Vol. 2, pt. 2. P. 331 — 337; Sama N. M. Israel in Egypt. The Egyptian Sojurn and the Exodus // Ancient Israel / Ed. by H. Shanks. Washington, 1988. P. 40.
2 Тантлевскнй M. P. Введенпе в Пятпкннжне. C. 176.
рыстай, частцы Палесціны (у асноўным на тэрыторыі каленаў Эфраіма, або Яфрэма, і Менашэ, або Манасіі), адбываюцца вельмі істотныя змены, дакладна зафіксаваныя археалагічнымі метадамі: «Менавіта тут з'яўляецца значная колькасць новых пасяленцаў, якія вядунь перадусім фермерскую гаспадарку, але таксама пасвяць авечак і козаў. На вяршынях скалістых узгоркаў, дагэтуль мала ці наогул ненаселеных з-за цяжкіх умоваў жыцця, будуецца шмат пасяленняў. Магчымасць існавання ў гэтых раёнах забяспечваецца найперш дзвюма навінамі (новаўвядзеннямі). Першае: гаспадары дамоў, узведзеных на вяршынях узгоркаў, высякаюць у цэласных скалах металічнымі долатамі цыстэрны для вады ў форме звона і пакрываюць іх водаўстойлівым тынкам з вапны. Другое: прышэльцам упершыню ў гэтых месцах удаецца стварыць на схілах узгоркаў тэрасы і вырошчваць на іх пшаніцу, ячмень і гародніну. Гэтымі прышэльцамі і маглі быць ізраілыдяне, якія прыйшлі з Егіпта»1. Да таго ж, паводле археалагічных дадзеных, ханаанскія гарады-дзяржавы, якія ўзгадваюцца ў Кнізе Йегашуа бін Нуна (Ісуса Навіна) як заваяваныя ізраільцянамі пад кіраўніцтвам Йегашуа, сапраўды былі разбураныя каля 1230 г. да н. э., а потым заселеныя прадстаўнікамі іншай матэрыяльнай культуры: Лахіш (Лахіс), Бет-Эль (Вефіль), Хацор (Асор), Дэбір (сучасны Тэль Бэйт Мірсім), Эглон (сучасны Тэль эль-Хесі)2. На думку ізраільскага археолага М. Кахаві, Хацор быў разбураны каля 1275 г. да н. э.3 Такім чынам, ёсць падставы меркаваць, што ўсе гэтыя заваёвы і разбурэнні звязаныя з прыходам ізраільцянаў з Егіпта ў Ханаан дзесьці ў сярэдзіне ці ў другой палове XIII ст. да н. э.
Вялікай сенсацыяй сярод біблеістаў стала ў свой час (напрыканцы XIX ст.) адкрыццё славутай Стэлы фараона
1 Тантлевскнй Н. Р Введенне в Пятмкннжне. С. 176—177. Гл. таксама: Stager L. Е. The Archaeology of the Family in Ancient Israel // Bulletin of the American Schools of Oriental Research 260 (1985). P. 1—35; id. Highland Village Life in Palestine Some Three Thousand Years Ago // The Oriental Notes and News 69 (1981). P. 1; Kochavi M. Israelite Settlement in Canaan in the Light of Archaeological Surveys // Biblical Archaeology Today. Jerusalem, 1985. P. 55—58.
2 Гл.: Allberto Soggin J. Joschua. Philadelphia, 1972. P 131; Yadin Y Hazor: the Rediscovery of a Great Citadel of the Bible. N. Y., 1975.
3 Kochavi M. Israelite Settlement in Canaan.. P 55.
Мернепта (Мернептаха; 1224—1211 гг. да н. э.), або Стэлы Ізраіля. Апошняя назва была дадзеная гэтай знаходцы таму, што ў надпісы, зафіксаваным на стэле, упершыню ўжытае на пісьме (егіпецкімі іерогліфамі) імя яўрэйскага народа — Йісраэль. Стэла Мернепта, якая знаходзіцца зараз у Егіпецкім музеі ў Каіры, датуецца пятым годам кіравання гэтага фараона, г. зн. прыблізна 1220 г. да н. э. (па іншай версіі — 1207 г. да н. э.). У паэтычным тэксце, высечаным на камені (безумоўна, створаным па загаду фараона нейкім паэтам-пісцом), Мернепта пахваляецца сваімі перамогамі і, у прыватнасці, кажа: «Ханаан спустошаны, так што на яго абрынуліся ўсе бядоты; Ашкелон пераможаны; Гезэр захоплены; Йана’ам болей не існуе. Ізраіль спустошаны, і яго семені больш няма; Хуру стала ўдавой з-за Егіпта»1. Спачатку навукоўцы высунулі гіпотэзу, што фараон Мернепта і ёсць найпершы кандыдат на «ролю» таго фараона, які даганяў са сваімі калясніцамі Майсея і яго народ, імкнучыся перашкодзіць ім пакінуць Егіпет, што ён і застаўся ва ўпэўненасці, што знішчыў народ Ізраіля. Але паступова даследчыкам стала ясна, што гаворка ідзе пра больш позні час, калі ізраільцяне ўжо прыйшлі ў Ханаан і сталі дамінаваць там, але яшчэ не стварылі сваёй дзяржавы (як вядома, Ізраільскае царства ўзнікне на мяжы XI—X стст. да н. э.). Даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што назвы гарадоў Ашкелон, Гезэр і Йана’ам ужытыя на стэле з дэтэрмінатывамі «горад-дзяржава», чым яны і з’яўляліся па сутнасці. 3 дэтэрмінатывам «краіна, зямля» ўжытае і вызначэнне Хуру — звычайнае ў егіпецкіх тэкстах вызначэнне Ханаана (сіра-палесцінскага рэгіёна). У той жа час найменне Йісраэль фігуруе ў тэксце з дэтэрмінатывам «народ», што сведчыць пра адсутнасць у Ізраіля дзяржавы з дакладнымі межамі. 3 гэтага вынікае, як мяркуюць даследчыкі, што ізраільцяне, напэўна, з’явіліся ў Ханаане незадоўга да напісання паэмы ў гонар Мернепта2. Адначасова, на ўзроўні метафарычным, тэкст паведамляе пра тое, што Ізраіль у гэты мо-