• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    ратаваць жыццё чалавека, якога забіваюць на яго вачах, ён не можа думаць пра сваю бяспеку і тым больш кар’еру, ім валодае адзін парыў — спыніць забойства, адна жарсць — аднаўленне справядлівасці.
    Тое, што перажыў Майсей на наступны дзень пасля выпадку з наглядчыкам-егіпцянінам, напэўна, напоўніла яго сэрца асаблівай горыччу і скрухай. Ён убачыў, як сварацца два яўрэя і адзін не проста крыўдзіць, а б’е брата свайго (на думку традыцыйнага каментара, біў менавіта той чалавек, якога выратаваў ад смерці Майсей). Спроба Майсея спыніць гэтую сварку скончылася нечакана: «...і сказаў ён крыўдзіцелю: “Навошта ты б’еш блізкага твайго?” // А той адказаў: “Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі? Ці не кажаш [мяркуеш] ты забіць мяне, як забіў ты таго егіпцяніна?” I спалохаўся Машэ, і сказаў: “Стала гэта вядома!”» (Зых 2:14-15). Чаму спалохаўся Майсей? Вядома, паводле прамога зместу, ён спалохаўся таму, што справа пра забойства егіпцяніна стала вядомая і што цяпер, безумоўна, гэта дойдзе да вушэй фараона, які захоча расправіцца з ім. Так і адбылося: «1 пачуў пра гэта фараон, і хацеў забіць Машэ, але Машэ ўцёк ад фараона і спыніўся ў краіне [зямлі] Мід’ян...» (Зых 2:15). I ўсё ж такі, здаецца, у Майсея была яшчэ адна, і больш істотная, прычына, каб напалохацца: духоўны і маральны стан яго братоў. Ён цвяроза ўсвядоміў, што яны, прыгнечаныя, аддадзеныя на пакуты, нават і не думаюць падтрымаць адзін аднаго; наадварот — паміж імі адбываюцца сваркі і бойкі. Ён з жахам усвядоміў, што адзіны сведка эпізоду з забойствам егіпцяніна — той самы яўрэй, якога ён выратаваў. 1 ён не толькі не адплаціў удзячнасцю свайму збавіцелю. але і паведаміў пра гэты выпадак астатнім яўрэям і — больш таго — данёс фараону. А Майсей жа дзеля яго рызыкаваў жыццём... (Паводле традыцыі, гэтым яўрэем быў Датан |Дафан|, які пазней падтрымае бунт Кораха |Карэя] супраць Майсея і Аарона.) Можна ўявіць сабе, якой горыччу напоўнілася душа будучага прарока. Ён упэўніўся, што рабства так моцна ўвайшло ў плоць і кроў яго народа, так падпарадкавала сабе яго душу, што рабіць пакуль што-небудзь (а можа, і наогул) дзеля яго вызвалення не мае сэнсу. Невыпадкова і старажытны Мідраш Рсіба распавядае, даючы
    каментар да гэтага сумнага эпізоду: «Разважаючы над лёсам роднага народа, Майсей пытаўся ў сябе: “Чым так саграшыў гэты народ, што аддадзены ў рабства егіпцянам?” Пачуўшы ж словы таго ізраільцяніна, Майсей сказаў: “Сумнення больш няма, справа гэтая раскрытая — я цяпер ведаю, за што напаткаў ізраільцянаў цяжкі лёс іх: даносы распаўсюджаныя сярод іх, — і ці вартыя яны быць збаўленымі ад рабскай долі сваёй?”» (Шэмот Раба /)•. Такім чынам, для Майсея застаецца адно: уцёкі.
    Майсей пакідае Егіпет, бо прамая пагроза навісла над яго жыццём, ды і заставацца ў гэтым «доме рабства» — значыць паставіць пад пагрозу нешта большае, чым фізічнае жыццё: уласную свабодную душу. Разважаючы пра сімвалічны сэнс усяго, што адбылося з Майсеем у Егіпце ад яго нараджэння да ўцёкаў, і інтэрпрэтуючы, услед за містычнай традыцыяй, яго вобраз як увасабленне «ўнутранага чалавека», сапраўды духоўнага чалавека, які павінны нарадзіцца ў душы кожнага з нас, Дз. У. Шчадравіцкі піша: «Што яшчэ сімвалізуе гісторыя ізраільцянаў у Егіпце? Без сумневу, наша духоўнае жыццё. Дух чалавечы апынаецца не толькі ў палоне ў плоці, але і ў заняволенні ў злых, д’ябальскіх, дэманічных сілаў, якія яго бязлітасна мучаць і прымушаюць на сябе працаваць. У выніку злы дух — сімвалічны “фараон”, які валадарыць у многіх людзях, ці, як кажа апостал, “у сынах праціўлення” (Эф 2:2), — дае загад “наглядчыкам”, каб яны займалі чалавека “працай” днём і ноччу, каб у яго не заставалася часу звярнуцца да Бога, “прынесці яму ахвяру” — малітву, каб не было ні секунды на жыццё духоўнае. Такі чалавек ведае толькі шлях “ад стойла да пойла” і назад: яму ўвесь час няма калі, яму трэба заўсёды “працаваць, працаваць, працаваць”. Гэта ці літаральная праца, якая абяцае матэрыяльнае абагачэнне, ці несупынная злая “праца” думкі, прыгнечанай ніжэйшым пачаткам. А потым, калі бачыць злы дух, што не ў яго ўладзе канчаткова знішчыць сілу духу чалавечага, ён загадвае ўсялякае мужнае жаданне, што нараджаецца ў чалавеку. знішчаць. Ен імкнецца забіць “усялякае немаўля мужчынскага полу”, г. зн. усялякі моцны,
    1 Агада... С. 52.
    валявы, мужны парыў, які з цягам часу змог бы збавіць чалавека ад духоўнага прыгнечання. “Немаўлятаў жаночага полу” злы пачатак пакідае ў жывых, паколькі яны ўвасабляюць эмацыянальную сферу чалавека, над якой зло атрымлівае поўную ўладу, “аддаўшы на смерць” розум і волю — “немаўлятаў мужЧынскага полу”. У выніку ўвесь унутраны лад такога чалавека набліжаецца да поўнай пагібелі. Каб такому чалавеку выратавацца, у ім самім павінны нібыта нарадзіцца нехта, закліканы, падпарадкуючыся волі Божай, вывесці чалавечую сутнасць на прастор, вызваліць з рабства. Павінны нарадзіцца той “унутраны чалавек”, пра якога казалі апосталы і які, стаўшы “дасканалым мужам”, узначаліць зыход усіх думак і пачуццяў чалавека з духоўнага “Егіпта” <...> Майсей як правобраз унутранага чалавека, пасталелага “мужа дасканалага”, падае нам вялікі прыклад: заўсёды глядзець на Нябачнага і быць цвёрдымі ва ўсіх выпрабаваннях, не баючыся нічога і нікога, апроч Госпада»1.
    Але сустрэча з Нябачным тварам да твару ў Майсея яшчэ наперадзе. Спатрэбіцца яшчэ доўгая падрыхтоўка яго духу, каб быць вартым далучэння да найвялікіііай Таямніцы. А пакуль, пасля доўгіх блуканняў па Сінайскай пустыні, Майсей прыходзіць у зямлю Мід’янскую (Мадыямскую): «...і спыніўся ў краіне Мід’ян, і сеў ля калодзежа» (Зых 2:15). Тут пачнецца новы віток яго існавання, новы паварот яго няпростага жыццёвага шляху. 1 адкрыццё асаблівага прызначэння ў свеце для гэтага чалавека яшчэ наперадзе.
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В8т.Т. 1—3. Пятнкннжме Момсеево. С. 294—295, 303.
    «Я БОГ БАЦЬКІ ТВАЙГО, БОГ АЎРААМА, БОГ ІСААКА I БОГ ІАКАВА...»
    (Закліканне прарока:
    Непагасная Купіна і таямніца Імя Божага)
    ..Н нз огня раздался голос: «Скажм народу Моему: Как ветер — тучу, Я рассею
    Его душм н скорбь, м тьму;
    Я сокрушу его оковы,
    Его скорбей нмзвергну гнет;
    Нз дома рабства в край свободы,
    Ведомый Мною, он прндет...»
    Заря мерцала над горою;
    Туман вставал в ушельях скал;
    Темнела степь; всходнлн звсзды...
    А куст горел н не сгорал...
    Сямён Фруг. Незгаральны Куст
    Як ужо адзначалася, жыццё прарока Майсея выступае як парадыгма адкрыцця ўласнага прызначэння, як шэраг выпрабаванняў духу і несупыннае духоўнае ўзыходжанне. I цяпер наступіў момант, калі ўдалечыні ад мітусні гарадской цывілізацыі, у разрэджанай прасторы пустыні, ён мусіць так абвастрыць свае ўнутраныя зрок і слых (асабліва апошні), каб убачыць і пачуць Нябачнае, Нязведанае. Тое, што не чутна звычайнаму слыху, — Голас Божы. Вельмі прыкметна, што наогул у Бібліі вобраз пустыні мае асаблівае, і вельмі шматбаковае, сімвалічнае напаўненне: гэта і выпрабаванне на цвёрдасць волі і духу (рэальнасць пустыні — суровая рэальнасць); гэта і пустыня духоўнай галечы — і ў яе горкім, і ў яе самым пазітыўным сэнсе, бо толькі дзякуючы ёй, толькі адчуўшы невыносную духоўную прагу, чалавек пачынае шукаць Бога; гэта, нарэшце, тая сакральная прастора, дзе чалавеку паўней усяго можа быць адкрытая таямніца Прысутнасці Бога ў свеце, — напэўна, менавіта таму, што нішто не замінае ні зроку, ні слыху. Нездарма ж паэтам сказана: «Ночь тнха, пустыня внемлет Богу, // Н звезда с звездою говормт...» Так ці інакш.
