Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
«1 ўбачыў Агарон, і збудаваў ахвярнік перад ім [быком|, і абвясціў Агарон, сказаўшы: свята Госпаду заўтра. //
1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Моясеево. С. 582.
I ўсталі яны рана на наступны дзень, і ўзнеслі ўсеспаленні, і прынеслі ахвяры мірныя; і сеў народ есці і піць, і ўзняліся весяліцца» (Зых 32:5—6). Паводзіны Аарона знешне ізноў здаюцца незразумелымі. «1 ўбачыў Агарон...» — убачыў, што народ усё роўна будзе святкаваць свята і служыць язычніцкаму ідалу. Але, як можна зразумець, у сэрцы Аарона ўсё яшчэ жыве надзея, што гэтае свята пераўтворыцца ў свята менавіта Госпаду, што ён і кажа настойліва народу. Магчыма, Аарон меў на ўвазе хуткае вяртанне Майсея са Скрыжалямі Запавету. Прарок і сапраўды спусціцца з гары Божай назаўтра; яго прыход мог бы стаць найвялікшым святам для народа, але стаў днём смутку і посту — на адвечны ўспамін пра грэх пакланення залатому быку. Ізноў надзеі Агарона не спраўдзіліся, і ён ужо ніяк не мог уздзейнічаць на людзей, якія ўпалі ў грэх ідаласлужэння. Назаўтра, прынесшы ахвяры перад ідалам (і, можа, менавіта так, як загадаў прыносіць ахвяры Госпаду Майсей), народ пачаў есці ахвярнае мяса і піць віно, частка якога была вылітая на ахвярнік, скакаць вакол быка і весяліцца. У арыгінале літаральна сказана, што народ падняўся «смяяцца» — лехацэк. Такі «смех» мае на ўвазе язычніцкія вакханаліі, звязаныя з оргіямі, з распусньімі «гульнямі», якія былі абавязковым атрыбутам язычніцкіх святаў урадлівасці, асабліва містэрыяльных (напрыклад, містэрыі Асірыса, Тамуза, Баала). У адрозненне ад такой «весялосці» святы Госпада вымагаюць ад чалавека духоўнай узнёсласці, высокай радасці, якая звычайна абазначаецца словам сімха. Так, у Кнізе Другазаконня, калі Майсей будзе тлумачыць народу законы святаў, запаведаных Госпадам, ён не аднойчы паўторыць: «I весяліся |радуйся; вэ-самахта\ перад тварам Госпада, Бога твайго...» (Друг 16:11\ параўн. Друг 16:14).
Тым часам Майсей рыхтаваўся сыходзіць з Сіная са Скрыжалямі Запавету, але з ім усё яшчэ гутарыў Усявышні. «1 сказаў Гасподзь Машэ: ідзі, сыдзі ўніз, бо разбэсціўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Егіпецкай. // Хутка адхіліліся яны ад шляху, які Я запаведаў ім: зрабілі сабе быка літага і пакланіліся яму, і прынеслі яму ахвяры, і сказалі: вось бог твой, Йісраэль, які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай» (Зых 32:7—8). Можна ўявіць сабе, як ашаламілі пра-
рока гэтыя словы Госпада, бо ён і падумаць не мог, што народ так хутка забудзецца пра тыя клятвы, што дадзеныя былі пры заключэнні Запавету. Вялікі смутак гучыць у словах Божых: «Хутка адхіліліся яны ад шляху, які Я запаведаў ім...» Так, вельмі хутка: прайшло ўсяго сорак дзён з дня ўрачыстага заключэння Саюзу з Богам. Гэты Саюз, як ужо не аднойчы адзначалася, вымагае ад народа вялікай адказнасці, палымянай веры, адданай любові. Усявышні ж ужо даказаў свой клопат і сваю вялікую любоў Свайму народу. 3 болем і гневам Ён дае зразумець Майсею, што, напэўна, дарэмнымі былі ўсе спадзяванні на гэты ўпарты і няўдзячны народ: «...бачу Я народ гэты, і вось, народ жорсткахрыбетны ён. // А цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я вынішчу іх, і зраблю цябе народам вялікім» (Зьа 32:9—10). Гэтыя горкія і жорсткія словы. напэўна, прымусілі прарока здранцвець ад роспачы і страху за яго народ.
