Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
Пасля законаў пра рабоў Тора пераходзіць да яшчэ адной сітуацыі, звязанай з ударам і цялесным пашкоджаннем або пагрозаю для чалавечага жыцця: «I калі б’юцца людзі, і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна выкіне, але |іншай] небяспекі [шкоды] не будзе, то той караецца [выкупам, штрафам], які накладзе на яго муж той жанчыны, і ён
1 Цыт. па: Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкнйжне Монсеево. С. 438.
заплаціць праз суд. // Калі ж высветліцца небяспека, то аддай душу за душу, // Вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу, // Апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк» (Зых 21:22—25). Гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, пра выпадковы ўдар, нанесены цяжарнай жанчыне, калі б’юцца мужчыны, а яна трапілася пад руку ці спрабавала іх разняць. Так ці інакш, але ступень адказнасці вялікая, бо загінула дзіця і жыццё самой маці было пастаўленае пад удар. Тут, тлумачыць Галаха, суд павінны быць асабліва ўважлівы. Калі высветліцца, што ўдар быў ненаўмысным, што няма пагрозы для жыцця жанчыны і ёй самой не нанесенае цяжкае цялеснае пашкоджанне, то той, хто ўдарыў, павінны заплаціць грашовы штраф. Гэты штраф яшчэ большы, калі нанесеная цялесная шкода і жанчына павінная лячыцца пасля таго, што адбылося (той, хто ўдарыў, павінны наняць лекараў і цалкам вылечыць яе — у адпаведнасці з Зых 21:18—19). Калі ж суд высветліць. што ўдар быў наўмысны, то нават пры ўмове, што здароўю і жыццю жанчыны далей нічога не пагражае, злачынец павінны паўстаць перад судом як забойца, бо яго дзеянні прывялі да гібелі дзіцяці ў чэраве маці. Рабі Ё. Герц піша: «...Тора падкрэслівае, што ў падобным выпадку наўмыснае нанясенне ўдару лічыцца свядомым забойствам. Пры гэтым вядома, што смяротная кара, якая належыць за наўмыснае забойства, не можа быць замененая штрафам»1. Пры гэтым каментатар (як і ўся Галаха) спасылаецца на верш з Кнігі Левіт: «I той, хто забіў жывёлу, павінны заплаціць за яе, а той, хто забіў чалавека, на смерць будзе адданы» (Лев 24:21).
Менавіта ў прыведзеных вышэй вершах Кнігі Зыходу ўтрымліваюцца словы, якія сталі крылатымі і часта цытуюцца як указанне на асабліва «жорсткую» сутнасць Закону Майсеева — у процілегласць абвешчанаму Ісусам Хрыстом закону любові: «...вока за вока, зуб за зуб...» Многія псеўдакаментатары і псеўдабагасловы, не разумеючы сэнсу гэтых словаў і той сітуацыі, у якой яны прыводзяцца ў Торы, абвяшчаюць іх свайго кшталту «сутнасцю» «жорсткага іудзейскага закону». Па-першае, заўважым, што няма
Герц Й. Комментаркй. С. 414.
нічога больш недарэчнага, чым проціпастаўленне двух Запаветаў — Старога і Новага, асабліва ў этычным плане. Толькі разам яны складаюць хрысціянскае Святое Пісанне. Тора і Прарокі былі Святым Пісаннем для Ісуса, які яго шанаваў і тлумачыў і, як ужо адзначалася, казаў, што ў Законе не будзе адмененая ці змененая нават самая маленькая рысачка. Як жа разумець гэтае «вока за вока» і як дзейнічае гэты закон? Гэта так званы jus talionis (лац. «права |роўнай] адплаты») — прынцып таліёна, які быў закліканы абараняць слабога ад самавольства сільнага. Гэты прынцып быў прыняты ў многіх старажытных заканадаўствах, напрыклад у Кодэксе Хамурапі, у Законах Салона, у Дванаццаці табліцах, на якіх былі выкладзеныя законы Старажытнага Рыма. 1 трэба ведаць, што ў самых старажытных кодэксах гэты прынцып разумеўся літаральна, менавіта як тое, што злачынцу, які выбіў вока, патрэбна таксама яго выбіць (у Кодэксе Хамурапі сказана: «Калі чалавек выбіў зуб іншаму, трэба выбіць зуб яму самому»). Падкрэслім, што ў Торы гэты прынцып тычыцца толькі забойства, што пацвярджае не толькі прыведзеная вышэй запаведзь з Кнігі Левіт, але і закон, сфармуляваны ў Кнізе Другазаконня: «I не бярыце выкупу за душу забойцы, ліхадзея, якому належыць памерці, але смерці будзе ён адданы» (Друг 35:31). Тут і ўступае ў сілу jus talionis у яго асаблівай рэдакцыі: «душу за душу». Гэта ізноў падкрэслівае, што жыццё — найвялікшая каштоўнасць, і той, хто загубіў душу (жыццё), павінны расплаціцца сваёю. Але працытаваны верш з Другазаконня, як і сітуацыя, апісаная ў выпадку з цяжарнай жанчынай у Кнізе Зыходу, панвярджае: ва ўсіх іншых выпадках прымяняліся (і прымяняюцца) грашовыя кампенсацыі за шкоду, нанесеную здароўю чалавека, і кожны раз памер штрафа вызначаецца індывідуальна судом з улікам шкоды і патрабаванняў пацярпелага. Рабі Ё. Герц піша ў каментары да гэтага закону: «...усім фізічным пашкоджанням, нанесеным адным чалавекам іншаму, — пры ўмове, што яны не прыводзяць да смерці, — павінны быць знойдзены грашовы эквівалент, і той, хто нанёс пашкоджанні, павінны кампенсаваць іх. Такім чынам, выраз Торы “вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу” належыць разумець як патрабаванне кампенсаваць пайярпе-
ламу нанесеную шкоду, заплаціўшы штраф у тым памеры, які суддзі вызначаць як кошт страты здароўя, працаздольнасці і т. п.»1
Патрэбна заўважыць, што менавіта ў яўрэйскай рэлігійнай традыцыі слынныя словы «аддай душу за душу, вока за вока, зуб за зуб...» былі ўспрынятыя як прынцып Босксш адплаты паводле прынцыпу «мера за меру». бо словы гэтыя прамоўленыя Самім Богам, а не проста запісаныя зямным заканадаўцам. Яшчэ раз падкрэслім — адплаты Боскай, а не чалавечай. Гэта прынцып абсалютнай справядлівасці, але ажыццявіць яго можа толькі Бог, зрок і веды Якога нічым не абмежаваныя ў адрозненне ад чалавечых. Менавіта таму чалавечы суд не павінны, апрача выпадку з наўмысным забойствам, успрымаць прынцып «вока за вока» літаральна, бо яго літаральнае ажыццяўленне ў зямным досведзе і зямным судом немагчымае. У якасці доказу яўрэйскія мудрацы прыводзілі наступныя аргументы. Па-першае, кожны чалавек — істота і асоба унікальная, на што паказаў Сам Гасподзь, стварыўшы толькі аднаго Адама; як не можа быць двух абсалютна аднолькавых у духоўных і цялесных адносінах людзей, так і вока аднаго не можа замяніць вока другога. Па-другое, для вывядзення канкрэтнай галахі (практычнага закону, якім патрэбна кіравацца ў штодзённым жыцці) мудрацы прыводзяць наступную сітуацыю: адзін чалавек выбіў другому вока; але першы сам быў аднавокі; і цяпер, калі, паводле літаральнага разумення закону, выбіць яму адзінае вока, то ён будзе сляпы, у той час як другі чалавек застанецца відушчым. Такім чынам, менавіта пры літаральным выкананні прынцыпу «мера за меру» ў такім выпадку справядлівасць абернецца несправядлівасцю, пакаранне не будзе роўным злачынству. Паводле прынятага ў яўрэйскім рэлігійным законе прынцыпу пашырэння выключнай сітуацыі на ўсе астатнія і ў прыведзеным выпадку, і ва ўсіх іншых у якасці пакарання магчымая толькі грашовая кампенсацыя. Вядома, што ў эпоху Другога Храма, на мяжы эраў, узнікла дыскусія паміж садукеямі (цадокім), якія абаранялі літаральнае разуменне законаў Торы, і фарысеямі {перушым), якія
1 Герц Й. Комментарнй. С. 414.
якраз стаялі за гнуткае і міласэрнае тлумачэнне старажытных юрыдычных прынцыпаў Торы і мелі вялікі аўтарытэт у народзе. Фарысеі перамаглі, і гэты падыход лёг у фундамент равіністычнага заканадаўства. Рабі Ё. Герц адзначае: «Правіла “мера за меру” набыло характар алгарытму пошукаў пакарання, эквівалентнага злачынству, пры тым што патрабаванне звесці жорсткасць і знявагу да мінімуму прысутнічае заўсёды. ...Гуга Гроцыус, Джын Бодзін і Джон Сэлдэн, юрысты, якія распрацавалі асновы міжнароднага права, лічаць, што правіла “вока за вока” ў той інтэрпрэтацыі, якую яно атрымала ў Торы, усталёўвае два глабальныя прынцыпы: 1) паміж злачынствам і пакараннем павінная існаваць строга вызначаная сувязь; 2) усе грамадзяне роўныя перад законам, і шкода, нанесеная кожнаму з іх, павінная ацэньвацца па аднолькавым стандартам, незалежна ад сацыяльнага становішча пацярпелага»1.
Прынцып жа «вока за вока, зуб за зуб» мусіць застацца ў нашай свядомасці як вялікі прынцып Божай адплаты па справядлівасці, бо толькі так нас можна прывучыць вызначаць каштоўнасць чужога вока, чужога зуба, чужога жыцця, як свайго ўласнага, а гэта значыць — сапраўды любіць блізкага свайго, як самога сябе, кіруючыся як «залатым правілам» рабі Гілеля («Не абыходзься з блізкім сваім так, як не хочаш, каб абыходзіліся з табою. Вось сутнасць Торы, усё астатняе — каментары»), так і блізкім яму па духу правілам яго суайчынніка і сучасніка Йешуа га-Ноцры (Ісуса з Назарэта): «Ва ўсім як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так абыходзьцеся і вы з імі, бо ў гэтым Закон [Тора] і Прарокі» (Мац 7:12). Дз. У. Шчадравіцкі піша наконт закону «вока за вока»: «...гэты закон з’яўляецца не процілегласцю запаведзі пра любоў да блізкага, а пачатковай, самай нізкай, стадыяй яе выканання. Дзякуючы яму чалавек маральна дзікі, з “неабрэзаным сэрцам” (Лев 26:41; Іез 44:6—7), паступова прывучаецца ставіцца да блізкага, як да самога сябе, бо ведае, што яго напаткае тое ж, што ён зробінь блізкаму»2.
1 Герц Й. Комментармй. С. 558.
2 Шедровяцкйй Д. В. Введенне в Ветхнй Завст: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкнпжме Монсеево. С. 441.
Далей Тора дэманструе, як на самой справе павінны дзейнічаць прынцып «мера за меру» ў чалавечым судзе: «1 калі ўдарыць хто раба свайго ў вока ці рабыню сваю ў вока і пашкодзіць яго, то павінны адпусціць яго на волю за вока яго. // 1 калі ён зуб раба свайго ці зуб рабыні сваёй выб’е, хай адпусціць ён яго на волю за зуб яго» (Зых 21:26—27). Такім чынам, кампенсацыяй для заняволенага за цялеснае пашкоджанне можа быць толькі яго свабода. Пры гэтым Тора прыводзінь вока і зуб як часткі цела, якія найбольш часта пашкоджваюцца, калі чалавека б’юць. На самой справе гэты закон пашыраецца на ўсе віды цялесных пашкоджанняў (Галаха пералічвае 24 органы цела, за пашкоджанне якіх раба трэба адпусціць на свабоду). Пры гэтым класічны каментар падкрэслівае, што гаворка ідзе пра раба-неяўрэя, бо рабу-яўрэю выплочваецца грашовая кампенсацыя. але ён не ў праве патрабаваць вызвалення раней вызначанага тэрміну або Суботняга года. Такія законы — асабліва ў дачыненні рабоў, як і наогул у дачыненні да каштоўнасці чалавечага жыцця і здароўя чалавека, былі гістарычна новымі, нягледзячы на паралелі, якія, безумоўна, знаходзяцца паміж законамі Торы і іншымі старажытнымі заканадаўствамі (напрыклад, Кодэксам Хамурапі).