• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    Сцэна сустрэчы Майсея са сваёю будучай жонкай вельмі нагадвае сцэну сустрэчы патрыярха Іакава і Рахілі, з той толькі розніцай, што тут не ідзе гаворка пра імгненнае, быццам удар маланкі, каханне. Але Майсей таксама дапамагае дзяўчыне і яе сёстрам напаіць авечак і — галоўнае — усталёўвае справядлівасць там, дзе бачыць крыўду ў дачыненні да слабейшых. Эпізод спалучае ў сабе рысы легендарнасці і рэалістычнага адлюстравання пастухоўскага побыту той далёкай пары. Майсей невыпадкова сядзіць ля калодзежа: гэта сапраўдная крыніца жыцця ў рэгіёне Сінайскай пустыні, цэнтр прыцягнення ўсяго племені; тут ён убачыць усіх адразу, іх норавы і стасункі. Сюды, да калодзежа, прыгналі сваіх авечак сем дочак мід’янскага жраца Рэгуэля (Рагуіла): «А ў жраца Мід’яна было сем дочак; прыйшлі яны і начэрпалі вады, і напоўнілі каменныя карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго» (Зых 2:16). Як і ў язычніка Лавана, у мід’янскага жраца не было сы-
    1 Шедровнцкйй Д. В. Введенйе в Ветхйй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкнйжне Монсеево. Нзд. 2-е, вспр. й доп. М.: Теревйнф, 2001. С. 304.
    ноў, і мужчынскую працу рабілі яго дочкі. Паданне кажа, што гэта маглі б рабіць і слугі або парабкі Рэгуэля, але дочкі яго так шанавалі бацьку, што ўсё гатовыя былі рабіць дзеля яго. Другое паданне сцвярджае, што Рэгуэль, само імя якога азначае «пастух [пастыр] Божы», а тытул, прыкладзены да яго імя, — когэн — можна перакласці і як «святар», самастойна шукаў шляхі да Адзінага Бога. Больш таго, ён быў адным з дарадцаў егіпецкага фараона і спрабаваў адгаварыць яго ад знішчэння яўрэйскіх немаўлятаў, а калі гэта не атрымалася, уцёк з Егіпта. Падчас прыходу Майсея ён адмовіўся ад язычніцкіх звычаяў мід’яніцянаў, таму яны не прызнавалі яго ўладу і пагарджалі ім, так што ў яго не было слугаў і парабкаў. Варожасцю мід’яніцянаў да Рэгуэля тлумачыцца ў Мідрашы і наступны эпізод Пісання, калі пастухі прыйшлі і адагналі дочак жраца і яго авечак ад вадапою. (Мідраш паведамляе, што пастухі паводзілі сябе так ужо шмат разоў, але на гэты раз яны былі асабліва нахабныя і вельмі груба піхалі бездапаможных дзяўчат, так што тыя нават зваліліся ў ваду.) Гэтага не можа вытрымаць Майсей і заступаецца за дочак Рэгуэля: «I прыйшлі пастухі, і адагналі іх, але Машэ падняўся на іх абарону, і выратаваў іх, і напаіў статак» (Зых 2:17). Майсей ізноў вельмі рызыкуе сабою: варта толькі ўявіць раз’юшаных пастухоў, супраць якіх (відаць, іх было не так мала) ён выйшаў адзін на адзін, нікому не вядомы іншаземец, у якім адразу пазналі (відаць, па яго асаблівай вопратцы і манеры трымацца) егіпцяніна, а егіпцянаў ненавідзелі пастухі-азіяты, тою ж манетаю адплачваючы за іх нянавісць да «азіятаў, жыхароў пяскоў» (так усе яны называліся ў егіпецкіх тэкстах). Да таго ж гэты чужынец соваў нос не ў сваю справу. Нездарма ў тэксце падкрэслена, што ўчынак Майсея патрабаваў ад яго пэўнай мужнасці і нават фізічнай сілы: «...падняўся на іх абарону, і выратаваў іх...» У гэтым эпізодзе ізноў праяўляецца дамінуючая рыса характару Майсея — імкненне да справядлівасці, палкае абурэнне пры позірку на ўсялякую несправядлівасць, гарачае пачуццё спачування да прыгнечаных, пакрыўджаных, зняважаных.
