• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    У 1948 годзе, пасля камуністычнага перавароту ў Чэхаславакіі, Ларыса Геніюш была арыштавана і прайшла праз усе кругі турэмнага пекла ў Празе, Вене, Львове. Затым яна апынулася ў Мінску, дзе яе дапытваў асабіста міністр унутраных спраў рэспублікі, злавесна вядомы Лаўрэнці Цанава.
    У сваёй кнізе Ларыса Геніюш апісвае, як пачаўся гэты допыт.
    «Спачатку ён спытаўся ў мяне, на якой мове са мной гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць іхняга перакладчыка? А я яму кажу:
    — Калі вы з’яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварыце па-беларуску!»
    Якой жа мужнасцю валодала гэтая жанчына, калі здолела так размаўляць з усеўладным катам Беларусі, перад якім трапяталі нават першыя сакратары ЦК КПБ!
    Прачытаўшы споведзь Геніюш, я зразумеў, як людзі прымалі мукі, ішлі на эшафот, ішлі ў Сібір дзеля нацыянальнага адраджэння, з любові да роднай культуры, мовы, свайго народа. У лісце да сына, які прыводзіцца ва ўспамінах, яна прызналася, чаму ішла на ўсе гэтыя ахвяры: «Даруй маме пакуты, юнак, даруй, мой сын... Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэнні. He было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы вышэй за цябе, за мяне, за нашага тату...»
    He ведаю, магчыма, смеласць Ларысы Геніюш уразіла і Цанаву, але ў турме яе не расстралялі. Яна была прысуджана да 25 гадоў лагераў. У жудасных умовах канцлагераў ёй пашчасціла дачакацца хрушчоўскай «адлігі». У 1956 годзе Геніюш вызвалілі, але ўлада — ані савецкая, ані постсавецкая — яе не рэабілітавала. Ларыса Геніюш пасялілася ў'Зэльве (Гродзенская вобласць), дзе і памерла ў 1983 годзе. Нямногія людзі наважваліся з ёй кантактаваць у тыя гады, бо гэта азначала распісацца ў сваёй палітычнай нядобранадзейнасці.
    Дагэтуль успаміны Ларысы Геніюш (выдадзеныя пазней пад назвай «Споведзь») для мяне —
    галоўная кніга ў беларускай літаратуры, якая з’явілася ў XX стагоддзі.
    Я даваў чытаць гэтую кнігу сваім сямейнікам — і дачка чытала, і сын, і жонка. Даў прачытаць «Споведзь» і сваім сябрам у Расіі, якія не ведаюць беларускай мовы. Усе прызнаваліся, што былі ўражаны жыццём Л. Геніюш і яе высокай духоўнасцю.
    «Ворагі» становяцца сябрамі
    Вернемся да тэмы нашай дыяспары ў Амерыцы.
    Афіцыйнае стаўленне да беларускай эміграцыі пачало змяняцца адразу пасля прызначэння пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН вясной 1990 года Генадзя Бураўкіна. А ўвосень, падчас майго знаходжання ў Нью-Ёрку на сесіі Генеральнай Асамблеі, я падключыўся да пачатай ім і вельмі важнай для нас работы. Мы абодва былі рады, што лёс дазволіў нам апынуцца ў новых гістарычных умовах побач, калі панятак «ідэалагічны вораг» на час выйшаў з палітычнага ўжытку і не звязваў нам рукі.
    Мы заўжды лічылі прапаганду нашых культурных дасягненняў ганаровым абавязкам дыпламата і актыўна «выкарыстоўвалі» культуру для пашырэння нашых дзелавых кантактаў, а таму не маглі не абапірацца на дапамогу нашых замежных суайчыннікаў, сярод якіх было нямала годных людзей, выхаваных у вернасці Беларусі, роднай мове і культуры.
    Ужо ўвосень 1990 года з нашай ініцыятывы ў клубе ААН прайшло першае буйное мерапрыемства, куды былі запрошаны найбольш вядомыя прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах. Гэтай святочнай вечарынай мы заканчвалі ўрачыстасці ў гонар пяцісотгадовага юбілею
    Францыска Скарыны, якія працягваліся пяць гадоў (з 1985 да 1990-га).
