Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
3 21-га раздзела Кнігі Зыходу пачынаецца пералічэнне запаведзяў, якія рэгулююць стасункі паміж людзьмі. «1 вось законы, якія ты прапануеш [абвесціш| ім...» (Зых 21:1). Больш дакладны пераклад пачатку гэтага верша — «I вось гэтыя законы...» 3 гэтага яўрэйскія каментатары зрабілі выснову, што так можна сказаць пра ўжо вядомыя законы і што гэтыя законы былі дадзеныя Майсею яшчэ
падчас стаянкі ў Мары, а потым паўтораныя на гары Сінай. Сам жа Майсей яшчэ больш падрабязна растлумачыў тое, што ён чуў на гары Сінай, запісваючы пачутае ў скрутак Торы. Рабіў ён гэта на працягу ўсіх сарака гадоў вандравання па пустыні. На стаянках прарок бачыў літары з чорнага агню на фоне белага агню і чуў голас Божы. Усё, што ён бачыў, ён запісваў, а ўсё, што чуў, пераказваў свайму брату Аарону і народу (так тлумачыцца з’яўленне Пісьмовай Торы і Торы Вуснай, якая з’яўляецца каментарам і ключом для разумення першай). Але, як адзначае традыцыя, і тэкст Торы, які бачыў Майсей, і голас, які гэты тэкст тлумачыў, былі толькі спосабам надання формы ведам, атрыманым прарокам падчас Адкрыцця на Сінаі.
У арыгінале на месцы слова «законы» стаіць мішпацім — ад дзеяслова шафат — «судзіць», і гэта падкрэслівае, папершае, што прапанаваныя Богам у Кнізе Запавету законы па большасці сваёй падлягаюць усведамленню розумам, па-другое — што яны ў асноўным звязаныя з судовымі пастановамі і ўяўляюць старажытны юрыдычны кодэкс. Першае, чаму прысвечаныя гэтыя законы, — правы асабістай свабоды і абароны жыцця чалавека. Пачынаецца ўсё з пастановаў, што тычацца лёсу раба-яўрэя. Як слушна адзначае Дз. У. Шчадравіцкі, «становішчам самых знядоленых і залежных людзей, няшчасных і прыгнечаных Закон займаецца ў першую чаргу. Шматкратна ў аснову асноваў у яго “судах” ставіцца клопат пра сіротаў і ўдоваў, прышэлыдаў і жабракоў (Лев 19:33—34; Друг 10:17—19 і інш.). Сапраўды шчаслівае жыццё грамадства, яго маральны, ды і матэрыяльны стан ацэньваецца па становішчы самых бедных і слабых яго членаў»1.
Патрэбна адразу заўважыць, што ў Бібліі слова «раб» мае іншыя адценні, чым у кантэксце грэка-рымскай культуры, дзе рабы былі цалкам бяспраўныя і залежалі толькі ад гаспадара, які набыў іх (паказальна, што вызначэнне раба ў Афінах — «прылада, якая гаворыць»). Па-першае, традыцыйнае ў рускім Сінадальным перакладзе (а следам за ім — і ў перакладзе В. Сёмухі) слова «раб» прыйшло
1 ІДедровнцкмй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 425.
пад уплывам Сэптуагінты: у ёй словам SouXoq (дулбс), што дакладна азначае «раб», «нявольнік», «звязаны», «вязень», перадаеццгі іўрыцкае слова эвэд (ад дзеяслова авад — «працаваць», «служыць»), семантыка якога некалькі іншая: «працаўнік», «парабак», «слуга» і нават у высокім сэнсе — «служыцель» (адсюль і «раб Божы», што дакладней значыць «служыцель Божы» — той, хто ў найбольшай ступені ажыццяўляе волю Божую). Па-другое, сама семантыка слова, як і законы Торы, адлюстроўвае тую акалічнасць, што ў старажытнаяўрэйскім грамадстве не было рабства ў тым жорсткім яго варыянце, які нам вядомы з гісторыі Егіпта (хаця тут рабоў можна хутчэй назваць рабамі дзяржаўнымі), Вавілона, Асірыі, Грэцыі, Рыма. Раб у гэтых дзяржавах і ў гэтым разуменні — асоба без усялякіх правоў, «рэч», што належыць непадзельна і да скону гаспадару. Іншае ў біблейным свеце. Закон і пачынаецца з высвятлення правоў рабоў і іх права на свабоду, хаця Тора і кажа: «Калі купіш раба-яўрэя...» (Зых 21:2).
Традыцыйны каментар адзначае, што яўрэя не мог звярнуць у рабства (дакладней — узяць у парабкі, у слугі) другі яўрэй проста па сваім жаданні. Гэта забаронена з самага пачатку. Яўрэй мог страціць на пэўны час свабоду, трапіць у залежнае становішча, нават быць праданым у парабкі ці слугі па некалькіх прычынах: па-першае, чалавек мог сам прадаць сябе, каб заплаціць доўг (вярнуць пазыку); па-другое, гэта было пакаранне, калі чалавек што-небудзь украў і яму няма чым заплаціць за ўчыненую шкоду («...ён |злодзей| павінны плаціць, а калі няма чым, то хай прададуць яго за ўкрадзенае ім» — Зых 22:2, традыцыйны каментар падкрэслівае, што гэты закон не распаўсюджваўся на жанчынаў); па-трэцяе, чалавек мог у выпадку беднасці ці немагчымасці вярнуць пазычанае аддаць у парабкі (слугі) сваіх дзяцей («Калі хто прадасць дачку сваю ў рабыні...» {Зых 21:7)). Але ў тым і справа, што ва ўсіх гэтых выпадках Тора агаворвае правы залежных людзей, ахоўвае іх жыццё, здароўе і годнасць. Раба забаранялася біць, а тым больш — забіваць. За апошняе гаспадара чакала цяжкае пакаранне, як за ўсялякае забойства (гл. далей законы, якія тычацца адказнасці за забойства). Гэтыя ж законы распаўсюджваліся не толькі на яўрэяў па паходжанні, але і на прышэльцаў,
г. зн. тых іншапляменнікаў, якія прынялі яўрэйскую веру, Адзінага Бога. Яшчэ раней было сказана: «Адзін закон хай будзе і для прыроднага [карэннага| жыхара, і для прышэльца, які пасяліўся між вамі» (Зых 12:49). X пазней, у Кнізе Левіт, будзе падкрэслена: «Адзін суд (мішпат) павінны быць у вас як для прышэльца, так і для карэннага жыхара» )Лев 24:22). Гэты універсалізм у падыходзе да закону, роўнасць усіх перад законам, як і роўнасць усіх перад Богам, незалежна ад паходжання, — прыкметная рыса старажытнаяўрэйскай культуры на фоне іншых культураў Старажытнага свету.
Галоўнае ж, што вылучае яўрэйскія законы адносна рабоў з усіх заканадаўстваў, вядомых раней і пазней, — загад адпускаць іх на волю праз шэсць гадоў — на сёмы год, які, як і сёмы дзень (Субота), лічыўся сакральным: «Калі купіш раба-яўрэя, шэсць гадоў ён будзе служыць, а на сёмы — выйдзе на волю без выкупу [дарма]. // Калі ён прыйшоў адзін, выйдзе адзін, а калі была ў яго жонка, выйдзе і жонка разам з ім» (Зых 21:2—3). Кожны сёмы год называўся «годам адпушчэння» (Друг 31:10), бо ў яго прынята было адпускаць на свабоду ўсіх рабоў; таксама ён зваўся і «годам даравання (прабачэння)», бо ў Торы сказана: «У сёмы год рабі дараванне. // Дараванне ж заключаецца ў тым, што ўсялякі пазыкадаўца, які даў пазыку свайму блізкаму, дараваў [доўг] і не спаганяў з блізкага свайго ці з брата свайго, бо абвешчанае дараванне дзеля Госпада...» (Друг 15:1—2). Такім чынам, на кожны сёмы год у сямігадовым цыкле (адлік часу вялі не толькі тыднямі з сямі дзён, але і сямігодкамі) той, хто трапіў у залежнасць, меў права атрымаць незалежнасць. Гэта значыць, што тэрмін знаходжання ў рабстве мог быць і больш кароткім, чым шэсць гадоў, калі, напрыклад, чалавек быў праданы за даўгі ці за крадзеж не ў першы, а ў іншыя гады сямігадовага цыкла. Далей Кніга Другазаконня вуснамі Майсея ўдакладніць, што павінны зрабіць гаспадар, які адпускае раба на волю: «Калі прадасца табе брат твой, яўрэй або яўрэйка, то шэсць гадоў павінны ён быць рабом табе, а на сёмы год адпусці яго на свабоду; // Калі ж будзеш адпускаць яго ад сябе на свабоду, не адпускай яго паражняком |з пустымі рукамі]. // Надзяліць павінны ты
яго ад жывёлы тваёй, ад гумна твайго і ад давільні тваёй; чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой, дай яму. // I памятай, што рабом быў ты ў зямлі Егіпецкай, і выкупіў [збавіў] цябе Гасподзь, Бог твой, таму я запаведую гэта табе зараз» (Друг 15:12—15). Атрымліваецца, што гаспадар павінны не проста адпусціць свайго парабка на свабоду, але і забяспечыць яму пачатак годнага самастойнага жыцця, каб ён стаў паўнапраўным членам грамадства. «Такое стаўленне да рабоў — сапраўды нешта небывалае не толькі ў старажытным свеце, але і на працягу ўсёй гісторыі ажно да нашых дзён! — усклікае Дз. У. Шчадравіцкі. — На прыкладзе падобных усталяванняў мы ясна бачым, што Закон Божы, дадзены праз Майсея, не толькі не “састарэў” і не “спарахнеў”, але жыццё паводле яго і ў нашы дні з’яўляецца ўсё яшчэ недасягнутым ідэалам разумнага і гуманнага ладу грамадства...»1
Калі чалавек ажаніўся — да таго, як трапіў у залежнасць, ці ўжо ў доме свайго гаспадара — і не мае дзяцей, ён вызваляецца разам з жонкаю. Але калі ён набыў сям’ю ўжо на службе ў гаспадара, і жонку даў яму сам гаспадар (з яго ж рабыняў), і нарадзіліся дзеці, то такі чалавек адпускаеіша на свабоду адзін (Зых 21:3—4). Чаму? Справа ў тым, што ён вызваляецца ў сёмы год, калі пад парам знаходзіцца зямля, калі яе нельга апрацоўваць (гл. ніжэй). Такім чынам, чалавек не мае магчымасці атрымаць ураджай і адразу наладзіць дабрабыт сваёй сям’і. Таму на пэўны час яго жонка і дзеці застаюцца на забеспячэнні яго гаспадара.
