• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    — Спадар прэзідэнт, мы прыехалі вас ахоўваць!
    Ельцын таксама пачуваўся няўтульна. Раніцай 9 снежня ён нс спяшаўся ў Крэмль, каб выканаць узятыя на сябе ў Віскулях абавязацельствы. Калі Гарбачоў сам ператэлефанаваў яму і запрасіў на сустрэчу, Ельцын задаў адзінае пытанне:
    — А мяне там не арыштуюць?
    Гарбачоў адказаў:
    — Ты што, звар’яцеў?
    Хоць, думаю, сказаў ён гэта не без шкадавання...
    У момант падпісання Пагаднення аб стварэнні Садружнасці лаяльнасць Міхаілу Сяргеевічу за-
    хавалі толькі яго сям’я ды два-тры памочнікі, якім Барыс Ельцын па нейкіх прычынах не захацеў прапанаваць адпаведныя іх амбіцыям пасады. Гарбачоў усё гэта разумеў і нічога ўжо не мог змяніць.
    Але ён працягваў чапляцца за ўладу, заяўляючы, што не збіраецца сыходзіць у адстаўку, бо «да таго часу, пакуль не прынята канстытуцыйнае рашэнне аб утварэнні Садружнасці былымі членамі былога Саюза, да тых часоў існуе СССР і ўсе яго органы працягваюць існаваць».
    Яго апошнім спадзевам заставаўся З’езд народных дэпутатаў СССР, сфармаваны пераважна яшчэ ў кабінетах ЦК КПСС.
    Ужо 10 снежня Гарбачоў выступіў з заявай, у якой заклікаў тэрмінова склікаць пазачарговы з’езд. Але яго ініцыятыва выклікала адваротную рэакцыю ў рэспубліках. Да прыкладу, у Беларусі ў адказ на заклік Гарбачова Вярхоўны Савет неадкладна прыняў рашэнне аб спыненні паўнамоцтваў народных дэпутатаў СССР, абраных на тэрыторыі рэспублікі.
    Гарбачоў паспрабаваў абаперціся на аўтарытэт галоўнага юрыдычнага органа СССР — Камітэта канстытуцыйнага нагляду. Але і там не захацелі падтрымаць прэзідэнта Саюза.
    I тады ён звярнуўся да апошняга і праверанага сродку вялікай палітыкі — інтрыг. Ён паспрабаваў супрацьпаставіць цяпер ужо былыя рэспублікі Саюза.
    На жаль, у тыя дні Ельцын не праявіў належнага дыпламатычнага такту, чым ледзьве не дапамог свайму крамлёўскаму візаві. 9—10 снежня ён перагаварыў з усімі кіраўнікамі сярэднеазіяцкіх рэспублік і прапанаваў кожнаму з іх прыляцець у Мінск, каб падпісаць Белавежскія пагад-
    ненні. Як высветлілася, лідэры рэспублік Сярэдняй Азіі ўспрынялі гэтую некарэктную з пункту гледжання ўсходняга менталітэту прапанову з выразным раздражненнем. Фармулёўка «далучэнне да пагаднення» для кожнага з іх была непрымальнай, паколькі ўсе яны, натуральна, жадалі быць не «далучанымі», а паўнапраўнымі сузаснавальнікамі СНД.
    13 снежня прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Туркменіі, Таджыкістана і Узбекістана сабраліся ў Ашхабадзе, каб абмеркаваць магчымасць стварэння цэнтральнаазіяпкай канфедэрацыі. Удзельнікі саміту ўсяляк падкрэслівалі, што іх саюз будзе адказам на стварэнне СНД. Хтосьці з прэзідэнтаў нават прапанаваў прыняць супольную заяву з асуджэннем Віскулёў.
    Вырашыўшы, што для яго з’явіўся шанц павярнуць кола фартуны, Гарбачоў акрыяў. Гэта было заўважна па яго паводзінах падчас публічных выступленняў.
    Але гэта было ілюзіяй, што і ўвідочнілася пасля серыі перамоваў і кансультацый, якія правялі кіраўнікі Расіі, Украіны і Беларусі. Так, падаецца, лідэры сярэднеазіяцкіх рэспублік не збіраліся сур’ёзна ісці на канфрантацыю. Яны толькі набівалі сабе цану.
    18 снежня 1991 года кіраўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік, а таксама прэзідэнты Арменіі, Азербайджана і Малдовы заявілі аб сваёй гатоўнасці далучыцца да СНД. Саміт, які павінен быў паставіць канчатковую кропку ў пачатым у Віскулях працэсе, быў прызначаны на 21 снежня ў сталіцы Казахстана — Алма-Аце, што было палітычным рэверансам перад Назарбаевым.
    Апошні саміт у СССР
    У Мінску палітычнае жыццё закіпела. Знайшлося мноства ахвотнікаў увайсці ў склад беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў алма-ацінскім саміце. Усім хацелася стаць «творцамі» гісторыі.