    Потым такія вечарыны, прымеркаваныя да пэўнай гістарычнай для Беларусі гадавіны, сталі праходзіць у нашым пастаянным прадстаўніцтве рэгулярна. А прадстаўнікі беларускай дыяспары сталі нашымі частымі гасцямі. Прызнаюся, я заўжды вельмі ўважліва вывучаў спісы запрошаных і ніколі не запрашаў тых, хто быў замешаны ў супрацоўніцтве з фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны, у каго рукі маглі быць у крыві. Мой дзед быў партызанам, і праз гэта я пераступіць не мог.
    Але дзеці і ўнукі палітычных эмігрантаў пачатку 1920-х гадоў, сярод якіх было багата людзей, цесна звязаных з урадам БНР, у хуткім часе сталі нашымі жаданымі сябрамі. Бо многія з іх рабілі агульную з намі справу — служылі захаванню і прасоўванню ў свет нашай нацыянальнай культуры.
    Мяне захапляла дзейнасць Зоры і Вітаўта Кіпеляў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў адной з самых прэстыжных бібліятэк Злучаных Штатаў — Ныо-Ёркскай публічнай — і стварылі там вельмі цікавы беларускі аддзел, сабралі унікальную беларускую калекцыю перыёдыкі і кніг. Я шчыра палюбіў Кіпеляў, з якімі потым падтрымліваў сяброўскія адносіны (на вялікі жаль, Зора Кіпель ужо адышла ў лепшы свет).
    Мне пашчасціла пазнаёміцца з самымі аўтарытэтнымі беларусамі Амерыкі — тагачасным прэзідэнтам Рады БНР Язэпам Сажычам, вядомым амерыканскім педыятрам Марыяй Дзямковіч, выдатным інжынерам Расціславам Завістовічам, вядомым навукоўцам Барысам Кітом.
    Гэтыя знаёмствы насілі не толькі пратакольны характар. Нашы суайчыннікі ў Злучаных Шта-
    тах садзейнічалі наладжванню кантактаў з амерыканскім істэблішментам, дапамагалі ў розных гуманітарных праграмах, збіралі сродкі для пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.
    Я бачыў, што кожны з іх шчыра хоча дапамагчы сваёй гістарычнай Радзіме, сваім землякам. Напрыклад, адзін з лідэраў беларускай суполкі ў Кліўлендзе Сяргей Карніловіч прытуліў у сябе дома і дапамог арганізаваць лячэнне хворага на рак хлопчыка з Беларусі. Ён проста ўратаваў яго ад немінучай смерці.
    Нагодай для ўрачыстага святкавання ў НьюЁрку ў 1991 годзе стала 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
    Рыхтаваліся мы да яго грунтоўна. Досвед падказваў, што адных прамоў, няхай нават самых яскравых і шчырых, яўна недастаткова, каб свята стала памятнай падзеяй. Патрэбная дастаткова моцная і эмацыйная музычная частка.
    Таму я патэлефанаваў Уладзіміру Мулявіну і трохі збянтэжана — да сесіі Генеральнай Асамблеі ААН заставаліся нейкія два месяцы — папрасіў падрыхтаваць спецыяльны музычны цыкл на вершы Багдановіча.
    Адчувалася, што Мулявін такой прапановай быў усцешаны.
    — Няўжо вы праб’яце нам гэтую паездку? — спытаў ён. — Няўжо знойдзеце для гэтага грошы?
    Паездку я сапраўды прабіў і грошы знайшоў. I Мулявін, для якога выступ ансамбля «Песняры» ў штаб-кватэры ААН мусіў стаць вялікай падзеяй, сваё слова стрымаў і падрыхтаваў унікальны музычны цыкл на вершы нашага вялікага паэта.
    Адкрываючы вечарыну, я звярнуўся да гасцей:
    — Сёння мы адзначаем юбілей Максіма Багдановіча — аднаго з класікаў беларускай літаратуры новага часу. Як і ўсе іншыя народы свету, мы ганарымся сваімі духоўнымі правадырамі і настаўнікамі, чые імёны многія стагоддзі будуць саграваць душы беларусаў ва ўсім свеце. Уласным жыццём, на дзіва дакладнымі прадбачаннямі яны сцвярджалі вечнасць і несмяротнасць нацыянальнага духу свайго народа.
    Юбілейная вечарына Багдановіча сабрала мноства народу. Тут былі і беларускія дыпламаты, і дзеячы беларускай дыяспары, і супрацоўнікі ААН, і члены дэлегацый многіх краін, што прыехалі на Генасамблею, і прадстаўнікі амерыканскага істэблішменту.
    Мы бачылі, якімі шчаслівымі былі на той вечарыне нашы суайчыннікі. Многія з іх плакалі ад хвалявання, ад пачуцця, што Беларусь зноў стала іх духоўным домам. Радзіма ў асобе сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў прызнавала сваё крэўнае адзінства з беларускімі замежнымі суполкамі.
    Зараджалася сітуацыя, калі палітычнае стаўленне дыяспары да нашай дзяржавы магло прынцыпова змяніцца ў бок цеснага супрацоўніцтва, забяспечыўшы нам актыўнае «лабіяванне» беларускіх эканамічных і культурных інтарэсаў і праектаў. Бо для эмігрантаў самае галоўнае ў стаўленні да радзімы дзядоў і прадзедаў — гэта будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.
    Яны заўжды вельмі востра адчувалі і ўсведамлялі небяспеку, якая даўно навісае над нашым народам, нашай мовай і нашай нацыянальнай культурай. Бо не нейкі юны нігіліст, а народны паэт, мудры чалавек Пімен Панчанка напісаў трагічныя радкі пра развітанне з роднай мовай: «Гэта
    ўжо не світанне, гэта наша настала змярканне, гэта з мовай маёй, гэта з песняй маёй развітанне». Колькі ж горкага роздуму і пачуцця ў гэтых радках!
    У адрозненне ад многіх нашых чынуш, эмігранты, гэтыя адарваныя ад радзімы людзі, шчыра радаваліся кожнаму нашаму мерапрыемству, любому поспеху, кожнаму добраму знаку палітычнага беларускага жыцця. Гэта ўсяляла ў іх надзею, што наша нацыя не скорыцца волі дробных кан’юнктурнікаў ад палітыкі і даможацца роўнага з іншымі народамі існавання ў свеце.
    Крыўдна і балюча, што палітыка і дыпламатыя апошняга дзесяцігоддзя зусім не служаць умацаванню — ані ў іх, ані ў нас, хто жыве ў Беларусі пры новым рэжыме, — гэтай надзеі.
    Грант для Мірскага замка
    Завяршаючы тэму «культуралогіі», хачу распавесці яшчэ аб адной сваёй маленькай фінансавай перамозе, якую згадваю ўсякі раз, калі апынаюся ля сценаў архітэктурнага сімвала нашай дзяржавы — Мірскага замка, аднаўленне якога цягнецца многія дзесяткі гадоў.
    У 1990 годзе ў Парыжы я пазнаёміўся з генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Федэрыка Маёрам. Вядомы іспанскі навуковец-мікрабіёлаг, арыгінальны паэт, таленавіты дыпламат і вясёлы, камунікабельны чалавек, ён цаніў культуру, умеў прыцягваць і запальваць людзей.
    Федэрыка Маёр ачоліў арганізацыю ў няпросты час, калі ЮНЕСКА стала полем канфліктаў паміж дзвюмя звышдзяржавамі — СССР і ЗША, амерыканскія прадстаўнікі нават пакінулі яе. Ён з гонарам выйшаў з той цяжкай сітуацыі, умела
    пазбавіўся празмернай палітызацыі і актывізаваў менавіта культурны складнік у рабоце арганізацыі.
    Натуральна, я спадзяваўся, што ЮНЕСКА здолее сапраўды дапамагчы Беларусі ў рэалізацыі розных культурных праграм. У адну з сустрэч я запрасіў Маёра наведаць Беларусь у сувязі са святкаваннем 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
    Святкаванне праходзіла праз два дні пасля падпісання знакамітых Белавежскіх пагадненняў. 9 снежня 1992 года я сустрэў Федэрьіка Маёра ў аэрапорце. Па дарозе ў сталіцу ён распытваў мяне пра тое, што адбылося ў Белавежскай пушчы, меркаваў, як усё гэта адаб’ецца на лёсе Міхаіла Гарбачова, якому ён шчыра сімпатызаваў, зрэшты, як і многія на Захадзе.
    10 снежня ў Дзяржаўным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі на ўрачыстай вечарыне Маёр выступіў з пранікнёнай і арыгінальнай прамовай. Падчас таго наведвання Беларусі ён аказаў нам першую істотную дапамогу ад імя ІОНЕСКА: выдзеліў грант у 25 тысяч долараў „а набыццё фарбавальнікаў для рэстаўрацыі Мірскага замка.