    але Сваім выбраннікам Бог адкрываецца часцей за ўсё ў пустыні. Апроч таго, паводле тэксту Торы — паводле задумы Усявышняга, — Майсей нібыта мусіць вярнуцца да вытокаў выбранага народа, у стан яго патрыярхаў, прайшоўшы выпрабаванне доляю пастуха. Постаць пастуха надзеленая ў старажытных тэкстах, і асабліва біблейных, вельмі пазітыўнымі канатацыямі: гэта ахоўнік, правадыр, той, хто спасцігае неспасціжнае і карыстаецца асабліваю падтрымкаю вышэйшых сілаў1. Нездарма Сам Гасподзь выступае ў Бібліі як Пастух, Які клапоціцца пра статак Свой (гэтая метафара асабліва ўласцівая прароцкім кнігам), нездарма і біблейныя праведнікі, а таксама выбраннікі Божыя з’яўляюцца найперш пастухамі: Авель, Аўраам, Ісаак, Іакаў, Давід, прарок Амос... Майсей мусіць нібыта прайсці шляхамі патрыярхаў, увабраць у сябе іх досвед, каб падрыхтаваць душу для вялікага прызначэння: быць прарокам і пастырам народа Божага.
    «...Майсей уцёк ад фараона, і спыніўся ў краіне Мід’ян, і сеў ля калодзежа» (Зых 2:15). Зямля, або краіна (на іўрыце — адно і тое ж слова эрэц), Мід’ян, дзе спыніўся Майсей, — мясцовасць на Сінайскім паўвостраве, недалёка ад Харэўскага (Харэбскага) горнага хрыбта, адна з вяршыняў якога і стане таямнічым біблейным Харэвам (у славянскай Бібліі — Харыў), або Сінаем. Мясцовасць атрымала назву ад племені, якое яе насяляла і, паводле Торы, паходзіла ад самога патрыярха яўрэйскага народа Аўраама — праз Кетуру (Хетуру), яго другую жонку, з якой ён абраў шлюб пасля смерці Сары. У Кнізе Быцця сказана: «I ўзяў Аўраам яшчэ раз жонку, а імя яе — Кетура. // I яна нарадзіла яму Зімрана, і Ёкшана, і Медана, Мід’яна, і Йішбака, і Шуаха» (Быц 25:1-2). Такім чынам, Мід’ян, чацвёрты з шасці сыноў Аўраама і Кетуры, становіцца эпонімам-родапачынальнікам мід’янітаў, або мід’яніцянаў, — аднаго з пастухоўскіх плямёнаў, што жылі ў паўпустыні, прыдатнай для пасьбы авечак і козаў. Паводле Торы, сыны Аўраама ад Кетуры не сталі пераемнікамі Запавету з Адзіным Богам, бо такім спадчыннікам, паводле волі Божай, мог быць
    1 Пра сэнс архетыпа пастуха і пастухоўства гл. падрабязней у раздзеле «“Дзе Авель, браттвой?” (Прыпавесць пра Каінн і Авеля)» у частцы 1.
    толькі сын ад Сары — Йіцхак (Ісаак). Але тут захоўваўся той жа побыт, што і ў пастухоўскіх шатрах яўрэйскіх патрыярхаў, і, хоць племя было язычніцкім, магчыма, менавіта тут асобнымі людзьмі перадаваліся з пакалення ў пакаленне паданні пра Аўраама і яго Запавет з Адзіным Богам. Нездарма ж Майсей знойдзе цёплы прыём у шатры мід’янскага правадыра і жраца, ажэніцца з яго дачкой, а той, у сваю чаргу, прыйдзе да Адзінага Бога. Як лічыць Дз. У. Шчадравіцкі, «мы можам меркаваць, што ў гэтым племені захавалася паданне пра Адзінага Бога. Аднак, напэўна, яно было зацемненае нейкімі язычніцкімі напластаваннямі, таму мід’яніцяне не лічацца ў Пісанні вернікамі сапраўднага Бога. Нават Іафор, святар мадыямскі і цесць Майсея, канчаткова ўпэўніваецца ва ўсёмагутнасці Госпада толькі пасля цудаў, якія суправаджалі Зыход яўрэяў з Егіпта... I тым не менш некаторыя рэлігійныя ўяўленні, успадкаваныя ад Аўраама, і патрыярхальны лад жыцця гэтага племені рабілі яго настолькі роднасным Майсею і ізраільцянам, што Майсей захацеў увайсці ў сям'ю мадыямскага святара, узяўшы ў жонкі яго дачку»1.