Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
— Дзякуй за запрашэнне. Трэба параіцца з сям’ёй. Патэлефануйце, калі ласка, праз тыдзень-другі.
Праз пару тыдняў я патэлефанаваў яму. Ён пацвердзіў свой прыезд, і мы ўдакладнілі канкрэтную дату — 15 жніўня. Ці маглі мы ведаць, што сустрэнемся акурат напярэдадні путчу.
У нарачанскай цішыні
Рыхтуючы прыезд настолькі высокага госця, я звярнуўся па дапамогу да Кебіча, бо для прыёму саюзнага міністра замежных спраў неабходны быў аб’ект, абсталяваны ўсімі відамі ўрадавай сувязі і забяспечаны адпаведным узроўнем бяспекі.
Кебіч даў дазвол на ўрадавы санаторый «Сосны» на возеры Нарач, але катэгарычна адмовіўся прымаць саюзнага міністра за казённы кошт. Хоць у той час гэта лічылася за норму. Мне прыйшлося ўнесці ў касу Савета Міністраў уласныя грошы, за што я і сёння ўдзячны Вячаславу Францавічу. Быццам прадчуваючы будучыя падзеі, ён паступіў дальнабачна: квітанцыя аб аплаце стала для мяне амаль што алібі, калі камісія Вярхоўнага Савета на чале з дэпутатам Ігарам Пырхам задавала ўсім кіраўнікам рэспублікі пытанне:
— Дзе ты быў і што рабіў падчас путчу?
Пятнаццатага жніўня, прыехаўшы на вакзал сустракаць Бяссмертных, я ўбачыў на пероне начальніка Мінскага ўпраўлення КДБ генерал-маёра Генадзя Каваленку. Мяне гэта насцярожыла. Я падышоў да яго і проста спытаў:
— Генадзь Якаўлевіч, а вы каго сустракаеце?
— Па тэлеграме я сустракаю вашага міністра.
— Па якой тэлеграме?
— Ну вось, ёсць такое ўказанне, каб я сустрэў...
Потым ён стаў мяне распытваць, куды і на які час мы едзем.
Я быў вельмі здзіўлены: такое раней не практыкавалася. У міністра замежных спраў СССР нават у адпачынку ўласная ахова, і беларускі КД Б не павінен быў мець да яго прыезду ніякага дачынення. Але калі ў дзвярах вагона з’явіўся міністр, які ўсміхаўся, а за ім яго жонка, генерал Кавален-
ка незаўважна знік. Я нават не паспеў яго адрэкамендаваць, і толькі пазней зразумеў, што яму трэба было толькі зафіксаваць прыбыццё Бяссмертных і паведаміць у Маскву старшыні КДБ Кручкову месцазнаходжанне міністра.
У «Соснах» мы размясціліся ў драўляных двухпавярховых катэджах. He надта шыкоўных, але дастаткова камфартабельных. Раней тут адпачывалі члены бюро ЦК КПБ. Час ад часу наведваўся і хто-небудзь з Масквы. У адным катэджы размясцілася сям’я Бяссмертных і іх сябар, таленавіты мастак-партрэтыст Аляксандр Маркавіч Шылаў. Дарэчы, напісаныя ім партрэты ўжо тады каштавалі па сорак тысяч долараў!
Жылі яны на другім паверсе, а на першым размясцілася ахова. Там было таксама некалькі дапаможных памяшканняў, вялікая сталовая, кухня.
Мы з жонкай, сынам і дачкой — я быў у той час на адпачынку — размясціліся ў суседнім катэджы.
Надвор’е выдалася цудоўнае, і два дні мы гулялі, збіралі ягады, купаліся, загаралі. Адно з мясцовых азёраў — Белае — валодае унікальнымі якасцямі — у ім вельмі высокі адсотак утрымання гліцэрыны. Яшчэ ў сярэднія вякі сюды прыязджалі багатыя польскія пані на купанні, паколькі азёрная вада вельмі жыватворна ўплывае на скуру.
На берагах азёраў і ў лесе мы сустракалі кампаніі, якія выязджалі на пікнікі. Бяссмертных, як правіла, заўсёды пазнавалі. Ён вельмі здзіўляўся, бо шмат гадоў працаваў у ЗША, дый цяпер нячаста мільгацеў на тэлеэкранах, і, тым не менш, яго ўжо ведалі ў твар. Нас некалькі разоў запра-
шалі знаёмыя і незнаёмыя людзі на чарку і шашлык.
Бяссмертных патрабуюць у Крэмль
Нягледзячы на ўсе акрасы лета, я звярнуў увагу на адзін незвычайны момант. Аказалася, што апрача аховы Бяссмертных нас увесь час суправаджала некалькі машын з супрацоўнікамі КДБ Беларусі.
У нядзелю, 18 жніўня, мы зноў пайшлі ў лес збіраць чарніцы. Раптам непадалёк ад нас з’явілася «Волга». Мы нават не паспелі панаракаць, што ў запаведнай зоне гэтак вольна шастаюць машыны. Але «Волга» пад’ехала да нас, з яе выйшаў адзін з афіцэраў аховы і сказаў:
— Аляксандр Аляксандравіч, толькі што тэлефанаваў Кручкоў (было блізу 16 гадзін) і прасіўз ім тэрмінова звязацца.
— Добра. Ператэлефаную хвілін праз трыццаць-сорак.
Рэакцыя міністра была абсалютна спакойнай. Мы нават не сталі скарачаць прагулку і вярнуліся на дачу толькі гадзіны праз дзве. Але і там Бяссмертных не спяшаўся тэлефанаваць, і мы селі вячэраць.
Хутка праіучаў тэлефонны званок. Апарат акурат быў усталяваны ў сталовай, і афіцэр аховы перадаў трубку Бяссмертных.
Я не чуў, што гаварыў Кручкоў, але па адказах Бяссмертных было зразумела, што яго тэрмінова выклікаюць у Маскву на нейкае пасяджэнне. Ён быў здзіўлены і не меў жадання перапыняць адпачынак.
— Ну, прабачце. Я два дні таму прыехаў. Я на адпачынку. Навошта? Якое пасяджэнне?..
Але, мяркуючы па ўсім, Кручкоў настойваў.
Скончыўшы размову, міністр вярнуўся за стол. Усе маўчалі.
— Нічога не разумею, — нарэшце сказаў ён. — З’язджаў — усё было спакойна. Але цяпер штосьці адбылося. Няўжо дзесьці зноў ірванула?
— Што рванула? — запытаўся я.
— Можа, зноў Чарнобыль...
— Аляксандр Аляксандравіч, а можа, ірванула зноў у Фергане ці ў Нагорным Карабаху?
— Ды быццам не падобна...
— Але Кручкоў вас адклікае?
— He, гаворка вядзецца аб тым, што трэба хутка сабрацца ў Крамлі кіраўніцтву краіны.
— А Гарбачоў будзе? — спытаўся я, ведаючы, што генсек адпачывае ў Фаросе.
— Гэтага я так і не зразумеў. Кручкоў сказаў, што тэлефануе ад імя Гарбачова. Што нібыта менавіта Гарбачоў усіх і збірае.
— Аляксандр Аляксандравіч, у такім выпадку я павінен як гаспадар неадкладна заняцца вашым ад’ездам. Трэба патэлефанаваць у Мінск і выклікаць ахову і транспарт.
— Так, гэта было б няблага. Зараз скажам нашым хлопцам.
Выклікалі ахову, але адзін з афіцэраў з усмешкай сказаў:
— Ведаеце, а машыны нікуды і не з’язджалі — яны побач, у Мядзеле, кіроўцы два дні начуюць у гасцініцы.
Што ж, чорт пабірай, усё-такі адбываецца?!
Праз дваццаць хвілін урадавы «ЗІЛ» і тая белая «Волга», якая прыязджала да нас у лес, стаялі ля катэджа. Бяссмертных, які не ўзяў з сабой на-
ват гарнітура, у Крэмль вылятаў у джынсах і тэнісцы. Афіцэр далажыў, што з Масквы па яго прыбудзе. самалёт*.
Было відавочна, што міністр зусім не хоча ляцець у Маскву. Супакойваючы жонку, якая не хавала свайго хвалявання, ён казаў, што ўсё гэта лухта, што заўтра ён вернецца, ёй і Шылаву лепей заставацца ў «Соснах».
I тут я прапанаваў яму адмовіцца ад паездкі:
— Аляксандр Аляксандравіч, вы ведаеце, штосьці мне ўсё гэта не падабаецца... Чаму на вакзале нас сустракаў Каваленка? Чаму не з’ехалі машыны? Такое ўражанне, што камусьці трэба было дакладна ведаць, дзе вы знаходзіцеся, каб у любы момант арганізаваць ваш ад’езд. Ведаеце, час ад часу карысна і захварэць...
— А што я скажу Кручкову?
Я распавёў яму выпадак, які адбыўся з Кебічам гады за тры-чатыры да гэтага.
Кебіч адпачываў у Жалезнаводску ў сваім любімым санаторыі «Дуброва». Раптам яму тэлефануе Слюнькоў з прапановай неадкладна вылецець у Маскву, паколькі заўтра на Палітбюро будзе разглядацца пытанне аб прызначэнні яго міністрам станкабудавання СССР.
Кебіч вельмі не хацеў зрывацца з месца старшыні Дзяржплана рэспублікі і ехаць у Маскву з яе інтрыгамі. Абставіны ў сталіцы былі няпэўныя, перспектывы няясныя. Разумеючы, што Слюнькову немагчыма проста так адмовіць, ён зрэагаваў імгненна:
Хоць, як я потым даведаўся, насамрэч Бяссмертных быў дадзены асабісты самалёт камандуючага ВПС Беларускай ваеннай акругі.
— Мікалай Мікітавіч! Вялікі дзякуй за давер, я вельмі рады і вам удзячны. Бяда ў тым, што я нікуды не магу вылецець.
— Ды ты што?! Я за цябе так біўся на Палітбюро, пасаду вырываў для цябе як прадстаўніка Беларусі...
— Мікалай Мікітавіч! Я гэтага ніколі не забуду, я да канца жыцця буду гэта памятаць. Але я не магу.
— Як ты не можаш?! — проста роў у трубку Слюнькоў.
— Справа ў тым, што я атруціўся і ад туалета далей чым на дзесяць метраў не адыходжу.
Ашаломлены Слюнькоў раптам засмяяўся:
— Ну добра. Давай, папраўляйся. Заўтра яшчэ раз патэлефаную.
Але да заўтра штосьці там памянялася. Слюнькоў болыл не тэлефанаваў. I пытанне знялося само сабою.
Распавёўшы гэтую гісторыю, я прапанаваў Бяссмертных:
— Аляксандр Аляксандравіч, патэлефануйце Кручкову і скажыце, што вы не транспартабельны. Наш лекар вам любы дыягназ пацвердзіць.
Жонка міністра Марына Уладзіміраўна мяне падтрымала. Але Бяссмертных быў чалавекам дысцыплінаваным. I дзесьці а палове на восьмую мы выехалі ў Мінск. Ужо ў дарозе патэлефанаваў усё той жа генерал Каваленка і паведаміў, што нам трэба прыехаць у ваенны аэрапорт «Ліпкі» ва Уруччы.
Збіралася навальніца, і Бяссмертных, гледзячы на неба, уздыхнуў:
— Ну, хоць бы надвор’е было нялётнае!
Але навальніца пачалася праз хвіліну пасля Taro, як самалёт падняўся ў неба і ўзяў курс на Маскву.
У Ліпках яго праводзіў генерал Каваленка.
Вярнуўшыся да машыны, я моўчкі паглядзеў на генерала, той — таксама моўчкі — на мяне.
Праз паўгадзіны я быў ужо дома, а раніцай даведаўся пра путч.
Памылка міністра
Зразумела, што на наступны дзень Бяссмертных у Мінск не вярнуўся.
Адразу пасля правалу путчу ён быў абвінавачаны ў дапамозе змоўшчыкам і адпраўлены ў адстаўку. Спаткаліся мы праз некалькі гадоў, калі я быў ужо ў адстаўцы, на сустрэчы членаў Сусветнага савета экс-міністраў замежных спраў. Бяссмертных распавёў, што адразу з аэрапорта яго даставілі ў Крэмль, дзе ўжо засядаў ГКЧП. Усе былі смяротна п’яныя. Усе, апрача Кручкова, які працягнуў Бяссмертных спіс членаў ГКЧП са словамі:
— Аляксандр Аляксандравіч, вось гэта трэба падпісаць!
Бяссмертных надзеў акуляры, прачытаў, вярнуў паперу і сказаў:
— Я гэтага падпісваць не буду!
— Як хочаш, але глядзі, каб потым не пашкадаваць, — панура прамовіў Кручкоў.
Бяссмертных паехаў дадому, адмовіўшыся ўвайсці ў склад ГКЧП. Але на наступны дзень ён зрабіў вялікую памылку. Сабраўшы калегію МЗС, распарадзіўся адправіць шыфратэлеграмы ва ўсе савецкія пасольствы з указаннем, каб паслы неадкладна перадалі ў якасці афіцыйнага дакумен-
та «заяву савецкага кіраўніцтва» кіраўнікам дзяржаў.
Паслы — людзі дысцыплінаваныя — даручэнне выканалі. Усе, апрача пасла СССР у Чэхаславакіі Барыса Панкіна, які паспеў патэлефанаваць аднаму з намеснікаў міністра, тагачаснаму «шэраму кардыналу» МЗС Уладзіміру Пятроўскаму. А той сказаў Панкіну: