• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    ...А тым часам Майсей, уражаны незвычайным відовішчам і ахоплены асаблівым пачуццём, вырашыў наблізіцца да куста, каб зразумець, чаму ён не згарае: «1 ўбачыў: вось куст ажыны палымнее агнём, але не згарае. // I сказаў Машэ: “Павярну туды і пагляджу на гэтае вялікае дзіва: чаму не згарае гэты куст?” // I ўбачыў Гасподзь, што Майсей павярнуў паглядзець, і паклікаў яго Бог з куста ажыны...» (Зых 3:3-4). Тэкст дае зразумець: Майсей адчуў, што ў яго жыцці адбываецца нешта звышзначнае, таму ўнутранае трапятанне і, можа, нават цьмяны страх, злучаюцца ў яго душы з сапраўднай адважнасцю. Гасподзь жа бачыць, што Майсей гатовы для ўспрымання Адкрыцця і звяртаецца да Свайго выбранніка, двойчы паўтараючы яго імя: «Майсей, Майсей!» (Зых 3:4). 1 той адказвае: «Вось я!» (Зых 3:4). Старажытныя каментатары падкрэслівалі, што Бог звяртаецца да чалавека, двойчы клікаючы яго па імені, толькі
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжяе Монсеево. С. 312—313.
    ў выключных выпадках, калі Ён ускладае на Свайго выбранніка асаблівую надзею ці падае яму асабліва важную вестку. калі Ён заклікае яго да служэння і ў зямным, і ў нябесным свеце, калі Ён хоча асабліва натхніць і падтрымаць яго ў цяжкую хвіліну выпрабаванняў. Так звярнуўся Бог да Аўраама, калі нож патрыярха ўжо быў занесены над шыяй Ісаака (Быц 22:11), так звярнуўся Ён да Йаакова, падбадзёрваючы яго, каб патрыярх не баяўся сысці з сынамі ў Егіпет (Быц 46:2), і таксама быў закліканы да прароцкага служэння Шэмуэль (Самуіл; 1 Цар 3:10). Класічны каментар адзначае наконт звароту Бога да Майсея: «Паўтарэнне імя двойчы служыць вызначэннем жадання натхніць яго і надаць яму сілы» {Мехільтаў. Паказальна, што Майсей адказвае Богу таксама, як адказвалі яго далёкія праайцы, Аўраам і Іакаў, словамі найвышэйшай гатоўнасці да служэння і абсалютнай адкрытасці ўсёй душы, усёй істоты чалавека перад Богам: «Вось я!» (Зых 3:4; пар. Быц 22:1, 11; 46:2). Бог працягвае гаварыць: «Не падыходзь сюды! Скінь абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля святая» (Зых 4:5). Наконт выразу «зямля святая» (што не ідэнтычная Зямлі Абяцанай) традыныйны каментар тлумачыць: усялякая кропка на зямлі, дзе адкрывае Сябе Усявышні, з’яўляецца святой. Што тычыцца здымання абутку, то гэтае дзеянне, безумоўна, сімвалізуе духоўнае ачышчэнне чалавека. Сам жа загад Божы спыніцца, не падыходзіць сведчыць, па-першае, пра ўзрушаны стан Майсея, які, як зачараваны, усё ішоў і ішоў на дзівосны агонь і ўладарны голас, а па-другое — нагадвае пра прынцыповую трансцэндэнтнасць Бога, неспасцігальнасць Яго для плоцевага чалавека, пра існаванне пэўнай мяжы, пераступіўшы цераз якую чалавек (дакладней, плоцевае ў ім) можа згарэць ад Боскага агню. Нездарма ў Кнізе Другазаконня будзе сказана: «Гасподзь Бог — агонь пажыральны...» (Друг 3:24).
    Бог, рыхтуючы Майсея да ўспрымання яго прызначэння, прамаўляе вельмі важныя словы: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Аўраама, Бог Йіцхака і Бог Йаакова» (Зых 4:6). Па-сут-
    1	Цыт. па: Пятіікнмж’не н гафтарот: Нврмт. текст с рус. пер. н классііч. комментарне.м «Сончнно». С. 278.
