Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Мы размаўлялі дзве гадзіны, і падчас нашай размовы Бэйкер не хаваў, што Штаты не ўхваляюць цэнтрабежных тэндэнцый, звязаных з распадам СССР.
А мы ж меркавалі, што жнівеньскі путч, які фактычна абазначыў канец СССР, прымусіць заходніх лідэраў больш цвяроза ацэньваць будучыню Саюза! Але інерцыя была занадта моцнай. Вядучыя краіны Захаду, і ЗША не выключэнне, да апошняга дня СССР, да Белавежскіх пагадненняў, спадзяваліся, што ён нейкім чынам захаваецца як адзінае цэлае.
Захад скептычна, калі не сказаць адмоўна, ставіўся да імкнення саюзных рэспублік стаць суверэннымі і незалежнымі. А гаварыць аб усталяванні з імі дыпламатычных дачыненняў наогул ніхто не жадаў.
Адзінай саюзнай рэспублікай, якой яшчэ да Віскулёў, у лістападзе 1991 года, гэта значыць за месяц да афіцыйнага распаду СССР, удалося фактычна дамагчыся дыпламатычнага прызнання, стала Беларусь.
Гэтаму папярэднічаў канфлікт, які доўжыўся без малога год — з таго моманту, як у кастрычніку 1990 года Германская Дэмакратычная Рэспубліка знікла з палітычнай карты Еўропы, стаўшы часткай ФРГ. Адпаведна, у распараджэнне ФРГ перайшло і генеральнае консульства ГДР у Мінску, якое месцілася ў сядзібе на вуліцы Захарава.
У лістападзе 1990 годаз Масквы ў Мінск прыехала місія нямецкага пасольства на чале з саветнікам пасольства Эберхардам Хайкенам (у будучыні кіраўнік місіі АБСЕ ў Беларусі). Перад дэлегацыяй стаялі дзве задачы. Першая — уступіць у валоданне будынкам, што належаў раней ГДР. Другая — адкрыць генеральнае консульства ФРГ у Мінску.
Раней, у савецкі час, такія пытанні вырашаліся толькі ў МЗС СССР. Таму нямецкія дыпламаты і гэтым разам узгаднілі ўсе пытанні на Смаленскай плошчы і паспешна паднялі над асабняком на вуліцы Захарава ў Мінску дзяржаўны сцяг Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
Сустрэўшыся з нямецкімі дыпламатамі, хоць гэта і не адпавядала майму рангу, я растлумачыў спадару Хайкену, што беларускі бок не будзе трываць самадзейнасці. Далей я заявіў:
— Беларусь — не марыянеткавая дзяржава. Калі вы лічыце, што ўсё аўтаматычна вырашаецца ў Маскве, то навошта вам консульства тут? Мы гатовы да дыялогу, але вы павінны разумець, што
Беларусі належыць суверэннае права прымаць TaKin рашэнні.
— А што ж нам рабіць, спадар міністр? — заклапочана спытаў Хайкен.
— Мы вывучым сітуацыю, падрыхтуем усе пратакольныя дакументы, але толькі пры адной абавязковай умове...
— Якой? — паступіла хуткае пытанне.
— Умова простая — прынцып узаемнасці. Мы пойдзем насустрач вам толькі тады, калі атрымаем аналагічны дазвол на адкрыццё генеральнага консульства Беларусі ў Боне ці Берліне. Бо паміж намі існуюць дыпламатычныя адносіны.
Хайкен быў надта здзіўлены:
— Якія дыпламатычныя адносіны? Мы з вамі нічога не падпісвалі.
Гэтага я і чакаў. Нямецкі дыпламат не ўлічыў, што ён меў справу не толькі з міністрам, але і з гісторыкам.
— Мне хацелася б, — сказаў я, — давесці да вашага ведама, што Беларусь і Германія яшчэ ў 1923 годзе афіцыйна ўсталявалі дыпламатычныя адносіны, якіх ніхто ніколі не перапыняў, нават у гады Другой сусветнай вайны. У чым і ёсць унікальнасць нашых дачыненняў.
— He можа быць! — усклікнуў збянтэжаны Хайкен.
Давялося зачытаць паслу ўрывак з гістарычнай манаграфіі пра тое, як 9 красавіка 1923 года паўнамоцны прадстаўнік БССР у Германіі Н. Н. Крэсцінскі ўручыў свае даверчыя граматы прэзідэнту Германскай Рэспублікі Фрыдрыху Эберту. 3 гэтага моманту паміж Беларуссю і Германіяй былі ўсталяваныя паўнавартасныя дыпламатычныя адносіны.
— Больш за тое, спадар Хайкен, — сказаў я, — мы нават ратыфікавалі Рапальскую дамову 1922 года як незалежная дзяржава і самастойны суб’ект міжнароднага права. Калі ў архівах Германіі вы знойдзеце дакумент, у якім сказана, што гэтыя адносіны ў аднабаковым парадку былі спынены, я буду вымушаны прызнаць сваю паразу.
Для нямецкіх дыпламатаў усё гэта прагучала як гром сярод яснага неба. Потым яны яшчэ тры ці чатыры разы прыязджалі ў Мінск. Канфлікт працягваўся больш за год. I, нарэшце, 21 лістапада 1991 года мы атрымалі афіцыйную ноту МЗС ФРГ, згодна з якой Федэратыўная Рэспубліка Германія прызнавала прынцып узаемнасці і давала згоду на адкрыццё генеральнага консульства БССР у Боне. Гэта было перамогай!
Праўда, праз два тыдні стала зразумела, што гэтая перамога запозненая. Пасля Белавежскіх пагадненняў Беларусь атрымала законнае права адкрыць у сталіцы Германіі не генеральнае консульства, а паўнавартаснае пасольства.
Раздзел другі
Віскулі. Дзень першы
8 снежня 1991 года ва ўрадавай рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы кіраўнікі трох савецкіх рэспублік падпісалі пагадненне, якое юрыдычна падвяло рысу пад існаваннем савецкай імперыі.
Аднак, нягледзячы на ўсю гістарычную важнасць гэтай падзеі, лідэры Расіі, Украіны і Беларусі не хавалі адзін ад аднаго неспакою, які ахапіў іх.
Ельцын адкрыта агучыў тое, што хвалявала ўсіх астатніх:
— Трэба хутчэй разлятацца! Нас не павінны накрыць тут усіх разам.
Як высветлілася потым, гэтая асцярога была недарэмная. Андрэй Грачоў — памочнік Міхаіла Гарбачова — пісаў ва ўспамінах, што «беларускія чэкісты своечасова праінфармавалі прэзідэнта СССР і гатовы былі “накрыць усю гэтую кампанію”», а дачка Гарбачова Ірына заяўляла:
— Калі б бацька захацеў, ён мог бы заварыць вялікую кашу!
Але Гарбачоў заварыць «кашу» нават не паспрабаваў. Чаму?
Праз некалькі гадоў, калі эйфарыя тых дзён прайшла і постсавецкія дзяржавы сутыкнуліся з масай эканамічных і палітычных праблем, у гра-
мадстве стала прачынацца настальгія па Саюзе. Многія сталі абвінавачваць удзельнікаў тых падзей ледзьве не ў таемнай «змове», калі кіраўнікі трох рэспублік адным росчыркам пяра развалілі «вялікую краіну» і выклікалі «найвялікшую катастрофу XX стагоддзя».
Зразумела, усё гэта глупства.
Савецкі Саюз сканаў раней — у жніўні 1991 года. Як было прынята пісаць у саўковых некралогах — пасля цяжкай працяглай хваробы, якая да таго ж насіла прыроджаны характар. У Віскулях быў усяго толькі падпісаны афіцыйны дакумент аб сконе СССР.
I Гарбачоў не мог гэтага не разумець ці хоць бы не адчуваць.
Вельмі добра пра тое сказаў прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук:
— У мяне выклікаюць усмешку сцверджанні накшталт: «Сабраліся ўтрох і развалілі вялікую краіну!» Няхай збяруцца тры губернатары і паспрабуюць разваліць Злучаныя Штаты!
Колькі «зуброў» было ў Віскулях?
Памыляюцца і тыя, хто лічыць, што гэты гістарычны акт здзейснілі тры «белавежскія зубры».
На самай справе з боку Беларусі ніякага «ayepa» выстаўлена не было. Кіраўніцтва Беларусі выконвала ў белавежскіх працэсах хутчэй дапаможную функцыю. А галоўнай праблемай, якая падымалася ў Віскулях, было вырашэнне дастаткова вострых супярэчнасцяў паміж кіраўніцтвамі Украіны і Расіі. Кіеў імкнуўся да поўнай незалежнасці і суверэнітэту, Масква спадзявалася захаваць хоць нейкае падабенства Саюза Савецкіх Рэспу-
блік. Так з’явілася формула Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Беларускі прэм’ер Вячаслаў Кебіч доўгі час быў прыхільнікам толькі эканамічнай аўтаноміі Беларусі. Зразумела, яму падабалася, што ён станавіўся больш самастойным, больш незалежным ад Масквы, чым яго папярэднікі. Бо яму ўжо не трэба было ездзіць у Дзяржплан ці саюзны Савет Міністраў і выбіваць грошы, фонды і г. д. Але Кебіч ніколі не лічыўся нацыянал-радыкалам, хутчэй ён быў памяркоўным аўтанамістам, і не больш за тое.
He варта перабольшваць і ролі першага кіраўніка суверэннай Беларусі Станіслава Шушкевіча, што стаў кіраўніком дзяржавы па волі выпадку і дзякуючы красамоўству юрыста і дэпутата Дзмітрыя Булахава, які ў верасні 1991 года здолеў пераканаць дэпутатаў змяніць рэгламент пад канкрэтнага чалавека, што дазволіла Шушкевічу, які не набраў ў парламенце неабходнай колькасці галасоў, балатавацца ў спікеры паўторна і быць выбраным.
Падобна да Кебіча, ён ніколі не імкнуўся да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Па сваёй прыроднай ментальнасці ён заўжды баяўся палітычнай самастойнасці і на кожным вітку сваёй кар’еры знаходзіў для сябе ўплывовага патрона. Спачатку гэта быў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Кузьмін, потым Малафееў. Пасля краху кампартыі Шушкевіч на некаторы час знайшоў сабе заступніка ў асобе Міхаіла Гарбачова.
Восенню 1991 года з усіх кіраўнікоў саюзных рэспублік Шушкевіч быў самым паслядоўным прыхільнікам Саюза. У верасні ён нават дазволіў сабе зрабіць дастаткова рэзкую заяву з крытыкай расійскага кіраўніцтва, палітыка якога, па-
водле яго меркавання, магла «перашкодзіць падпісанню Саюзнай дамовы». У кастрычніку разам з Гарбачовым ён падпісаў зварот да ўкраінскага парламента з заклікам падтрымаць заключэнне новай Саюзнай дамовы. Але да сярэдзіны лістапада Станіслаў Станіслававіч зразумеў, што сіла не на баку Гарбачова, і без лішніх згрызотаў сумлення перайшоў на бок Барыса Ельцына.
Такім чынам, асноўнымі гульцамі ў Віскулях былі, безумоўна, Ельцын і Краўчук. Апошні пазней адкрыта прызнаўся:
— Ельцын быў зацікаўлены ўва мне як у саюзніку падчас барацьбы за ўладу. Я ж спрабаваў з яго дапамогай нарэшце зрабіць незалежнасць Украіны паўнавартаснай.
Роля беларускага спікера ў Белавежскай пушчы, паводле трапнага выказвання Андрэя Грачова, аўтара палітычнай біяграфіі Гарбачова, звялася да таго, каб «паспець разаслаць перад Ельцыным чырвоную дарожку».
Але гэта зусім не значыць, што Шушкевіч і Кебіч не ведалі, чаго яны едуць у Белавежскую пушчу.
Штосьці рыхтуецца...
Сігналы аб тым, што кіраўніцтва Беларусі ў курсе намераў Ельцына і Краўчука, дайшлі да Mane за некалькі тыдняў да Віскулёў. Праўда, улавіць гэтыя сігналы можна было, толькі маючы досвед апаратных адносінаў.
...У сярэдзіне лістапада ў маім кабінеце зазваніў тэлефон урадавай сувязі. Я зняў трубку і пачуў характэрны, з акцэнтам, голас Эдуарда Шэварднадзэ, які некалькі дзён таму вярнуўся да кіраўніцтва саюзным МЗС. Мы паразмаўлялі аб надвор’і, а потым Шэварднадзэ сказаў:
— Пятро Кузьміч, я збіраюся прыехаць у Беларусь...
Я зразумеў, што мэта яго прыезду была загадзя ўзгоднена з Гарбачовым, які хацеў з дапамогай дасведчанага паплечніка празандаваць сітуацыю ў нашай рэспубліцы.
— Эдуард Амбросьевіч, будзем толькі рады.
Ператэлефанаваўшы Кебічу і заручыўшыся яго згодай, я пачаў рыхтаваць прыезд саюзнага міністра, прадумваючы ўсе моманты знаходжання Шэварднадзэ, у адносінах з якім у мяне хапала складанасцяў. Аднак праз некалькі дзён мне патэлефанаваў Кебіч: