Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
Гл.: Герц Й. Комментарнй. С. 422.
Той, хто прыносіць ахвяры іншым багам, тым самым пагаджаецца з язычніцкім ладам жыцця, з язычніцкімі звычаямі. Такі чалавек можа парушыць усе вялікія духоўна-этычныя прынцыпы Дэкалога, бо парушае вернасць Адзінаму Богу. Вось чаму пасля забароны ідаласлужэння ідуць законы, што тычацца абароны самых знядоленых членаў грамадства — прышэлыдаў, сіротаў, удоваў. Паказальна пры гэтым, што Тора вуснамі Госпада апелюе да страшнага досведу, непасрэдна перажытага народам: доўгі час ён быў прышэльцам у Егіпце і на сабе зведаў, якім можа быць стаўленне да прышэльцаў, да іншародцаў; менавіта таму ён мусіць зразумець лепш, чым іншыя, якім гэтае стаўленне не павіннае быць. Таму і сказана: «I прышэльца не ўціскай і не прыгнятай яго, бо прышэльцамі былі вы ў зямлі Егіпецкай» (Зых 22:20/21). А далей, у 23-м раздзеле Кнігі Зыходу, сказана: «I прышэльца не ўціскай; вы ж ведаеце душу прышэльца, бо прышэльцамі былі вы ў зямлі Егіпецкай» (Зых 23:9). Гэтая асаблівая ахова правоў прышэльцаў рэзка вылучае заканадаўства Торы на фоне вядомых старажытных юрыдычных кодэксаў (нічога падобнага, напрыклад, няма ў Кодэксе Хамурапі). Класічны яўрэйскі каментар падкрэслівае, што гер («прышэлец») — той, хто пасяліўся сярод народа Ізраіля і хто ці ўжо прыняў законы Торы, ці прыме іх, таму да гера патрэбна ставіцца з асабліваю беражлівасцю, ніяк не абражаць яго ні словам, ні дзеяннем. Калі ж ён пройдзе гіюр (працэдуру звароту ў іудаізм), то стане паўнапраўным членам рэлігійнай суполкі, такім жа сынам Ізраіля, як і ўсе астатнія. Рабі Ё. Герц піша: «Тора, заклікаючы выконваць закон, падкрэсліваючы яго важнасць і тлумачачы сэнс, часта звяртаецца да асабістага досведу чалавека. Існаванне ў Егіпце было такім трагічным для ўсяго народа, што памяць пра яго перадаецца з пакалення ў пакаленне. Жывое адчуванне гаркоты рабства не павіннае стаць падставаю для злосці і жадання адпомсціць іншым. Наадварот, яно павіннае паслужыць асноваю для суперажывання, спачування і жадання дапамагчы таму, хто, імкнучыся знайсці веру ў Адзінага Бога, аказаўся адарваным ад звычнага яму асяроддзя, вырашыўшы жыць сярод чужога для яго народа. Добрае стаўленне да прышэльца невядомае Старажытнаму свету.
Нядобразычлівае стаўленне да чужынцаў не памякчалася ад таго, што чалавек гатовы быў прыняць вераванні і звычаі той мясцовасці, дзе ён вырашыў пасяліцца. Егіпцяне адкрыта ненавідзелі прышэлыдаў. Грэкі называлі варварамі ўсіх, хто належаў да іншых народаў. Праз грэчаскую мову гэтае слова ўвайшло ў еўрапейскія мовы. У сучасным свеце добрае стаўленне да прышэльцаў таксама сустракаецца не часта. У Талмудзе адзначаецца, што забарона ўціскаць гера і загад любіць яго сустракаюцца ў Торы трыццаць шэсць разоў. Такія шматлікія папярэджанні неабходныя таму, што чалавеку, які знаходзіцца ў становішчы раба, трывае ўціск і прыгнёт, уласціва ў тым выпадку, калі ён даб’ецца ўлады, з яшчэ большай лютасцю ставіцца да іншых. Тора выкараніла гэтую якасць з асяроддзя яўрэйскага народа»1.
