• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    В 7 т. Т. 2. Магнзм н Едянобожме. М.: Слово, 1991 — 1992. С. 227.
    клонніцтва. Пры гэтым першы верш трактуецца як уводзіны да больш шырокага тэксту дадзенай забароны, а дзеля захавання ліку «дзесяць» на дзве Запаведзі падзяляецца верш, які забараняе пажадлівасць да ўсяго, што ёсць у блізкага (Зых 20:14; Друг 5:18). Другія ўключаюць у Першую Запаведзь толькі першы верш і прадпісанне. якое забараняе мнагабожжа (Зых 20:2—3;Друг 5:6—7), Другой Запаведдзю лічаць забарону ўсялякіх выяваў (Зых 20:4—6; Друг 5:8—10), Трэцяй — забарону ўзгадвання імя Божага марна і г. д. Рымска-каталіцкая і пратэстанцка-лютэраўская традыцыі ідэнтычныя першай з пазначаных перыферыйных іудзейскіх разбівак Дзесяці Запаведзяў, а грэкаправаслаўная і пратэстанцка-рэфармацкая традыцыі — другой.
    I сёння працягваюцца спрэчкі адносна часу з’яўлення Дзесяці Запаведзяў. Прыхільнікі школы Юліуса Вельгаўзэна, абапіраючыся на той факт, што ў аповедзе пра паўторнае дараванне Скрыжаляў фігуруе тэкст, які, на іх думку, складаецца з культавых прадпісанняў (Зых 34:10— 27) і ў дачыненні да якога таксама ўжываецца слова Запавет, лічаць менавіта гэты, «культавы Дэкалог»1 больш архаічным, а Дзесяць Запаведзяў — «этычны Дэкалог» — больш познім (версію Кнігі Зыходу яны датуюць XI ст. да н. э., версію Другазаконня — VII ст. да н. э.). Частка даследчыкаў мяркуюць, што Дзесяць Запаведзяў ужо адлюстроўваюць у сабе канцэпцыю першых «пісьмовых» прарокаў — Амоса і Гошэа (Осіі) — і могуць датавацца сярэдзінай VIII ст. да н. э. (заўважым, што адпаведныя фрагменты ў «пісьмовых» прарокаў, асабліва ў Гошэа і Йірмейагу, могуць быць інтэрпрэтаваныя якраз як апеляцыя да Дзесяці Запаведзяў, якія былі ім добра вядомыя). Існуюць канцэпцыі, што звязваюць абедзве версіі з больш познім часам, пры гэтым тэкст у Кнізе Другазаконня датуюць пачаткам VI ст. да н. э.. а ў Кнізе Зыходу — сярэдзінай V ст. да н. э. Аднак апошнім часам сярод біблеістаў усё больш пачынае пераважаць меркаванне, што менавіта
    1 Па-першае. заўважым, што ў фрагменце Зых 34:10—27 не толькі культавыя прадпісанні, па-другое — Тора дакладна кажа пра тое, што на другіх Скрыжалях былі накрэсленыя тыя ж Дзесяць Запаведзяў, што
    і на першых (Зых 34:1).
    Дзесяць Запаведзяў склалі найстаражытнейшае ядро біблейных прадпісанняў ужо ў эпоху Зыходу з Егіпта, г. зн. у XIII ст. да н. э. (некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта адбылося ў інтэрвале паміж XVI і XIII стст. да н. э.). Сфармуляваныя першапачаткова ў выглядзе гранічна лаканічных загадаў, яны атрымалі разгорнутую фармулёўку пазней, пры канчатковым рэдагаванні кніг Торы.
