Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
ба сказаць, што гэта зрабіла моцнае ўражанне. Зала, дзе апрача ядзершчыкаў знаходзілася нямала абаронцаў навакольнага асяроддзя, літаральна шалела, «зялёныя» падтрымлівалі мой выступ у формах, мякка кажучы, не надта дыпламатычных.
У траўні 1991 года сусветнае «ядзернае лобі» арганізавала контрудар.
У Вене была абнародавана інфармацыя Навуковага камітэта МАГАТЭ, якая ацэньвала Чарнобыльскую катастрофу як фантом, прыдуманы палітыкамі ў мэтах прыхоўвання сваіх сацыяльна-эканамічных агрэхаў і няўдач. СМІ ўмомант падхапілі гэтую «сенсацыю». Узнікала рэальная пагроза загубіць высілкі па мабілізацыі і зборы сродкаў пацярпелым ад Чарнобыля рэгіёнам.
На пачатку ліпеня мусіла адбыцца пасяджэнне Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН у Жэневе. Менавіта гэтая арганізацыя была паклікана займацца разглядам чарнобыльскай праблематыкі.
У Жэневу прыехалі Генадзь Удавенка і будучы віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Аляксандр Шохін, які тады ўзначальваў Упраўленне навуковатэхнічнага супрацоўніцтва МЗС СССР. Разам мы рыхтаваліся даць бой дэзінфарматарам з МАГАТЭ, плануючы правесці ў піку ім адпаведную рэзалюцыю.
Асноўнымі апанентамі, якія блакавалі нашы прапановы, выступілі дэлегацыі ЗША і Японіі. I калі з японскімі дыпламатамі нам у хуткім часе ўдалося знайсці супольную мову, то з амерыканцамі ўсё складвалася няпроста. Галоўным экспертам амерыканскай дэлегацыі быў спецыяльна дэлегаваны ў Жэневу прадстаўнік Дзярждэпа ЗША спадар Маркс, артадаксальнасці і жорсткасці яко-
га мог бы пазайздросціць яго знакаміты цёзка па прозвішчы.
Калі мы зайшлі ў тупік, спатыкнуўшыся ўжо на прэамбуле дакумента, шматвопытны пастаянны прадстаўнік СССР пры ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Яўген Макееў сказаў:
— Давайце запросім іх на прыём!
Ідэя прыйшлася ўсім да душы. I мы запрасілі не толькі Маркса, а цэлую групу амерыканцаў з апарата ААН ды іншых міжнародных арганізацый у Жэневе.
Прыёмы з пачосткай і алкаголем — абавязковая частка працы дыпламата. Адзін з маіх калег неяк пажартаваў, што прафесійная хвароба дыпламата — гэта цыроз печані. Калі б я выпіў усё, што мне налівалі на прыёмах, мяркую, што мяне папросту ўжо не было б сярод жывых. Але Бог узнагародзіў мяне абыякавасцю да алкаголю.
Спецыяльных сродкаў на арганізацыю такога ланчу ў нас не было. Падумаўшы, мы, як кажуць, паскрэблі па сусеках і мабілізавалі ўсе наяўныя ў нас запасы бальзаму, белавежскай настойкі, сухой каўбасы і нават ікры. Але наша хлебасольства ледзьве не адгукнулася нам ліхам. Праўда, і паслужыла павучальным урокам.
У канцы ланчу Маркс, які сядзеў справа ад мяне, нахіліўшыся да амерыканца, генеральнага сакратара МСЭ (Міжнароднага саюза электрасувязі), працадзіў праз зубы:
— Ну вось табе, бедныя-бедныя. Просяць дапамагаць па Чарнобылі, а паглядзі, на стале ў іх ікра...
Як бы там ні было, але да канца ліпеня, дзякуючы Нацыянальнаму дакладу аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы, які быў падрыхта-
ваны беларускімі навукоўцамі і экспертамі і падаспеў у Жэневу, і падтрымцы некаторых еўрапейцаў, нам удалося зламаць супраціў амерыканцаў.
Асабліва дапамаглі галандскія і шведскія дыпламаты, дзеянні якіх часцяком даволі жорстка ішлі наперакор пазіцыі амерыканцаў.
У прынятай рэзалюцыі, якую не здолеў блакаваць невыразны выступ генсека МАГАТЭ Ханса Блікса, выразна прагучала думка пра сур’ёзнасць Чарнобыльскай катастрофы. Тут былі і даручэнні сістэме арганізацый ААН па аказанні нам дапамогі.
