Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
Майсей спускаецца з Сіная і праз пэўны час сустракаецца з верным Йегашуа бін Нунам, які, як ужо было сказана, з нецярплівасцю чакаў прарока ўсе сорак дзён ля самай падэшвы гары і не вяртаўся ў стан. Машэ і Йегашуа разам ідуць да стана і праз некаторы час чуюць шум і поклічы, якія даносяцца адтуль. Ваяўнічы Йегашуа вырашыў, што гэта шум бітвы, што чарговыя ворагі напалі на ізраільскі стан і, напэўна, выняў свой меч з ножнаў. Але прарок сумна кажа яму: «Гэта не гучны покліч перамогі і не гучны крык паражэння: покліч бурнай весялосці чую я» (Зых 32:18). I калі яны яшчэ больш наблізіліся да стана, прарок убачыў відовішча, што ўразіла яго ў самае сэрца: народ, які так нядаўна прысягаў на вернасць Госпаду, скача вакол быка і прыпявае: «Вось Гасподзь, Бог наш, Які вывеў нас з зямлі Егіпецкай, з дому рабства...» Яны — як дрэнныя вучні, што «зазубрылі» ўрок, не разумеючы яго сэнсу... У страшным гневе, у стане гранічнага афекту Майсей разбівае самае каштоўнае, што ў іх ёсць, — зробленыя Божай рукою Скрыжалі Запавету, ударыўшы іх аб каменнае падножжа Сіная: «...узгарэўся гнеў Машэ, і кінуў ён з рук сваіх Скрыжалі, і разбіў іх пад гарою» (Зых 32:19). Гэты момант — адзін з самых горкіх у жыцці Майсея. Здаенца, з разбітымі Скрыжалямі разбіліся ўсе яго спадзяванні, усе надзеі калі-небудзь убачыць гэты натоўп рабоў сапраўдным народам Божым, годным высокага Запавету. Але ж, як мы бачылі, Майсей ужо хадайнічаў за свой народ, ужо, уласна кажучы, адвёў ад яго страшэнны гнеў Божы. Навошта ж гэты яго ўласны гнеў? Навошта ён разбівае Скрыжалі? Дарэчы, у апошнім гісторыкі бачаць пацверджанне асаблівага рытуалу, які быў прыняты на Старажытным Блізкім Усходзе: калі не выконваліся ўмовы саюзу паміж сюзэрэнам і васалам, каменныя дошкі з умовамі саюзу менавіта разбіваліся. Значыць, Майсей лічыць, што Запавет з Богам непапраўна парушаны? У чым жа сэнс яго хадайніцтва за народ перад Госпадам?
Па-першае, трэба адзначыць, што Майсей — жывы чалавек, які ведае імгненні вострага болю і амаль гранічнай роспачы. Таму і для яго не проста веданне, бо ён і раней ведаў з вуснаў Госпада, але канкрэтнае бачанне, у якім стане духоўнага падзення апынуўся народ, настолькі няс-
церпнае, што яго ахоплівае вялікі гнеў, і менавіта ў гневе ён разбівае Скрыжалі. Мудрацы Талмуда адзначалі, што гнеў, стан афекту, калі чалавек разбурае і крышыць усё, што трапляе пад руку, — дрэнная якасць чалавека. Але выключэнне яны робяць для гневу, звернутага супраць ідалапаклонніцтва: тут само разбурэнне пераўтвараецца ў працэс пазітыўны, стваральны (і далей тэкст прадэманструе, як у гневе Майсей знішчае ідала-быка). Але чаму разбітыя Скрыжалі? Яны ж не з’яўляюцца прадметам ідалапаклонніцкага культу? Учынак прарока, хоць і здзейснены ў стане афекту, мае сваю логіку, і гэта — па-другое. Майсей з горыччу і болем дае зразумець народу: ён так нізка заняпаў духоўна, што Скрыжалі ўжо не дапамогуць, калі людзі не зробяць кардынальных высноваў, не здзейсняць асаблівых намаганняў, каб пераадолець гэты заняпад. Прароку важна, каб народ адчуў усю вастрыню і лёсавызначальнасць моманту. Па-трэцяе, як адзначаюць яўрэйскія мудрацы, каб успрыняць дар Усявышняга, людзі мусяць быць падрыхтаванымі да ўсведамлення яго высокай духоўнай сутнасці. Усялякі грэх, тым больш ідалапаклонніцтва, прыводзіць да страты тонкасці і глыбіні ўспрыняцця дару Божага, і людзі бачаць толькі знешнюю яго абалонку і ёй пакланяюцца, а гэта мяжуецца з ідалапаклонніцтвам. Як тонка заўважае рабі Ё. Герц, «калі б народ, пакінуўшы залатога быка, кінуўся да Машэ, каб зірнуць на Скрыжалі, мэта ўсё роўна не была б дасягнутая: дар Усявышняга, раскрыццё Яго Прысутнасці і Яго Запаведзі яны ўспрынялі б як ідалапаклоннікі»1. Тое, што Майсей ніяк не караецца Богам за разбіццё Скрыжаляў, сведчыць, што дзейнічае ён не проста паводле ўласнай волі, але падпарадкуючыся волі Божай.
Тэкст Торы не дазваляе адназначна меркаваць, ці бачылі людзі, як прарок разбіў Скрыжалі, але хутчэй за ўсё бачылі, хутчэй за ўсё ён зрабіў гэта прылюдна, каб даць вялікі ўрок народу. Аднак адзін факт застаецца фактам: людзі не кінуліся да прарока з усведамленнем віны, з імкненнем перашкодзіць страце найкаштоўнейшага дару Божага. Можа, яны проста здранцвелі ад нечаканасці, ад страху,
1 Герц Й. Комментарнй. С. 487.
ад жаху за свой учынак? Здаецца, далейшы тэкст дае зразумець, што гэта не зусім так. Ва ўсялякім выпадку, гэта быў не святы страх Божы, а жах, што суровы прарок пакарае іх. Ён жа, апантаны ўсё тым жа шаленствам гневу, пачаў знішчаць ідала: «I ўзяў быка, якога яны стварылі, і спаліў яго ў агні, і сцёр у пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў піць яе сынам Йісраэля» (Зых 32:20). Гэтыя дзеянні Майсея нагадваюць прыгатаванне свайго кшталту «вакцыны» супраць ідалапаклонніцтва: выпітая вада, у якой попел знішчанага ўшчэнт ідала, павінная назаўжды стаць проціяддзем ад усялякага служэння іншым багам. Мудрацы Талмуда супастаўляюць гэты эпізод з запаведдзю, якая прыводзіцца ў 5-м раздзеле Кнігі Лікаў. У адпаведнасці з ёю, калі жанчына засталася ў памяшканні адна з чужым мужчынам, а перад гэтым была папярэджаная сваім мужам, што гэтага рабіць нельга, муж павінны развесціся з ёю. Калі ж ён не хоча гэтага рабіць, ён мусіць прывесці яе ў Храм, каб святар (когэн) напаіў яе вадою, у якой раствораны пергамент з урыўкам Торы, што змяшчае святое невымоўнае Імя Госпада. Лічылася, што такая вада магла паказаць на вінаватасць ці невінаватасць жанчыны: у першым выпадку жанчына захворвала і гінула, у другім — заставалася здаровай, болыл таго — выпітая вада станавілася для яе дабраславеннем. Як мяркуюць каментатары, нешта падобнае адбывалася і тады, калі Майсей прымушаў людзей піць ваду з попелам быка: тыя, хто быў непасрэдна вінаваты ў ідалапаклонніцтве, гінуў, а астатнія заставаліся жывыя. Але Тора ў гэты момант нічога не кажа пра пакаранне людзей. Аналогія ж мудрацоў нагадвае, што тыя стасункі, якія ўсталёўвае праз Свой Запавет з суполкаю выбранага народа Усявышні, заснаваныя на вернасці і адданасці. яны не церпяць здрады. Важна і тое, што ўрэшце Бог, споўнены сапраўднай любові, даруе грэх людзям, якія несвядома саграшылі, памыліліся, палічылі, што Бог Ізраіля можа паўстаць у выглядзе быка.
А пакуль Майсей у гневе дакарае найперш свайго брата за тое, што праявіў маладушнасць і не толькі не ўтрымаў народ ад падзення, але і дапамог ім стварыць ідала: «Што зрабіў табе народ гэты, што навёў ты на яго грэх вялікі?» (Зых 32:21). Гэтае ва ўпор пастаўленае пытанне адназнач-
на сведчыць пра віну Аарона, нават калі суб’ектыўна ён не хацеў таго, што адбылося. Нездарма Тора далей пакажа, якія цяжкія страты панясе першасвятар за свае паводзіны ў эпізодзе са стварэннем быка. Як заўважае Дз. У. Шчадравіцкі, «у апісанні граху першасвятара выяўляецца праўдзівасць і шчырасць біблейнага аповеду: усялякая тэндэнцыйная крыніца, асабліва складзеная святарамі, павінная была б змоўчаць пра такое сур’ёзнае парушэнне запаведзі Божай продкам усіх святароў»1. Так, безумоўна, паводзіны Аарона, якія вельмі цяжка патлумачыць рацыянальна, што і адзначае, напрыклад, рабі Герц2, з’яўляюцца вельмі важкім доказам як шчырасці, так і старажытнасці тэксту Кнігі Зыходу: эпізод ніяк не быў скарэктаваны ці апушчаны пазней, пры рэдактуры тэксту, і ніяк не мог узнікнуць у эпоху развітога храмавага культу і тым больш у пасляпалонную эпоху, бо «прыдумванне» такіх паводзінаў прабацькі ўсіх святароў было б проста блюзнерствам (пра некаторыя версіі тлумачэння незразумелых паводзінаў гл. далей). Аарон вінавата апраўдваецца перад братам: «Хай не ўзгарыцца гнеў спадара майго; ты ж ведаеш народ гэты, калі ён у зле» (Зых 32:22). Ён распавядае, як усё выйшла амаль міжволі, што ён гэтага не хацеў, а прарок, надзелены асаблівым унутраным зрокам, бачыць з болем, як выявіліся негатыўныя рысы людзей, і адбылося гэта калі не пры ўдзеле Аарона, дык пры адсутнасні ўсялякага супраціўлення з яго боку: «1 ўбачыў Машэ народ, што ён распушчаны, што распусціў яго Агарон на знеслаўленне [пасмешышча] перад ворагамі іх» (Зых 32:25). На месцы слова «распушчаны» (у Сінадальным перакладзе — необузданный; у перакладзе В. Сёмухі — «неакілзаны») у арыгінале стаіць парўа, што літаральна значыць «растрапаны», «раскудлачаны», «з распушчанымі і раскудлачанымі валасамі». Магчыма, маецца на ўвазе, што валасы людзей былі раскудлачаныя (а ў жанчын — распушчаныя, што ў старажытнай культуры было сімвалам маральнай распушчанасці) у выніку язычніцкіх гульняў і скачак. Рашы тлумачыць гэтае слова алегарычна, як паказанне на тое, што падчас ідаласлужэння выявіліся ўсе
1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхяй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятякняжяе Монсеево. С. 587
2 Гл.: Герц Й. Комментарнй. С. 485.
15 Зак. 4008
схаваныя недахопы народа. Тое, што Аарон не процістаяў гэтаму, з аднаго боку, выкдікае сорам і вялікі гнеў Майсея, а з другога — менавіта выяўленне гэтых недахопаў дазволіла іх выправіць. Прарок з горыччу кажа, што цяпер у вачах іншых народаў народ Ізраіля будзе пасмешышчам, бо ўсе будуць нагадваць яму пра грэх ідалапаклонніцтва — яму, якому быў прызначаны лёс стаць народам Божым, народам святым, распаўсюджваць веды пра Адзінага Бога і сапраўднае служэнне Яму. Сапраўды, прарок мае рацыю: дагэтуль эпізод са стварэннем залатога быка ўзгадваецца некаторымі людзьмі свядома дзеля таго, каб прадставіць народ Ізраіля толькі грэшным, бязбожным народам, які служыць залатому ідалу, увасабленню багацця (гл. далей). Гэта абсалютна не адпавядае ісціне, абразліва і агідна для Бога і не дастасуецца да логікі і сутнасці Святога Пісання.
А ў той цяжкі момант прарок, разумеючы, што на кон пастаўленая ўся будучыня яго народа, магчыма, і ўся будучыня монатэізму, усклікае, стаўшы ля брамы стана: «Хто за Госпада — да мяне!» (Зых 32:26). У гэтых лаканічных словах — заклік вызначыць сваю жыццёвую пазіцыю. Майсей заклікае да сябе чыстых душою, тых, хто ніяк не падтрымліваў ідалапаклонніцтва, а таксама, магчыма, і тых, хто проста памыліўся, а цяпер усвядоміў сваю памылку. Паказальна, што на бок Майсея становяцца толькі левіты — людзі з калена Леві, таго самага, з якога былі родам Майсей і Аарон: «I сабраліся да яго ўсе сыны Леві» )3ых 32:26). 3 аднаго боку, напэўна, прарока непрыемна ўразіла, якая малая гэта частка адносна ўсяго народа' з другога — ён усё ж такі ўбачыў, што можа хоць на каго-небудзь абаперціся. 3 гэтага моманту канчаткова вызначылася асаблівая роля калена Леві ў ізраільскім грамадстве. Калісьці ў дабраславенні Іакава-Ізраіля яго сынам сказаныя былі даволі жорсткія словы наконт Леві (Левія), які разам са сваім братам Шымонам (Сімяонам, Сымонам) адпомсціў жыхарам горада Шхема (Сіхема) за сваю сястру — згвалтаваную сынам цара Шхема адзіную дачку Іакава Дзіну (Быц 34:25—31). Помста была вельмі страшнай (браты перабілі ўсіх мужчынаў Шхема, а жанчынаў і дзяцей узялі ў палон), і таму Іакаў асудзіў сваіх сыноў за неўтаймаванасць і залішнюю жорсткасць, а ў сваім дабраславенні сказаў: «Пракля-