Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
Наяўнасць гэтага суровага па сэнсе эпізоду ў тэксце Торы і асабліва незразумеласць, пэўная «цьмянасць» ролі ў ім першасвятара Аарона (дакладней, і гэта важна, ён яшчэ
не стаў першасвятаром, але пазней будзе памазаны на гэтую вялікую пасаду — нягледзячы на ўдзел у стварэнні быка) навялі частку навукоўцаў на думку, што сам гэты фрагмент мае вельмі старажытнае паходжанне і сведчыць пра пэўную аўтэнтычную традыцыю, што існавала ў ізраільцянаў (або ў часткі ізраільскай суполкі) яшчэ падчас іх існавання ў Егіпце, — традыцыю атаясамлення Бога праайцоў (Бога Аўраама, Ісаака і Іакава) з нейкім божышчам у выглядзе быка. Магчыма, гэта была толькі метафарычная, сімвалічная выява, якая сведчыла пра сілу і моц Адзінага Бога. Так, 1. Р. Тантлеўскі піша: «...мяркуючы па пассажы Зых 32:1—35, у асяроддзі Ізраіля, апрача неафітаў — сапраўдных адэптаў YHWH-Госпада, былі і тыя, хто працягваў — як гэта рабілася, верагодна, у эпоху Егіпецкага рсібства, да з’яўлення Майсея (тут і далей — курсіў аўтара. — Г. С.) — атаясамліваць Бога патрыярхаў з нейкім божышчам, якое выяўлялі ў вобразе цяляці-быка. (Аарон, як, верагодна, і частка народа, займае ў гэты момант прамежкавую пазіцыю: ён пакланяецца Госпаду, але ўяўляе яго ў выглядзе быка.) Тое, што аповед пра залатога быка ўзыходзіць да аўтэнтычнай традыцыі, уяўляецца бясспрэчным, бо цяжка сабе ўявіць, каб Аарону, першаму ізраільскаму вялікаму іерэю, чалавеку, да якога ўзводзілі свой радавод святары Іерусалімскага Храма, наўмысна прыпісвалася ўпадзенне ў ідалапаклонніцтва»1. Згодна з такім меркаваннем, сутнасць монатэістычнай рэформы Майсея ў тым і заключалася, што ён канчаткова ачысціў уяўленні пра Адзінага Бога ад усялякіх язычніцкіх «прымесяў», якія яшчэ існавалі ў народнай свядомасці, адрадзіў рэлігію йагвізму (шанаванне Бога пад невымоўным чатырохлітарным Імем — Тэтраграматонам, адна з рэканструкцыяў якога гучыць як Йагвэў атаясаміў Госпада з Богам патрыярхаў і ператварыў, паводле словаў I. Р. Тантлеўскага, «так званы практычны монатэізм патрыярхаў... ва універсальны, абсалютны монатэізм і монэргізм (тут і далей — курсіў аўтара. — Г. С.)», а йагвізм — «у агульнанацыянальную рэлігію Ізраіля»-.
1 Тантлевскмй РІ. Р. Введенне в Пятнкннжве. М.: РГГУ. Цснтр бнбленстнкм н нуданкн, 2000. С. 185.
2 Тамсама. С. 184.
Безумоўна, гэтая даволі стройная гіпотэза дае магчымасць убачыць гісторыка-культурны «падтэкст» не зусім лагічных паводзінаў Аарона, а таксама тых упіканняў, якія ён чуе з вуснаў свайго малодшага брата. Можна, верагодна, меркаваць (але гэта і застаецца толькі на ўзроўні меркаванняў), што Майсей змагаўся з рэліктамі язычніцкіх уяўленняў у свядомасці народа, з бясконцымі спробамі ўсё ж такі ўбачыць Бога, бо ўяўляць Яго абсалютна нябачным, абсалютна духоўным было неверагодна цяжка (гэта, сапраўды, быў неверагодны скачок у развіцці рэлігійнай свядомасці). Таксама і далей, як можна зразумець з другой часткі Танаха — Нэвіім (Прарокі), прарокі, нашчадкі вялікай духоўнай справы Майсея, будуць змагацца з наступствамі язычніцтва, з яго рэліктамі ў народных уяўленнях — і не толькі на ўзроўні свядомага ўпадзення ў ідалапаклонніцтва або атаясамлення Бога Ізраіля і ханаанейскага Баала, з чым жорстка змагаўся вялікі прарок Элійагу (Ілія; гл. 3 Цар 17—19), але і проста на ўзроўні метафорыкі, як