3 гэтага моманту і на многія гады чарнобыльская праблематыка стала абавязковай для вядучых аанаўскіх арганізацый.
Яшчэ адзін міф
Аднойчы пасля пленарнага пасяджэння мой калега Уладзімір Сакалоўскі запрасіў мяне на тэнісны корт. Я захапіўся гульнёй і, каб дастаць мяч, які сыходзіў, рэзка пацягнуўся і літаральна рухнуў ад болю. Дактары закавалі мяне ў адмысловы гарсэт.
Так мне давялося сутыкнуцца з амерыканскай медыцынай, якую сёння некаторыя недасведчаныя спрабуюць падаць як узор для пераймання ў Беларусі. На ўласным досведзе ведаю, што пазычаць там, уласна кажучы, няма чаго.
Амерыканская медыцына падзяляецца на дзве няроўныя часткі: элітную — для абраных і звычайную — для ўсіх астатніх.
Першую ўвасабляе унікальны шпіталь у Кліўлендзе, дзе лячыліся арабскія шэйхі, французскія прэзідэнты; дарэчы, і Гейдара Аліева лячылі менавіта там. Гэта адзін з найлепшых шпіталяў
свету. Там вельмі добрая дыягностыка, цудоўнае лячнне, найвышэйшы ўзровень догляду.
Другая частка — гэта традыцыйная амерыканская медыцына, у якой усё зарыентавана на выцісканне з пацыентаў грошай.
У апошняй вядуць рэй выхадцы з іншых краін. Шмат філіпінцаў, якія складаюць цэлую касту, цесна звязаную з фармакалагічнымі фірмамі. Усё скіравана на тое, каб прымусіць чалавека купляць лекі, не думаючы пра наступствы.
Напэўна, ні ў адной краіне свету насельніцтва не ставіцца так кепска да сваёй медыцыны, як амерыканцы. Пры гэтым змяніць штосьці практычна немагчыма. У медыцынскіх, фармацэўтычных і страхавых кампаній магутнае «лобі», супрацьстаяць якому не ў стане нават прэзідэнт Злучаных Штатаў.
За апошнія дзесяцігоддзі нешта змяніць паспрабаваў толькі Біл Клінтан. I менавіта медыцынска-страхавое «лобі» праплаціла вядомую «сексуалыіую» абструкцыю. Праўда, даволі кансерватыўная амерыканская грамадская думка лёгка даравала свайму прэзідэнту яго жарцікі акурат дзякуючы таму, што людзі цудоўна ведалі, кім задуманая ўся гэтая вакханалія.
Мімаволі задумаешся аб тым, што калі такое адбываецца ў краіне развітой і векавой дэмакратыі, дзе ў наяўнасці незалежны суд і магутная адвакатура, дзе ёсць інстытуты грамадзянскай супольнасці, дзе людзі ўмеюць адстойваць свае правы, то што ж можа адбыцца ў Беларусі, калі мы станем бяздумна пераймаць досвед амерыканскай платнай сістэмы аховы здароўя? А такія прапановы ў нас час ад часу гучаць.
Грунтуючыся на ўласным досведзе, скажу, што прафесійна, па падрыхтоўцы і навыках, беларус-
кія лекары нічым не саступаюць амсрыканскім. Іншая справа, што яны маюць непараўнальна горшае абсталяванне і вымушаны працаваць за практычна жабрацкую зарплату.
Суровая рэальнасць
У Мінск з Генеральнай Асамблеі ААН я вяртаўся з пачуццём выкананага абавязку.
Калі ляцеў у самалёце, то пракручваў у галаве падзеі мінулай восені, яшчэ нядаўна неверагодныя для нас сустрэчы, кантакты і дзівіўся: а ці са мной гэта адбывалася? Ці наяве прадстаўнік Беларусі аказаўся актыўнай дзейнай асобай сусветнай палітыкі? У зале ААН мы сядзелі побач з вядучымі палітыкамі свету, кантактавалі з самымі ўплывовымі і легендарнымі людзьмі, нават з прэзідэнтам ЗША. Фантастыка!..
Але просты брытанскі паліцэйскі ў лонданскім аэрапорце «Хітроу» лёгка апусціў мяне з нябёсаў у суровую зямную рэальнасць.
