Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
1 Мень A. В. Нстормя релягмя: В поясках Путн, Нстмны м Жмзнн: В 7 т. Т. 2. Магнзм н Едннобожне. С 227.
2 Поэзня н проза Древнего Востока. М.: Художественная лмтература, 1973. С. 71.
ёнтках бога. Я не ўчыняў перашкодаў богу ў яго выхадзе»1 і інш. Пры гэтым няма ніякай упэўненасці ў тым, што этычныя апраўданні мелі пераважны ўплыў на прысуд Асірыса — дараванне несмяротнасці.
Геніяльнае адкрыццё Торы ў тым і заключаецца, што на Скрыжалі вынесеныя менавіта Запаведзі этычнага характару, менавіта іх прамаўляе для народа голас Божы. Сапраўды, ніводная з Дзесяці Запаведзяў не тычыцца знешняга культу, але мае дачыненне толькі да сутнасці сапраўднага служэння Богу, Які патрабуе ад чалавека духоўнай і маральнай чысціні і адказнасці за сябе і іншых. Тое, што менавіта гэтыя Дзесяць, а не ўсе запаведзі Торы, якіх разам з Дзесяццю налічваюць 613, прамоўленыя Богам і запісаныя на Скрыжалях, падкрэслівае, што на іх трымаюцца ўсе астатнія, увесь духоўна-маральны лад жыцця людзей, верных Запавету Божаму, як на Дзесяці словах, прамоўленых Богам пры стварэнні свету, трымаецца свет. У Торы ўпершыню выкананне маральнага закону ўсведамляецца як нешта значна больш важнае, чым выкананне культавых пастановаў. Менавіта пагэтаму вучэнне Майсея, найбольш канцэнтравана прадстаўленае ў Дзесяці Запаведзях, справядліва можа быць вызначанае як этычны монатэізм. Сутнасць гэтага этычнага монатэізму вельмі коратка і яскрава сфармуляваная таксама ў славутай малітве Шма Йісраэль («Слухай, Ізраіль!»), якой Майсей вучыць свой народ і якая стала сімвалам яўрэйскай веры: «Слухай, Йісраэль! // Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзін. // I любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсімі сіламі тваімі» (Друг 6:4—5). Гэтыя простыя і адначасова сгюўненыя вялікай эмоцыі, сардэчнага запалу словы красамоўна сведчаць: адна з найгалоўнейшых умоваў Саюзу паміж Богам і народам Ізраіля — шчырая і самаадданая любоў да Усявышняга, на якую Ён адказвае ўсёю сілаю Сваёй любові — любові строгай і патрабавальнай. У гэтай сістэме каардынатаў для Бога неабыякавае і стаўленне чалавека да чалавека; больш таго, глыбока чалавечнае стаўленне адзін да аднаго з’яўляецца яшчэ адною найважнейшаю ўмоваю Запавету: «...любі блізкага
1 Поэзмя н проза Древнего Востока. С. 71.
твайго, як самога сябе» (Лев 19:18). Па сутнасці, менавіта гэтымі дзвюма вялікімі Запаведзямі — шчыра любіць Бога і блізкага (пад апошнім разумеецца кожны чалавек) — адпаведна апісваецца змест Запаведзяў на дзвюх Скрыжалях.
