• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    матаныя. Вярнуўшыся ў рэзідэнцыю, мы без размоваў разышліся па сваіх спальнях.
    Краўчук стаіць на сваім, Шушкевіч завагаўся...
    Наступны дзень выдаўся бурным для ўсіх удзельнікаў белавежскіх перамоваў.
    Перад тым як развітацца, Ельцын, Краўчук і Шушкевіч дамовіліся, што ў пасяджэнні прызначанага на 9 снежня Дзяржсавета СССР браць удзел не будуць. Краўчук і Шушкевіч у Маскву не паляцяць, а Ельцын раніцай сустрэнецца з Гарбачовым і больш грунтоўна праінфармуе яго аб усіх прынятых рашэннях.
    Краўчук сваё абяцанне стрымаў. Потым ён распавядаў, што раніцай яму ў Кіеў патэлефанаваў Гарбачоў, і ў іх адбыўся наступны дыялог.
    — Добры дзень, Леанід Макаравіч! Што вы там нарабілі ў Белавежскай пушчы?
    — Міхаіл Сяргеевіч, лічу, што мы зрабілі правільна. Сітуацыя зайшла ў тупік, трэба было шукаць выйсце...
    Гарбачоў быў вельмі ўзрушаны:
    — Свет жа дубам стаіць, разумееце?! Вы павінны неадкладна прыехаць у Маскву!
    — Дзеля чаго?
    — Трэба паразмаўляць... Ельцыв і Шушкевіч таксама будуць.
    — Я ў Маскву не паеду!
    — Чаму? — Гарбачоў ледзьве стрымліваў гнеў.
    — Таму што я прэзідэнт незалежнай дзяржавы. У мяне многа неадкладных спраў. А дырэктывы мне не патрэбны. Мы даручылі Ельцыну, каб ён праінфармаваў вас аб нашай сустрэчы і падпісаных дамоўленасцях. А Шушкевіч, калі хоча, няхай едзе...
    Потым Краўчук, відавочна, здзіўлены інфармацыяй аб тым, што, насуперак учарашнім дамоўленасцям, у Маскву збіраецца ехаць Шушкевіч, стэлефанаваўся з нашым спікерам. Той запэўніў Краўчука, што ў Маскву не збіраецца. Але, як выявілася, хітраваў.
    Раніцай Шушкевіч звязаўся па тэлефоне з кіраўніком крамлёўскай Адміністрацыі Рыгорам Равенкам. Равенка пазней прыгадваў, што размаўляў з ім Шушкевіч «амаль усхліпваючы». Ён быццам каяўся і тлумачыў, што яму патрэбна яшчэ ўсё асэнсаваць, «паколькі ўсё гэтак нечакана адбылося». Ён дэманстраваў, што не супраць адступіцца і нават сказаў, што гатовы неадкладна прыехаць у Маскву, калі «Міхаіл Сяргеевіч палічыць патрэбным». Але Гарбачоў, паразмаўляўшы з Краўчуком, бачыць у Крамлі аднаго Шушкевіча не захацеў.
    Назарбаеў пакрыўдзіўся
    9	снежня, выконваючы даручэнні, ускладзеныя на мяне кіраўнікамі трох дзяржаў, проста з гасцініцы ў Віскулях праз казахстанскае пастаяннае прадстаўніцтва ў Маскве я звязаўся з Нурсултанам Абішавічам.
    Я праінфармаваў Назарбаева, што ўжо пад* рыхтавана чатырохбаковае пагаднснне — дадатак да дамовы аб стварэнні Садружнасці, і мы прапаноўваем яму прыляцець у Мінск для падпісання гэтага дакумента або гатовы прыляцець з пагадненнем да яго. Назарбаеў адказаў, што яму гэта, вядома ж, цікава, але перад тым, як ляцець і падпісваць, ён павінен азнаёміцца з дакументамі. У той жа дзень, вярнуўшыся ў Мінск, я па факсе адправіў яму ўвесь пакет дакументаў.
    Назарбаеў вырашыў узяць паўзу. Толькі пераканаўшыся, што Гарбачоў ужо практычна здаўся, ён вылецеў у Алма-Ату і адтуль паведаміў, што ў прынцыпе не асуджае лідэраў Расіі, Украіны і Беларусі. Пры гэтым празрыста намякаў: яго і іншых сярэднеазіяцкіх кіраўнікоў крыўдзіць, што пытанне было вырашанае без парады з імі. Ён вытаргаваў многае з таго, што хацеў, а праз два тыдні прыняў у сябе ў Алма-Аце саміт кіраўнікоў адзінаццаці рэспублік (Грузія не прысутнічала), на якім скончыўся працэс канчатковага канстытуявання СНД.
    Інфармацыя для ЗША
    Я мусіў выканаць яшчэ адно даручэнне (яго я сам і ініцыяваў) — праз беларускае прадстаўніцтва ў Нью-Ёрку перадаць дзяржаўнаму сакратару Джэймсу Бэйкеру тэкст Пагаднення аб стварэнні СНД. Мяне падтрымаў Барыс Ельцын:
    — Вядома, гэта лагічна. Няхай беларускае МЗС, беларускі прадстаўнік гэта зробіць. Бо пагадненне падпісана ў Беларусі.
    Я звязаўся з амерыканскім дзярждэпартаментам і беларускім прадстаўніком Генадзем Бураўкіным. Захаваўся тэкст тэлеграмы, якую я накіраваў Генадзю Мікалаевічу:
    «Пастаяннаму прадстаўніку Рэспублікі Беларусь пры ААН таварышу Бураўкіну Генадзю Мікалаевічу.
    Накіроўваем Вам неафіцыйны пераклад прынятых у Мінску дакумечтаў. Іх неабходна тэрмінова перадаць спадару Бэйкеру на падставе паўнамоцтваў кіраўнікоў трох дзяржаў — Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны, — дадзеных МЗС Рэспублікі Беларусь 8 снежня бягучага года на сустрэчы ў Беларусі.
    Аб выніках сустрэчы з Бэйкерам інфармуйце неадкладна з Вашынгтона.
    Міністр Краўчанка».
    На наступны дзень, 10 снежня, Бураўкін пабываў у Вашынгтоне і дадзенае яму даручэнне выканаў.
    Хто галасаваў супраць?
    Апоўдні 9 снежня Кебіч, Шушкевіч і я вылецелі ў Мінск з Пружанаў на самалёце Як-40. У самалёце я сказаў Шушкевічу:
    — Станіслаў Станіслававіч, нам трэба абавязкова вырашыць лёс Саюзнай дамовы 1922 года. Без дэнансацыі тут не абыдзешся, таму што з гэтым дакументам трэба разабрацца карэктна. У адваротным выпадку могуць узнікнуць непажаданыя юрыдычныя калізіі.
    Шушкевіч пагадзіўся і падрыхтаваў праект адпаведнага дакумента.
    10	снежня на ранішнім пасяджэнні па ініцыятыве Леаніда Краўчука Вярхоўная Рада Украіны ратыфікавала Белавежскія пагадненні. Гэта стала сігналам і для беларускага парламента.
    У той жа дзень а шаснаццатай гадзіне Вярхоўны Савет пачаў разгляд пытання аб ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў і дэнансацыі Саюзнай дамовы 1922 года.
    Перад пачаткам пасяджэння да мяне падыходзілі многія дэпутаты, усе ажыўлена цікавіліся, як адбывалася Белавежская сустрэча. Асабліва падрабязна распытваў дэпутат Лукашэнка.
    Ён літаральна выцягваў інфармацыю. Яго не цікавілі дэталі арганізацыйнага ці бытавога характару. Ён хацеў зразумець, што за гэтым стаіць. I глядзеў ён на ўсё зусім не асуджальна. Памя-
    таю, ён радаваўся з таго, што адбылося, віншаваў і ціснуў мне руку са словамі:
    — Хлопцы, вы малайцы! Ну, вы зрабілі там...
    На яго твары чыталася адно: чорт пабірай, шкада, мяне там не было.
    Рашэнне аб ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў было прынята 263 галасамі, супраць быў адзін дэпутат, устрымаліся двое.
    Хто ж быў тым адзіным, хто прагаласаваў супраць?
    Галасаванне было пайменным. Хоць па выступленнях з трыбуны я памятаю: з крытыкай, прычым дыяметральна супрацьлеглай, выступілі два дэпутаты — Зянон Пазняк і Валеры Ціхіня.
    Першы заявіў:
    — Наша кіраўніцтва паводзіць сябе залежна, дзейнічае ў рэчышчы інтарэсаў РСФСР, яе ўзаемадачыненняў з Украінай і былым саюзным цэнтрам. Беларускае кіраўніцтва гатова было нават падпісаць новаагароўскую гарбачоўскую дамову. Шкада, што пагадненне аб Садружнасці сталі падпісваць за спінай Вярхоўнага Савета, удалечыні, схаваўшыся ад людзей. Пагадненне ставіць крыж на Савецкім Саюзе. Аднак, разбураючы старую Савецкую імперыю, гэтае пагадненне адкрывае шлях для новай Расійскай імперыі, якая ўжо відавочна абазначыла свае інтарэсы. У перспектыве яна выгадная толькі Расіі для рэалізацыі яе геапалітычных і вялікадзяржаўных мэтаў, якіх яна асабліва і не хавае.
    Крытыка Ціхіні была іншай:
    — Мы не павінны ігнараваць вынікі сакавіцкага рэферэндуму. Я бачу галоўную хібу ў тым, што падпісанае пагадненне, па сутнасці, пахавала апошняе спадзяванне многіх нашых суайчыннікаў на
    магчымасць заключэння новай саюзнай дамовы. Няхай на канфедэрацыйнай аснове, але ўсё ж саюзнай дамовы. На мой погляд, гэта драматычны крок.
    Думаю, што і Пазняк, і Ціхіня маглі прагаласаваць супраць ратыфікацыі Пагаднення аб стварэнні Садружнасці. Праверыць гэта немагчыма. Дакументалыіа пацверджана толькі тое, што адзіным дэпутатам, які прагаласаў супраць, не быў цяперашні прэзідэнт Беларусі Лукашэнка, хоць ён гэта не раз публічна сцвярджаў.
    Аляксандр Лукашэнка наогул не галасаваў, што было зафіксавана электроннай сістэмай для галасавання.
    На наступны дзень працэдуру ратыфікацыі здзейсніў Вярхоўны Савет Расійскай Федэрацыі. 3 гэтага моманту Пагадненне аб стварэнні СНД уступіла ў юрыдычную сілу.
    Праўда, наўздагон гэтым ратыфікацыям 11 снежня 1991 года на Белавежскія пагадненні, думаю, з падачы Гарбачова, адгукнуўся Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР. Аднак да гэтага часу сітуацыя цалкам праяснілася, і галоўны юрыдычны орган Саюза падрыхтаваў сваё заключэнне ў даволі замірэнчых тонах. Там змяшчалася толькі некалькі не вельмі значных закідаў на адрас кіраўнікоў трох рэспублік.
    Раздзел чацвёрты
    СНД — падзел маёмасці
    Многія задаюцца пытаннем, ці мог першы і апошні прэзідэнт СССР у снежні 1991 года ўжыць сілу, гэта значыць знайсці той батальён, які захапіў бы ці фізічна знішчыў белавежскіх «змоўшчыкаў»?
    Некаторыя людзі з бліжэйшага акружэння Гарбачова сцвярджаюць, што такія магчымасці ў яго былі і толькі асабістая высакароднасць утрымала прэзідэнта СССР ад падобных дзеянняў. Думаю, што гэтыя сцверджанні зусім беспадстаўныя, таксама, зрэшты, як і наш неспакой у Віскулях.
    Рэпрэсіўны, сілавы складнік Савецкага Саюза, дзякуючы якому ён здолеў праіснаваць без малога сем з паловай дзесяцігоддзяў, даказаў сваё банкруцтва ўжо ў дні жнівеньскага путчу. Такім чынам, у снежні 1991 года Саюз уяўляў з сябе, паводле вобразнага выразу Кіплінга, якога гэтак шмат цытавалі ў Віскулях, кобру, што перажыла свой яд.
    Аб якім рэваншы, аб якім ужыванні сілы, аб якім, урэшце, батальёне салдат можна было гаварыць у той час, калі ўжо ў канцы жніўня Барыс Ельцын надзейна прыбраў да сваіх рук увесь сілавы блок Саюза. КДБ узначальваў Вадзім Бакацін, Міністэрства абароны — Яўген Шапашнікаў, МУС — Віктар Бараннікаў. Усе — стаўленікі расій-
    скага прэзідэнта. Нават асабістая ахова Гарбачова працавала на Ельцына, а не на свайго непасрэднага патрона.
    Тады, у Віскулях, лепей за усіх адчуў рэальную расстаноўку сіл Вячаслаў Кебіч. Пасля праводзінаў расійскіх і ўкраінскіх гасцей ён без усякай трывогі адпусціў у Мінск нашых сілавікоў — Шыркоўскага і Кастэнку, сам жа разам з Шушкевічам і са мной спакойна вярнуўся начаваць у Віскулі, абсалютна не турбуючыся, што ў беларускай сталіцы з падачы Гарбачова можа адбыцца пераварот.
    Гарбачоў спрабуе ўтрымацца
    Затое Леанід Краўчук перажыў вечарам таго гістарычнагадня некалькі няпростых хвілінаў. Вось як ён потым сам аб гэтым распавядаў:
    — Зіма, цёмна. Прыехаў на дачу, адчыняю вароты, а там поўна вайскоўцаў. Уяўляеце, пра што мне падумалася...
    Але яго страхі і сумневы аказаліся дарэмнымі. Падышоў камандзір атрада спецыяльнага прызначэння «Альфа» і адрапартаваў: