• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    У нас не было пад рукой ні пішучай машынкі, ні тым болей камп’ютэра. Выявілася, што ўрадавая рэзідэнцыя абсалютна не абсталявана нават канцылярскай тэхнікай, не кажучы ўжо аб сучаснай электроннай. Падаецца, да нас ніхто тут ніколі і не працаваў. У гэтым адлюстроўваўся стыль жыцця нашага былога кіраўніцтва. А нам усе гістарычныя дакументы прыйшлося пісаць ад рукі.
    Гайдар узяў свой тэкст і пачаў яго з нашай дапамогай рэдагаваць, пераўтвараючы з двухбаковага ў шматбаковы. Гэтая праца заняла даволі шмат часу і працягвалася прыкладна да пятай гадзіны раніцы. Хоць у выніку «Пагадненне аб утварэнні Садружнасці» атрымалася зусім невялікім паводле аб’ёму.
    У ім вызначаліся асноўныя параметры супрацоўніцтва, уключна з эканамічнымі, палітычнымі, ваенна-палітычнымі, траспартнымі пытаннямі. Гэта быў дакумент агульнага характару, без лішняга дэталявання.
    Пазней, чытаючы легкаважныя фантазіі аб тым, што «злым геніем» Віскулёў быў Генадзь Бурбуліс, які «падсунуў» кіраўнікам дзяржаў ужо гатовы праект, я не мог устрымацца ад усмешкі. Як непасрэдны ўдзельнік тых падзей, магу сказаць, што гэта пустая выдумка незычліўцаў. Пагадненне было падрыхтаванае за сем гадзін напружанай працы. Прычым Бурбуліс на наступны дзень яго толькі рэдагаваў. Асноўнымі распрацоўшчыкамі пагаднення былі Гайдар, Шахрай, Козыраў, Мясніковіч і я. Працяглых і вострых дыскусій не было, магчыма, таму, што ў нас была добрая базавая дамова, ужо апрабаваная ў жыцці.
    Глухая зімовая ноч стаяла за вокнамі, але наша ўзрушанасць была настолькі моцная, што спаць ніхто не хацеў. Усе мы, апрача Гайдара і Шахрая, жылі ў сціплай гасцініцы, дзе звычайна знаходзіўся персанал рэзідэнцыі. I вось мы рушылі туды і сабраліся за сталом.
    Уся краіна спала. Братэрскія і малабратэрскія рэспублікі. Блізкія і далёкія суседзі. Мільёны людзей. I толькі мы, дзесяць чалавек, ведалі, што звыклым эсэсэсэраўскім снам надыходзіць канец.
    Разышліся па сваіх пакоях толькі а шостай раніцы, калі па радыё загучаў гімн Савецкага Саюза. I мне здалося, што гэтым разам ён гучыць не велічна і горда, а ў танальнасці ля мінор — як паланэз «Развітанпе з Радзімай» М. К. Агінскага.
    Раздзел трэці
    Віскулі. Дзень другі
    А пятай раніцы 8 снежня ахоўнікі Віскулёў па нашым даручэнні выехалі з рэзідэнцыі ў пошуках пішучай машынкі. Гадзіны дзве спецслужбы гойсалі па акрузе, пакуль не здагадаліся звярнуцца ў канцылярыю Белавежскага запаведніка. Зразумела, дырэктар Белавежскай пушчы Сяргей Балюк спешна прывез у Віскулі пішучую машынку разам са сваёй сакратаркай з вёскі Каменюкі.
    А сёмай раніцы яна змагла распачаць працу. Дыктаваў ёй Ягор Гайдар, які адначасова ўносіў у дакументы некаторыя стылёвыя праўкі.
    Гісторыя стваралася ў більярднай
    Надрукаваны тэкст пагаднення перад перадачай кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў трэба было парафіраваць. 3 боку Беларусі яго парафіравалі Мясніковіч і я, ад Расіі — Гайдар, Козыраў і Шахрай. Але патрабаваліся подпісы і членаў украінскай дэлегацыі, якія ў начной працы ўдзелу не бралі. Мільганула нават трывожная думка, а ці не было гэта прадуманай акцыяй, каб сарваць далейшую працу?
    Гайдар, Козыраў і Шахрай звярнуліся да мяне:
    — Мы ведаем, што ў цябе добрыя адносіны з украінцамі. Вось тэкст дамовы. Калі ласка, правя-
    дзі з імі кансультацыі і пастарайся атрымаць іх подпісы.
    Пераканаць украінцаў аказалася не такой ужо і складанай справай, яны ўнеслі толькі папраўку ў назву дакумента.
    Да гэтага часу прэзідэнты і прэм’еры завяршылі снеданне, і ў більярднай для іх быў арганізаваны імправізаваны працоўны кабінет. Такім чынам рэдагаванне гістарычнага дакумента адбывалася ў більярднай. Гэтая праца доўжылася да гадзіны дня.
    Немагчыма без абурэння чытаць пасквілі абгаворшчыкаў Віскулёў з іх інсінуацыямі, што пагадненне аб утварэнні СНД нібыта пісалася ў п’яным стане. 8 снежня ўсе былі цвярозыя, усе цудоўна разумелі сваю палітычную адказнасць, гістарычную значнасць таго, што адбывалася.
    Так, за вячэрай 7 снежня моцныя напоі ўжываліся, але і тады ніхто не напіваўся. Хоць у тую пару ўжо было заўважна, што здароўе Барыса Ельцына мела быць лепшым. Піў ён даволі мала, але неяк хутка пачынаў губляць кантроль над сабой і сыходзіў адпачыць. Аднак праз паўгадзіны з’яўляўся абсалютна бадзёры і працаздольны. He ведаю, што ён у гэты час рабіў. Можа, спаў, а можа, яму давалі нейкія прэпараты...
    Гадзіннік за падтрымку прэзідэнта
    Увечары 7 снежня адбылося і кур’ёзнае здарэнне.
    Пасля вячэры Ельцын падымаўся на другі паверх, дзе размяшчаліся яго апартаменты. I раптоўна дзесьці на сярэдзіне лесвіцы спатыкнуўся і стаў падаць спінай назад. 3 улікам яго мажнага целаскладу такое падзенне магло скончыцца тра-
    гічна. Ахова не падаспела, усе анямелі, але сітуацыю выратаваў Шушкевіч, які падымаўся следам за Ельцыным і спрытна падхапіў Барыса Мікалаевіча.
    На наступны дзень, выходзячы на снеданне, Ельцын у прысутнасці ўсіх па-царску дастаў з кішэні гадзіннік і сказаў:
    — Станіслаў Станіслававіч, гэта — за падтрымку прэзідэнта Расіі ў складаную хвіліну.
    Трэба сказаць, што Шушкевіч быў відавочна ўсцешаны і потым шмат разоў з дзіцячым гонарам паказваў гэты гадзіннік:
    — Мне яго сам Ельцын падараваў — за тое, што я выратаваў яму жыццё.
    У мяне няма схільнасці да містычных тлумачэнняў таго, што адбываецца ў жыцці. I ўсё ж у дадзеным выпадку я бачу праяву найвышэйшай сілы, якая паслала Шушкевіча, як анёла-ахоўніка, ісці следам за Ельцыным. Бо, крый божа, калі б Ельцын зваліўся з лесвіцы, віскулёўская сустрэча магла ўвайсці ў гісторыю з зусім іншым вынікам... Чаго добрага, і СССР пазбег бы распаду.
    Такім чынам, калі Станіслаў Станіслававіч заяўляэ, што больш за ўсіх пастараўся для набыцця Бгларуссю незалежнасці і суверэнітэту, гэта не пустыя словы. Ён сапраўды забяспечыў фізічную магчымасць падпісання гістарычнага пагаднення. Ці Бог яму падказаў ісці следам, ці звычка рухацца па слядах вялікіх начальнікаў — якое гэта мае значэнне! У палітыцы важны вынік.
    Бывай, СССР...
    Кіраўнікі дэлегацый скончылі працу над пагадненнем каля гадзіны дня. Тэкст быў начыста перадрукаваны. I ўзнікла пратакольная прабле-
    ма — як арганізаваць падпісанне? Дзе падпісваць?
    У сталовай, дзе быў увесь час накрыты стол, падпісваць настолькі важны дакумент палічылі пепрыстойным. Ад більярднай адмовіліся з той самай прычыны. Вялікай залы, якая адпавядала б унікальнасці падзеі, ва ўрадавай рэзідэнцыі не было. Таму вырашылі паставіць сталы ў вестыбюлі перад сталовай. Гэта было даволі вялікае памяшканне, метраў шэсцьдзесят плошчай, з калонамі і неблагім інтэр’ерам, з прэтэнзіяй на класіцызм.
    Сама працэдура падпісання заняла некалькі хвілін. 3 прэсы былі толькі карэспандэнты Беларускага тэлебачання і інфармагенцтва БелТА. Прысутнічаў таксама Васіль Драгавец — кіраўнік аддзела інфармацыі Савета Міністраў. Было зроблена некалькі пратакольных фотаздымкаў, і на гэтым афіцыйная частка закончылася.
    Можна толькі здзіўляцца, як часам прымаюцца лёсавзначальныя рашэнні! He было ні натоўпу чыноўнікаў, ні тысяч «народных пасланцоў», як на былых партз’ездах ці на «ўсенародных вечах», ні «бурных, працяглых апладысментаў», калі «ўсе ўстаюць», ні святочнага канцэрта. Нічога пастановачнага. Быў паляўнічы домік у заснежанай пушчы. Строгасць і будзённая скіраванасць невялікай групы людзей, якія вырашылі змяніць карту свету.
    Сёе-тое для грамадскага спакою
    У белавежскіх Віскулях апрача Пагаднення аб стварэнні СНД было распрацавана яшчэ некалькі дакументаў.
    Кіраўнікі дзяржаў Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі заяву, у якой тлумачылася, чаму яны пайшлі на ўтварэнне СНД.
    У заяве аб падзеях у Рэспубліцы Малдова — невялікім дакуменце з 13 радкоў агульнага характару — утрымліваўся заклік вырашаць усе спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі за сталом перамоваў у адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнароднага права і прынцыпамі АБСЕ.
    Прычынай для такой заявы паслужыла тэлеграма за подпісамі прэзідэнта Малдовы Мірчы Снегура, старшыні парламента Аляксандра Машану і прэм’ер-міністра Валерыя Мураўскага. Яна была адрасаваная расійскаму кіраўніцтву і паступіла 6 снежня.
    Сутнасць праблемы заключалася ў тым, што літаральна за некалькі дзён да сустрэчы ў Віскулях 14-я армія Адэскай ваеннай акругі Мінабароны СССР пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Генадзя Якаўлева, з маўклівай згоды саюзнага цэнтра, адкрыта ўмяшалася ў канфлікт на баку прыднястроўскіх сепаратыстаў. Камандаванне 14-й арміі пачало раздаваць зброю экстрэмістам і крымінальным элементам.
    Кіраўніцтва Малдовы прасіла Ельцына спыніць спробы саюзнага кіраўніцтва раздзяліць рэспубліку. Скарыстаўшыся момантам, Шахрай прапанаваў зрабіць заяву ад імя кіраўнікоў не толькі Расіі, але таксама Беларусі і Украіны, што фактычна азначала падтрымку прэзідэнта Мірчы Снегура.
    Яшчэ быў прыняты і падпісаны Зварот да вайскоўцаў, ветэранаў вайны і працы. Іх заклікалі спакойна ўспрыняць распад Савецкага Саюза і спрабавалі запэўніць, што Садружнасць, якая ствараецца, у цэлым і кожная дзяржава паасобку зробяць усё, каб ветэраны не пацярпелі і мелі належны ўзровень жыцця.
    Апрача таго, па прапанове Шахрая было падрыхтаванае рашэнне аб аб’яднаным камандаванні стратэгічнымі ўзброенымі сіламі і адзіным кантролі за ядзернай зброяй дзяржаў — членаў СНД. Вось тэкст гэтага дакумента:
    «Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя, Украіна на аснове артыкула 6 Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў дамовіліся аб наступным:
    1.	Утварыць Савет абароны Садружнасці Незалежных Дзяржаў у складзе кіраўнікоў дзяржаў савета Садружнасці.
    2.	Савет абароны прызначае галоўнакамандуючага, начальніка Генеральнага штаба аб’яднаных стратэгічных сілаў, вызначае парадак і здзяйсненне гарантаванага кантролю над ядзернай зброяй і яе скарыстаннем».
    У працяг гэтага дакумента была таксама прынятая пастанова № 1 Савета абароны СНД:
    «1	. Прызначыць маршала Шапашнікава Яўгена Іванавіча галоўнакамандуючым Аб’яднанымі стратэгічнымі ўзброенымі сіламі Садружнасці.
    2.	Даручыць маршалу Шапашнікаву Я. I. у трохдзённы тэрмін падаць кандыдатуру начальніка Генералышга штаба Аб’яднаных стратэгічных узброеных сіл Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
    3.	Даручыць маршалу Шапашшкаву Я. I. у месяччы тэрмін прадставіць прапановы аб рэарганізацыі Міністэрства абароны СССР і стварэнні на яго аснове органаў кіравання Аб’яднанымі стратэгічнымі ўзброенымі сіламі Садружнасці».