«Жорсткахрыбетны», або «жорсткашыі», — так характарызуе Бог яўрэйскі народ. У арыгінале сказана: кэшэ-орэф, што літаральна значыць «цвёрды патыліцаю», «цвёрды шыяю», «упарты хрыбтом». Гэта значыць, што народ не жадае скарыцца волі Божай, падпарадкавацца ёй абсалютна. Рабі Ё. Герц падкрэслівае, што гэта «вобразнае параўнанне з упартым быком, які не дае надзець сабе на шыю ярмо. Упартасць народа выявілася ў яго нежаданні поўнасцю палажыцца на Усявышняга нават пасля таго, як сыны Ізраіля сталі сведкамі дзесяці пакаранняў, што абрынуліся на Егіпет, дзівоснага выратавання на моры і раскрыцця Боскай Прысутнасці ля гары Сінай»1. Такая ўпартасць. жорсткахрыбетнасць, безумоўна, дрэнная якасць, калі гаворка ідзе пра стасункі паміж чалавекам і Богам. Але, з другога боку, вялікі эпас пра Зыход якраз гаворыць нам пра неабходнасць выпроствання хрыбтоў прыгнечаных — і ў фізічным, і ў маральным сэнсе. Людзі павінныя навучыцца адчуваць сябе людзьмі з уласнаю годнасцю і воляю, павінныя высока трымаць галаву. Сам Гасподзь абяцае, што Ён будзе весці Свой народ менавіта выпрастаным — комэміупт. «Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай,
Герц Й. Комментармй. С. 486.
каб не быць вам у іх рабамі, і зламаў жэрдкі ярма вашага, і павёў вас выпрастанымі [з паднятаю галавою]» (Лев 26:13). Такім чынам, паводле логікі Торы, у дачыненні да ўсялякіх формаў прыгнёту чалавек мусіць выпрацоўваць у сабе такую якасць, як «жорсткахрыбетнасць», цвёрдасць волі, нежаданне скарыцца тыраніі. Але ўлада Божая — адзінае, што вызваляе, як ужо адзначалася, ад усіх формаў сацыяльнай залежнасці і тыраніі. Таму праяўляць гэтую «жорсткахрыбетнасць» у дачыненні да загаду Бога — грэх. Менавіта што непадпарадкаванне Яму часта вядзе да схілення галавы перад самымі нізкімі сіламі і пачаткамі жыцця. Але нездарма народная мудрасць кажа, што нашы заганы — працяг нашых добрых якасцяў, і наадварот. I, як мудра падкрэслівае старажытная Агада, негатыўныя рысы характару, пераасэнсаваныя праз прызму пакаяння, здольныя ўзвысіцца і стаць годнымі. Так і «жорсткахрыбетнасць» народа Ізраіля пасля шчырага пакаяння абернецца цвёрдасцю ў выкананні Закону Божага, незгінальнасць хрыбта — непахіснасцю і нязломнасцю веры ў самых трагічных акалічнасцях лёсу. Як слушна заўважае Дз. У. Шчадравіцкі, «якраз “жорсткахрыбетнасць” народа Ізраіля з цягам часу, пасля пакаяння, пераўтварылася ў цудоўную рысу — у безумоўную вернасць Адзінаму Богу і Яго Закону, ад якой не змаглі адвучыць ізраільцянаў тысячагоддзі ганенняў, знішчэнняў, гвалтоўных зваротаў у іншыя рэлігіі...»1
Але пакуль што з вялікаю скрухаю Гасподзь гаворыць пра гэтую «жорсткахрыбетнасць», якая ў Яго вуснах становіцца сінонімам надзвычайнай упартасці народа, няздольнасці адмовіцца ад старога, рабскага погляду на рэчы, прыняць Саюз з Богам, а з ім — сапраўдную свабоду як усвядомленую неабходнасць. Цяпер, калі Запавет парушаны ў самым сваім істотным пункце, Гасподзь мае права жорстка пакараць народ. Пры гэтым Ён не адмаўляецца ад ідэі выбранага народа як свайго кшталту свядомага «інструмента» ў Яго руках па пераўтварэнні і гарманізацыі свету, ад ідэі «святога народа», прызначанага служыць для другіх народаў высокім узорам маральнай дасканаласці і сапраўднай адданасці Богу. Толькі цяпер Гасподзь вырашае ўтва-
1 Шедровшікмй Д. В. Введенне в Ветхмй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакнмжне Монсеево. С. 584.
