Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
бові, на пачуццях, вельмі блізкіх да сяброўства. Як Аўраам вызначаны як «сябар Бога», так і пра Майсея сказана: «1 гаварыў Гасподзь з Машэ тварам да твару, як чалавек гаворыць з сябрам сваім...» (Зых 33:11). Яшчэ ніколі дагэтуль Бог і чалавек не былі такія блізкія, не ведалі так адзін аднаго па імёнах, а імя адна асоба адкрывае другой толькі ў момант сяброўскага знаёмства, як пацверджанне ўзаемнага даверу. Уласна кажучы, Гасподзь так і адкрыў Сваё Імя Майсею: не толькі ў акце Адкрыцця, але адначасова і ў акце сяброўскага даверу. 1 пазней Гасподзь прамовіць: «...ты знайшоў прыхільнасць |ласк.у| у вачах Маіх, і Я ведаю цябе па імені» (Зых 33:17).
Пасля атрымання Адкрыцця Майсей вяртаецца да Іафора і просіць у яго дазволу праведаць братоў сваіх у Егіпце: «“Пайду я, і вярнуся к братам маім, якія ў Егіпце, і пагляджу, ці жывыя яны яшчэ”. 1 адказаў Йітро Машэ: “Ідзі з мірам”» (Зых 4:18). Майсей не адкрывае Йітро сапраўдную мэту свайго сыходу ў Егіпет, бо гэтага не загадаў яму Бог. Спачатку, напэўна, ён хацеў адправіцца ў Егіпет адзін, не падвяргаючы небяспецы жонку і дзяцей, бо яго самога могуць схапіць і аддаць на смерць. Але ў новым Адкрыцці Бог паведамляе прароку, што ўсе, хто ў Егіпце хацеў яго пагібелі, ужо памерлі. I зноў прагучаў уладарны імператыў: «Ідзі, вярніся ў Егіпет...» (Зых 4:19). Майсей пасадзіў на асла жонку і двух маленькіх сыноў (малодшы, напэўна, быў яшчэ зусім немаўлём) і выправіўся ў краіну фараонаў. Тора паведамляе: «I ўзяў Машз посах Божы ў руку сваю» (Зых 4:20). Паказальна, што посах, які дагэтуль быў посахам Майсея, названы посахам Божым (з гэтага традыцыйны каментар і робіць выснову пра яго Боскае паходжанне): менавіта цяпер, калі Майсей духоўна абсалютна гатовы да прароцкага служэння, з дапамогаю посаха ён будзе здзяйсняць цуды Божыя.
«I сказаў Гасподзь Машэ: “На шляху назад у Егіпет памятай пра ўсе цуды, якія Я даручыў табе, і зрабі іх перад вачамі фараона. А Я ўцяжару сэрца яго, і ён не адпусціць народ. // I скажаш ты фараону: так сказаў Гасподзь: Ізраіль — сын Мой, першынец Мой. // Кажу табе: адпусці сына Майго, каб ён служыў Мне, а калі не адпусціш яго, то вось, Я заб’ю сына твайго, першынца твайго”» (Зых 4:21—23).
Тут упершыню Бог называе народ Ізраіля Сваім сынам і першынцам, бо Ён бачыць усё наперад, ведае, што менавіта гэты народ першым па сваёй добрай волі заключыць з Ім Саюз, прыме Тору і будзе выконваць запаведзі Божыя. У сваю чаргу яўрэйская каментатарская традыцыя тлумачыць выраз «першынец Мой» як паказанне на тое, што і іншыя народы — сыны Божыя, але на Ізраіля як на першынца ўскладаецца асаблівая духоўная місія і асаблівая надзея. У Кнізе Другазаконня сказана: «Вы сыны Госпада, Бога вашага...» (Друг 14:Словы Торы пра народ Ізраіля як «сына Госпада» знойдуць асаблівы водгук у прароцкіх кнігах, найперш у Кнізе прарока Гошэа (Осіі), які якраз узгадвае падзеі Зыходу і гаворыць ад імя Бога: «Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і з Егіпта выклікаў сына Майго...» (Ос 11:1). У Адкрыцці, дадзеным Богам Майсею на шляху ў Егіпет (ці перад самаю адпраўкаю туды), Гасподзь ужо загадвае папярэдзіць фараона пра самую страшэнную кару, якая можа здзейсніцца над ім і яго падданымі, — смерць першынцаў. Тым самым — вельмі важны нюанс — Бог, па-першае, дае зразумець, што гэта выключная кара абрынецца на фараона толькі ў тым выпадку, калі ён не адпусціць народ Божы, калі будуць працягвацца забойствы яўрэйскіх дзяцей, хаця і за мінулыя свае злачынствы, саўдзельнікамі якіх сталі ўсе егіпцяне, фараон варты пакарання. Па-другое, Бог дае і гэтаму страшнаму ліхадзею магчымасць адумацца і пакаяцца. Але чаму Ён гаворыць: «...уцяжару [умацую, зраблю больш жорсткім] сэрца яго...»? На першы погляд здаецца, што Бог наўмысна зробіць так, што фараон не адпусціць народ, каб потым пакараць гэтага фараона. Але знешні алагізм лёгка тлумачыцца, калі ўспомніць, што, паводле вызначэння, чалавек у біблейным разуменні надзелены свабодаю волі, заўсёды прымае рашэнні сам і нясе за іх адказнасць. Нельга зрабіць жорсткім тое сэрца, якое не было жорсткім. Проста Гасподзь ужо не будзе спасылаць фараону Сваёй літасці і ласкі, каб дапамагчы зразумець сітуацыю і пакаяцца, нічога не зробіць, каб разбіць каменную абалоііку сэрца чалавека, які дайшоў да мяжы самай лютай нечалавечнасці. 1 яшчэ: Бог бачыць гэта наперад, хоць усё роўна дае — і не аднойчы — фараону магчымасць выбару, магчымасць
змяніць сітуацыю. Яўрэйскія мудрацы сцвярджалі: «Той, хто хоча ачысйіцца, атрымлівае дапамогу Неба, таму ж, хто хоча апусціцца, не перашкаджаюць».
