Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Мой дзед належаў да старажытпага праваслаўпага беларускага роду Мількотаў, вытокі якога ў XVII стагоддзі. Згодна з архіўнымі дадзенымі, періпы з маіх вядомых продкаў Карп Мількота ў 1665 годзе жыў у вёсцы Літвінкі Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Цікава, што сядзіба дзеда знаходзілася на тым самым месцы, дзе больш за 300 гадоў таму стаяла сяліба заснавальніка роду.
чэрвеня 1941 -га года саветы «раскулачыць» сям’ю не паспелі.
Падчас вайны дзед быў сувязным партызанскага атрада, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза Аляксандр Азончык (ён жыў, як і дзед, у мястэчку Куранец). Двойчы дзед трапляў у рукі да немцаў, двойчы яго жыццё вісела на валаску. У першы раз яму здрадзіў родны брат, якога за гэта ў вёсцы ахрысцілі Юдам. Немцы паставілі дзеда да сценкі. Прагучалі стрэлы, але, як аказалася, стралялі над галавой. Потым выявілася, што за дзеда прасіла ўся вёска і ўзяла яго на парукі.
Бабуля была вядомая на ўсю Вілейшчыну як умелая знахарка і народны лекар. Лячыла яна практычна ўсе хваробы, часта выводзіла нават рожу.
Нарадзіўшыся ў лясной пушчы, дзе былі моцныя традыцыі народнай медыцыны, яна цудоўна разбіралася ў зёл ках, у яе было некалькі ад рукі спісаных сшыткаў з рознымі старажытнымі замовамі і рэцэптамі. У дзяцінстве я не раз назіраў, як перад лячэннем якога-небудзь чалавека яна мыла рукі, умывалася сама, брала іголку, кавалачак цукру, хлеба ці сухога абаранка, спачатку чытала малітву, а потым шаптала старажытныя замовы. I што дзіўна — такое яе лячэнне многім дапамагала.
У студэнцкія гады я перапісаў гэтыя замовы і падрыхтаваў курсавую працу па этнаграфіі.
Бабуля была цудоўнай апавядальніцай, сапраўднай скарбніцай фальклору і мудрага народнага слова. Менавіта яна навучыла мяне жывой беларускай мове. Таму пазней мне было вельмі смешна слухаць шушуканне дробных нядобразычліўцаў пра тое, што Краўчанка цішком бярэ прыватныя ўрокі беларускай мовы.
I адна ў полі воін
Маё веданне беларускай мовы аказалася запатрабаваным у гады перабудовы, калі нацыянальнае адраджэнне, якое дзесяцігоддзямі стрымлівалася, прарвала плаціну афіцыйнай палітыкі русіфікацыі.
Хоць сутыкнуцца з моўнай праблемай мне давялося задоўга да перабудовачных гадоў, яшчэ падчас брэжнеўскага «застою». Летам 1982 года да мяне — тады я быў загадчыкам аддзела навукі і адукацыі гаркама партыі — зайшла Тамара Чобатава, загадчыца Мінскага гарадскога аддзела народнай адукацыі, дарэчы руская, і паклала на стол заяву.
Бацькі дзяўчынкі Надзі Лісіцынай звярталіся ў гарана з патрабаваннем — не з просьбай, а менавіта з патрабаваннем, — каб іх дачка, якая паступае ў першы клас, згодна з нормамі Канстытуцый СССР і БССР вывучала ўсе прадметы на беларускай мове.
Далей у заяве гаварылася, што калі гарапа не выканае патрабавання Канстытуцыі, то яны — бацькі — будуць вымушаны вазіць сямігадовую дзяўчынку ў беларускую школу вёскі Паперня, што за трыдзевяць зямель.
Прачытаўшы гэтую заяву, я спытаў:
— Тамара Іосіфаўна, а згодна з заканадаўствам мы абавязаны гэта рабіць?
— Так, Пятро Кузьміч. I паводле заканадаўства, і паводле Канстытуцыі гэтае патрабаванне мы павінны выконваць.
— Дык давайце выконваць.
— А як? Як выкладаць на беларускай мове арыфметыку і хімію, калі падручнікаў, праграм, методык няма?
Гісторыя з заявай Лісіцыных адлюстроўвала змрочны стан з беларускім навучаннем у гара-
дах рэспублікі. Усе разумелі абсурднасць сітуацыі, калі ў сталіцы БССР не было аніводнай беларускамоўнай школы, не кажучы ўжо пра ВНУ.
