Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
чынам, то ў Юбілейны год адыдзе сам і дзеці яго з ім; // Бо Мне сыны Йісраэля рабы; яны — Mae рабы, якіх Я вывеў з зямлі Егіпецкай» (Лев 25:54—55). Таму ўжо ў самых старажытных каментарах слова ле-олам («на век», «навечна») разумелася яўрэйскімі мудрацамі як «да Юбілейнага года»1. Усё гэта яшчэ раз падкрэслівае, што свабода — неад’емны найвышэйшы дар Бога чалавеку. Без усялякага перабольшвання можна сказаць, што законы Торы былі самымі чалавечнымі на фоне законаў рабаўладальніцкіх дзяржаваў Старажытнага свету.
Асабліва агаворваюцца ў Торы правы жанчыны як істоты больш слабай, чым мужчына, хаця на першы погляд здаецца, што ўсё наадварот, што правы жанчыны ў чымсьці абмяжоўваюцца: «Калі хто прадасць дачку сваю ў рабыні, то яна не можа выйсці, як выходзяць рабы...» (Зых 21:7). Гэта значыць, што жанчына выходзіць на свабоду інакш, чым мужчына, з большымі прывілеямі. Калі дзяўчына трапіла ў якасці рабыні (служанкі) у дом, то яго гаспадар становіцца яе апекуном і павінны ці ажаніцца з ёю, ці зрабіць наложніцаю (у тыя старажытныя часы палігамія была агульнапрынятым звычаем), ці, калі ён не захоча гэтага, выдаць яе замуж, даўшы ёй пасаг. Калі ж ён і гэтага не зробіць, то абавязаны знайсці яе родных, якія здолеюць яе выкупіць. Пры гэтым гаспадар ні ў якім разе не можа прадаць сваю рабыню прадстаўнікам іншага народа: «Калі яна нягоднаю стала ў вачах гаспадара яе, які прызначыў было яе для сябе, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу прадаць яе ён не ўладны, здрадзіўшы ёй» (Зых 21:8). Класічны каментар тлумачыць, што ён не можа прадаць яе наогул ніякаму іншаму чалавеку. Гаспадар можа прызначыць рабыню свайму сыну, і тады ён павінны ставіцца да яе як да сваёй дачкі (Зых 21:9). 1 нават калі сын потым ажэніцца з другою, то першая павінная застацца членам сям’і, яе нельга «пазбаўляць харчавання, адзення і шлюбнага жыцця з ёю» (Зых 21:10). К.алі ж гаспадар не зробіць нічога з пералічанага, ён павінны проста адпусціць яе дарма: «...няхай яна пойдзе дарма, без выкупу» (Зых 21:11). Класічны каментар падкрэслівае, што гэты
1 Гл., напрыклад: Герц Й. Комментарнй. С. 410.
закон Торы мае дачыненне толькі да непаўналетняй дзяўчынкі, якую бацька аддае ў чужы дом у якасці служанкі і тым самым фактычна заключае яе шлюб з гаспадаром. Мудрацы падкрэсліваюць, што ўчынак бацькі можа быць апраўданы толькі выключнымі вымушанымі абставінамі і што ён абавязаны зрабіць усё, каб дачка трапіла ў добрыя рукі, у дом, дзе яна вырасце і стане жонкай і паўнапраўнай гаспадыняй.
Законы адносна рабоў маюць прамое дачыненне да Запаведзі «Не забі», таму што жорсткае стаўленне да рабоў, да прыгонных можа прывесці да скарачэння іх жыцця і нават у прамы.м сэнсе да забойства. Вось чаму далей у Кнізе Запавету выкладаюцца больш падрабязна законы, звязаныя з Шостай Запаведдзю — Запаведдзю пра святасць чалавечага жыцця і немагчымасць рабіць на яго замах. Няма больш страшэннага злачынства перад тварам Госпада і іншага чалавека. Таму за свядомае забойства чалавека злачынец караецца смерцю: «X^o ўдарыць чалавека так, што той памрэ, хай будзе ён аддадзены на смерць» (Зых 21:12). Падкрэслім, гаворка ідзе пра наўмыснае забойства, ад пакарання за якое не вызваляецца ні той, хто схаваўся ў свяцілішчы ля ахвярніка (так ратаваліся забойцы ў элінскім свеце), ні нават сам святар: «Калі ж хто наўмысна заб’е блізкага свайго з хітрасцю, то ад ахвярніка Майго бяры яго на смерць» (Зых 21:14). Калі Тора спецыяльна не агаворвае від пакарання, маецца на ўвазе смерць праз удушэнне, раўназначная павешанню.
