Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Засмуціла толькі месца, прапанаванае для размяшчэння, — не самае ганаровае ў штаб-кватэры. Я марыў аб тым, каб чарнобыльскі габелен вісеў
у зале пасяджэнняў Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН, дзе абмяркоўваліся праблемы Чарнобыля і якая лічылася самай прэстыжнай пасля залы пленарных пасяджэнняў Генеральнай Асамблеі.
У лісце быў указаны і жорсткі тэрмін — верасень 1991 года, напярэдадні адкрыцця Канферэнцыі краін-донараў па рэалізацыі Чарнобыльскай рэзалюцыі. Гэта значыла, што на стварэнне габелена ў нас заставалася ўсяго сем месяцаў.
Было відавочна, што для арганізацыі конкурсу аўтараў, пасяджэнняў журы — з усімі густавымі прыхільнасцямі і асабістымі адносінамі пры вызначэнні пераможцаў — часу проста не было.
I тады, насуперак правілам, давялося пайсці найкарацейшым шляхам. Для пачатку я выбіў грошы на гэтую працу ў Савеце Міністраў. Сума па тых часах была даволі нязначная — 40 тысяч рублёў. Зрэшты, гэта акурат выключала бойку за замову ў мастакоў, а значыць, і магчымыя інтрыгі. Сродкі, паводле дамоўленасці з Вячаславам Кебічам, удалося «прызямліць» не ў Міністэрстве культуры, а ў МЗС. He абвяшчаючы конкурсу, я звярнуўся наўпрост да мастака Аляксандра Кішчанкі.
Аляксандр Міхайлавіч адразу зразумеў важнасць гэтага праекта, які даваў магчымасць Беларусі па-новаму паўстаць у «парламенце свету». Адчуў ён і тое, што гэтая праца можа стаць яркім вянцом яго творчасці.
Прадумвалі змест габелена мы разам з мастаком, прычым працавалі зладжана і даволі напружана. Па некалькі разоў на тыдзень пасля работы я заязджаў да яго ў майстэрню і заседжваўся да поўначы. У выніку мы вырашылі ўзяць за ўзор
трыпціх старажытнарускай іконы і адлюстраваць у творы тры асноўныя тэмы:
вытокі нацыі — Францыск Скарына;
Чарнобыль — атам, які выбухнуў;
будучыня — наша надзея (абраз Мінскай Мадонны).
Кішчанка даволі хутка падрыхтаваў усе эскізы і ўзяўся за асобныя фрагменты кардону, якія старанна прамалёўваліся і апрацоўваліся Нінай Кішчанка і Тамарай Кіршчынай. Гэтыя фрагменты дастаўляліся для ўвасаблення ў натуры на Барысаўскі мастацкі камбінат.
Чатыры ткачыхі — самыя спрактыкаваныя на камбінаце — працавалі па 14—16 гадзін. За працоўны дзень ткачыха магла выткаць не болей за 9— 10 квадратных сантыметраў габелена, а яго агульная плошча — 40 квадратных метраў. Але ўсё атрымалася. Хоць за такія тэрміны не ствараўся, напэўна, яшчэ аніводзін габелен такога маштабу.
Прэзентацыя адбылася ў тэрмін і прайшла цудоўна. Яшчэ і таму, што ў самы апошні момант мне ўдалося пераканаць кіраўніцтва ААН, і габелен быў размешчаны ўсё ж такі ў Зале пасяджэнняў Эканамічнага і сацыяльнага савета.
Адкрываў прэзентацыю чарнобыльскага габелена сам Аляксандр Кішчанка.
— Калі мастацтва — душа нацыі, то жывапіс — яе вочы, — сказаў мастак, для якога гэта быў жыццёвы і творчы апафеоз.
На жаль, прысутнічаць пры гэтым мне не давялося. Я вылецеў у Нью-Ёрк з вялікім спазненнем з-за інтрыг у парламенце, звязаных са жнівеньскім путчам, пра што гаворка пойдзе ніжэй.
Падарунак Мітэрану
У канцы сакавіка 1992 года дэлегацыя Беларусі вылецела ў Францыю, каб падпісаць Хартыю для Новай Еўропы. У межах візіту была запланавана сустрэча з прэзідэнтам Францыі Франсуа Мітэранам, адным з ветэранаў не толькі французскай, але і еўрапейскай палітыкі. У той час яму было 76 гадоў, і ён быў невылечна хворы.
Я ведаў пра гэта і вырашыў зрабіць прэзідэнту Францыі арыгінальны падарунак, каб па-чалавечы яго падтрымаць.
Дзесьці за месяц да ад’езду ў Парыж я зайшоў у майстэрню Кішчанкі, каб параіцца з ім. Аляксандр Міхайлавіч выслухаў мой расказ і, не задумваючыся, прапанаваў зрабіць для прэзідэнта Францыі яго партрэт-габелен.
He прыхаваю, я ўспрыняў прапанову з некаторым скептыцызмам: надта ўжо мала часу заставалася для такой няпростай работы.
Але, як выявілася, Аляксандр Міхайлавіч здолеў стварыць сапраўдны цуд, прычым двойчы. Першы — калі зрабіў партрэт усяго за два тыдні. Другім цудам быў сам габелен. Невялікі па памеры, ён выяўляў Франсуа Мітэрана ў поўны рост на фоне начнога Парыжа. Партрэт быў не проста прыгожы, ён быў незвычайна вытанчаны і па форме, і па танальнасці. Прызначаўся ён для асабістага кабінета французскага прэзідэнта.
Уручаць падарунак мне давялося пры даволі незвычайных абставінах. Французскі пратдкол строгі і не прадугледжвае непасрэднага ўручэння прэзідэнту падарункаў. Перадаваць іх належыць загадзя, напярэдадні сустрэчы. Перад пачаткам сустрэчы мы вымушаны былі перадаць габелен супрацоўнікам службы нратакола прэзідэнта. Але
мне так хацелася зрабіць Мітэрану прыемны сюрпрыз, што я наважыўся на неардынарны крок.
Франсуа Мітэран прымаў нас у адной з парадных залаў Елісейскага палаца. Гутарка праходзіла вяла і сумна. I вось, пад яе канец, я нечакана ўстаю і, выбачыўшыся, выходжу з залы.
У фае пытаю ў чыноўнікаў пратакола:
— Дзе габелен?
— На другім паверсе ў кабінеце прэзідэнта.
Відаць, у маіх вачах яны прачыталі такую рашучасць, што праз хвіліну габелен быў ужо ў мяне ў руках. Затым я літаральна ўляцеў у залу перамоў і разгарнуў перад уражаным Мітэранам наш шэдэўр.
Прэзідэнт Францыі нават прыўстаў ад здзіўлення. Ён доўга глядзеў на габелен, захоплена паўтараючы:
— Дзівосна! Дзівосна!
Яго быццам падмянілі: твар разгладзіўся і выпраменьваў шчасце. Палюбаваўшыся некалькі хвілін, Мітэран спытаў:
— Хто аўтар гэтай работы?
I наша размова пайшла быццам наноў, стала цёплай і сяброўскай.
А Кішчанка праз некалькі тыдняў атрымаў асабісты ліст прэзідэнта Францыі, у якім Мітэран дзякаваў мастаку за цудоўны падарунак, які, паводле яго словаў, «сагрэў яму душу».
Помнік Скарыне ў Празе
Галоўнай візітоўкай беларускай культуры, па маім перакананні, была і застаецца асоба Францыска Скарыны.
Тытан Адраджэння, усходнееўрапейскі першадрукар, ён ёсць найяскравейшым прыкладам
нашай духоўнай сувязі з Еўропай. Скарыне прысвечапа значная колькасць навуковых манаграфій. I разам з тым вядомасць перакладчыка і выдаўца Бібліі, на жаль, абмежавана ўсё ж дастаткова вузкай групай славянскіх краін.
У тым, піто для Беларусі вельмі важная папулярызацыя яго імя, у тым ліку і ў тых гарадах Еўропы, дзе ён працаваў, я быў даўно перакананы. Памятаю, задоўга да прызначэння міністрам замежных спраў, яшчэ калі працаваў у Мінскім гаркаме партыі, я арганізаваў паездку творчай інтэлігенцыі па тых мясцінах Еўропы, дзе вучыўся, жыў і тварыў наш вялікі зямляк. У склад дэлегацыі ўваходзіла каля пяцідзесяці беларускіх скулыітараў, мастакоў, навукоўцаў і пісьменнікаў. Тады мы ўсе сышліся на меркаванні, што ў аніводнай з краін, звязаных з яго імем, мы не ўбачылі помніка Скарыну.
Выпраўленнем гэтай, на маю думку, гістарычнай памылкі і павінна было паслужыць адкрыццё помніка Францыску Скарыне ў адным з гарадоў Еўропы. А лепш за ўсё, бадай, у Празе, гэтай турыстычнай Меццы, якую штогод наведваюць мільёны чалавек, дзе Скарына выдрукаваў нашу першую Біблію.
Зразумела, што нашага жадання для гэтага было недастаткова. А ў Пражскай мэрыі, двойчы сустрэўшыся з яе прыматарам, падтрымкі я не знайшоў.
Усе мае сцверджанні пра тое, што Скарына — адзін з першадрукароў, філосаф, лекар, гісторык, што ў Празе ён жыў і пераклаў Біблію на беларускую мову, склаў да яе каментарый, што ён цёпла ставіўся да чэхаў, — усё гэта трапляла на непераадольную сцяну.
Мяркую, праз тое, што Беларусь асацыявалася ў чэхаў з Савецкім Саюзам, часткай якога ў той
час яна заставалася, а значыць, і з танкамі, якія прасавалі ў 1968 годзе «пражскую вясну», і з былым першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Кірылам Мазуравым, які, праўда, пад псеўданімам «генерал Трафімаў», кіраваў задушэннем чэшскай дэмакратыі.
Што заставалася рабіць у гэтай сітуацыі? Падумаўшы, я вырашыў звярнуцца па падтрымку да Вацлава Гавела, які быў не толькі прэзідэнтам, але і маральным аўтарытэтам краіны.
Як ужо адзначалася, у лістападзе 1990 года мне давялося на запрашэнне чэхаславацкага прэзідэнта ўзяць удзел у міжнародным сімпозіуме, прысвечаным праблеме незалежнасці краін Усходняй Еўропы.
Там я і сустрэўся з Вацлавам Гавелам, які быў арганізатарам і гаспадаром мерапрыемства. Аказалася, што ён добра ведае Беларусь, з сімпатыяй ставіцца да беларускага народа, ведае і гісторыю адносінаў паміж нашымі народамі. Бо ў 1919 годзе першы прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык і міністр замежных спраў Эдуард Бенеш былі, напэўна, адзінымі еўрапейскімі лідэрамі, якія падтрымалі на Парыжскай мірнай канферэнцыі імкненне беларускага народа да незалежнасці.
Падчас сустрэчы я ўручыў прэзідэнту Чэхаславакіі медаль Францыска Скарыны, падкрэсліў, што гэта наш нацыянальны герой, духоўны бацька нацыі, якому мы абавязаныя перакладам Бібліі на родную мову. Затым я перадаў Гавелу факсімільнае выданне скарынаўскай Бібліі са словамі:
— Спадар прэзідэнт, амаль пяцьсот гадоў таму вы, чэхі, далі нам Біблію, якая была надрукавана ў Празе ў 1517 годзе. Зараз ад імя беларускай нацыі, ад імя беларускай інтэлігенцыі, якая добра
всдае вас як драматурга, пісьменніка і палітыка, мы з удзячнасцю вяртаем гэтае Святое Пісанне вам.
Я нестаўскардзіцца Гавелу на прыматара Прагі і, тым болып, наўпрост прасіць пра дапамогу ці ўмяшанне. Гэта было б грубым парушэннем не толькі дыпламатычнага пратакола, але і элементарнай этыкі. Бо фармальна пытанне не адносіцца да кампетэнцыі прэзідэнта. Але Гавел цудоўна зразумеў усё і без прамога звароту.
Мой разлік аказаўся правільным. На наступны дзень пасля гэтай сустрэчы прыматар Прагі зноў прыняў мяне, і размова цяпер пайшла зусім у іншай танальнасціПраўда, спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў, каб паспяхова завяршыць гэты праект. У 1996 годзе помнік быў урачыста ўсталяваны на Градчанах — у гістарычнай частцы Прагі. Мы сталі першымі з усходніх славян, хто адкрыў свой помнік у чэшскай сталіцы.
На заключнай стадыі значную ролю ў рэалізацыі гэтага праекта адыграў тагачасны пасол Рэспублікі Беларусь у Чэхіі Мікалай Вайцянкоў.
Чаму міністр гуляе па Еўропе?
Павінен сказаць, што задача прасоўвання ў свет нашых культурных дасягненняў вырашалася зусім не проста. I далёка не заўжды мой імпэт сустракаў разуменне і падтрымку з боку нашых кіраўнікоў і членаў парламента.