Загадчык аддзела навукі і адукацыі сталічнага гаркама быў у той час надзелены немалымі паўнамоцтвамі. Здымаю «вяртушку», званю Мінкевічу, міністру асветы:
— Міхаіл Гаўрылавіч, вось такая сітуацыя. Дапамажыце, парайце, што рабіць?
Я быў амаль перакананы, што Мінкевіч, выхадзец з Заходняй Беларусі, як ніхто іншы, здолее ўсвядоміць вастрыню і важнасць гэтай праблемы, адгукнецца і захоча дапамагчы.
— Пятро Кузьміч, давайце зробім так: я, вядома, параюся ў ЦК, але калі вы нам напішаце ліст ці неяк пахадайнічаеце, то мы распрацуем індывідуальныя праграмы ды індывідуальныя метадычкі. У прынцыпе, з чагосьці трэба пачынаць. Давайце пачнём.
3 першага верасня Надзя Лісіцына ў адной са школ мікрараёна Грушаўка стала займацца адна ў класе. У гісторыю адукацыі БССР гэтая дзяўчынка ўвайшла як першая вучаніца горада Мінска, бацькі якой дамагліся права навучання дачкі на беларускай мове.
Потым я пазнаёміўся з самой Надзяй, некалькі гадоў сачыў за яе поспехамі. Аказалася, што бацькі дзяўчынкі працавалі ў Вільнюсе, адкуль у іх і з’явіўся гэты настрой навучання на мове тытульнай нацыі. Бацька быў інжынерам, а маці для таго, каб падтрымаць дачку, уладкавалася прыбіральшчыцай у школу, дзе яна вучылася.
Гэтая гісторыя скончылася тым, што пасля Надзі Лісіцынай з ініцыятывы грамадскасці, якую я
падтрымаў, з’явіўся першы беларускамоўны клас у мінскай сярэдняй школе № 108. Яна дапамагла мне ўсвядоміць вострую неабходнасць сур’ёзных пераўтварэнняў у моўнай палітыцы.
У 1990 годзе, калі я сыходзіў з гаркама партыі, ужо сорак восем школ з тагачасных двухсот у Мінску сталі беларускамоўнымі. Так пачынаўся новы, але, на жаль, не вельмі працяглы працэс беларусізацыі.
Прыйшло і яшчэ адно ўсведамленне. 3 людзьмі, якія, як кажуць, упруцца рогам, адстойваючы свае канстытуцыйныя правы, што і паказалі бацькі дзяўчынкі, чыноўнікі вымушаны лічыцца. Хоць улада можа ўжыць і сілу. Што здарылася нядаўна, калі Лукашэнка дэманстратыўна зачыніў Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, літаральна выкінуўшы дзетак і педагогаў на вуліцу.
Вынікае, што нікуды ад мінулага мы сёння не сышлі. Улада ўпарта не жадае прыбіраць з дарогі старыя граблі, якія ўжо ўдарылі ў лоб яе папярэднікам. Гэтаксама, як і чвэрць стагоддзя таму, бацькі адваёўваюць права сваіх дзетак вучыцца на роднай мове.
Лёс Закона аб мовах
У канцы 1980-х гадоў неабходнасць нацыянальнага адраджэння і вяртання роднай мовы ў штодзённае жыццё ўсведамлялася шырокімі коламі творчай і педагагічнай інтэлігенцыі. Грамадства стала настойліва патрабаваць рэформаў, у тым ліку і ў моўнай палітыцы БССР.
Пацярпеўшы паразу на першых дэмакратычных выбарах у саюзны і рэспубліканскі парламенты, партыйныя функцыянеры раптам убачылі, як
іх насамрэч не любяць у народзе, спахапіліся і пайшлі на саступкі.
У прыватнасці, такой саступкай было стварэнне камісіі па падрыхтоўцы новага закона БССР «Аб мовах». Узначаліла яе Ніна Мазай, у той час намеснік старшыні Савета Міністраў, якая адказвала за адукацыю ў рэспубліцы, а ў камісію ўвайшлі паэт Ніл Гілевіч, акадэмік Мікалай Бірыла, прафесар Міхаіл Яўневіч, доктар юрыдычных навук Аляксандр Абрамовіч, пісьменнікі Барыс Сачанка і Вячаслаў Рагойша, супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ Юрый Смірноў, дацэнт Мінскага педінстытута Пётра Садоўскі, я як сакратар Мінскага гаркама і многія іншыя...
