• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 612с.
    Мінск 2004
    150.77 МБ
    1 Соловейчнк Й. Д.-Б. Катарснс. Нерусалнм: Амана; Махананм, 1991. С. 249, 250, 251, 253.
    ляр лічыць, што перавага, аддадзеная рацон эльён, ніяк не здольная прынізіць інтэлект чалавека, яго логас. які быў, напрыклад, настолькі каштоўны для Майманіда, што першы раздзел свайго кодэкса законаў, які стаў класічным у яўрэйскай традыцыі, вялікі філосаф і галахіст назваў Сэфер га-Мада — «Кніга Спасцігальнага». «Падкрэсліванне ролі інтэлекту, — мяркуе рабі Салавейчык, — заўсёды было адметнаю рысаю яўрэйскага жыцця. Але інтэлект абавязаны ўсвядоміць тыя абмежаванні, што існуюць для яго. Ён падпарадкаваны азарэнням веры. Інтэлект ажыццяўляе класіфікацыю і прыкладанне тых асноўных ісцінаў, якія абвяшчае рацон эльён. Гэтае сцвярджэнне Кабалы нясе ў сабе асноўны догмат іудаізму. Жыццёвыя мэты зыходзяць знутры, а інтэлект ачышчае іх ад супярэчнасцяў, плануе іх ажыццяўленне і фармулюе іх лагічнае апраўданне. Паза рацон эльён яўрэі не маглі б аддаваць сябе выкананню сваіх абавязацельстваў, звязаных з патрабавальнаю дыецыплінаю выканання і непарушнаю вераю ў будучае нашага народа»1.
    Так, адказ сыноў Ізраілевых, што стаялі пад гарою Сінай, стаў вялікім інтуітыўным спасціжэннем ісціны, уласнага прызначэння. Пры гэтым важна падкрэсліць: ён не быў несвядомым, бо абапіраўся на пачутыя Дзесяць Запаведзяў і Кнігу Запавету, на ўвесь папярэдні досвед часоў патрыярхаў і іх дыялога з Богам, на досвед пакутаў у рабстве Егіпецкім і вызвалення вялікаю моцаю і вялікімі цудамі Госпада, на досвед цяжкага і павучальнага шляху да Сіная. Без сумневу, момант заключэння Запавету паміж Богам і народам Ізраіля — кульмінацыя не толькі Кнігі Зыходу, але і ўсяго Пяцікніжжа, кульмінацыя ўсёй тытанічнай дзейнасці Майсея: праз заключэнне Саюзу з Богам, праз свядомае і адначасова заснаванае на звышрацыянальным, на веры, прыняцце запаведзяў і нараджаецца, паводле логікі Торы, народ Божы, адбываецца «нараджэнне народа як сакральнай супольнасці» (С. С. Аверынцаў)2. Цяпер народ Ізраіля становіцца народам Божым, які мусіць несці ідэю Адзінабожжа, асвячаць — найперш выкананнем за-
    1 Соловейчнк Й. Д.-Б. Катарсвс. С. 254—255.
    2 Аверннцев С. С. Древнееврейская лнтература // Нсторвя всеммрной лнтературы: В 9 т. М.: Наука, 1983. Т. 1. С. 282.
    паведзяў — Імя Госпада, каб ажыццявілася сказанае Ім некалі праайцу Аўрааму: «...і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя» (Быц 12:3). Падкрэсліваючы лёсавызначальную важнасць гэтага моманту біблейнай гісторыі як для яўрэйскага народа, так і для ўсяго чалавецтва, выдатны рускі рэлігійны мысляр Уладзімір Салаўёў пісаў: «Аддзяліўшыся ад язычніцтва і ўзняўшыся сваёю вераю вышэй за халдзейскую магію і егіпецкую мудрасць, родапачынальнікі і правадыры яўрэяў сталі вартыя Боскага выбрання. Бог выбраў іх, адкрыўся ім, заключыў з імі Саюз. Саюзная Дамова, або Запавет, Бога з Ізраілем складае сэрца яўрэйскай рэлігіі»1.
    Пасля ўрачыстага заключэння Запавету Майсей, Аарон і яго старэйшыя сыны — Надаў (Надав) і Авігу, або Авіу (у рускім Сінадальным перакладзе — Авнуд). а таксама семдзесят старэйшынаў Ізраіля ўзыходзяць на Сінай і ўдастойваюцца бачання асаблівай і, як заўсёды, вельмі таямнічай Тэафаніі: «I ўзышлі Машэ і Агарон, Надаў і Авігу, і семдзесят старэйшынаў Йісраэля, // 1 бачылі яны Бога Йісраэля; і пад нагамі Яго — нібыта апрацаваная цагліна з сапфіру, чыстага, як само неба. // I на выбраннікаў з сыноў Йісраэля не прасцёр Ён рукі Сваёй. 1 бачылі яны Бога, і елі, і пілі» (Зых 24:9 —11). Увесь фрагмент уражвае, з аднаго боку, лаканізмам і візуальнасцю вобраза (асабліва ўрэзваецца ў памяць «цагліна з сапфіру, чыстая [празрыстая], як само неба»), а з другога — абсалютнай незразумеласцю і складанай сімволікай. Што значыць «і бачылі яны Бога Йісраэля»? Што на самой справе бачылі прарок Майсей, тры будучыя святары і семдзесят старэйшынаў? I што азначае «цагліна з сапфіру», якая «пад нагамі» Бога. г. зн. уяўляе сабою Яго «падножжа»? 1 што ўсе, хто бачыў гэтую Тэафанію, «елі і пілі»?