    насці, праз гэтую формулу Усявышні і адкрываецца Майсею. Яе звышзадача — упісаць Майсея ў пэўны ланцуг гісторыі, дакладней — даць яму зразумець, што ён прызначаны аднавіць разарваны ланцуг часу, усталяваць пераемнасць паміж ужо далёкай у часе гісторыяй патрыярхаў, яго асабістай гісторыяй і гісторыяй народа Божага, якая толькі пачнецца. Гэтая формула прасякнутая асаблівым асобасным пачуццём, бо Бог сапраўды распачынае дыялог з чалавекам як Асоба з асобаю, ставіцца ў асобаснае дачыненне да свайго выбранніка. Нездарма калісьці, перажыўшы адчуванне блізкай прысутнасці Бога, Блэз Паскаль зафіксаваў гэты непаўторны досвед у словах, якія запісаў на пергаменце і да канца жыцця насіў пры сабе: «Бог Аўраама, Бог Ісаака і Бог Іакава, але не Бог філосафаў і навукоўцаў». Гэта значыла, што з гэтага моманту і назаўжды ён выбірае Бога Жывога, а не халодны абстрактна-адцягнуты канцэпт. Старажытнае вызначэнне (самавызначэнне Бога) «Бог Аўраама, Бог Йіцхака і Бог Йаакова» немагчыма звесці толькі да выяўлення моналатрызму, або генатэізму, бо, паводле логікі тэксту, яно найперш сведчыць пра асобасны ўзровень стасункаў паміж Богам і чалавекам, нагадвае пра унікальны досвед кожнага з патрыярхаў, якія на складаных шляхах жыцця, кожны па-свойму (таму тры разы паўтараецца слова «Бог»), спасцігалі Бога, у чымсьці адкрывалі Яго для сябе нанова. Нездарма ж далей Бог настойліва падкрэслівае, што такое вызначэнне павінна назаўжды замацавацца ў свядомасці народа і паўтарацца з пакалення ў пакаленне: «Так скажы сынам Ізраіля: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, Бог Аўраама, Бог Йіцхака і Бог Йаакова, паслаў мяне да вас; гэта імя Маё на вякі, і гэта ўспамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне» (Зых 3:15). Але ў апошнім выпадку сказана «Бог бацькоў вашых», пры звароце ж да Майсея — «Бог бацькі твайго». Чаму тут слова «бацька» стаіць у адзіночным ліку? Ужо ў старажытнасці гэта выклікала розныя інтэрпрэтацыі. Таргўм Анкёлас (дакладней — Онкёлос) тлумачыць, што ў гэтым кантэксце слова «бацька» ўжытае як зборнае і абазначае ўсіх продкаў Майсея і яўрэйскага народа. Да гэтага блізкае містычнае разуменне, паводле якога ва ўсіх трох патрыярхаў была нібыта адна душа, якая паўтаралася ў іх і
    ў бацьку Майсея, Амраму (гэта суадносіцца з уласцівым старажытнай свядомасці законам партыцыпацыі, які адкрыў Л. Леві-Бруль, — імкнення атаясамліваць сябе з продкамі). У сваю чаргу, Мідраш бачыць у выразе «Бог бацькі твайго» канкрэтнае ўказанне на Амрама і нават даводзіць, што Бог звярнуўся праз Анёла да будучага прарока голасам яго бацькі, каб не напалохаць яго. Майсей і падумаў спачатку, што з ім гаворыць яго бацька, але Бог удакладніў: «...Бог Аўраама, Бог Йінхака, Бог Йаакова...» Тым самым Ён даў зразумець Майсею, што яго бацька памёр, што яго душа далучылася да душаў праайцоў. Гэта была сумная вестка, але само называнне бацькі Майсея перад імёнамі патрыярхаў, вельмі пачэснае, павінна было ўсцешыць і падтрымаць будучага прарока.
    Пачуўшы словы Божыя, Майсей засланяе свой твар: «1 схаваў Машэ твар свой, бо баяўся паглядзець на Усявышняга» (Зых 3:6). Гэтае засланенне ці хаванне (у арыгінале менавіта «схаваў») твару выкліканае найглыбейшым пачуццём пашаны да Бога і найвялікшай сціпласцю Майсея, які адчувае сваю нязначнасць, сваю недасканаласць у прысутнасці Усявышняга. Ён добра ўсведамляе, што тварам да твару сустрэўся з Таямніцай Таямніцаў, у якую амаль нікому немагчыма пранікнуць. Такое адчуванне сваёй нязначнасці і недасканаласці перад тварам Божым, усведамленне несувымернасці Яго з усялякай чалавечай мерай (пры тым, што Бог кроўна зацікаўлены ў чалавеку і робіць яго партнёрам па дыялогу) будзе вельмі ўласцівае і больш познім прарокам і знойдзе адлюстраванне ў прароцкіх кнігах. Класічны каментар тлумачыць таксама, што Майсей, ведаючы, што ў Бога няма бачнага, зрокавага вобраза, баіцца глядзець у той бок, адкуль гучыць голас, каб не ўявіць сабе той ці іншы вобраз, не палічыць за Бога штонебудзь візуальнае. Ізноў убачыўшы духоўную гатоўнасць Майсея, Бог адкрывае яму, дзеля чаго Ён распачаў з ім дыялог: «I сказаў Гасподзь: “Убачыў Я пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў лямант яго з-за прыгнятальнікаў яго, бо спасціг Я боль яго. // I сышоў Я выратаваць яго з-пад улады Егіпта і прывесці яго з той зямлі ў зямлю прыгожую і багатую, зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, на месца кенаанеяў, і хетаў, і эмарэяў, і перызеяў, і хівеяў, і йевусеяў. //
    1 вось, лямант сыноў Ізраіля ўзнёсся да Мяне, і ўбачыў Я таксама, як прыгнятаюць іх егіпцяне. // А цяпер пасылаю Я цябе да фараона, і выведзеш ты народ Мой, сыноў Ізраіля, з Егіпта”» (Зых 3:7—10).
    Паказальна, што ў гэтым фрагменце Бог упершыню называе нашчадкаў Аўраама Сваім народам, падкрэсліваючы асаблівую ролю гэтага народа ў Яго задуме. Як ужо адзначалася, словы «ўбачыў пакуты» і «пачуў лямант» значаць не тое, што Бог «не бачыў» іх раней, a тое, што самі ізраільцяне ўжо не могуць трываць нявольніцтва, яны прагнуць свабоды, а сэрцы іх патэнцыяльна гатовыя звярнуцца да Бога. 3 другога боку, пакуты народа сталі такімі жудаснымі і нясцерпнымі, што і Сам Усявышні, сутнасць Якога складае Найвышэйшая Міласэрнасць, не можа больш вытрымаць боль Свайго народа і прымае яго як Свой уласны боль. У выразе «спасціг Я боль яго» нездарма стаіць усё той жа дзеяслоў йада («ведаць», «спасцігаць»), які азначае глыбокае ўнутранае ўзаемапранікненне суб’екта і аб’екта пазнання, найвышэйшую ступень блізкасці, спасціжэнне праз любоў. Вялікая літасць і міласэрнасць Бога будзе і далей падкрэслівацца ў Бібліі, асабліва ў прароцкіх кнігах. Паказальна, што прарок Гошэа (Осія) ад імя Бога, Які прадбачыць пакуты Свайго народа, усклікае: «Сэрца Маё пераварочваецца ў ва Мне, // успыхвае ў ва Мне жаль Мой!» (Ос 11:8). Таксама і ў той трагічны момант гісторыі, калі да прароцкага служэння заклікаецца Майсей, пакуты народа Божага становяцца пакутамі Самога Бога: «...спасціг Я боль яго». Гасподзь «сыходзіць» у свет, каб узяць непасрэдны ўдзел у гісторыі, і гэтае «сыходжанне», безумоўна, нельга разумець як фізічны рух: гэта не болей чым метафара-антрапамарфізм у дачыненні да Бога, але адначасова яна красамоўна сведчыць пра Яго трансцэндэнтную прыроду.
    Словы Бога пра тое, што менавіта Майсею наканавана вывесці народ з рабства, выклікаюць у душы будучага прарока калі не страх, то разгубленасць. Чаму менавіта ён? Як просты і сціплы чалавек, ён напалоханы грандыёзнасцю задачы і сумняваецца, што можа яе вырашыць. Як чалавек, надзелены асаблівай інтуіцыяй, ён адчувае веліч падзеяў, якія разгорнуцца далей, і шчыра лічыць сябе ня-
    вартым такога высокага прызначэння: «Хто я такі, каб ісці да фараона і каб вывесці сыноў Ізраіля з Егіпта?» (Зых 3:11). Але Бог абяцае, што Ён будзе разам з Майсеем і што менавіта на той самай Гары, дзе Майсей зараз атрымлівае Адкрыццё, ён будзе разам з усім народам служыць Богу. I ўсё ж такі Майсей сумняваецца ў сваёй магчымасці выканаць такую вялікую місію, і найперш з той прычыны, што народ можа не паверыць у сапраўднасць яго прароцкага прызначэння, што ступень пранікнення яго ў Боскую сутнасць недастатковая: «Вось прыйду я да сыноў Ізраіля і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны спытаюць мяне: як Яго імя? Што скажу я ім тады?» (Зых 3:13). Да таго ж гэтае пытанне мае і іншы сэнс: можа, народ, які ўжо так доўга жыве ў нявольніцтве, зусім забыўся пра свайго Бога і ўжо не можа адрозніць сапраўднага Бога Жывога ад мноства егіпецкіх ідалаў, якім некаторыя з народа сталі пакланяцца ў Егіпце? Ці здолее прарок звярнуць іх сэрцы да сапраўднага Бога? Гэтае пытанне — вельмі важнае і балючае для Майсея. 1 тады, каб умацаваць прарока на выбраным шляху, Бог адкрывае яму Сваё асаблівае Імя, што само па сабе сімвалізуе новую ступень Богапазнання: «1 сказаў Бог Машэ: “Я — Той, Хто ёсць і будзе |Хто існуе вечна|”. // I сказаў: “Так скажы сынам Ізраіля: Той, Хто будзе, паслаў мяне да вас”. 1 яшчэ сказаў Бог Машэ: “Так скажы сынам Ізраіля: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, Бог Аўрагама, Бог Йіцхака і Бог Йаакова, паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё на вякі...”» (Зых 3:14—15). Там, дзе ў перакладзе стаіць слова «Гасподзь», у арыгінале напісанае асаблівае Імя Божае, якое складаецца з чатырох літараў кансанантнага іўрыцкага алфавіта і якое з гэтай прычыны атрымала ў тэалогіі і навуцы назву Тэтраграматбн (літаральна з грэчаскай мовы тэтра — «чатыры», граматон — «літары»). 3 гэтым асаблівым імем звязаная адна з найвялікшых таямніцаў як Боскай Сутнасці, так і самога біблейнага тэксту.