Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка II. Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Зыходу
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 612с.
Мінск 2004
Паказальна, як рэагуе народ на паведамленне Майсея, што Сам Гасподзь ужо не павядзе яго: «Як пачуў народ ліхую вестку гэтую, яны засмуткавалі, і ніхто не ўсклаў на сябе ўпрыгожанняў сваіх» (Зых 33:4). Народ успрыняў словы Майсея як вельмі дрэнную вестку і паглыбіўся ў жалобу, пра што сведчыць і зняцце ўпрыгожанняў (паводле законаў Торы іх нельга насіць падчас жалобы). Але ўжо ў глыбокай старажытнасці словы Торы пра ўпрыгожанні атрымалі дадатковае тлумачэнне: «Раў Сімай вучыў: “Калі народ ізраільскі сказаў: 'Будзем выконваць і слухаць’ — перш за ўсё выконваць, а слухаць потым, — з’явіліся шэсцьсот тысячаў Анёлаў Служэння і кожнага ізраільцяніна дзвюма каронамі ўвянчалі: адною — за ‘будзем слухаць’ і другою — за ‘будзем выконваць’. А калі народ ізраільскі ўпаў у грэх,
сышлі двойчы шэсцьсот тысячаў анёлаў-знішчальнікаў і знялі кароны з іх. Пра гэта і абвяшчае верш Пісання: ‘Знялі з сябе сыны Ізраілевы ўпрыгожанні, атрыманыя імі ля Харыва’”» {Шабат 8ў. Апошні сказ з працытаванага фрагменту з талмудычнага трактату Шабат уяўляе сабою цытату з Торы, але цытату, што ўжо ўтрымлівае ў сабе каментар, бо ў тэксце Гасподзь перадае народу праз Свайго прарока: «...скажы сынам Йісраэля: Вы народ жорсткахрыбетны; калі б пайшоў Я на адно імгненне сярод цябе, Я б знішчыў цябе; а цяпер знімі з сябе ўпрыгожанні свае, а Я буду ведаць, што рабіць Мне з табою”. // I знялі з сябе сыны Йісраэля свае ўпрыгожанні з гары Харэў» (Зых 33:5—6). Выраз мі-гар Хорэв (у рускім Сінадальным перакладзе — у горы Хорнв) тлумачыцца як тое, што ізраільцяне атрымалі асаблівыя ўпрыгожанні ад самога Неба, а цяпер пазбавіліся з-за ўласнага граху.
Але ў словах Усявышняга ёсць надзея: «...Я буду ведаць, што рабіць з табою». Ён думае, як паставіцца да народа, які ўсё ж такі выявіў яўныя прыкметы сапраўднага пакаяння. Так, народ глыбока перажывае новую вестку як новае пакаранне асаблівага духоўнага кшталту: кіраўніцтва Божае, што пачалося з часоў праайцоў, было вытокам духоўнай моцы выбранага роду, залогам выратавання народа ў рабстве, а пасля заключэння Саюзу з Богам гэтае кіраўніцтва стала сэнсам яго існавання. Цяпер народ зразумеў, як недарэчна ён мог «прадаць першародства за чачавічную поліўку» — прамяняць сваё найвышэйшае прызначэнне быць «царствам святароў і народам святым» на нешта пустое і недарэчнае. Дз. У. Шчадравіцкі адзначае: «...ужо тое, што народ, зразумеўшы гэта, глыбока засмуціўся, сведчыць пра яго незвычайную духоўнасць, якая знаходзіцца, праўда, у той момант у “схаваным” стане, пра здольнасць да пераацэнкі жыцця шляхам поўнага раскаяння. 3 таго часу пад знакам пакаяння і частковай жалобы праходзяць астатнія гады існавання ізраільцянаў у пустыні»2.
1 Агада: Сказання, прнтчн, нзречення Талмуда н Ммдрашей / Пер. С. Г. Фруга. М.: Рарнтет, 1993. С. 66.
2 Ш,едровнцкмй Д. В. Введенме в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакнпжяе Момсеево. С. 591.
Цяпер, пасля граху ідалапаклонніцтва, прарок Майсей вымушаны да аднаўлення Саюзу з Богам і збудавання Скініі ставіць свой шацёр па-за станам, бо ён чакае новага Адкрыцця Божага, а святасць, для гэтага неабходная, страчаная станам Ізраіля: «Машэ ўзяў шацёр і раскінуў сабе па-за станам, удалечыні ад стана, і назваў яго Шатром Саборным [Скініяй Сходу]. I было, кожны, хто шукаў Госпада, выходзіў да Шатра Саборнага, які па-за станам» (Зых 33:7). Цяпер зусім інакш, з пачуццём вялікага душэўнага болю і адначасова надзеі, духоўнага трымцення, найглыбейшай пашаны людзі глядзяць, як прарок ідзе маліцца ў свой шацёр, і кожны падае ніц, убачыўшы, як слуп воблачны ўзнікае ля ўвахода ў Шацёр Саборны, а значыць там іх правадыр працягвае весці дыялог з Усявышнім, там вырашаецца лёс народа: «I было, калі выходзіў Машэ да шатра, уставаў увесь народ; і станавіўся кожны ля ўвахода ў шацёр свой, і глядзеў услед Машэ, пакуль ён не ўваходзіў у шацёр. // I было, калі ўваходзіў Машэ ў шацёр, спускаўся слуп воблачны і стаяў ля ўвахода ў шацёр, і Ён гаварыў з Машэ. // I калі бачыў увесь народ слуп воблачны ля ўвахода ў шацёр, то ўставаў увесь народ і падаў ніц кожны ля ўвахода ў шацёр свой» (Зых 33:8—10). I ўвесь час не адыходзіў ад Шатра Саборнага самы верны вучань Майсея — Йегашуа, сын Нуна (Ісус Навін).
Тора падкрэслівае, што паміж Усявышнім і Майсеем складваюцца ўзаемадачыненні асаблівага даверу і нават сяброўства: «I гаварыў Гасподзь з Машэ тварам да твару, як гаворыць хто з сябрам сваім...» (Зых 33:11). Прарок жа робіць усё, каб змяніць стаўленне Усявышняга да народа, каб вярнуць народу Прысутнасць Божую. Дзеля гэтага, чалавек звычайна вельмі сціплы, ён нават нагадвае Богу пра сваю вернасць, пра свае заслугі перад 1м і просіць адкрыць яму найвышэйшыя веды — веданне шляхоў Божых, веданне прынцыпаў Божага кіраўніцтва светам: «I сказаў Машэ Госпаду: “Вось, Ты кажаш мне: вядзі народ гэты, а не паведаміў мне, каго пашлеш са мною, хаця Ты сказаў: Я ведаю цябе па імю, і ты набыў упадабанне ў вачах Маіх. // Цяпер жа, калі знайшоў я ўпадабанне ў вачах Тваіх, то малю: дай мне ведаць шляхі Твае, каб я спасцігнуў
Цябе, каб набыць упадабанне ў Тваіх вачах; і глядзі: людзі гэтыя — народ Твой”» (Зых 33:12—13). Паказальна, што нават у той момант, калі перад прарокам могуць адкрыцца найвышэйшыя веды ў свеце, калі ён можа ўзысці па шляху Богапазнання так высока, як ніводны смяротны, ён думае пра свой народ, ён моліць Усявышняга, каб і народ Ізраіля набыў упадабанне ў вачах Яго, ён настойліва нагадвае Яму, што гэты народ, хоць ён і саграшыў, — Яго народ, народ Божы, і Ён не можа яго пакінуць без Сваёй Прысутнасці. Кажучы Богу: «...а не паведаміў мне, каго пашлеш са мною», Майсей мае на ўвазе, што яму нават невядома імя анёла, які цяпер будзе кіраваць народам Ізраіля, як іншыя анёлы — іншымі народамі. Цяпер Ізраіль перастае быць асаблівым «скарбам», асабліваю «каштоўнасцю» Бога, але прарок спадзяецца, што Гасподзь адменіць гэтае рашэнне. Ён просіць, каб Усявышні адкрыў яму магчымасць яшчэ больш высокага ўзыходжання — здольнасць ведаць «шляхі Яго» — не для сябе самога, а для новага, больш моцнага, больш пераканаўчага хадайніцтва за свой народ. Ён настойліва паўтарае: «...глядзі: людзі гэтыя — народ Твой».