    Зазначым, што, безумоўна, само ўзыходжанне асобных прадстаўнікоў народа Ізраіля, апрача Майсея. на Сінай, сімвалізуе новую духоўную ступень, на якую ўзышоў увесь народ Ізраіля пасля заключэння Запавету з Богам. Паводле ўказання Бога для яшчэ больш высокага духоўнага ўзыходжання выбраныя найлепшыя: прарок Майсей, які ўжо
    1 Соловьев В С Нсторня н будушность теократнн // Соловьев В. С. Сочннення. СПб., 1911 — 1914. Т. 4. С. 435.
    не аднойчы ўзыходзіў на гару Божую і ўсё жыццё якога — несупыннае ўзыходжанне; яго брат Аарон, які не толькі надзелены прароцкім дарам, але і стане першым святаром, больш таго — першым першасвятаром (галоўным святаром, які мусіць узначальваць служэнне ў Скініі, а потым у Іерусалімскім Храме), а два яго сыны прызначаныя быць яго духоўнымі пераемнікамі; семдзесят старэйшынаў, якія яшчэ ў Егіпце даказалі сваю любоў і вернасць народу Ізраіля і выконвалі ўсе загады Бога, перададзеныя Ім праз Майсея. Заўважым, што ў пераліку тых, хто ўзыходзіць на Сінай, настойліва паўтараюцца сакральныя лікі: 1. 3, 70.
    Бог адкрывае Сваім выбраннікам асаблівы гірароцкі відзеж, які не мог бачыць увесь народ Ізраіля. Нагадаем: падчас прамаўлення Госпадам Дзесяці Запаведзяў народ таксама знаходзіўся ў прароцкім стане, бачыў густое воблака над гарою, бачыў агонь і дым, у які ператварыўся ўвесь Сінай, бачыў нават грымоты і самі агнявыя словы Божыя, але, як настойліва падкрэслена будзе пазней у Кнізе Другазаконня, людзі «вобраза не бачылі, толькі голас» (Друг 4:12). Тыя ж, хто ўзышлі зараз на Сінай, «бачылі» вобраз. Як можна «бачыць» Бога, калі Біблія ў шматлікіх месцах сцвярджае, што Яго нельга бачыць, што Ён не можа быць падобны ні на адну са з’яваў створанага 1м свету, не можа быць лакалізаваны ні ў адной кропцы прыроднай прасторы? Так, цар Саламон у сваёй малітве да Бога падчас асвячэння збудаванага ім Храма скажа: «Але сапраўды, хіба будзе Бог жыць на зямлі? Неба і нябёсы нябёсаў не могуць змясціць Цябе, тым менш — гэты Дом, які я пабудаваў» (3 Цар 8:27). Прарок Ісая, падкрэсліваючы, што Бог прынцыпова нябачны, нецялесны, што Яго немагчыма ні з кім і ні з чым параўнаць, ад імя Бога задае рытарычнае пытанне: «3 кім параўнаеце Мяне і супаставіце, прыпадобніце Мяне каму, каб мы падобныя былі?» (1с 46:5). Самому Майсею, які наблізіўся да Бога, бадай што, бліжэй за ўсіх людзей з тых, хто жыў на зямлі, Гасподзь скажа, што чалавеку ў яго зямным досведзе нельга ўбачыць Твар Божы: «...ты Твару Майго бачыць не можаш, бо чалавек не можа бачыць Мяне і застацца жывы» (Зых 33:20). У той жа час у шматлікіх месцах Пісання Бог метафарычна апісваецца з дапамогаю антрапамарфізмаў як Уладар Сусвету,
    часта неверагодна гіганцкіх памераў, як Істота, якая жыве пад велічэзным шатром нябёсаў: «Ён Той, Хто сядзіць над колам зямным, і тыя, хто жывуць на ёй, — як саранча |перад Ім]; Ён распасцёр нябёсы, як тонкую заслону, і раскінуў іх, як шацёр для жылля» (Іс 40:22). Яшчэ ў Кнізе Быцця выбраннікі Божыя, надзеленыя асаблівым візіянерскім дарам, сузіраюць Бога ў пэўным вобразе. Так, у славутым сне-відзежы Яго бачыць як «Таго, Хто стаіць наверсе лесвіцы» (Быц 28:13) патрыярх Іакаў. Як Таго, Хто сядзіць на троне, бачыць Бога ў сцэне свайго прароцкага заклікання прарок Ісая: «У год смерці цара Узійагу бачыў я Госпада, які сядзіць на троне высокім і велічным...» (Іс 6:1). Як нейкае «падабенства чалавека» на таямнічым троне ўбачыць Госпада ў сваім славутым відзежы прарок Іезэкііль (Іез I). У выглядзе велічнага Старца ў белым адзенні, з валасамі, белымі, як воўна, на троне, што падобны на полымя агню, бачыць Госпада прарок Даніэль (Дан 7:10).