Тора настойліва патрабуе асаблівай увагі грамадства і кожнага з яго членаў, калі гэтае грамадства хоча жыць паводле Закону Божага, да ўсіх, хто пакрыўджаны лёсам, акалічнасцямі жыцця, хто страціў родных, бацькоў, па тых ці іншых прычынах апынуўся на ніжняй ступені сацыяльнай лесвіцы: «Ні ўдавы, ні сіраты не прыгнятайце. // Калі каго-небудзь з іх уціснеш, то, калі залямантуе ён да Мяне, пачую Я лямант яго. // I ўзгарыцца гнеў Мой, і заб’ю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі, і дзеці — сіротамі» (Зых 22:21—23/22—24). Гасподзь ізноў падкрэслівае, што, калі чалавек не будзе вучыцца дабрыні і міласэрнасці, то яго непазбежна напаткае кара; прычым карае Гасподзь па прынцыпе «мера за меру», і той, хто быў абыякавы да гора ўдоваў і сіротаў, зможа адчуць гэта на лёсе сваім і сваіх блізкіх. He бывае чужога гора. Таму невыпадкова ў працытаваным фрагменце Гасподзь спачатку звяртаецца да ўсяго народа, потым да кожнага асабіста, а ў фінале запаведзі ізноў гаворыцца аб адказнасці ўсёй рэлігійнай суполкі, калі яна дапускае крыўду ў дачыненні ўдоваў і сіротаў. Яшчэ Аўраам Ібн Эзра ў сваім каментары да Торы тлумачыў, што гэта значыць наступнае: нават калі крыўдзіцелем удавы і сіраты з’яўляецца адзін чалавек, адказнасць за гэта нясе ўся суполка, якая дапусціла
1 Герц Й. Комментармй. С. 422—423.
падобнае стаўленне да знядоленых і безабаронных і якая не прыйшла ім на дапамогу1.
Гасподзь не аднойчы падкрэслівае, што Ён асабліва клапоціцца пра бедных, бо ім няма больш на каго спадзявацца; у пэўным сэнсе яны складаюць асаблівы «народ Гасподні». Таму далей прыводзяцца законы, што ахоўваюць правы беднякоў: «Калі пазычыш грошы народу Майму, бедняку, які ў цябе, то не будзь яму ўціскальнікам і не накладай на яго ліхвы. // Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца вярні яе яму, // Бо яна — адзінае покрыва яго, яна — адзенне цела яго: у чым будзе ён спаць? 1 будзе, калі залямантуе ён да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны» (Зых 22:24—26/25—27). Як відавочна, Тора забараняе пазычаць бедняку грошы пад працэнты. «Не накладай ліхвы» значыць «не бяры сабе нават маленькай долі, не выкарыстоўвай пазыку для атрымання ніякай уласнай карысці» (гэта не тычыцца камерцыйнай пазыкі). Яўрэйскія каментатары заўсёды падкрэслівалі, што падтрымка бедняка беспрацэнтнаю пазыкаю, калі ён апынуўся ў цяжкім становішчы, — адна з самых высокіх ступеняў праяўлення міласэрнасці, большая нават, чым проста ахвяраванне невялікай ці не вельмі вялікай сумы грошай: па-першае, апошняя не можа істотна змяніць становішча бедняка, не дае яму магчымасці наладзіць свае справы; па-другое, для чалавека гордага яна можа быць непрыемнай ці нават абразлівай. Атрымліваючы проста падарунак, чалавек разам з удзячнасцю перажывае і сорам, адчувае сябе няёмка; добрая ж пазыка дае яму магчымасць вярнуць грошы, наладзіўшы справы, і адчуць сябе гаспадаром свайго лёсу. Закон забараняе ў тым выпадку, калі бядняк не можа ў час аддаць пазыку, уціскаць яго, сілаю патрабаваць вяртання грошай, захопліваць яго маёмасць. Нельга і браць у заклад апошняе ў бедняка, чым ён жыве штодзённа, — напрыклад, вопратку ці каменныя жорны, з дапамогаю якіх ён атрымлівае муку і пячэ хлеб (Друг 24:6). Наконт гэтага слынны англійскі знаўца законаў Хакслі пісаў: «Не існуе больш гуманнага кодэкса законаў, старажытнага ці сучаснага, які быў бы такі літасцівы і такі
1 Гл.: Герц Й. Комментарнй. С. 423.
спачувальны да праблемаў слабых і бедных, як яўрэйскі закон»1. Наконт прыведзеных вышэй радкоў Торы рабі Ё. Герц піша: «Патрабаванне праяўляць літасць і памяркоўнасць да бедных, сфармуляванае ў гэтых вершах, яшчэ больш значнае, калі параўнаць яго з узаконеным варварскім абыходжаннем з даўжнікамі ў Старажытным Рыме. Калі даўжнік не вяртаў пазыку на працягу трыццаці дзён пасля ўказанага тэрміну, да яго прымяняўся закон Дванаццаці табліцаў, які дазваляў крэдытору закаваць даўжніка ў ланцугі на шэсцьдзесят дзён, выставіць яго на агульны агляд і публічна абвясціць суму яго доўгу. Калі ніхто не пагаджаўся выкупіць даўжніка, заплаціўшы яго доўг у поўным памеры, крэдытор мог прадаць яго ў рабства ці забіць. Калі грошы пазычылі некалькі чалавек, то ім дазвалялася разарваць даўжніка і ўзяць сабе часткі яго цела прапарцыянальна памеру доўгу»2.
Закон, прыведзены ў Кнізе Зыходу, дапаўняецца цэлаю сістэмаю законаў у дачыненні да беднякоў у іншых заканадаўчых кнігах Торы. Менавіта дзеля іх пакідалі недажаты край поля, спецыяльна пакідалі снапы, пэўную колькасць пладоў у садах і вінаградных гронак у вінаградніку (Лев 19:9—10; 23:22; Друг 24:19—22). На ўсе святы іх павінныя былі запрашаць заможныя людзі (Друг 16:11, 14). Разам з уладальнікамі палёў беднякі карысталіся тым, што вырастала на зямлі ў сёмы, Суботні, год (Зых 23:10—11). Кожны сёмы год ім дараваліся ўсе даўгі, але на гэтай падставе ім не мелі права не даць новую пазыку (Друг 15:1—2, 7—11). Кожны, хто страціў свой зямельны надзел, атрымліваў яго назад у Юбілейны год (Лев 25:11—13, 28). «Беднякі наогул, — заўважае Дз. У. Шчадравіцкі, — ставяцца Законам у такія спрыяльныя ўмовы, пра якія і не марылі збяднелыя жыхары суседніх са Святою Зямлёю краінаў»3. Важна, што Гасподзь кажа: «Я міласэрны». Тым самым Ён заклікае чалавека ва ўсім прыпадабняцца да Яго.
Далей Тора кажа пра неабходнасць паважаць суддзяў і кіраўнікоў народа: «Суддзяў не зласлоў і правадыра на-
1 Цыт. па: Герц Й. Комментарнй. С. 424.
2 Тамсама.
3 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенме в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакннжме Монсеево. С. 452.
рода твайго не праклінай» (Зых 22:27/28). Услед за гэтым нагадваецца пра тое, што ўсё першароднае, усе першынцы жывёлы і чалавека, першыя плады і снапы павінныя прысвячацца Госпаду: «3 першымі пладамі ўраджаю твайго і з доляю яго прысвечанай не прыпазняйся; першынца твайго з сыноў сваіх аддавай Мне. // Гэтак жа рабі і з быком тваім, і з ягнём тваім. Сем дзён хай будзе ён пры маці сваёй, а на восьмы дзень аддавай яго Мне» (Зых 22:28—29/29—30). Безумоўна, частка ўраджаю і прыплоду жывёлы прыносілася ў Храм для забеспячэння жыцця святароў, але нават і падумаць нельга, што ў ахвяру Госпаду прыносіліся першародныя сыны. Яны, як ужо пра гэтае казалася раней, прысвячаліся на служэнне Богу або сімвалічна выкупляліся ад служэння ў Скініі (Храме) у памяць пра выратаванне яўрэйскіх першынцаў у Егіпце (Зых 13:12— 15; 34:20; Лік 3:40—48). Дз. У. Шчадравіцкі адзначае таксама сімвалічнае значэнне загаду пра першынцаў і «першыні»: «...першая думка чалавека павінна быць заўсёды звернутая да Бога, першае парыванне яго пачуцця павінна накіроўвацца да любові Божай, і тады дабраславенне сыдзе на ўсе справы рук яго...»1
Апошняя пастанова 22-га раздзела тычыцца асаблівай святасці, якой патрабуе Гасподзь ад Свайго народа, — святасці, што працінае ўвесь лад жыцця, і духоўны, і цялесны: «I людзьмі святымі будзьце ў Мяне; і мяса жывёлы, параненай [разадранай] зверам у полі, не ешце: сабакам кідайце яго» (Зых 22:30/31). Гэтая запаведзь патрабуе прытрымлівання як духоўных законаў, ускладзеных на Сваіх выбраннікаў Госпадам, так і асаблівай рытуальнай чысціні, адной з умоваў святасці. У арыгінале на месцы слова «святасць» стаіць кодэш, што літаральна значыць «аддзяленне», «адлучэнне» — аддзяленне ад усяго будзённага, нячыстага, прафаннага і тым самым — далучэнне да высокага, духоўнага, сакральнага. Нагадаем, што з самога пачатку Торы (і Бібліі ў цэлым), з першых раздзелаў Кнігі Быцця, Бог дае чалавеку вялікі ўзор здольнасці «адцзяляць» — святло ад цемры, добрае ад ліхога, сакральнае ад