А далей, калі па дарозе Майсей спыніўся ноччу на начлег, з ім адбылася не зусім зразумелая гісторыя: «1 было дарогаю на начлезе: напаткаў Гасподзь Машэ і хацеў забіць яго. // 1 ўзяла Цыпора каменны нож, і абрэзала крайнюю плоць сына свайго, і датыкнулася да ног Машэ, і сказала: “Бо жаніх крыві ты мне”. // I адпусціў яго [Гасподзь]. Тады прамовіла яна: “Жаніх крыві па абразанні”» (Зых 4:24—26). На першы (і не толькі) погляд гэты эпізод выклікае неўразуменне: як можа быць, што Гасподзь хацеў смерці Свайго выбранніка? што такое страшнае мог зрабіць апошні, чым саграшыў? Сама сітуацыя сведчыць, што адзін с двух сыноў прарока застаўся неабрэзаным, а яшчэ Аўрааму было запаведана: «Неабрэзаны ж мужчына, які не абрэжа крайняй плоці сваёй, знішчыцца душа тая з народа свайго: Запавет Мой ён парушыў» (Быц 17:14). У гэтым святле той факт, што асаблівы выбраннік Божы не выканаў вельмі важную запаведзь Божую, безумоўна, сведчыць пра яго недастатковую падрыхтаванасць да высокай і цяжкай місіі. Але абставіны, якія прывялі да невыканання запаведзі, застаюцца цьмянымі. Мідраш тлумачыць гэта па-рознаму. Адна з версіяў, як ужо адзначалася, сцвярджае, што неабрэзаным застаўся першынец Майсея з-за настойлівых просьбаў яго цесця Йітро. Паводле другой, гаворка ідзе пра малодшага сына прарока, які толькі перад гэтым нарадзіўся, і менавіта па дарозе настаў тэрмін рабіць яму абразанне (на восьмы дзень жыцця немаўляці). Спыніўшыся на начлег, Майсей спачатку павінны быў выканаць запаведзь (да заходу сонца), а ўжо потым займацца падрыхтоўкай начлегу для сям’і. Ён жа найперш заняўся знешнім, матэрыяльным, але прадыктаваным клопатам пра сям’ю. Для звычайнага чалавека, тлумачыць Мідраш, гэта было б нязначным парушэннем, але ж Машэ не быў звычайным чалавекам, а з выбранніка Божага больш і спаганяецца, яму патрабуецца асаблівая сабранасць духу, засяроджанасць найперш на духоўным. Вось чаму Усявышні наслаў на прарока цяжкую хваробу, а Цыпора імгненна здагадалася, што гэта з-за невыканання запаве-
дзі, і сама зрабіла абразанне свайму сыну. Класічны каментар адзначае, што жанчына можа зрабіць сыну абразанне, калі пэўныя абставіны (у дадзеным выпадку — цяжкая хвароба) перашкаджаюць зрабіць гэта мужчыну. Трэцяя версія аб’ядноўвае першыя дзве і сцвярджае, што падчас начлегу былі абрэзаныя два сыны Майсея і што раней прарок не мог выканаць запаведзь з-за супраціўлення Йітро. Апошні лічыў, што кожны чалавек мусіць сам, як ён, адмовіцца ад ідалапаклонніцтва і заключыць Саюз з Богам (а значыць, і зрабіць абразанне) ужо ў свядомым узросце. Калі ж зрабіць гэта немаўляці, яно страціць свабоду выбару. Наконт апошняга яўрэйскія мудрацы сцвярджалі і сцвярджаюць, што толькі тады, калі чалавек з дзяцінства набліжаецца да Бога, адчувае з Ім асаблівую сувязь (і дапамагаюць яму ў гэтым дарослыя, найперш бацькі), ён набывае сапраўдную свабоду выбару. Што тычыцца злога пачатку, то ён дзейнічае несупынна і, калі яму не процістаяць, зводзіць чалавека ад Бога. Сваё тлумачэнне загадкавага эпізоду прапануе Дз. У. Шчадравіцкі, на думку якога гаворка ідзе