Апрача таго, Тора агаворвае асаблівы выпадак, калі раб, якога адпускаюць на волю, не захоча свабоды, а пажадае застацца ў доме свайго гаспадара на правах дамачадца: «Але калі раб скажа: “Люблю гаспадара майго, жонку маю і дзяцей маіх; не пайду на волю”, — // To хай прывядзе яго гаспадар яго да суддзяў, і падвядзе яго да дзвярэй або да вушака, і праколе яму гаспадар яго вуха шылам, і будзе ён служыць яму вечна» (Зых 21:5—6). Па-першае, адзначым, што сама сітуацыя, якую малюе Тора (і, верагодна.
1 Шедровнцкнй Д. В. Введенме в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятмкннжне Моксеево. С. 430.
яна не была такой ужо адзінкавай), сведчыць дастаткова яскрава, якія стасункі складаліся паміж гаспадарамі і іх парабкамі і слугамі ў свеце, што жыў паводле законаў Торы: патрэбна было сапраўды палюбінь гаспадара і яго сям’ю, як сваю, каб захацець адмовіцца ад свабоды (такі выпадак апісаны ў Кнізе Быцня з улюбёным рабом Аўраама — Эліэзэрам, якога патрыярх нават вырашыў зрабіць сваім спадчыннікам, пакуль у яго не было ўласнага сына; гл. Быц 15:2—3). Пры гэтым важна, як падкрэслівае традыцыйны каментар, каб пра сваё жаданне застацца абвясціў сам раб, а не яго гаспадар, бо ў апошняга не павінна быць жадання пакінуць чалавека ў рабстве на доўгі час. Калі ж раб выказваў такое пажаданне, яго сям’я ўваходзіла ў склад сям’і гаспадара, і гэта замацоўвалася асаблівым рытуалам у прысутнасці суддзяў (у арыгінале — слова элогім, якое ў дадзеным кантэксце перакладаецца як «моцныя» і мае на ўвазе менавіта суддзяў, а не багоў, як у Сінадальным перакладзе, дзе ёсць заўвага наконт гэтага, і ў перакладзе В. Сёмухі): вуха таго, хто адмовіўся ад свабоды (дакладней, ад самастойнага гаспадарання), праколваецца ля дзвярнога вушака — верагодна, для таго, каб надзець завушніцу з імем гаспадара. Ужо ў старажытнасці (у I ст.) рабі Ёханан бен Закай так адказаў на пытанне, чаму менавіта вуха павінна быць праколатае ў знак адмаўлення ад свабоды: «Вуха яго чула выказванне Усявышняга: “Сыны Ізраіля: яны — рабы Mae” (Лев 25:55) — і ўсё ж чалавек палічыў за лепшае слухаць гаспадара з крыві і плоці. Дык няхай жа яго вуха будзе праколатае!» Такім чынам, вялікі законавучыцель падкрэслівае, што няма больш высокага дару ў чалавека, чым знешняя і ўнутраная свабода, як няма і вышэйшага за Госпада гаспадара. Раба падводзілі да дзвярэй, нібыта прапануючы яму пакінуць дом, набыць свабоду; але ён добраахвотна адмовіўся ад яе, і таму яго вуха сімвалічна «прымацоўвалі» да дзвярэй дома яго гаспадара. Але і такі раб на самой справе не заставаўся ў залежнасці навечна (да скону), таму што ён абавязкова атрымліваў свабоду на Ёвэль — Юбілейны год, які надыходзіў праз сем сямігодак, г. зн. праз 49 гадоў на 50-ты. У гэты год абвяшчалася воля ўсім жыхарам краіны: «Калі ж ён [раб, што адмовіўся ад свабоды на сёмы год] не выкупіцца такім