• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    1	Як мяркуе IР. Тантлеўскі, егіпняне, якія добразычліва ставіліся да ізраільцянаў, — гэта на самой справе прыхільнікі рэлігіі БаалаСутэха, а тыя, хто ненавідзеў ізраільцянаў — праціўнікі гэтага культу
    і прыхільнікі фіванскага Амона (гл.: Тантлевскнй 14. Р. Введенне в Пятакннжне. С. 192—194). Даследчык таксама піша: «Канчатковай прычынай першых дзевяці караў былі інтэнсіўныя дажджы, град, бура. Для значнай часткі насельніцтва Егіпта, уключаючы фараона, стала відавочна, што патрабаванне Майсея, Аарона і ізраільцянаў пра ажыццяўленне паломніцтва ў пустыню і здзяйснення там служэння Богу, Які кірус ўсімі гэтымі грозны.мі сіламі, патрэбна неадкладна задаволіць. Але для егіпцянаў богам буры, навальніцы і дажджу, богам пустыняў за межамі Егіпта быў Ваал-Сутэх. Менавіта адэпты яго культу з егіпцянаў і маглі далучыцца да яўрэяў, каб прынесці яму ахвяры ў пустыні, у Ваал-Цафоне. Фараон жа — ex hypothesi Рамсэс 11, прыхільнік Сутэха, — урэшце не толькі дае на гэта дазваленне, але і просіць памаліцца за яго» (Тамсама. С 196).
    «РУКОЮ МОЦНАЮ ВЫВЕЎ НАС ГАСПОДЗЬ 3 ЕГІПТА, 3 ДОМУ РАБСТВА...»
    (Зыход і цуд на Трысняговым моры)
    ...Гэта — тая самая ноч, якую захоўвае Гасподзь для ўсіх сыноў Йісраэля ва ўсіх пакаленнях іх.
    (Зых 12:42)
    А Гасподзь ішоў перад імі днём у слупе воблачным. каб паказваць ім шлях, а ноччу — у слупе агнявым, каб свяціць ім...
    (Зых 13:21)
    Пяю Госпаду, бо высока ўзнёсся Ён, Каня і вершніка яго скінуў Ён у мора. Сіла мая і трыумф — Гасподзь, Ён быў ратункам мне...
    (Зых 15:1—2)
    Непасрэдна перад Зыходам Гасподзь усталёўвае свята збаўлення, свята свабоды — Пэсах, які павінны святкавацца ў месяцы авіў (дакладней, авів\ літаральна з іўрыту — «колас», бо ў гэтым месяцы пачынае каласіцца ячмень; пазней, пасля Вавілонскага палону, гэты месяц будзе звацца нісан). Менавіта авіў, паводле ўказання Госпада, мусіць стаць першым месяцам у календары. Гэты месяц у яўрэйскім месячна-сонечным календары, дзе месяц складае прыкладна 29,5 дня, а ў высакосны год бывае яшчэ і трынаццаты месяц, прыкладна адпавядае сакавіку-красавіку і звязаны з абуджэннем прыроды. 3 апошнім невыпадкова суадносіцца Зыход з Егіпта: ён таксама ёсць абуджэнне свядомасці, аднаўленне жыцця народа Ізраіля, пераадоленне ім смерці, на якую ён быў аддадзены ў «доме рабства», новае яго нараджэнне ў якасці народа Божага. Пэсах — адно з найгалоўнейшых святаў іудзейскай традыцыі, усталяваных Самім Богам у Торы (такіх святаў Торы —
    толькі пяць1). Яно святкуецца яўрэйскім народам ужо болей за тры тысячы гадоў, і самае важнае ў гэтым святкаванні — успамін з кнігай у руках — Пасхальнаю Агадою — пра цуды, здзейсненыя Госпадам у Егіпце, і падзеі ночы Зыходу. I, безумоўна, цалкам асабліва святкаваўся Пэсах у самы першы раз, у тую грозную і дзівосную ноч, пра якую Гасподзь кажа: «I прайду Я па зямлі Егіпецкай у тую ноч, і нанясу ўдар па ўсялякім першынцы ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да жывёлы, і над усімі багамі Егіпта здзейсню суд. Я — Гасподзь!» (Зых 12:12).
    Напярэдадні гэтай ночы кожная сям’я з верных Богу людзей мусіць прынесці Яму ў ахвяру чыстае, дасканалае аднагадовае ягня або казляня і засмажыць яго на адкрытым агні. Ахвярапрынашэнне — закон, пакладзены Богам у аснову створанага Ім свету, бо і Сам Ён ахвяраваў Сабою, сціснуўшы Сябе і даўшы месца створанаму Ім свету, Свайму ўлюбёнаму дзецішчу. Таксама, паводле хрысціянскай традыцыі, Бог ахвяруе Сабою ў імя збавення чалавецтва ад грахоў, з’явіўшыся ў свет у абліччы Сына Божага. Ахвяра сімвалізуе самаадданасць і працінае сабою ўсё жыццё прыроды і чалавека: неарганічная прырода ахвяруе сабою дзеля арганічнай, раслінны свет — дзеля жывёльнага, жывёлы становяцца ежаю для чалавека; маці ахвяруе сабою дзеля дзіцяці, каб даць яму жыццё; бацькі ахвяруюць свае фізічныя і духоўныя намаганні, а калі трэба — і жыццё дзеля дзяцей... Пры гэтым толькі чалавеку дадзеная Богам здольнасць ахвяраваць сабою свядома, і толькі ў старажытнай біблейнай традыцыі адбываецца кардынальнае пераасэнсаванне ахвяры: яна патрэбная не Богу, Які, у адрозненне ад язычніцкіх багоў, паводле вызначэння не можа адчуваць аніякай патрэбы ў плоці, крыві або салодкім дыме ахвярных жывёлаў («Няўжо ем Я мяса быкоў і п’ю кроў казлоў?» — Пс 50/49:13), яна патрэбная самому чалавеку, каб ён адчуваў сваю непарыўную сувязь з Богам. Ягня, як і казляня, — найстаражытнейшая ахвярная жывёліна, якая выступала ў такой якасці
    1 Гэта Пэсах, Шавуот (свята даравання Торы), Рош-га-Шана (Новы год), Йом-Кіпур (Дзень Пакаяння, або Судны Дзень) і Сукот (свята Шатаў, або Буданоў).
    ў самых старажытных культурах Блізкага Усходу. У Бібліі ягня без усялякай фізічнай заганы сімвалізуе духоўную беззаганнасць, чысціню думак і справаў, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя Бога і людзей. Яно нібыта бярэ на сябе грахі людзей (нездарма ў хрысціянскай традыцыі Ісус Хрыстос выступае ў сімвалічным вобразе Ягня Божага). Ягня, якое прыносіцца ў ахвяру напярэдадні Пэсаха, выступае таксама як сімвал ачышчэння ад грахоў, падрыхтаванасці да служэння Богу. Тое, што велікоднае ягня патрэбна засмажыць (яго нелыа варыць у вадзе) і з’есці цалкам, не пакідаючы нічога на наступны дзень (Зых 12:9—10), падкрэслівае паспешнасць Зыходу (смажанне — самы хуткі спосаб прыгатавання мяса) і адначасова сімвалізуе рашучасць народа выйсці на нялёгкі шлях свабоды. З’яданне ахвяры мае старажытнае сімвалічнае значэнне далучэння да яе, унутранага атаясамлення яе з сабою. і ў гэтым святле з’яданне ягня ў вечар надыходу Пэсаха цалкам сімвалізуе абсалютную цэласнасць волі чалавечай, якая свядома падпарадкуецца волі Божай. Апроч таго, смажанне ягня на адкрытым агні (г. зн. не ў хаце, а на адкрытай прасторы) тады, напярэдадні ночы Зыходу, выглядала як бясстрашны выклік егіпцянам з іх шанаваннем сакральных жывёлаў і культам Амона, які паўставаў на выявах з галавою барана.
    У ахвярапрынашэнні ягняці і пасхальнай трапезе зліваюцца радаснае прадчуванне збаўлення і горкі смак рабства. Гасподзь кажа: «I няхай ядуць мяса ў тую ж ноч, смажанае на агні, і праснакі [мацот] з горкімі травамі няхай ядуць» (Зых 12:8). Горкія травы (у арыгінале — мерорім, мн. лік ад марор — «горкая зеляніна»), якія ядуць яўрэі падчас пасхальнага сэдэра1 і елі ў ноч Зыходу, сімвалізуюць незабыўную горыч няволі і рабства. Іх, як і мяса, трэба есці, паводле загаду Госпада, з асаблівым «бедным», прэсным хлебам — з цеста, у якім мука змяшаная з вадою, без аніякай рошчыны (закваскі) і нават без солі. Гэты хлеб завецца на іўрыце маца (мн. лік — мацот), што традыцыйна перакладаецца як праснак (у рускім Сінадальным
    1 Сэдэр — «парадак»; маецца на ўвазе асаблівы парадак першай пасхальнай трапезы.
    перакладзе — опреснок)', адсюль — яшчэ адна назва свята — Свята Праснакоў. Толькі мацу дазволена ўжываць усе сем сакральных дзён Пэсаха (у дыяспары — восем) як адвечны напамін пра тое, што ў ноч Зыходу не паспела падысці дражджавое цеста і людзі, выпраўляючыся ў цяжкі шлях, спяклі праснакі, а таксама гтяклі іх і ў дарозе, у якую ўзялі дзяжы з цестам: «I панёс народ цеста сваё, перш чым яно скісла, у дзяжах сваіх, увязаных у адзенне іх, на плячах сваіх. // ...I пяклі яны цеста, якое вынеслі з Егіпта, праснакамі, бо яно не скісла, таму што яны выгнаныя былі1 з Егіпта, і не маглі марудзіць, і нават ежы не назапасілі сабе ў дарогу» (Зых 12:34, 39). Апрача таго, маца, у якой адсутнічае ўсялякая прыкмета квашанага, усялякая прыкмета браджэння. сімвалізуе таксама чысціню чалавечай душы, адсутнасць у ёй багаборчай «закваскі». Вось чаму на ўсю пасхальную сядміцу патрэбна вымесці з хаты і знішчыць да апошняй крошкі квашаны (дражджавы) хлеб — хамёц, як патрэбна перамагчы ў душы багаборчы «брадзільны» пачатак; вось чаму патрэбна есці ў гэтае непаўторнае свята толькі праснакі. Гасподзь кажа: «I захоўвайце праснакі |выконвайце запаведзь пра іх], бо ў той самы дзень Я вывеў апалчэнні вашы з зямлі Егіпецкай, і захоўвайце дзень гэты ва ўсіх пакаленнях вашых як адвечны закон. // 3 чатырнаццатага дня першага месяца, з вечара ешце праснакі да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца. // Сем дзён закваска не павінна знаходзіцца ў дамах вашых, бо душа таго, хто будзе есці квашанае, знішчаная будзе з грамады Ізраіля...» (Зых 17—18).
    Есці мяса ягняці, мацу (мацот) і горкія травы народ Ізраіля будзе і далей, святкуючы святую ноч Пэсаха, але толькі ў тую непаўторную ноч у Егіпце яўрэі елі пасхальнае ягня (зэвах-Пэсах — «ахвяра для Пэсаха», «пасхальная ахвяра», таму пазней і само ягня стала звацца пэсах, у хрысціянскай традыцыі — пасха) асаблівым чынам, як і загадаў Гасподзь: «Так ешце яго: чрэслы |сцёгны, паясніца| вашы перапяразаныя, абутак ваш на нагах вашых і посах ваш у руцэ вашай, і ешце яго паспешліва: гэта пэсах [ахвяра
    1 «Выгнаныя» — не ў прамым сэнсе слова, а ў тым сэнсе, што егіпцяне, напалоханыя Дзесятаю караю, прыспешвалі ізраільцянаў, каб яны хутчэй пакінулі Егіпет, а іх саміх прамінула кара Божая.
    пасхальная] Госпаду» (Зых 12:11). Тут кожная дэталь мае важнае сімвалічнае напаўненне: тое, што людзі святкуюнь свята і далучаюцца да пасхальнай ахвяры стоячы, перапяразаныя, абутыя і з посахамі ў руках, сведчыць пра іх духоўную бадзёрасць і сабранасць, гатоўнасць рушыць у шлях па слове Божым, абсалютную падпарадкаванасць Яго волі. I толькі ў тую ноч Гасподзь загадвае: пасля таго, як у другой палове дня (але да захаду сонца) ягня будзе зарэзанае, яго крывёю, сабранай у посудзе, патрэбна памазаць унутраныя паверхні абодвух вушакоў дзвярэй і іх папярэчыны (Зых 12:6—7). Гасподзь двойчы гаворыць пра памазанне крывёю (Зых 12:22), падкрэсліваючы, што зрабіць гэта патрэбна з дапамогаю пучка асаблівай расліны — эзов. або ізоп (у рускім перакладзе — праз Сэптуагінту — йссоп). Гэтая невялічкая расліна з мяккімі сцяблінамі і пушыстым лісцем сапраўды расце як у Егіпце, так і ў Святой Зямлі, і мае лекавыя, пякучыя ўласцівасці, звязаныя з дэзінфекцыяй. Кроў у Бібліі — паняцце сакральнае, і памазанне крывёю нявіннага ягняці вушакоў і папярэчыны дзвярэй у дамах людзей, верных Госпаду, сведчыць пра чысціню іх думак і справаў. Гэта знак, які патрэбны не Богу, бо Ён усё бачыць унутраным зрокам, але самім людзям, каб яны адчувалі сябе абароненымі, і анёлу-згубіцелю, якога Гасподзь пашле пакараць дамы злачынцаў-егіпцянаў, на якіх не будзе асаблівага знака; вернікі Госпада Ізраіля не павінныя ў гэтую ноч пакідаць свае дамы: «I пройдзе Гасподзь, каб нанесці ўдар егіпцянам, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на двух вушаках, і праміне Гасподзь гэты ўваход, і не дасць анёлу-згубіцелю ўвайсці ў дамы вашы, каб паразіць вас» (Зых 12:23). Ужо ў гэтых словах Божых тлумачыцца сэнс назвы свята: Пэсах — ад дзеяслова пасах, што значыць «прайшоў міма», «прамінуў»1 (адсюль англій-