    Так ці інакш, але ў тэксце Торы Дзесяць Запаведзяў застаюцца адзіным семантычным цэлым, тэкстам павышанай важнасці, што падкрэсліваецца і тым, што ён дадзены асобна на Скрыжалях, і яго асаблівай формай: гэта вельмі моцна рытмізаваная проза, нават на фоне і без таго ўзмоцненай рытмічнасці старажытнай прозы Пяцікніжжа (патрэбна адзначыць, што павышаная рытмічнасць наогул характэрная для фрагментаў, укладзеных у вусны Госпада). Адзінства тэксту падкрэслена таксама свайго кшталту прэамбулаю, уводнымі словамі, якія складаюць асобны першы верш 20-га раздзела Кнігі Зыходу: «1 прамовіў [казаў] Бог усе словы гэтыя, кажучы |сказаўшы|...» Важна, што ў арыгінале вайедабэр — «і прамовіў», «і сказаў» — таго ж кораня, што і га-дэварым (дакладней — га-дэварім, або — у сучасным вымаўленні — га-дварім', мн. лік ад давар — «слова») — «словы»; маюцца на ўвазе асаблівыя словы — словы, што зыходзяць з вуснаў Божых; да таго ж давар мае значэнне «дзеянне», «справа» (у рускай традыцыі гэтаму адпавядае слова глагол і дзеяслоў глаголйть). Каментатары адзначаюць, што сама канструкцыя «казаў, сказаўшы», якая здаецца таўталагічнай, ужываецца тады, калі гаворка ідзе пра звышважнае, што даецца навечна. Уводная фраза падкрэслівае, што ўсе словы гэтыя прамоўленыя менавіта Богам, без усялякіх пасрэднікаў, і таму яны асабліва важныя, іх усе мусіць выконваць чалавек, калі ён хоча быць верны Запавету з Госпадам. Дзесяць Запаведзяў менавіта ўяўляюць цэласнасць, адзінства. таму, парушаючы адну з іх, мы тым самым зневажаем кожную з іх, зневажаем Самога Бога. Пры гэтым тэкст мае пэўную ўнутраную структуру, падзяляючыся па сэнсе на дзве сіметрычныя палавіны: першыя пяць вызначаюць узаемадачыненні Бога і чалавека, найперш — абавязкі
    чалавека ў дачыненні да Бога (бейн адам ле-Мак6м)\ пяць астатніх апісваюць чалавечыя ўзаемадачыненні, абавязкі чалавека ў дачыненні да блізкага — іншага чалавека (бейн адйм ле-хаверб). Паводле іудзейскай традыцыі, менавіта так Дзесяць Запаведзяў і былі запісаныя на Скрыжалях: першыя пяць — на першай Скрыжалі, астатнія пяць — на другой. Пры гэтым паміж імі ўсталяваная пэўная адпаведнасць: Першай Запаведзі адпавядае Шостая, Другой — Сёмая і г. д.
    Знамянальна, што Дэкалог пачынаецца з асабістага займенніка і асабістага Імя — таго самага таямнічага, сакральнага, а таму забароненага для вымаўлення Імя, якое было адкрыта Майсею ў момант яго нрароцкага заклікання: «Я Гасподзь...» У арыгінале выкарыстаная асаблівая форма займенніка першай асобы адзіночнага ліку — не звычайнае ані («я»), а больш старажытнае, працяжнае і ўрачыстае Анохі (стылістычная розніца прыкладна такая ж, як паміж славянскімі я і аз). Гэтае Я і следам за ім — асабістае Імя Бога падкрэсліваюць, што Гасподзь адкрываецца ўсяму народу ў найвялікшай паўнаце, якая толькі магчымая для чалавека, адкрываецца, узнімаючы кожнага на гэты момант да прароцкага стану. I асабліва ўражвае тое, што найвышэйшае Я. якое толькі можна сабе ўявіць, Я, якое, па сутнасці, знаходзіцца па-за сусветам і перад якім чалавечае я ўсведамляе сваю мізэрнасць і недасканаласць, кажа чалавеку: «Бог твой». Гэта адразу ўключае інтанацыі асаблівага даверу, падкрэслівае, што Бог звяртаецца не проста да масы, да натоўпу, але да кожнага, хто прымае Запаведзі. Народ толькі тады народ, калі ён складаецца з асобаў. Боскае Я. якое звяртаецца да чалавечага ты, падкрэслівае асобаснасць запаведзяў і тое, што стасункі паміж Богам і чалавекам будуюцца на аснове дыялога, грунтуюцца на найцяснейшай духоўнай сувязі, на любові. У каментары да Першай Запаведзі С. С. Аверынцаў піша: «Вось з чаго ўсё пачынаецца — з асабістага займенніка, з асабістага імя. Запаведзь — не арыфметычная формула, абыякавая да асобаў. Нават не параграф улажэння. Запаведзь даецца ад Асобы — да асобы: ад Сябра — да сябра, ад Бацькі — да дзяцей. У нашым зямным досведзе яе непарушнасць можна параўнаць бадай што з палкасцю баць-