Закон ставіў за мэту змяніць палітыку савецкага часу, якая свядома падвяргала беларускую мову дыскрымінацыі. Па сутнасці, рашалася задача вяртання нашай мове статусу дзяржаўнай, якога дагэтуль яна была пазбаўленая.
Пры рабоце над тэкстам закону былі ўлічаныя многія патрабаванні нацыянальнай інтэлігенцыі аб узмацненні ролі беларускай мовы ў дзяржаўнай сферы. У закон была закладзена норма, згодна з якой цягам наступных дзесяці гадоў усё справаводства ў дзяржаўных установах пераводзілася на беларускую мову. Меркавалася паступова перавесці на беларускую мову ўсю сістэму народнай адукацыі. Планаваліся перападрыхтоўка педагагічных кадраў і распрацоўка новых падручнікаў на беларускай мове.
Адначасова новы закон улічваў інтарэсы нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць у рэспубліцы. Ужо не толькі рускія дзеткі маглі цяпер атрымліваць адукацыю на роднай мове па спецыяльных праграмах.
Прывяду некалькі радкоў са свайго выступу 26 студзеня 1990 года перад дэпутатамі падчас абмеркавання праекта гэтага закону:
«Доўгі час у нас існавала афіцыйна абвешчанае нацыянальна-рускае двухмоўе. Але ў рэальнасці, у жыцці — гэта юрыдычная фікцыя. Склалася так, што руская мова займае паноўнае месца ва ўсіх сферах сацыяльна-палітычнага і грамадскага жыцця. I ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі сфера выкарыстання не звузіцца... Калі мы прымем у якасці дзяржаўных дзве мовы, то нічога не зменіцца, усё будзе захоўвацца, як сёння...
Мова — тысячагадовая творчасць народа, у ёй яго характар і душа, свабода і памяць, філасофская сістэма... Калі б мова была ўсяго толькі сродкам камунікацыі паміж людзьмі, народы даўно выкарыстоўвалі б з гэтай мэтай лаціну, санскрыт ці эсперанта. Колькі моў у свеце — столькі і цывілізацый на зямлі. Таму мы стаім за родную мову, але таксама за кожную мову, за кожны народ — гэта робіць нас гуманістамі».
Закон «Аб мовах», які мне даручылі разам з Н. Мазай прадстаўляць дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, быў прыняты аднагалосна*.
He сумняваюся, што, калі б у 1995 годзе ў закон не былі ўнесеныя папраўкі, мы сёння мелі б зусім іншую моўную сітуацыю.
Але змяненні Канстытуцыі, праведзеныя на лукашэнкаўскім рэферэндуме, адкінулі краіну ў яму пяцідзесяцігадовай даўніны. Мы зноў маем толькі імітацыю беларускай школы, а беларуская мова выцесненая са сфер дзяржаўнага, палітычнага, эка-
У дзень яго прыпяцця Народны фронт праводзіў мітынг на чале з В. Вячоркам, патрабуючы больш радыкальнага закону.
намічнага выкарыстання. Яна зноў, як пры расійскай манархіі, разжалавана ў «ніжэйшыя чыны».
Але, у адрозненне ад мінулых часоў, беларуская мова замацавалася на гарадскім асфальце, становіцца мовай зносінаў маладога адукаванага пакалення. Упэўнены, што яно здолее вярнуць Закон «Аб мовах» да жыцця.
Крыніца высокай духоўнасці
У 1987 годзе мой сябар пісьменнік Барыс Сачанка, вярнуўшыся з камандзіроўкі ў Нью-Ёрк, здолеў правезці праз мяжу аддрукаваныя на машынцы ўспаміны Ларысы Геніюш.
У той час чытанне забароненай літаратуры было шырока распаўсюджана.
Успаміны Геніюш я прачытаў літаральна за адну ноч і быў узрушаны. Цягам некалькіх тыдняў я знаходзіўся пад ашаламляльным уражаннем ад трагічных успамінаў беларускай паэткі. Гэтыя ўспаміны зрабілі на мяне велізарны ўплыў.
Ларыса Геніюш — чалавек надзвычайнага лёсу. Таленавітая пісьменніца, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, у 1937 годзе яна эмігравала ў Прагу, дзе была сакратаром прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захаркі. Ларыса Геніюш зрабіла вельмі шмат, каб захаваць архіў БНР. Яна апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі, а ў гады Другой сусветнай вайны дапамагала ваеннапалонным.