Здаецца, гэта вельмі жорстка. Здаецца, было б лепш, каб Біблія ўвесь час казала толькі пра любоў і міласэрнасць. Але падкрэслім: гаворка ідзе пра найвялікшую каштоўнасць — чалавечае жыццё, і людзей патрэбна прывучыць да разумення гэтай каштоўнасці. «Суровы» Закон Майсееў вельмі часта няправільна проціпастаўляюць запаведзі пра любоў да блізкага, забываючыся пра тое, што яна таксама сфармуляваная ў Торы (Лев 19:18). Вельмі слушна піша наконт гэтага Дз. У. Шчадравіцкі: «Перш чым зразумець, што блізкага можна і належыць любіць, трэба навучыцца хаця б цаніць яго жыццё, падобна да ўласнага. Чалавек недасведчаны і неўтаймаваны можа набыць пэўны навык толькі праз страх. Ён павінны зразумець, што з ім у пака-
ранне адбудзецца тое ж самае, што ён зрабіў свайму блізкаму. I шанаваць чужое жыццё ён навучыцца толькі тады, калі зразумее, што. забіваючы іншага, рызыкуе сам быць забітым; наносячы іншаму пашкоджанне, можа атрымаць дакладна такое ж. Таму пастанова “вока за вока, зуб за зуб” (Зых 21:23—25) не з’яўляецца, як мяркуюць некаторыя, “процілегласцю” евангельскай запаведзі пра любоў да блізкага, але аказваецца яе неабходнаю папярэдняю ўмоваю! Перш чым чалавек навучыцца бачыць у сваім суседзе блізкага і любіць яго, ён павінны прывыкнуць шанаваць само жыццё суседа і цаніць яго вока, зуб, руку і г. д., як свае ўласныя. Паступова, па меры таго як змрок поўнага эгаізму будзе рассейвацца, такі чалавек пачне ўсё лепш “распазнаваць” і ўсё аблічча свайго блізкага... Калі ж злачынца не спыніць у самым пачатку, то ён не навучыцца нават элементарным асновам абыходжання з іншым чалавекам: “Калі ліхадзей будзе памілаваны, то не навучыцца ён праўдзе, — будзе ліхадзейнічаць у зямлі праведных і не будзе глядзець на веліч Госпада” (Іс 26:І0)>3.
На самой справе ў далейшым талмудычным праве, на якім трымаецца і сённяшняе яўрэйскае рэлігійнае заканадаўства, прымаюцца пад увагу шматлікія акалічнасці і нюансы, якія памякчаюць віну забойцы. Каб вынесці смяротны прысуд, патрабуецца, каб была пацверджаная злоснасць яго намеру, тое, што забойца загадзя планаваў злачынства. Больш таго, патрабуецца сведка, які бачыў, што чалавека папярэдзілі пра тое, што ён можа забіць, але ён усё роўна забіў. I яшчэ больш: патрэбна, каб былі два сведкі самога злачынства, бо на аснове паказанняў аднаго сведкі чалавек можа быць абгавораны. Калі прывесці такія доказы немагчыма, прысуд памякчаецца. Усе гэтыя нюансы ўведзеныя ў старажытнае права менавіта таму, што жыццё чалавека — вялікая каштоўнасць, і лепш памыліцца і пакінуць у жывых дзесятак забойцаў, чым ад імя справядлівага суда адняць жыццё ў невінаватага чалавека. Паказальна, што ў цэлым мудрацы Талмуда адмоўна ставіліся да смя-
1 Шедровнцкнй Д. В. Ввсденнс в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятмкннжне Момсеево. С. 435.
ротнага пакарання. У Мішне сказана: «Сангедрын1, які выносіць смяротны прысуд раз у сем гадоў, завецца крыважэрным; рабі Элеазар бэн Азар’я кажа: “Нават раз у 70 гадоў”; рабі Тарфон і рабі Аківа сказалі: “Калі б мы сядзелі ў Сангедрыне, смяротныя прысуды ніколі б не выносіліся”; рабан Шымон бэн Гамліэль сказаў: “Калі так, яны б памножылі лік забойцаў у асяроддзі Ізраіля”» (Макот Г.ІОў. Апошняя фраза значыць, што вялікая колькасць смяротных прысудаў ператварыла б саміх суддзяў у забойцаў. Вядома, што смяротны прысуд не прыводзілі ў выкананне ў той жа дзень, каб павялічыць колькасць магчымых новых сведкаў, якія могуць засведчыць новыя акалічнасці ў апраўданне падсуднага. Нават калі забойцу вялі да месца пакарання, ён мог спыніць працэсію чатыры або пяць разоў, абвясціўшы, што ён успомніў нешта важнае. У такім выпадку суд ізноў павінны быў выслухаць яго. Да таго ж на шляху да месца пакарання вяшчальнік звяртаўся на вуліцах да магчымых сведкаў з прапановаю выйсці і сказаць што-небудзь у абарону асуджанага. Пасля разбурэння Храма законавучыцелі наогул пастанавілі, што Сангедрын страціў права выносіць смяротныя прысуды.