Багажу я не здаваў і павінен быў пераехаць з ім з «Хітроу» ў іншы аэрапорт. Тут мяне спыніў паліцэйскі, які, нягледзячы на мой дыпламатычны пашпарт і на тое, што я міністр, груба паспрабаваў мяне абшукаць. Я заявіў пратэст і запатрабаваў, каб быў выкліканы старшы па змене.
Выйшаў афіцэр, узяў мой савецкі дыпламатычны пашпарт. Там быў запіс на англійскай мове «міністр замежных спраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Ён доўга яго круціў, нічога не разумеючы. Як гэта ў Савецкім Саюзе ёсць яшчэ нейкі міністр замежных спраў нейкай Беларусі. Потым сказаў падначаленаму:
— Дурань, адчапіся. Ён сапраўды міністр. Праўда, ніяк не магу зразумець, якой дзяржавы...
Так у «Хітроу» мне нагадалі, як шмат яшчэ трэба прайсці беларускай дыпламатыі дый усёй нашай знешняй і ўнутранай палітыцы, каб наша «нейкая Беларусь» заняла пачэснае месца ў свеце.
Раздзел пяты
Terra Incognita, ці Дыпламатыя і культура
У 1990 годзе Беларусь фактычна адсутнічала на палітычнай карце свету, зафарбаваная чырвоным колерам, які абазначаў савецкую імперыю. Мала хто ў свеце ведаў пра існаванне нашай краіны.
Часта нават назву рэспублікі непадрыхтаваныя перакладчыкі перакладалі на англійскую як Белая Расія (White Russia). У суразмоўцаў гэта выклікала асацыяцыю з рускімі белагвардзейцамі.
У той час пра нас ведалі хіба што гісторыкі, некалькі дзесяткаў саветолагаў ды яшчэ, бадай, філатэлісты, дзякуючы памятнай марцы, прысвечанай БССР, якую аднойчы выпусціла ААН. Для астатняга чалавецтва Беларусь заставалася, як кажуць, terra incognita.
Пра феномен Лукашэнкі
У нашых абывацельскіх колах пашырана меркаванне, што мы атрымалі даволі шырокую вядомасць ва ўсім свеце дзякуючы Лукашэнку. Што на гэта можна адказаць?
Сапраўды, цяперашні прэзідэнт здолеў у кароткі тэрмін праславіцца ці, дакладней, абняславіцца на ўвесь свет. Дзякуючы яму Беларусь стала
з’яўляцца на стужках сусветных навін, а сюжэты з Мінска мільгаюць на тэлеэкранах ледзь не ўсіх краін. Але што гэта за сюжэты?
Збіваецца мірны паветраны шар з замежнікамі. Дужыя малойцы ў шлемах і бронекамізэльках цягаюць за валасы журналістку ці збіваюць дручкамі падлеткаў на акцыях пратэсту. Прэзідэнт краіны выступае з па-дзікунску бестактоўнай прамовай, чым эпатуе публіку на аўтарытэтным міжнародным форуме ў Кран-Мантана. Спецназ у масках збівае дэпутатаў проста ў зале парламента. Рабочыя зварачным апаратам заварваюць браму рэзідэнцыі амерыканскага пасла. У краіне бясследна знікаюць вядомыя апазіцыйныя палітыкі...
Дзякуючы Лукашэнку Беларусь набыла ўстойлівы скандальны імідж, якога мы павінны саромецца. Такой вядомасці не пазайздросціш, і нам спатрэбіцца нямала гадоў, каб адмыць рэпутацыю краіны ў вачах сусветнай супольнасці.
Вядома, для многіх простых людзей эпатажны выступ прэзідэнта на «нейкай там» Генеральнай Асамблеі ААН мае непараўнальна меншае значэнне, чым прыбаўка да пенсіі, рост зарплаты ці бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Амерыка — за морам, а паліклініка — за рогам. Дый за мяжой далёка не ўсе адмаўляюць пэўную паспяховасць папулісцкай эканамічнай мадэлі беларускага прэзідэнта. А ў многіх расійскіх рэгіёнах яго нават лічаць выдатным кіраўніком.
Трэба прызнаць, што выбудаваная Лукашэнкам сістэма кіравання дазволіла простым людзям адчуць пэўную стабільнасць.
Але нашы «эканамічныя поспехі» — на фоне сучасных эканамічных стандартаў — даволі непрыкметныя, а вось парушэнні законаў —на фоне дэ-
макратычных стандартаў — выглядаюць недапушчальнымі. I прыносяць нам ганебную славу.