Невыпадкова, што менавіта гэтыя дзве Запаведзі ўзгадае Ісус Хрыстос на пытанне аднаго з кніжнікаў (г. зн. знаўцаў Пісання, тлумачальнікаў Торы), якая з запаведзяў з’яўляецца першай, найважнейшай: «Адзін з кніжнікаў... спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў? // Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: “Слухай, Ізраіль! Гасподзь, Бог наш, ёсць Гасподзь адзіны; // I любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю. і ўсім разуменнем тваім, і ўсёю сілаю тваёю”; вось першая запаведзь! II Другая падобная ёй: “Любі блізкага твайго, як самога сябе”; іншай большай за гэтыя запаведзі няма. // Кніжнік сказаў Яму: добра, Настаўнік! праўду сказаў Ты, што адзін ёсць Бог і няма нікога, апрача Яго; // 1 любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою. і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе ёсць болей за ўсе ўсеспаленні і ахвяры. // Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага» (Марк 12:28—34). Гэтае слыннае месца фігуруе ва ўсіх сінаптычных Евангеллях (Мац 22:35—40). Паводле Евангелля ад Мацвея, Ісус кажа: «На гэтых дзвюх запаведзях трымаюцца ўвесь Закон і Прарокі» (Мац 22:40). Важна адзначыць, што пад Законам і Прарокамі (словы, якія пішуцца ў Сінадальным перакладзе і ў перакладзе В. Сёмухі з малой літары) прама маюцца на ўвазе Тора і Прарокі як дзве ўжо кананізаваныя да гэтага часу часткі яўрэйскага Святога Пісання. У грэчаскім арыгінале евангельскага тэксту на месцы дзеяслова «трымаюцца» стаіць крератаі — «вісець». Гэта значыць, што дзвюма Запаведзямі, якія прыводзіць Ісус, Закон і Прарокі трымаюцца не знізу, а зверху, сілаю Нябёсаў, сілаю Божаю. Слыннае тлумачэнне Ісуса, як і супадзенне гэтага тлумачэння з тым, якое даў кніжнік-фарысей1, якое заўсёды давала і дае яўрэйская традыцыя,
1 Пра гістарычны рух перуійым (фарысеяў), які стаў асноваю, на якой грунтуецца наступная іудзейская равіністычная традыцыя, гл.: Смннло Г. В. Древнне лмтературы Древнего Востока н мнр Танаха (Ветхого Завета). Мн.: РІзд. центр «Экономпресс», 1998. С. 375—378.
сведчыць, у прыватнасці, і пра тое, што не існуе ніякага глыбіннага разыходжання паміж яўрэйскай традыцыяй і раннім хрысціянствам у разуменні этычнай сутнасці Tophi, найбольш яскрава выяўленай у Дзесяці Запаведзях. Невыпадкова старэйшы сучаснік Ісуса, вялікі яўрэйскі законавучыцель і фарысейскі рабін Гілель так сфармуляваў сутнасць Торы ў сваім «залатым правіле» — адказе на запытанне аднаго з язычнікаў, ці здолее мудрэц сфармуляваць сутнасць Торы, пакуль той стаіць на адной назе: «Не ўчыняй іншым тое, чаго не хочаш, каб учынялі табе. У гэтым сутнасць Торы, усё астатняе — тлумачэнні» (Шсібат 31a). Такім чынам, чалавек толькі тады верны Богу і знаходзіць упадабанне ў Яго вачах, калі любіць усім сэрцам Яго і людзей, калі робіць добрыя справы. Дарэмна спрабаваць знайсці ласку ў Яго вачах толькі за кошт ахвяраў і абрадаў. Пра гэта, развіваючы далей вучэнне Майсея, будуць пісаць «пісьмовыя» прарокі. Так, прарок Осія кажа ад імя Бога: «Міласэрнасці хачу Я, не ахвяры, і Богапазнання — болей за ўсеспаленне» (Ос 6:6). Прарок жа Іерамія напіша: «...Я не казаў бацькам вашым і не загадваў ім у той дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, пра ўсеспаленні і ахвяры; // А вось што запаведаў Я ім, сказаўшы: слухайце голас Мой, і Я буду вашым Богам, а вы будзеце Маім народам» (Іер 7:22—23).
Невыпадкова, як сведчаць талмудычныя тэксты, ужо ў эпоху Другога Храма Дзесяць Запаведзяў трывала звязваюцца ў яўрэйскай свядомасці з малітваю Шма Йісраэль і, уяўляючы сімвал веры, аснову асноваў служэння Богу, штодзённа гучаць у Іерусалімскім Храме падчас ранішняй малітвы. М. Вайнфельд адзначае: «Дзесяць Выказванняў — адзіны і своеасаблівы збор загадаў. Спецыфіка яго ў тым, што ў ім у сціслай форме выкладзеная сістэма абавязкаў члена ізраільскай суполкі, звязанай асаблівым Запаветам з Богам. Гэтая сістэма — ізраільскі катэхізіс, у гэтым сэнсе яна падобная на “Шма” (“Слухай, Ізраіль...”) — дэкларацыю, што складаецца з аднаго верша, які зручны для завучвання і змяшчае квінтэсенцыю монатэістычнай ідэі; гэты верш служыў апазнавальным знакам для вернікаў Адзінага Бога. He выпадкова “Шма” і Дзесяць Выказ-