гэта рабілі «пісьмовыя» прарокі. Так, прарок Гошэа (Осія) гнеўна абрушваецца менавіта на святароў, што ўводзяць народ у грэх і прымушаюць цалаваць быкоў: «I цяпер яшчэ больш грашаць яны: зрабілі сабе літых ідалаў з срэбра, па ўсведамленні сваім, — праца майстроў, — і кажуць тым, хто прыносяць ахвяры: “Цалуйце быкоў!”» (Ос 13:2). Тут нельга не пачуць водгуку прарока на эпізод са стварэннем залатога быка ў Кнізе Зыходу, хаця ў яго тэксце быкі — срэбныя. Але ў дачыненні да Кнігі прарока Осіі зразумела, што гаворка ідзе не пра язычніцкіх ідалаў, і менавіта пра метафорыку: выявы быкоў — як ужо адзначалася, найстаражытнейшага сімвала моцы і сілы на ўсім Старажытным Усходзе — выкарыстоўваліся ў народным кульце Адзінага Бога; выявы быкоў служылі часта падножжам ахвярнікаў, прысвечаных Адзінаму Богу. Але прарок, добра памятаючы ўрокі Торы (нездарма ён часта спасылаецца на Дэкалог і ўзгадвае Зыход з Егіпта), паўстае супраць гэтых традыцыйных народных уяўленняў, бо яны для яго — небяспечны пралаз для ідалапаклонніцтва. У цалаванні выяваў быкоў ён бачыць небяспеку падмены пустым ідалапаклонніцтвам сапраўднай любові да Бога Жывога, Які хоча замест ахвярных быкоў «словаў вуснаў нашых» (Ос 14:3), г. зн. шчырых малітваў, і добрых справаў.
15а Зак. 4008
У гэтым кантэксце больш зразумелы будзе ўжо прыгаданы раней эпізод з усталяваннем царом Паўночнага Ізраільскага Царства Йаравамам (Іераваамам) 1, які кіраваў напрыканцы X ст. да н. э., двух залатых ідалаў у выглядзе быкоў (3 Цар 12:28) у двух культавых цэнтрах яго царства — Бэт-Эль і Дан, каб адмежавацца ад культу ў «чужым» цяпер для яго падданых Іерусалімскім Храме. Як мяркуюць даследчыкі, у дачыненні да «залатых быкоў», усталяваных у Паўночным Ізраільскім царстве, выраз «залаты бык» абазначае п’едэстал (трон), на якім, як уяўлялася, «сядзіць» (вядома, у метафарычным сэнсе) Бог Ізраіля. Пры гэтым само такое ўяўленне, безумоўна, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй выяваў вавілонскіх і ханаанейскіх багоў, якія сядзяць на розных свяшчэнных жывёлах — быках, львах, драконах і т. п. У гэтым сэнсе «залатыя быкі» выконвалі тыя ж функцыі, што і крылатыя керувім (керувы, або херувімы), якія ўпрыгожвалі накрыўку Каўчэга Запавету і служылі п’едэсталам нябачнага Бога ў Іерусалімскім Храме. Магчыма, традыцыя выяўлення трона Божага ў выглядзе быкоў была ўласцівая культуры паўночных каленаў Ізраіля, і яна ўступіла ў канкурэнцыю з традыцыяй керуваў. Але важна, што ў самой Торы як сімвалічны трон Госпада фігуруюць менавіта керувы, а быкі занадта звязаныя з язычніцкімі культамі, і таму з пункту гледжання біблейных апавядальнікаў, біблейных прарокаў пакланенне Адзінаму Богу, Які сімвалічна сядзіць на троне з залатых быкоў (ці ўпрыгожаных выявамі залатых быкоў), было раўназначнае пакланенню самому залатому быку і сурова выкрывалася. Так, «быка Самарыйскага» (Самарыя — у арыгінале Шомрдн — сталіца Паўночнага Ізраільскага царства) узгадвае прарок Осія, ад імя Госпада прарочачы пагібель Паўночнаму царству менавіта за ідалапаклонніцтва: «...з срэбра свайго і з золата свайго зрабілі для сябе ідалаў: адтуль — пагібель. // Пакінуў цябе бык твой, Шамрон! Узгарэўся гнеў Мой на іх: як доўга не змогуць яны ачысціцца? // Бо і ён [бык] — справа Ізраіля. Майстар зрабіў яго, і таму ён — не Бог; у абломкі пераўтворыцца бык Шамронскі!» (Ос 8:4—6).
Постбіблейная іудзейская традыцыя безадгаворачна трактуе культ «залатога быка» як ідалапаклонніцтва. Невыпад-
кова ў якасці гафтары (гафтара — літаральна «завяршэнне», «заключэнне») да тыднёвага раздзела Торы (пэўнага раздзела, які чытаецца ў кожны тыдзень месячнага календара падчас сінагагальнага богаслужэння) пад назваю Ціса (Зых 30:2—34:35)', што змяшчае і эпізод са стварэннем залатога быка, выбраны ўрывак з 1-й Кнігі Цароў (3-й Кнігі Царстваў). Ён распавядае пра ідалапаклонніцтва цара Паўночнага Ізраільскага царства Ахава (IX ст. да н. э.) пад уплывам яго жонкі-язычніцы — фінікіянкі Ізэвель (Іезавелі), якая ўсталявала ў Ізраільскім царстве культ тырскага Баала (Мелькарта). Але галоўнае ў гэтым раздзеле — той выклік, які кідае язычніцкаму культу Баала прарок Элійагу, і не толькі кідае, але і атрымлівае перамогу ў спаборніцтве на ахвярніках, падчас якога Гасподзь. Бог Ізраіля, дае Свайму прароку знак у выглядзе агню, што ўпаў на збудаваны ім ахвярнік. Тым самым прарок Элійагу сцвярджае сапраўднасць Адзінага Бога і лжывасць культу Баала (3 Цар 18). Таксама некалі і прарок Майсей моцаю свайго духу вынішчыў культ залатога быка і сцвердзіў у душах людзей веру ў сапраўднага Бога.
Сцэна стварэння залатога быка — адна з кульмінацыяў тытанічнай барацьбы прарока за свай народ, барацьбы з псіхалогіяй рабства і язычніцтва ў яго свядомасці. А цяпер Майсей з трымценнем сэрца чакае як загаду Божага, так і рэакцыі народа на гэты загад і на ўсё, што адбылося. «I казаў Гасподзь Машэ: “Падымайся і ідзі адсюль, ты і народ твой, які ты вывеў з зямлі Егіпецкай, у зямлю, пра якую Я кляўся Аўрагаму, Йіцхаку і Йаакову, сказаўшы: нашчадкам тваім дам Я яе. // I Я пашлю перад табою анёла, і праганю кенаанеяў, эмарэяў, хецеяў, перызеяў, хівеяў і йевусеяў; // Ідзі ў зямлю, што цячэ малаком і мёдам; Сам жа не з’яўлюся ў асяроддзі тваім, бо ты — народ жорсткахрыбетны, каб не знішчыць Мне цябе на шляху”» (Зых
1 Вылучэнне тыднёвых раздзелаў не супадае з падзелам тэксту Торы на раздзелы, што маюць пэўныя нумары і з’яўляюцца агульнапрынятымі ва ўсіх канфесіях з эпохі Сярэднявечча. Тыднёвы раздзел — вялікі ўрывак, які з’яднаны агульнаю тэмаю і ўключае ў сябе нскалькі раздзелаў у звычайным сэнсе слова. Чытанне і тлумачэнне тыднёвага раздзела Торы (на гэтым грунтуецца ўся яўрэйская рэлігійная традыцыя) абавязкова завяршаецца гафтарою — урыўкам з Прарокаў.
33:1—3). Такім чынам, Гасподзь кажа, што народ можа працягваць свой шлях, што Ён зробіць усё, каб нашчадкі Аўраама, Ісаака і Іакава прыйшлі ў Зямлю Абяцаную. якая менавіта ў гэтым фрагменце ўпершыню вызначаная як «зямля, што цячэ малаком і мёдам» (як тлумачыць рэлігійная традыцыя, гаворка ідзе пра фінікавы мёд, бо Ханаан — зямля фінікавых пальмаў; наогул жа толькі людзі, якія да болю любілі гэтую сухую і камяністую зямлю, пасутнасці — скалістую паўпустыню, маглі назваць яе «зямлёю, што цячэ малаком і мёдам»), Але ў той жа час Усявышні адмаўляецца Сам весці народ, даручаючы гэта асабліваму анёлу, які не тоесны таму раскрыццю Прысутнасці Божай — Шэхіны, якую народ бачыў у слупах воблачным і агнявым, у асаблівых Тэафаніях, з’яўленых усёй супольнасці Ізраіля на Сінаі. 3 аднаго боку, гэтая адмова падкрэслівае, што Усявышні ўсё яшчэ крыўдуе на здраду народа (тое ж гучыць і ў словах «народ твой, які ты вывеў з зямлі Егіпецкай», нібыта толькі прарок, а не Гасподзь вывеў яго). 3 другога — адмова Госпада весці народ пасля граху пакланення ідалу ёсць праява Яго літасці, бо Прысутнасць Бога вымагае вялікай адказнасці, асаблівай чысціні і святасці ад усяго народа і ад кожнага чалавека. Перад тварам Божым кожны наступны грэх будзе карацца вельмі цяжка, таму Гасподзь шкадуе народ, які выявіў сваю недасканаласць, таму Ён і кажа: «...каб не знішчыць Мне цябе на шляху».