Але на пачатку прывучання народа да жыцця паводле Закону, паводле запаведзяў, верагодна. патрабаваліся суровыя правілы. Безумоўна, Закон усведамляе, што смерць — выключна жорсткая, найвышэйшая ў нашым зямным свеце кара. Закон заўсёды ўлічвае, як ужо адзначалася, самыя розныя, нават дробныя, акалічнасці, якія могуць памякчынь прысуд. Вельмі важнае значэнне мае і шчырае пакаянне злачынца. Але бываюць такія страшэнныя злачынствы, калі душагубу, які адняў з неверагоднай жорсткасцю чужое жыццё (ці нават некалькі), недастаткова толькі пакаяння (тым больш, толькі на словах). Ёсць выпадкі, калі толькі ўласнымі пакутамі і смерцю чалавек можа заплаціць за ўчыненае, толькі праз уласныя пакуты і ад-
1 Сангедрын — трансфармацыя грэчаскага слова «сінедрыён»; вярхоўны суд святароў і законавучыцеляў (пасля разбурэння Іерусалімскага Храма — толькі законавучынеляў), які складаўся з 71 члена.
2 Цыт. па: Смертная казнь // Краткая Еврейская Энцнклопедня: В 10 т. Т. 8. Кол. 57-58.
чуванне набліжэння смерці зразумець сапраўдную кйштоўнасць чалавечага жыцця, цалкам усвядоміць, глыбока перажыць сваю віну і тым самым па-сапраўднаму ўратаваць сваю душу, якая паўстане перад Найвышэйшым Судом. Важна зазначыць, што яўрэйскі рэлігійны закон (Галаха) з самых старажытных часоў забараняе прымяняць хоць якое катаванне злачынцаў, учыняць ім цялесныя пакуты. Больш таго, само пакаранне смерцю павінна мінімальна прыносіць боль; нельга расчляняць цела (адсякаць галаву, рукі, ногі; нагадаем, што такі звычай быў уласцівы язычнікам і доўга трымаўся ў Еўропе, нават калі яна стала хрысціянскай); нельга наогул прымяняць ніякія спосабы пакарання, звязаныя са здзекамі над целам (выколванне вачэй, вырыванне языка, саджанне на кол і г. д.). «Біблейнае прадпісанне любіць блізкага, як самога сябе (Лев 19:18), было інтэрпрэтаванае ў дачыненні да смяротнай кары як патрабаванне караць злачынца найбольш гуманным спосабам (Сангедрын 45а, 52а; Пэсахім 75а; Кетубот 37а). Законавучыцелі Талмуда настойвалі на тым, што судовае пакаранне смерцю павінна быць падобнае спосабу, якім Бог аднімае ў чалавека яго жыццё, г. зн. каб цела не было знішчанае ці знявечанае (Сангедрын 52а; Сіфра 7:9)»'. Тое новае, што прынесла з сабою Тора, асабліва прыкметнае на фоне старажытных культураў. Але і на фоне больш аддаленых ад Старажытнасці і дастаткова блізкіх да нашага часу гістарычных эпохаў бачная асаблівая чалавечнасць законаў Торы, нават калі справа ідзе пра самае страшнае пакаранне — пакаранне смерцю. Так, параўноўваючы законы Торы і славуты Кодэкс Хамурапі (XVI11 ст. да н. э.), рабі Ё. Герц піша: «У Кодэксе Хамурапі амаль не надаецца ўвагі каштоўнасці чалавечага жыцця. У ім мы сустрэнем такія пакаранні, як выколванне вачэй, праколванне вушэй (маецца на ўвазе — барабанных перапонак. — Г. С.), вырыванне языка, адсячэнне рук. Кодэкс кажа пра 34 віды злачынстваў, за здзяйсненне якіх належыць смяротная кара. Да іх маюць дачыненне ўсе віды крадзяжу, уключаючы атрыманне ці куплю маёмасці гаспадара ў раба.