ванняў прамаўляліся кожную раніцу ў Храме (Мішна, TaMid 5.7)» L
Звяртае на сябе ўвагу ападыктычная форма ўвядзення Дзесяці Запаведзяў — па прынцыпе «рабі» — «не рабі», які выключае ўсялякую ўмову, уступнае «Калі...», уласцівае старажытным кодэксам законаў, напрыклад, кодэксу Хамурапі, як і шматлікім іншым законам Торы, што вынікаюць з Дзесяці Словаў на Скрыжалях. Гэтыя ж Дзесяць не церпяць ніякіх умоваў: гэта катэгарычныя імператывы Бога, якія безумоўна і няўхільна трэба выконваць тым, хто хоча быць верны Запавету з Ім. Для Скрыжаляў адабраныя такія Запаведзі, прымяняльна да якіх усялякае «калі» будзе гучаць здзекліва. С. С. Аверынцаў адзначае, што ў Дзесяціслоўі мы адразу адчуваем асаблівы тон — «тон безагаворачнасці»: «Звычайны тып старажытнага заканадаўства (кодэкс Хамурапі, хецкія законы і т. п.) зыходзіць з прававых “казусаў” і афармляецца паводле парадыгмы — “калі хто-небудзь... то... але калі... то...” Тут няма месца ні для якіх “калі” і ні для якіх “але”. Абумоўленасць змянілася безумоўнасцю»2. Застаецца пагадзіцца, што ў Дзесяці Запаведзях перад намі паўстаюць не юрыдычныя законы ў поўным сэнсе гэтага слова (апошнія немагчымыя без усялякіх акалічнасцяў). але менавіта вялікія духоўна-маральныя імператывы, якія Бог уладарна звяртае да Свайго народа, да ўсялякага, хто хоча ўвайсці ў «грамаду Госпада». М. Вайнфельд заўважае, што «ў процілегласць казуістычнаму стылю, характэрнаму для законаў Старажытнага Усходу, а таксама для сучаснага права, ападыктычная форма ў варыянце “рабі” — “не рабі” не ўласцівая вобласці права. Сёння ясна, што яе выток — у рытуале заключэння саюзу паміж царом і падданымі і ўскладання абавязкаў на падданых. Дзесяць Запаведзяў успрымаліся як загады цара, які асабіста з’яўляецца перад падданымі і ўскладае на іх абавязкі»3. Заўважым толькі,
1 Вайнфельд М. Уннкальность Декалога н его место в еврейской траднцнм. С. 356—357.
2 Авсрннцев С. С. Древнееврейская лятература // Нсторня всемнрной лятературы: В 9 т. М.: Наука. 1983. Т. 1. С. 282.
3 Вайнфельд М. Уннкальность Дскалога м сго место в еврейской траднцнц. С. 347.
што пры ўсіх тыпалагічных сыходжаннях з рознымі хецкімі дамовамі паміж царом і падданымі ў Дэкалогу ўпершыню ідзе гаворка пра асаблівага ідэальнага Цара, Уладара сусвету, а абавязкі не проста ўскладаюцца, а добраахвотна прымаюцца вернікамі. М. Вайнфельд таксама адзначае: «Запаведзі з’яўляюцца “катэгарычнымі загадамі”, прымяняльнасць іх універсальная, не залежыць ні ад якіх пэўных умоваў. У Запаведзях няма ўпамінання пакарання за іх парушэнні, няма нават тлумачэння самога загаду, таму наўрад ці яны здавальняючыя з юрыдычнага пункту гледжання для заканадаўцы або грамадзяніна. Няясна, што такое “крадзеж”, пра які гаворыцца ў Восьмай Запаведзі, і што будзе злодзею. Такая ж справа і з іншымі Запаведзямі. Аднак пытанне пра сутнасць злачынства і пра пакаранне нерэлевантнае; загады не ўсталёўваюць канкрэтнага закону. Іх мэта -сфармуляваць умовы, выкананне якіх неабходнае для далучэння да суполкі. Той, хто не выконвае хаця б адзін з загадаў, ставіць сябе па-за грамадою вернікаў»1. Асабліва паказальная ў сэнсе таго, што не з’яўляецца законам, па якім чалавек можа быць асуджаны, Дзесятая Запаведзь, у якой гаворка ідзе пра жаданні. пра забароненыя думкі. Судом могуць карацца не думкі, але дзеянні, таму ў дадзеным выпадку пакараннем за парушэнне Запаведзі можа быць толькі правасуддзе Самога Бога. Паказальна, што за Дзесяццю Запаведзямі замацавалася назва не законаў у звычайным сэнсе гэтага слова, але асаблівых Словаў (Выказванняў) Божых, г. зн. Словаў, якія нясуць не столькі закон, колькі вялікае Адкрыццё Божае.