Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
гэтыя злачынствы, каб не дапусціць новыя, а сцерці памяць пра Амалека толькі тады, калі не будзе ворагаў у народа Ізраіля. Апошняе ж усведамляецца як прыкмета Месіянскай эры. Такім чынам, вырашэнне канфлікту паміж Ізраілем і Амалекам, роўна як і знішчэнне самой памяці пра апошняга, асэнсоўваецца рэлігійнай традыцыяй у эсхаталагічным рэчышчы, калі скончыцца няправедная гісторыя і надыдзе эра дабрыні і міласэрнасці.
Пасля выпрабавання народа, звязанага з Амалекам, надыходзіць доўгачаканая сустрэча Майсея з яго цесцем Йітро, а таксама са сваёй сям’ёй — жонкай і двума сынамі. Тора паведамляе, што да жраца Мід’яна дайшлі чуткі «пра ўсё, што зрабіў Бог для Машэ і для Йісраэля, народа Свайго», і асабліва пра тое, што «вывеў Гасподзь Йісраэля з Егіпта» (Зых 18:1). 1 тады Йітро ўзяў з сабою сваю дачку — і жонку Майсея — Цыпору, а таксама сваіх унукаў, Гершома і Эліэзэра, і накіраваўся да стана сыноў Ізраіля ў пустыні. Пасланы Йітро веснік папярэдзіў Майсея, і прарок, як таго патрабавалі старажытныя правілы ветлівасці і жаданне яго ўласнага сэрца, выйшаў насустрач блізкім людзям. Іх сустрэча была вельмі радаснай і пяшчотнай: «I выйшаў Машэ насустрач цесцю свайму. і пакланіўся, і цалаваў яго, і спыталіся адзін аднаго пра здароўе, і ўвайшлі ў шацёр» (Зых 18:7). Увесь 18-ты раздзел Кнігі Зыходу, які, здаецца, прыпыняе аповед пра шлях сыноў Ізраіля да падножжа Сіная, прысвечаны стасункам паміж Майсеем і мід’янскім жрацом, таму добраму, чаму яны навучыліся адзін у аднаго. А. Мень пісаў: «...не толькі варожымі былі сустрэчы ў пустыні. У ізраільскім стане пабываў мадыяніцянскі шэйх Іетро1 — стары настаўнік Майсея, які некалі даў яму прытулак у сябе. Гэтая сустрэча прынесла вялікую палёгку правадыру: мудры стары дапамог яму парадамі, паказаўшы. як зручней усталяваць парадак і законнасць сярод ізраільскіх радоў. Позірк гісторыка не можа пранікнуць праз густую цемру. якая ахутвае постаць цесця Майсея і яго ўзаемадачыненні з прарокам. Адно толькі зразумела: прынамсі двойчы ў паваротныя моманты жыцця правадыра сінайскі жрэц з’яўляўся на яго шляху і працяг-
Такое напісаннс імя біблейнага гсроя з’яўляенца недакладным.
ваў сяброўскую руку. I гэтыя сустрэчы становяцца вырашальнымі для далейшага лёсу Майсея»1.
3 гэтымі словамі нельга не пагадзіцца. Але чаго ніяк нельга прыняць — гэта нічым не абгрунтаванай канцэпцыі, што і само ўяўленне пра Адзінага Бога, імя Якога схаванае за невымоўным Тэтраграматонам, Майсей запазычыў у мід’яніцянаў і тым самым стварыў цалкам новы культ, які не мае нічога агульнага з «Богам бацькоў», якога шанавалі яўрэйскія патрыярхі2. Для прыхільнікаў гэтай канцэпцыі адзіным абгрунтаваннем якраз з’яўляюцца эпізоды, што апавядаюць пра жыццё Майсея ў Йітро-Рэгуэля (Іафора-Рагуіла) і сустрэчу прарока з ім пасля Зыходу з Егіпта. 1 хаця сама яўрэйская каментатарская традыцыя, як ужо адзначалася раней, лічыць, што Йітро яшчэ да сустрэчы з Майсеем шукаў шляхі да Госпада (інакш Майсею не спадабалася б жыць у яго), але толькі з дапамогаю вялікага прарока і цудаў, здзейсненых Госпадам дзеля збавення Свайго народа, ён сапраўды адкрыў Яго для сябе. Майсей шмат што растлумачыў свайму цесцю. Тора паведамляе: «I распавёў Машэ цесцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь фараону і егіпцянам з-за Йісраэля, пра ўсе цяжкасці, якія сустрэліся ім на шляху, а Гасподзь збаўляў іх. // I радаваўся Йітро ўсялякаму дабру, што зрабіў Гасподзь для Йісраэля, якога збавіў ад рукі егіпцянаў. // I сказаў Йітро: “Дабраславёны Гасподзь, Які збавіў вас ад рукі егіпцянаў і ад рукі фараона, Які збавіў народ з-пад улады егіпцянаў. // Цяпер даведаўся я, што Гасподзь вышэй за ўсіх багоў у тым самым, што яны злачынна задумвалі супраць вас”» (Зых 18:8—11). Канец апошняга верша можна зразумець і наступным чынам: «...Ён паразіў іх тым самым, што яны злачынна задумвалі супраць вас». Справа ідзе пра пакаранне егіпцянаў і іх ілжывых багоў па прынцыпе «мера за меру», і Мідраш паведамляе: «...Йітро, пакінуўшы ідалапаклонніцтва і прызнаўшы нядужасць усіх божышчаў, не мог паверыць, што Усявышні кіруе светам. Пакаранне
1 Мень A. В. Нсторня релмгня: В понсках Путм, Нстаны н Жнзнп:
В 7 т. Т. 2. Магнзм н Едпнобожне. С. 221.
’ Гл., напрыклад: Toom К., van der. Family Religion in Babilonia, Syria and Israel. Leiden; N. Y.; Koln, 1996. P. 281—286; Callaway J. A. The Settlement in Canaan. The Period of Judges // Ancient Israel / Ed. R. Shanks. P. 83.
па прынцыпе “мера за меру” стала для яго доказам таго, што свет не кінуты і не пакінуты на волю лёсу і Бог сочыць за ўсім, што адбываецца, і кіруе ўсімі падзеямі»1.
Такім чынам. паводле Торы, Йітро, хаця і ведаў пра Госпада, прызнаў канчаткова Яго ўладу над светам толькі пасля сустрэчы з Машэ. Наконт яго словаў («Цяпер даведаўся я, што Гасподзь вышэй за ўсіх багоў...») 1. Р. Тантлеўскі ўсклікае: «Калі б састарэлы Іафор быў жрацом Госпада (YHWH), хіба мог бы ён толькі пад канец свайго шляху “раптам” даведацца, што Бог, Якому ён служыць усё сваё жыццё, аказваецца, самы вялікі?!»2 Дабраславенне, якое прамаўляе Йітро Госпаду, безумоўна, сведчыць пра яго канчатковае далучэнне да свету Адзінабожжа, пра прыняцце ім усім сэрцам Госпада, Бога Ізраіля. Цікава, што словам «радаваўся» («1 радаваўся Йітро...») традыцыйна перадаецца іўрыцкае вэ-йіхад (той жа корань, што эхад — «адзін»), якое дакладней можа быць перакладзенае як «і аб’яднаўся», «і далучыўся» — далучыўся да Адзінага Бога і да адзінства народа Божага. Пасля гэтага Йітро прыносіць ахвяры Госпаду і ўдзельнічае ў сумеснай трапезе «перад Богам» (трапеза, падчас якой паядалася мяса ахвярных жывёлаў і ахвяраваны хлеб) разам з Майсеем, Ааронам і старэйшынамі Ізраілевымі (Зых 18:12). Як мяркуе Дз. У. Шчадравіцкі, гэты эпізод можна інтэрпрэтаваць наступным чынам: «Тут мы бачым узор звароту да Адзінага Бога Ізраілевага носьбітаў светлых плыняў рэлігійнай думкі старажытнасці. Бо ў кожнай язычніцкай рэлігіі ёсць кірунак, які прызнае найвышэйшыя светлыя сілы і грунтуецца на найстаражытнейшых традыцыях, што ўзыходзяць да часоў Ноя. 3 другога боку, у кожнай з іх ёсць і кірунак. звязаны з пакланеннем сілам дэманічным. Ясна, што Іафор належаў да той плыні ў жрэцтве Мадыяма, якое захоўвала ўспамін пра Бога Адзінага — не будзем забывацца, што мадыяніняне паходзілі ад самога Аўраама (Быц 25:2). Гэтая частка язычніцкага святарства Мадыяма звярнулася да Адзінага Бога і прыняла Адкрыццё Монатэізму. Так адбывалася і з усімі еўрапейскімі народамі, калі распаў-
1 Герц Й. Комментарнй. С. 382.
Тантлсвскнй Н. Р. Ввсдснне в Пятмкннжме. М.: РГГУ, 2000. С. 424.
сюджвалася Хрысціянства. Найбольш светлыя сілы, якія былі ў асяроддзі жрэцтва, пераходзілі ў Хрысціянства, таму што ў вучэнні Евангелля яны бачылі завяршэнне імкнення чалавека да сапраўднага Богашанавання. Аднак у той жа час існавалі і цёмныя сілы сярод вешчуноў, друідаў, шаманаў і т. п., якія свядома працівіліся Хрысціянству і станавіліся яго кроўнымі ворагамі, часта стараючыся процідзейнічаць яму знутры, намінальна становячыся яго прыхільнікамі і нават служыцелямі»1.
Прыняўшы канчаткова Госпада, Йітро дае вельмі слушную параду Майсею адносна суда, пасля таго як становіцца сведкам вырашэння прарокам судовых справаў. Да прарока прыходзіць падчас стаянкі вялікая колькасць людзей з просьбаю вырашыць самыя розныя спрэчкі паміж імі, учыніць суд. Пры гэтым людзі чакаюць з раніцы да вечара, вельмі стамляюцца, а яшчэ болей стамляецца сам Майсей. Ён да таго ж не проста судзіць, але і тлумачыць законы, усталяваныя Богам. «I сказаў цесць Машэ яму: нядобра тое, што ты робіш. // Знясілішся канчаткова і ты, і народ гэты, які з табою; бо занадта цяжкая для цябе гэтая справа: не здолееш адзін рабіць яе. // Цяпер паслухайся голасу майго, я параю табе, і будзе Бог з табою...» (Зых 18:17—19). Йітро раіць Майсею выбраць з народа людзей асабліва богабаязных, праўдзівых, справядлівых і бескарыслівых і паставіць іх начальнікамі над кожнымі дзесяццю, пяццюдзесяццю, сотняю і тысяччу чалавекаў. Кожны чалавек, у якога ўзнікла судовае пытанне, мусіць звяртацца да свайго дзесяціначальніка, і толькі ў тым выпадку, калі справа не вырашаная, — далей па інстанцыі. I толькі самыя складаныя справы павінныя даходзіць да прарока, які будзе вырашаць іх з дапамогаю Божаю. Гэтая парада падаецца Майсею вельмі разумнай, і ён з радасцю прымае яе. Так утвараецца стройная іерархічная і адначасова вельмі дэмакратычная сістэма справядлівага суда, якому надавала і надае вялікае значэнне яўрэйская рэлігійная традыцыя. Пры гэтым яна не адмаўляе сувязі гэтай старажытнай сістэмы з тым найлепшым, што выпрацавалі
1 ІДедровнцкнй Д. В. Введенме в Ветхмй Завет: В 8 т. С. 1—3. Пятакнмжне Момсеево. Т. 391.
яшчэ язычніцкія народы Старажытнага свету. Але невыпадкова Йітро падкрэслівае, што тут патрэбна ўхваленне з боку Самога Бога, бо судзіць менавіта Ён, а прарок павінны быць пасрэднікам паміж народам і Богам (Зых 18:19): «Калі ты зробіш гэта, і Бог загадае табе, то здолееш выстаяць...» (Зых 18:23). Йітро ўпэўнены, што Бог не можа не ўхваліць прапанаваную ім сістэму, і так яно і атрымліваецца. Паказальна таксама, што на месцы дзеяслова «выберы» (у дачыненні да суддзяў) у арыгінале гучыць «выгледзь», або «нагледзь», але не са звычайным коранем «глядзець», а з коранем хаза, заўсёды звязаным з прароцкім бачаннем. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што справядлівых суддзяў прарок павінны выбраць, менавіта падпарадкоўваючыся сваёй прароцкай інтуіцыі, гэта значыць — з дапамогаю Бога, а галоўнаю іх якасцю павінная быць богабаязнасць. У каментары да 18-га раздзела Кнігі Зыходу рабі Ё. Герц піша: «Мудры план Йітро ніколі не старэе. Прынцып дэцэнтралізацыі ўлады і ўскладання адказнасці на цэлы шэраг кіраўнікоў не менш актуальны сёння, чым у часы Машэ»1.
Усцешаны тым, што змог хоць крыху дапамагчы свайму вялікаму зяцю, палегчыць яго неверагодна цяжкую працу правадыра і выхавацеля народа Божага, Йітро выпраўляецца назад, у Мід’ян, — магчыма, каб данесці да свайго народа вестку пра сапраўднага Бога, пра цуды, здзейсненыя Ім дзеля Свайго народа і ўсяго чалавецтва, каб далучыць свой народ да свету Адзінабожжа (на жаль, далейшы тэкст Танаха, асабліва Кніга Суддзяў, сведчыць, што гэта цалкам не ўдалося Йітро і што мід’яніцяне нават будуць ваяваць з сынамі Ізраілевымі; але няма сумневу, што найлепшыя прадстаўнікі мід’янскага народа ўвайшлі ў супольніцтва народа Божага). А тым часам сыны Ізраілевы па загаду прарока пакінулі Рэфідзім з яго маляўнічым аазісам і рушылі ізноў у пустыню Сін, насустрач сваёй галоўнай мэце, пра якую ведаў пакуль што толькі іх правадыр.