рыць гэты новы народ ад самога Майсея: «...і зраблю цябе народам вялікім» (Зых 32:10). Можа, Хто іншы на месцы Майсея ўзрадаваўся б і нават «учапіўся» за гэтую ідэю: гэта ж такі вялікі гонар — самому стаць праайцом народа Божага. Але не такі Майсей, «лагоднейшы з усіх людзей на зямлі» (Лік 12:3), як вызначае яго Тора, самы сціплы з усіх людзей, як характарызуе яго яўрэйская каментатарская традыцыя. Можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта таму ніхто іншы і не здольны апынуцца на месцы вялікага прарока. Майсея не толькі не ўзрадавала перспектыва стаць родапачынальнікам выбранага народа, але і прывяла ў жах, бо ён усімі сіламі сваёй душы любіў менавіта гэтых, яшчэ недасканалых, людзей, менавіта гэты ўпарты народ, на разумную волю і палымянасць веры якога ён спадзяваўся. 1 яшчэ: ужо была доўгая гісторыя выпрабаванняў, пакутаў, веры, што пачалася яшчэ з праайцоў, з Аўраама. 1 як ні скаваны жахам прарок, як ні ўзрушаны ён да глыбіняў духу, ён разумее: патрэбна размаўляць з Богам далей, бо Ён — Бог Жывы, Жывая Асоба, здольная не толькі гневацца, але і дараваць. Усявышні ж нездарма адпраўляе Майсея са Сваіх вачэй: пакуль прарок побач з 1м, сваёю вераю і вернасцю ён памякчае гнеў Божы, не дае яму разгарэцца. Таму і сказана: «А цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я вынішчу іх...» (Зых 32:10). Напэўна, Майсей тонка адчувае гэта і таму асмельваецца гаварыць, хадайнічаць за свой народ. Ён моліць Усявышняга за свой народ, просіць Яго адмовіцца ад гневу, хаця б дзеля Сябе Самога, дзеля Сваіх намаганняў, бо гэта ж Ён, Гасподзь, вывеў народ з Егіпта, дзеля Сваёй Славы, каб не змаглі егіпцяне зларадна сказаць, што Бог вывеў яўрэяў з іх краіны толькі для таго, каб забіць іх: «I Машэ стаў маліць Госпада, Бога свайго, і сказаў: навошта, Госпадзі, узгарацца гневу Твайму на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю? II Навошта егіпцянам казаць: “Са злосцю вывеў Ён іх, каб забіць іх у гарах і каб вынішчыць іх з твару зямлі”? Пакінь полымя гневу Твайго і адмяні знішчэнне народа Твайго» (Зых 32:11—12). Прарок нагадвае таксама Усявышняму пра вернасць Яму яўрэйскіх патрыярхаў, пра тое, што Ён кляўся Сабою, што аддасць іх нашчадкам Ханаан: «Успомні Аўрагама, Йіцхака і Йісраэля, pa-
боў Тваіх, якім кляўся Ты Сабою і казаў ім: “Памнажаючы, памножу нашчадкаў вашых, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам Я нашчадкам вашым, і будуць валодаць [ёю| вечна”» (Зых 12:13). Сіла малітвы і моц духу Майсея такія, што яму ўдаецца пераканаць Бога адмовіцца ад задумы знішчэння народа. і ў гэтым эпізодзе яскрава выяўляецца асаблівая рыса характару прарока: не толькі найвышэйшая пакорлівасць волі Божай, але і высокая сыноўняя дзёрзкасць, здольнасць спрачацца з Богам у імя ажыццяўлення Яго найвышэйшай задумы, здольнасць верыць у сілы народа нават тады, калі Гасподзь у іх сумняваецца. «I адмовіўся Гасподзь ад ліха, пра якое сказаў, што зробіць яго народу Свайму» (Зых 32:14).
Такім чынам, Майсей здолеў памякчыць гнеў Божы. уратаваць свой народ. Тым не менш, у страшнай трывозе прарок спяшаецца спусціцца з гары, каб разабрацца. што адбылося, чаму сталася магчымае падзенне народа, у якім стане ён знаходзіцца. Нагадаем: прарок сыходзіць з Сіная з самаю галоўнаю каштоўнасцю і святыняю — Скрыжалямі Запавету, створанымі Самім Богам: «I павярнуўся, і сышоў Майсей з гары; і дзве Скрыжалі Адкрыцця ў руцэ яго, Скрыжалі з надпісам з абодвух бакоў: з аднаго і з другога было на іх напісана. // 1 Скрыжалі гэтыя былі справаю Божаю, а пісьмёны — пісьмёны Божыя, накрэсленыя на Скрыжалях» (Зых 32:15—16). 3 гэтымі таямнічымі «пісьмёнамі Божымі» ў болыіі позняй традыцыі, асабліва містычнай, звязваецца Боскае паходжанне самога іўрыцкага алфавіта, а таксама містыка літараў: кожная з дваццаці дзвюх літараў старажытнага алфавіта ўтрымлівае ў сабе таямніцы духоўнага свету. Як кажа Агада, дзівосныя сапфіравыя Скрыжалі, на якіх прарэзаныя наскрозь літары чыталіся з абодвух бакоў каменных дошак, валодалі такою сілаю, што, калі б не грэх пакланення залатому быку, калі б не страта першапачатковых Скрыжаляў, не давялося б народу Гзраіля сілаю заваёўваць Ханаан. Усё адбылося б па слове Божым: «Жах Мой пашлю перад табою, і ў збянтэжанасць прывяду ўсялякі народ. да якога ты прыйдзеш, і павярну да цябе ўсіх ворагаў тваіх тылам; // Пашлю перад табою шэршняў, і яны пагоняць ад твару твайго хівеяў, кенаанеяў і хецеяў [хетаў]...» {Зых 23:27—28). Але, як вядома, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, і ўсё адбылося так, як адбылося.