Бог сапраўды, як можна зразумець з далейшых падзеяў і з усяго кантэксту Пісання, адкрывае Майсею найвялікшыя таямніцы. Нездарма і ў Кнізе Псальмаў будзе сказана: «Паказаў Ён Машэ шляхі Свае, сынам Йісраэля — справы Свае» (Пс 103/102:7). Гасподзь абяцае Свайму прароку, што яго асабіста Ён не пакіне: «Сам Я пайду, каб супакоіць цябе» (Зых 33:14). «Супакоіць цябе» ў дадзеным кантэксце азначае «ўвесці ў спакой», г. зн. у жыццё вечнае. Такім чынам, прарок ужо загадзя ведае, што яму дадзенае будзе жыццё вечнае. Але ён упарта ізноў гаворыць пра свой народ: «...калі не пойдзеш Ты Сам [з намі], то і не выводзь нас адсюль. // Бо па чым жа даведацца, што я і народ Твой набылі ўпадабанне ў вачах Тваіх? Толькі тады, калі пойдзеш з намі, чым і будзем адметныя я і народ Твой ад усялякага народа, які існуе на зямлі» (Зых 33:15—16). Ізноў паказальна, як настойліва паўтарае Майсей Усявышняму: «народ Твой», як не адлучае ён сябе ад народа: «я і народ Твой...>/ Па сутнасці, Майсей гатовы ахвяраваць і жыццём вечным дзеля свайго народа. 1 Бог нарэшце пагаджаец-
ца з прарокам! «I сказаў Гасподзь Машэ: “1 тое, пра што ты казаў, Я зраблю, таму што ты набыў упадабанне ў вачах маіх, і Я ведаю цябе па імю”» (Зых 33:17).
Пасля гэтага Майсей выказвае асаблівую просьбу да Госпада: «Пакажы мне Славу Тваю» (Зых 33:18). «Слава (Кавод) Божая», або «Слава Гасподняя», — асаблівая Тэафанія, якая адкрываецца толькі вялікім душам, і тычыцца яна сутнасці Самога Бога. Усявышні дае зразумець Майсею, што нават ён, хто так блізка падышоў да Таямніцы Божай, не можа ўбачыць асляпляльную Славу Божую без воблака, без покрыва, што ахутвае яе; яму будуць яўленыя толькі пэўныя грані Славы Божай, звязаныя найперш з любоўю і міласэрнасцю Усявышняга, Яго бясконцай дабрынёю, а таксама будуць адкрытыя новыя таямніцы невымоўнага Тэтраграматона: «Я правяду перад тварам тваім уседабрыню Маю [усё дабро Маё1] і абвяшчу Імя Госпада перад табою [па імю: ‘Тасподзь перад табою!”], і каго памілаваць — памілую, а каго пашкадаваць — пашкадую. // ...ты твару Майго бачыць не можаш, бо чалавек не можа бачыць Мяне і застацца ў жывых» (Зых 33:19—20). Гасподзь асаблівым чынам рыхтуе прарока для ўспрымання найвышэйшага Адкрыцця: «I сказаў Гасподзь: “Вось месца ў Мяне: стань на гэтай скале, // I вось, калі праходзіць будзе Слава Мая, змяшчу Я цябе ў расколіне скалы і пакрыю цябе рукою Маёю, дакуль не прайду. // 1 |калі] зніму руку Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду [са спіны], а твар Мой не будзе бачны”» (Зых 33:21—23). Як зразумела з тэксту, Гасподзь імкнецца зберагчы Свайго прарока, каб яго не апякла невыносным агнём Слава Божая. Перш чым убачыць яе, хаця б і ззаду, Майсей павінны асабліва сцвердзіцца ў веры, якую сімвалізуе скала, дзе загадвае стаць яму Гасподзь; скала — вельмі распаўсюджаны сімвал і Самога Бога, асабліва ў Псальмах, Яго вернасці чалавеку, Яго абароны, якую ён пасылае верным Яму і стойкім духам. Наконт жа славутага «ззаду» Дз. У. Шчадравіцкі піша:
1 У Сінадальным перакладзе гэты выраз перададзены недакладна:
всю славу Мою (адпаведна ў перакладзе В. Сёмухі — «усю славу Маю»; заўважым, што далей у перакладзе В. Сёмухі без усялякай на тое патрэбы замест Тэтраграматона стаіць «Ягова»; калі пераклад рабіўся хаця б
з грэчаскага арыгінала (што сумнеўна), то там стаіць Корю^ — «Гасподзь».
«Мы спасцігаем Бога па справах Яго — па “слядах”. Ім пакінутых у стварэнні, бачым Яго быццам бы “ззаду”. Сама ж сутнасць Божышча ад нас утоеная і схаваная нам жа на карысць: інакш мы не здолелі б захаваць усведамленне свайго “я” на ўзроўні зямнога жыцця і дух у той жа момант расстаўся б з целам...»1 3 гэтымі словамі перагукваецца каментар рабі Ё. Герца': «Машэ, схаваўшыся ў пячоры, здолее... у момант набліжэння Усявышняга ўбачыць пэўны Яго вобраз у момант аддалення. Такім чынам, ён не ўбачыць непасрэднага праяўлення Усявышняга, якое можна назваць “тварам”, ён зможа ўбачыць толькі тыя змены, якія яно ўтварыла ў навакольным свеце. Такое апасродкаванае ўспрыняцце завецца “відзежам са спіны”»2.