    Кожны раз у такой сцэне гаворка ідзе не пра бачанне чагосьці цялеснага, прадметнага і нават не пра бачанне ў звычайным сэнсе слова: кожны раз убачанае візіянерампрарокам — не болей, чым метафара яго ўнутранага сузірання, выяўлення ім праз знешняе, зрокавае, бачнае таго, што прынцыпова не падлягае бачанню. Нездарма іўрыцкі дзеяслоў pad («бачыць»), як, уласна кажучы, і яго славянскі пераклад, мае яшчэ значэнне «ўспрымаць», «спасцігаць», «упэўнівацца», «пазнаваць». Дзеяслоў «убачыць» мы ўжываем і тады, калі гаворка ідзе пра прынцыпова нябачныя рэчы, напрыклад: «Я ўбачыў, як цяжка яму перажыць усё гэта...» Часта мы маем на ўвазе ўнутранае бачанне. Так і Пісанне, калі гаворка ідзе пра Бога, мае на ўвазе бачанне ўнутранае, духоўнае. Больш таго, Біблія даносіць да нас, што асобныя людзі сапраўды могуць быць надзеленыя дарам асаблівага духоўнага зроку, які дазваляе ім бачыць тое, што іншыя, нават калі яны знаходзяцца побач, не бачаць. Гэта бачанне духоўных суіснасцяў, недаступных звычайнаму зроку. Менавіта пэўную духоўную існасць, звязаную з Таямніцай Божай, убачылі і тыя, хто ўзняўся з Майсеем на Сінай. Класічны яўрэйскі каментар тлумачыць, што яны ўбачылі Славу Бога Гзраіля, а нешта, падобнае да цагліны з сапфіру (у арыгінале — сапір\ слова было за-
    пазычана ў іншыя мовы менавіта з іўрыту), — Трон Славы Божай, які быў падобны на трон, выраблены з каштоўнага каменя (так тлумачыцца і ў Таргуме Анкеласа). Рабі Ё. Герц адзначае: «Тое, што адкрылася ім, не можа быць апісанае ніякімі словамі, таму што выходзіць за межы вядомага людзям. Ніводны прарок не ўспрымае прароцкі відзеж як вобразы, што маюць дачыненне да матэрыяльнага свету. Ён служыць для яго сродкам спасціжэння найвышэйшых прынцыпаў, якія раскрываюць, як Усявышні кіруе светам»1.
    Магчыма, часткова зразумець, што бачылі тыя, хто ўзышоў на Сінай з Майсеем, дапаможа славуты відзеж Нябеснай Калясніцы — Меркавь'і — у першым раздзеле Кнігі прарока Йехэзкэля (Іезэкііля), дакладней — апошнія вобразы гэтага відзежу, што малюе таямнічых жывёлаў з рознымі тварамі і дзвюма парамі крылаў: «I гучаў голас над купалам, які над галовамі іх, калі яны спыняліся, апусціўшы крылы свае. // Над купалам жа, які над галовамі іх, — відзеж Трона, падобны да каменя сапфіру, і над вобразам гэтага трона — відзеж, падобны да чалавека, на ім зверху. // 1 ўбачыў я нібыта ззянне з аправаю, падобнаю да агню, вакол яго — ад выгляду сцёгнаў яго і вышэй; і ад выгляду сцёгнаў яго і ніжэй — я бачыў падабенства агню і ззянне вакол яго. // Як выгляд вясёлкі, што бывае ў аблоках у дзень дажджу, такі і выгляд ззяння таго вакол; гэта — відзеж падабенства Славы Гасподняй. // 1 ўбачыў я, і ўпаў на твар свой, і пачуў голас, які гаворыць» (Іез 1:25—28; у Сінадальным перакладзе — Іез 1:25—2:1). Паказальна, што і ў прарока Іезэкііля фігуруе сапфір у якасці матэрыялу, з якога зроблены Трон Славы Гасподняй (дакладней, як кажа прарок, гэта відзеж Трона, усяго толькі падобны да сапфіру). Магчыма, сапфір у відзежы Іезэкііля з’явіўся менавіта таму, што ён ужо ўзгадваўся ў Кнізе Зыходу. Паказальна таксама, як настойліва прарок паўтарае словы «відзеж» (марэ) і «падабенства» (дэмут, або дмут), падкрэсліваючы. што яго відзеж не мае ніякай матэрыяльнай прыроды і што гэта — толькі набліжэнне да Існасці, якую нельга ні ўявіць, ні выявіць, ні выказаць, што гэта — толькі відзеж Славы