пра малодшага сына прарока, які нарадзіўся перад перасяленнем сям’і ў Егіпет. Магчыма, Цыпора пераканала Майсея адкласці абразанне ў сувязі з цяжкасцямі дарогі, а потым, адчуўшы сваю віну, сама выканала загіаведзь. Так ці інакш, але ва ўсялякім выпадку эпізод сведчыць пра тое, што Цыпора ўсёй душой зразумела важнасць поўнага падпарадкавання волі Божай. Датыкаючыся да ног Майсея абрэзанай крайняй плоццю свайго сына, яна падкрэслівае, што яе дзеянні скіраваныя на выратаванне Майсея, што іх злучае ў адно духоўнае цэлае кроў абразання. Словы хатан дамім (літаральна «жаніх крывей»), з якімі Цыпора звяртаецца да мужа, гэтаксама сведчаць, што яна разумее абразанне сына як аднаўленне і асвячэнне іх з Майсеем шлюбу, як пачатак новай. споўненай сакральнага сэнсу старонкі іх жыцця. Яна становіцца нібыта «кроўнай раднёй» Майсею ў духоўным сэнсе, таму і называе яго «кроўным жаніхом». Нездарма і слова хатан мае пашыранае значэнне — «той, хто моцна звязаны з чымсьці ці з кімсьці».
Тым часам Гасподзь дае ведаць Аарону, што ён павінны выйсці насустрач брату ў пустыню. «I пайшоў ён, і су-
стрэў яго ля Гары Божай, і расцалаваў яго» (Зых 4:27). Знамянальна, што браты сустракаюцца менавіта ў тым месцы, дзе Майсей атрымаў Адкрыццё Божае і дзе пасля Зыходу будзе заключаны Запавет паміж Богам і народам Гзраіля, — ля падножжа Харыва, або Сіная. Тут, у святым месцы, Майсей распавядае Аарону пра ўсё, што пачуў ад Бога. Разам яны ідуць у Егіпет, збіраюць старэйшынаў Ізраіля, і Аарон пераказвае ім усё, што Бог сказаў Майсею. 3 гэтага моманту Аарон становіцца «вуснамі» Майсея, «перакладаючы» яго высокую коснаязыкасць на звычайную мову, каб прарока разумеў народ, а таксама і фараон. А потым перад усім народам Аарон стварае паводле слова Майсея тыя знакі, якія загадаў стварыць Гасподзь. I сумненні Майсея наконт таго. ці павераць яму сыны Ізраілевы, не пацвердзіліся: «I паверыў народ, і зразумеў, што ўспомніў Бог пра сыноў Ізраіля і ўбачыў іх пакуты, і пакланіліся яны, і палі ніц» (Зых 4:31). Тлумачачы гэтую сітуацыю, рабі Ё. Герц піша: «Сярод нявольнікаў, знясіленых вырабам цэглы і арашэннем палёў, разносіцца чутка, што два пажылых чалавекі прыйшлі аднекуль з Мід’яна з зусім недвухсэнсоўным заклікам. Адзін з іх — той самы Машэ, які вырас у палацы фараона, ніколі не ведаў рабства і мог бы ўсё жыццё пражыць у раскошы, але, спачуваючы сваім братам і перажываючы з-за іх цяжкага становішча, адмовіўся захоўваць статус прыёмнага сына дачкі фараона. Потым старэйшыны сем’яў атрымалі сакрэтнае пасланне ад Машэ і Агарона, якія, перш чым накіравацца да фараона, хацелі ўпэўніцца, што іх падтрымае народ. Можна ўявіць тое ўзрушэнне, якое ахапіла нявольнікаў, якія, з аднаго боку, страцілі ўсялякую надзею, а з другога — кожны дзень чакалі збаўлення. Толькі яны, якія пакутавалі ад жорсткага прыгнёту, маглі цалкам усвядоміць веліч гэтага моманту, калі нарэшце становіцца зразумела, што Усявышні ні на імгненне не пакідаў іх»1. Толькі пасля такога адзінадушнага яднання народа Майсей і Аарон могуць пачаць выкананне самага цяжкага і небяспечнага ў іх