Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
1 Шедровішкмй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжме Момсеево. С. 454.
13a Зак. 4008
прафаннага1. Чалавек, паводле Торы, паводле Бібліі, і ёсць істота, якая ўмее «адцзяляць», рабіць маральны выбар. Асаблівасць біблейнай ментальнасці будуецца на ўяўленні, што Бог цалкам аддзелены ад зямнога, матэрыяльнага і цалкам Святы, на вылучанасці сакральнага часу (Суботы і святаў) з будняў, сакральнай прасторы (Скінія, Храм) — з усяго астатняга космасу, народа як сакральнай супольнасці, як «грамады Госпада» — з астатняга чалавецтва, сакральнага калена левітаў як людзей, прысвечаных Богу, — з астатняга народа Божага. Пры гэтым сама «вылучанасць» у зямным свеце суадносіцца з ідэяй выбранніцтва і служыць не сцвярджэнню пераўзыходства, але паступоваму асвячэнню, сакралізацыі ўсяго зямнога быцця, прывядзенню яго да найвышэйшай гармоніі. «Аддзяляць» і значыць на мове Торы «рабіць сакральным», «асвячаць», «прысвячаць Богу», бо толькі Бог — эталон святасці.
Загад Божы быць «людзьмі святымі» — аншэй-кодэш — накладае на чалавека, паводле старажытных законаў Tophi, і асаблівыя правілы асвячэння плоні, а разам з ёю — плоцевай, «жывёльнай» душы (нэфеш1), якая знаходзіцца ў крыві чалавека. Вось чаму законы святасці ўключаюць у сябе законы пра дазволеную і недазволеную ежу, або правілы кашрута, якія будуць дадзеныя поўна ў Кнізе Левіт. Але ўжо цяпер, у Кнізе Запавету, Гасподзь патрабуе ад Сваіх выбраннікаў не есці мяса жывёлаў, разадраных ці параненых драпежнымі звярамі. Гэтае мяса вызначанае ў тэксце як тэрэфа, або (у сучасным вымаўленні) трэфа (літаральна — «раздзёртае», «разарванае», «змучанае»). Дзякуючы гэтаму вершу Торы слова трэфа стала ў яўрэяў вызначэннем усялякай ежы, недазволенай Богам, у процілегласць кошэр — «дазволенай». Трэфнае мяса — мяса жывёлы, не забітай тым спосабам, якога патрабуе Тора (паводле правілаў шхіты; гл. Лев 17:13), і найперш жывёлы, якая загінула ў пакутах ці з якой не выцекла кроў (кроў, як вядома, Тора забараняе ўжываць у ежу; гл. Быц 9:4). Цікава, што выкананне гэтага прадпісання Торы лічылі неабход-
1 Гл.: Сініла Г. В. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Ч. I. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Быцця. Мн., 2003. С. 79—80.
2 Гл.: Тамсама. С. 100.
ным для язычнікаў, якія звярталіся да Адзінага Бога, апосталы Ісуса. Напрыклад, у Дзеяннях Апосталаў сказана наконт празелітаў з язычнікаў: «...напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, задушанага і крыві...» (Дзеян 15:20; паводле Сінадальнага перакладу; у апошнім грэчаскае слова ттктод — пніктос, з тым жа значэннем, што і старажытнаяўрэйскае трэфа, перададзенае як удавленйна). Здаецца, запаведзь, якая забараняе есці мяса жывёлы, не забітай па правілах рытуальнага забою, і ў прыватнасці — разадранай драпежным зверам, а паводле пашыранага разумення — наогул з усялякімі цялеснымі пашкоджаннямі, у тым ліку і ўнутраных органаў, належыць да хукім, што не падлягаюнь асэнсаванню розумам. Але, апрача папярэджання, што мяса хворай ці пашкоджанай жывёлы можа быць небяспечнае для здароўя чалавека, у гэтай запаведзі ёсць вялікі духоўны сэнс, які добра сфармуляваў Дз. У. Шчадравіцкі: «У апошнім вершы раздзела асабліва ўражвае суседства прадпісання пра святасць з указаннем на неабходнасць пазбягаць нячыстай ежы. Здавалася б, гэтыя два палажэнні несупастаўляльныя па сваёй значнасці і не могуць стаяць побач у адным вершы! Аднак у тым і заключаецца жыццёвая сіла і вечная актуальнасць Закону Божага, што ён прымае да ўвагі духоўна-душэўна-цялесны склад чалавека і разглядае ўсе яго ўзроўні і сферы ў іх узаемасувязі: як без адолення ніжэйшых прыступак лесвіцы немагчыма ўзысці на вышэйшыя яе прыступкі, так і без утаймавання і ачышчэння цялесна-душэўнай сутнасці нельга дасягнуць духоўных вышыняў»1.
Асабліва вылучаюцца ў Кнізе Запавету, якую атрымлівае на Сінаі Майсей, загады Божыя, сфармуляваныя ў 23-м раздзеле Кнігі Зыходу. Галоўная іх прыкмета ў тым, што яны ўяўляюць сабою не проста законы ў юрыдычным сэнсе слова, але найперш — духоўныя пажаданні і рэкамендацыі, выкананне якіх дазволіць чалавеку стаць ці застацца'высокамаральным і добрасумленным чалавекам. Гэтыя запаведзі звернутыя перадусім да сумлення чала-
1 ІДедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкнмжне Монсеево. С. 454—455.
века, і падлягаюць яны не столькі суду чалавечаму (хаця, безумоўна, яны тычацца і юрыдычнага суда), колькі суду ўласнага сумлення і суду Божаму. Яны акрэсліваюць кола жыцця, пабудаванага на праўдзе і справядлівасці. Так, на пачатку раздзела сказана: «Не разнось ілжывай чуткі; не давай рукі тваёй ліхадзею, каб быць сведкам гвалту. // He ідзі следам за болыласцю на зло і не вырашай цяжбы, крывячы судом, толькі б схіліцца да большасці. // I жабраку не патурай у цяжбе яго» (Зых 23:1—3).
Якія вялікія і вельмі актуальныя думкі выказаныя ў гэтым невялічкім фрагменце Торы! Па-першае, Закон Божы забараняе разносіць розныя плёткі, ілжывыя чуткі, што так атручваюць жыццё чалавека і часам наносяць вялікую шкоду не толькі стасункам людзей, але і іх здароўю. У арыгінале сказана ло ціса — менавіта «не разнось», а не «не слухай», як у Сінадальным перакладзе (не внймай), і не «не зважай», як у перакладзе В. Сёмухі. Запаведзь мае на ўвазе адразу і тых, хто распускае плёткі і чуткі, і тых, хто слухае, і тых, хто верыць ім. Яўрэйскія мудрацы сцвярджаюць, што распусканне чутак забівае трох: таго, хто гаворыць, таго, хто слухае, і таго, пра каго ідзе гаворка. Маецца на ўвазе таксама — і гэта самая грозная забарона — прамаўленне лжывага сведчання на судзе і немагчымасць аднаму баку пры вырашэнні судовай справы гаварыць і даваць тлумачэнні пры адсутнасці другога. Запаведзь забараняе даваць руку ліхадзею (у арыгінале раша — страшэнны грэшнік, злачынец, менавіта ліхадзей), гэта значыць — падтрымліваць яго думкі, словы, справы. У арыгінале сказана: ліг’ёт эд хамас — быць сведкам гвалту, злачынства (пераклад хамас як «няпраўда» значна памякчае сэнс, хаця, безумоўна, маецца на ўвазе і ўсялякая няпраўда і несправядлівасць). Такім чынам, Тора ставіць перад сапраўдным чалавекам задачу процістаяць усім формам ілжы і ліха ў самы момант іх зараджэння, не падтрымліваць злачынцаў і бязбожнікаў, усімі сіламі абараняць справядлівасць і не быць абыякавымі да лёсу чалавека, які стаў ахвяраю лжы, несправядлівасці, гвалту. Дз. У. Шчадравіцкі піша наконт верша Зых 23:Г. «Калі б толькі гэта... прадпісанне з усяго Закону Божага неадступна выконвалася большасцю людзей, ніякае сацыяльнае або асабістае ліхадзейства не магло б
мець колькі-небудзь шырокага ўплыву і працяглых наступстваў. Ледзве зарадзіўшыся, ліха тут жа згасла б, бо яго не толькі б не падтрымалі людзі, але яно б атрымала з іх боку патрэбнае процідзеянне. У нашы дні гэта справядліва ў такой жа ступені, як і ў глыбокай старажытнасці, і нават яшчэ больш актуальна, чым у тыя часы, бо ў нашу эпоху імгненнага распаўсюджання інфармацыі і дагэтуль нябачаных тэхнічных вынаходстваў усялякае зло мае нашмат больш шанцаў атрымаць “найшырэйшае прызнанне”»1.
He менш важным з’яўляецца і прадпісанне не ісці за большасцю ў злых справах ці ў несправядлівым рашэнні суда. Гэтая забарона Торы мае выключнае значэнне для будаўніцтва жыцця на падмурку сапраўднай чалавечнасці. Тора мудра прадбачыць. што ў чалавеку вельмі глыбока сядзіць схільнасць ісці за большасцю, што вельмі часта агрэсіўная большасць гатовая паглынуць аднаго, хто адстойвае праўду, а натоўп — растаптаць незразумелага генія ці прарока. Запаведзь Торы заклікае нас заўсёды заставацца асобаю з крытычнай свядомасцю, з уласным сумленнем, якое не дазволіць нам ісці за большасцю ў злачынствах ці несправядлівым прысудзе. А наколькі апошняе магчыма, прадэманстравала XX стагоддзе з яго таталітарнымі рэжымамі і знішчэннем вялікай колькасці людзей, і гэтыя рэжымы былі падтрыманыя большасцю, якая ці была абыякавай, ці нават радасна падтрымлівала жудасныя злачынствы. Тора забараняе, незалежна ад пачуццяў — страху ці лжыва зразуметага патрыятызму, ісці за большасцю, якая топча законы справядлівасці і сумлення, тым больш — апраўдваць сябе ў такіх выпадках тым, што ты ідзеш следам за большасцю. Тора катэгарычна настойвае на індывідуальнай адказнасці перад Богам, роўна як і на адказнасці ўсяго грамадства, што пабудаванае на парушэнні правоў асобы.
А што значыць «I беднаму не патурай у цяжбе яго»? Здавалася б, суд хутчэй можа патураць багатаму, які здольны заплаціць хабар. Але справа ў тым, што нікому нельга патураць у злой справе, у злачынстве, нават беднаму, які, безумоўна, можа выклікаць большае спачуванне ў суда (асаб-
1 Шедровнцкмй Д. В. Введенме в Ветхіій Завет: В 8 т Т. 1—3. Пятякнмжне Момсеево. С. 457.
ліва суда прысяжных). Справядлівы суд не можа кіравацца толькі пачуццямі. А ў цэлым патуранне грамадства бедным, акцэнтаванне іх правоў толькі таму, што яны бедныя, няшчасныя, жабракі, можа прывесці да сацыяльнай катастрофы, як і прадэманстравала XX стагоддзе. Таму вельмі слушна піша Дз. У. Шчадравіцкі: «...Закон Божы такі, што да яго няма чаго прыбавіць і ад яго нічога нельга адбавіць {Друг 4:2; 12:32). 1 калі ў ранейшыя стагоддзі прачытаная намі забарона магла разумецца як папярэджанне не патураць беднаму на судзе з-за жалю да яго, але прытрымлівацца справядлівасці, то мы, пасля “пралетарскіх рэвалюцыяў” з іх патураннем “бедным” і пераследаваннем, а часта і татальным знішчэннем “багатых”, можам зірнуць на запаведзь іншымі вачамі. Гістарычны досвед узбагачае чалавека яшчэ і таму, што адкрывае яму новыя грані слова Божага, новы сэнс старажытных запаведзяў»1. Аднак запаведзь «не патураць» беднаму дзейнічае толькі ў сукупнасці з усімі прывілеямі для бедных, прыведзенымі ў Торы раней, а таксама з наступным загадам: «Не адхіляй права беднага твайго ў цяжбе яго» (Зых 23:6).
Далей Тора прыводзіць запаведзі, звязаныя з асаблівым клопатам пра свойскую жывёлу і адначасова — і гэты сэнс яшчэ болыд важны — з асаблівым стаўленнем да ворага, да таго, хто ненавідзіць цябе: «Калі знойдзеш быка ворага твайго ці асла яго, якія заблудзіліся, павінны ты прывесці іх да яго. // Калі ўбачыш асла ненавісніка |таго, хто ненавідзіць цябе] твайго, які ляжыць пад паклажаю сваёю, то не пакідай яго [без дапамогі]: разгрузі яго разам з ім [разгрузіце асла разам]» (Зых 23:5—6). Тора не аднойчы кажа, што чалавек мусіць клапаціцца пра жывёлаў. Паказальна, што вялікая Запаведзь пра Суботу ўключае ў сябе адпачынак і для быка, і для асла, і для ўсялякай жывёлы (Зых 20:10; 23:12; Друг 5:14). Але калі чалавек павінны і здольны паклапаціцца пра «братоў сваіх меншых», дык тым больш, на думку Торы, ён мусіць і здольны паклапаціцца пра блізкага свайго, нават калі гэты блізкі знаходзіцца ў стане адкрытай варожасці з ім ці жыве пачуц-