    Дочкі Рэгуэля, уражаныя высакародствам, моцаю і прыгажосцю іншаземца, якога яны прымаюць за егіпця-
    ніна1, расказалі пра яго свайму бацьку. «I прыйшлі яны да Рэгуэля, бацькі свайго, і спытаўся ён: “Чаму вы так хутка прыйшлі сёння?” // I сказалі яны: “Адзін егіпцянін выратаваў нас ад пастухоў, а таксама начэрпаў нам вады і напаіў скаціну”» (Зых 2:18—19). Рэгуэль не можа не ацаніць смелы і высакародны ўчынак іншаземца, не можа не запрасіць яго ў свой шацёр. У яго пытаннях, звернутых да дочак, шчыры клопат пра адважнага незнаёмца і ўпіканне ім — за тое, што не прывялі яго адразу з сабою: «А дзе ж ён? Чаго ж вы пакінулі гэтага чалавека? Паклічце яго, няхай паесць хлеба» (Зых 2:20). Удзячны Рэгуэль гатовы падзяліцца з Майсеем усім, што ёсць у яго, а слова «хлеб» у старажытных тэкстах часта абазначае ежу наогул, харчаванне. Тым самым Рэгуэль запрашае Майсея жыць у яго. Надзелены асаблівай інтуіцыяй, ён разумее, што сустрэўся з незвычайным чалавекам. Нездарма ў наступным раздзеле Кнігі Зыходу ўзгадваецца яшчэ адно імя Рэгуэля, бо першае было, напэўна, не асабістым імем, а хутчэй — тытулам, — Йітро (Іафор), што значыць «той, хто пераўзыходзіць» (ад дзеяслова йатар — «пераўзыходзіць»). Гэтае імя традыцыйна інтэрпрэтуецца як паказанне на тое, што Йітро пераўзыходзіў усіх сваіх супляменнікаў веданнем сапраўднага Бога. I ўсё ж такі вера Йітро была яшчэ
    1 Паводле аднаго з тлумачэнняў, той факт, што Майсей не адкрыў
    (прынамсі, не адкрыў адразу) свайго паходжання, а нібыта пагадзіўся
    з тым, што ён егіпцянін. паслужыў адной з прычынаў недазволу Усявышнім увайсці яму ў Зямлю Абяцаную. Гэта так званая памылка праведніка. бо чым вышэй праведнасць, тым больш Бог патрабуе з чалавека. Але існуе і іншае тлумачэнне словаў Торы «нейкі егіпцянін» — праз асобную прыпавесць: «Аднаго чалавека ўкусіла змяя. Прыбег ён да ракі і кінуўся ў ваду, а ў тым месцы ўбачыў дзіця, якое танула, і выратаваў яго ад смерці. Дзіня пачало дзякаваць свайму збавіцелю, але той сказаў: "Дзіця, не я цябе выратаваў, а выратавала цябе змяя. Бо калі б не ўкусіла яна мяне, я б не пабег да ракі і не дапамог бы табе выбрацца з віру”. Так і Майсей — калі дочкі Іафора (Рэгуэля. — Г.С.) пачалі дзякаваць яму — сказаў: “Дзякуйце не мне, а таму егіпцяніну, з-за якога я мусіў бегчы сюды”» (Шэмот Раба 1; цыт. па: Агада: Сказання, прнтчн н нзречення Талмуда м Мндрашей / Персвод С. Г. Фруга. М.: Рармтет, 1993. С. 53). Тым самым Мідраш дае зразумець, што, адпаведна пазіныі Торы, якую добра разумеў і Майсей, у жыцці няма нічога выпадковага, і сапраўдны чалавек нават свае бядоты і пакуты ўспрымае як шлях да таго дабра, якое ён павінен здзейсніць дзеля іншых людзей. Такую ж пазіцыю займаў і біблейны Іосіф.
    зацемненая некаторымі язычніцкімі поглядамі і звычаямі, і глыбокае веданне Бога Жывога прыйшло да яго праз Майсея.
    «1 пагадзіўся Майсей жыць у гэтага чалавека, і выдаў той за Майсея сваю дачку Цыпору» (Зых 2:21). Імя Цыпора значыць літаральна «птушка», і традыцыйны каментар заўважае, што такое імя сведчыла пра незвычайную жвавасць, з якой гэтая жанчына рабіла добрыя справы. У сваю чаргу, адзначаючы папярэднюю этымалогію, Дз. У. Шчадравіцкі заўважае, што гэтае імя можна інтэрпрэтаваць і інакш: «прамяністая» — ад дзеяслова цафар — «выпускаць промні». «У такім выпадку яно паказвае на чысціню і праведнасць, на светлы характар жонкі Майсея»1. Да постаці Цыпоры з вялікай пашанай ставяцца яўрэйскія мудрацы-каментатары, падкрэсліваючы, што яна валодала духоўнай веліччу Сары, Рыўкі (Рэвекі, або Рэбекі), Рахелі (Рахілі) і Леі (Ліі), і тым самым уключаючы яе ў шэраг імагот — прамацярок яўрэйскага народа. Мідраш даводзінь яшчэ адно значэнне імя Цыпоры — «тая, хто ачышчае», бо яна ачысціла хату свайго бацькі ад слядоў ідалапаклонніцтва, першая з сям’і Йітро прыняла новае вучэнне. Яна нарадзіла Майсею двух сыноў, і першынца свайго ён назваў сімвалічна, тлумачачы праз яго імя свой уласны лёс: «...I назваў яго Машэ імем Гершом, сказаўшы: “Прышэльцам стаў я ў зямлі чужой”» (Зых 2:22). Гер на іўрыце — «прышэлец», «іншаземец», шам (трансфармаванае ў шом) — «там», і ў цэлым імя першага сына Майсея, якое традыцыйна ў славянскай Бібліі перадаецца як Гірсам, значыць «прышэлец там». Гэта ўказанне на лёс бацькі, поўны блуканняў і вандровак, на тое, што ён усюды адчуваў сябе чужынцам — і ў Егіпце, і ў Мід’яне, хаця ў апошнім і знайшоў сям’ю, звычайнае чалавечае шчасце. Імя сына ўтрымлівала ў сабе і далёка схаваную тугу і памяць пра родны край — Святую Зямлю. Відаць, невыпадкова адразу пасля паведамлення пра нараджэнне сына ў Майсея біблейны тэкст узгадвае пра пакуты сыноў Ізраіля ў Егіпце: тым самым падкрэсліваецца непарыўная сувязь лёсу прарока з пакут-
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенме в Ветхмй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжме Монсеево. С. 307.
    лівым лёсам яго народа. Вельмі слушна піша Дз. У. Шчадравіцкі: «...Майсей быў як быццам бы душой народа ізраільскага. Тое, што адбывалася з Майсеем — кожная думка, кожнае слова, кожны крок яго, — адбівалася на жыцці ўсяго народа. I тады зразумела, чаму Майсей, ужо замацаваўшыся ў зямлі Мадыямскай, ажаніўшыся і нарадзіўшы там сына, называе сябе “прышэльцам”. Ён тым самым сведчыць пра палкае жаданне ўсіх ізраілыдянаў выйсці з рабства і вярнуцца ў зямлю бацькоў»1.
    Як адзначаюць яўрэйскія каментатары, Майсей, застаючыся жыць у Мід’яне побач з Йітро, вельмі рызыкаваў, і можа, нават, больш, чым жыццём, бо яго цесць усё яшчэ заставаўся ідалапаклоннікам па сваёй сутнасці і мог вельмі дрэнна ўплываць на сям’ю прарока. Йітро нават стаяў на тым, каб першынец Майсея і Цыпоры не быў абрэзаны (гэта зробіць, паводле тэксту Торы, пазней сама Цыпора). Але Майсей даў клятву Йітро, што будзе жыць з ім і не вернецца ў Егіпет да сваіх братоў. Рабі Машэ Вейсман піша: «Гэтыя словы нашых мудрацоў сведчаць пра тое, што Машэ самім фактам свайго добраахвотнага існавання побач з Йітро, які яшчэ не стаў яўрэем, рызыкаваў будучым сваіх сыноў, бо існавала небяспека духоўнай дэградацыі сярод ідалапаклоннікаў. Спадзеючыся пазітыўна паўплываць на Йітро, Машэ недаацэньваў небяспекі, заключанай у яго асяроддзі. Таму яго ўчынак, згодна з адзінадушным меркаваннем нашых мудрацоў, завецца “звязваннем сябе клятвай”. Раў2 Дэслер тлумачыць, што само рашэнне чалавека пасяліцца там, дзе Тора знаходзіцца не на вышыні, — гэта саступка, якая аслабляе служэнне чалавека Гашэму, таму што нават на найвялікшых людзей робіць уплыў іх асяроддзе. Значыць, калі хтонебудзь выбера сабе месцам жыхарства раён, прасякнуты атмасферай вывучэння Торы і страхам перад Гашэмам,
    1 Шсдровнцкмй Д. В. Введенме в Ветхнй Завет: В 8 т Т. 1—3. Пятнкнмжне Момсеево. С. 308.
    2 Pay (дакладней — Рав) — літаральна з іўрыту «вялікі», а таксама «настаўнік»; са старажытных часоў у яўрэйскай традыцыі — паважлівы зварот да законавучыцеля, знаўцы Торы і Талмуда: адсюль і рабі — «настаўнік мой» (так вучні звярталіся і да Ісуса; у рускім Сінадальным перакладзе традыцыйна перадаецца як равй).