    коўскага запавету, дадзенага на смяротным ложы. Хто можа даваць запаведзь? He “Найвышэйшая Істота” і не “Боскі Пачатак”. Кажучы словамі Паскаля, не “Бог філосафаў і навукоўцаў” —не канцэпт, чыё імя вярхоўнае толькі пастолькі, паколькі ён лакалізуецца на найвышэйшым узроўні абстракцыі. He, запаведзь можа даць толькі асабісты Бог, Які не толькі мае сілу сказаць пра Сябе з-за межаў часу і прасторы: “Я”, — але яшчэ і назваць Сябе суразмоўцу: “Бог Твой”. У гэтым — уся сутнасць Старога Запавету: у невычэрпнай здольнасці здзіўляцца, што Бог усяго існага, “Той, Хто стварыў неба і зямлю”, Дэміург, бачны на самых далёкіх даляглядах міфалогіяў і дактрынаў, аказаўся такім (вылучана аўтарам. — Г. С.) блізкім; што Ён — мой Бог. Як сказана ў зачыне Псальмы 62: “Божа! Ты — Бог мой!”»1
    Знамянальна таксама, што ў Першай Запаведзі, якая з’яўляецца найважнейшым па сэнсе пралогам да ўсяго Дэкалога, Гасподзь не кажа пра Сябе як пра Творцу ўсяго існага, але нагадвае пра тое, што Ён зрабіў асабіста для кожнага з тых, хто заключае з Ім Запавет: «Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому рабства» (Зых 20:2). Гэта яшчэ раз падкрэслівае асобасны характар Запаведзяў: яны звернутыя асабіста да кожнага. Наконт звароту Бога ў Дзесяці Запаведзях да ўсяго народа і кожнага чалавека ў форме другой асобы адзіночнага ліку рабі Ё. Герц заўважае: «Усе Запаведзі сфармуляваныя так, каб кожнае пакаленне адчувала, што гэтыя словы звернутыя да яго ніколькі не ў меншай ступені, чым да ўсіх папярэдніх, і каб адначасова кожны чалавек адчуў, што гэта мае самае непасрэднае дачыненне да яго асабіста»2. Знешне здаецца, што першыя словы, прамоўленыя Госпадам, нельга яшчэ ўспрымаць як Запаведзь, бо па форме яны ўяўляюць сабою апавядальны сказ, у якім няма ніякага загаду, ніякага патрабавання да чалавека. Але іудзейская традыцыя лічыць, што менавіта гэта і ёсць Першая Запаведзь. На думку Рамбама (Майманіда), яна абавязвае чалавека верыць у існаванне і абсалютную ўсёмагутнасць
    1 Аверннцев С. С. «Боже! Ты — Бог мой!» // Лнтературная газста. 1991. № 2. С. 14.
    2 Герц Й. Комментармй. С. 391.
    Усявышняга. Гэта і ёсць першая і галоўная аснова, на якой грунтуецца сапраўдная вера. Нездарма першыя два з трынаццаці асноўных прынцыпаў веры, сфармуляваных Майманідам, абвяшчаюць: «1. Я веру поўнаю вераю, што Творца — дабраславёнае Імя Яго! — стварае ўсе стварэнні і кіруе імі і што Ён адзін здзяйсняў, і здзяйсняе, і будзе здзяйсняць усе дзеянні. 2. Я веру поўнаю вераю. што Творца — дабраславёнае Імя Яго! — адзіны, і няма адзінства, падобнага да адзінства Яго, ні ў якім дачыненні, і што толькі Ён адзін. Бог наш, быў, ёсць і будзе»1. Нягледзячы на тое, што Першая Запаведзь, здаецца, гаворыць толькі пра падзеі, звязаныя з гісторыяй яўрэйскага народа, з канкрэтным Зыходам з рабства Егіпецкага, яна, як лічаць яўрэйскія каментатары, з’яўляецца важнай для ўсіх народаў, бо кожны народ і кожны чалавек імкнецца да свабоды, а сапраўды вызваляе толькі Гасподзь. Ізноў звернемся да каментара рабі Ё. Герца: «Нягледзячы на тое, што гэтая Запаведзь звернутая толькі да яўрэйскага народа, усе народы свету абавязаныя здабыць з яе ўрок. Яны мусяць усвядоміць, што асноўнае жаданне Усявышняга — даць чалавеку свабоду і што ўсялякае заняволенне чалавека чалавекам супярэчыць Яго волі. У гэтым плане ўсю гісторыю чалавецтва можна разглядаць як выяўленне пастаянна нарастаючай волі Усявышняга, якое знаходзіць усё больш поўнае ўвасабленне ў набыцці народамі ў цэлым і кожным чалавекам у прыватнасці свабоды і незалежнасці, заснаваных на справядлівасці і дабрыні»2. Да таго ж, нагадаем, вызваленне з «дому рабства» з найстаражытнейшых часоў інтэрпрэтуецца як працэс знешняга і ўнутранага вызвалення чалавека, што несупынна аднаўляецца ў жыцці кожнага пакалення, кожнага народа, кожнага чалавека, якія шукаюць сапраўднай свабоды. «1 да кожнага з нас, а не толькі да старажытных ізраільцянаў, — піша Дз. У. Шчадравіцкі, — датычыцца пранізлівы, да грому і трубнага гуку падобны, заклік Першай Запаведзі: “...Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому рабства...”»3