    У гэты момант Кебіч і Шушкевіч прынялі адзіна правільнае рашэнне, пагадзіўшыся ўключыць у склад дэлегацыі практычна ўсіх асноўных палітычных гульцоў — ад лідэраў камуністаў да Зянона Пазняка. Самалёт, на якім мы ляцелі ў АлмаАту, быў запоўнены цалкам. Hi да, ні пасля гэтага саміта ў нас ніколі не было такой разнастайнай дэлегацыі.
    Я ўскладаў на алма-ацінскі саміт вялікія спадзевы. У той момант Расія яшчэ канчаткова не сцвердзілася ў ролі правапераемніцы СССР, і яе кіраўніцтва праводзіла палітыку галантнай дыпламатыі ў дачыненні да былых саюзных рэспублік. Развітваючыся ў Віскулях з Андрэем Козыравым, мы дамовіліся, што будзем каардынаваць свае дзеянні. I сапраўды, 10 снежня я здолеў спакойна патэлефанаваць Козыраву і сказаць:
    — Андрэй, я цябе прашу, не давай пакуль каманды падымаць сцягі Расіі над былымі амбасадамі СССР. Мы ж усе — правапераемнікі, можа атрымацца неразбярыха. Прыйдзецца падымаць сцягі ўсіх саюзных рэспублік — правапераемніцаў Савецкага Саюза.
    Размаўлялі і аб іншых праблемах. У прыватнасці, я прапанаваў выдзеліць беларускаму МЗС плошчу ў будынку саюзнага МЗС на Смаленскай плошчы. Трэба адзначыць, што Андрэй Уладзіміравіч мае прапановы ўспрыняў цалкам нармальна. Ён адказаў:
    — Так, я разумею, што і табе, як міністру Беларусі, належыць прадстаўнічы асабняк.
    Козыраў нават не спрабаваў аспрэчваць, што мы ўсе — спадкаемцы адзінай дзяржавы і кожнаму з нас належыць пэўная частка саюзнай маёмасці.
    Але, як паказала Алма-Ата, усё гэта было толькі гульнёй. Прагнозы Зянона Пазняка, выказаныя падчас ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў, пачалі спраўджвацца. Расія крута мяняла сваю пазіцыю, і ў гэтых адносінах Алма-Ата стала своеасаблівым рубіконам. Размовы аб братэрстве, аб тым, што ўсё будзе сумленна, адразу сышлі ў мінулае, і нам прыйшлося яшчэ не адзін год весці цяжкія перамовы, баронячы свае інтарэсы.
    У Алма-Аце скончыўся працэс фармальнага канстытуявання Судружнасці. Да яе далучыліся адзінаццаць рэспублік былога Савецкага Саюза, апрача прыбалтыйскіх і Грузіі, якая ў гэтыя дні перажывала чарговую рэвалюцыю і да СНД далучылася на некалькі месяцаў пазней.
    На саміце я пярэчыў супраць усялякай паспешлівасці і прапанаваў норму, згодназ якой у СНД не могуць прымацца дзяржавы, якія знаходзяцца ў стане вайі іы. Гэта нармальная цывілізаваная практыка. Так робяць і Еўрасаюз, і НАТА, і многія іншыя міжнародныя арганізацыі, якія не хочуць, каб іх лічылі прахадным дваром.
    Мяне нечакана падтрымаў Барыс Ельцын. Аднак агучыць гэтую прапанову павінен быў афіцыйны кіраўнік нашай дэлегацыі Станіслаў Шушкевіч. I ён зачытаў маю папраўку, але ўжо пасля таго, як пагадненне падпісалі Арменія і Азербайджан. I хоць папраўка была прынятая аднагалосна, атрымалася, што гэтая норма будзе дзейнічаць
    толькі для будучых кандыдатаў на ўступленне ў СНД. Хоць усім было відавочна, што такія наўрад ці калі-небудзь з’явяцца.
    У Алма-Аце і была пастаўлена канчатковая кропка ў лёсе СССР.
    Удзельнікі саміту падпісалі Дэкларацыю, якая канстатавала: «Садружнасць не з’яўляецца ні дзяржавай, ні наддзяржаўным утварэннем. 3 моманту ўтварэння Садружнасці Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне». Зазначалася таксама, што будуць захаваны аб’яднанае камандаванне вайскова-стратэгічнымі сіламі і адзіны кантроль над ядзернай зброяй, што бакі будуць паважаць імкненне членаў Садружнасці да дасягнення статусу бяз’ядзерных і нейтральных дзяржаў.
    У Алма-Аце канчаткова вырашыўся і лёс Міхаіла Гарбачова. У самым пачатку саміту Ельцын сказаў:
    — Мы хочам, каб ён акуратна сышоў у адстаўку. Прэзідэнта краіны трэба праводзіць на пенсію належным чынам.
    Лідэры Садружнасці падзякавалі Міхаілу Сяргеевічу «за яго вялікі станоўчы ўнёсак» і спачатку збіраліся супольна паклапаціцца аб яго будучыні, але потым вырашылі цалкам аддаць гэтае пытанне Ельцыну.
    Расійскі лідэр паказаў шырыню натуры. 23 снежня падчас асабістай сустрэчы ў Крамлі ён выдзеліў Гарбачову добрую пенсію, урадавую дачу, транспарт, ахову, а самае галоўнае — будынак у цэнтры Масквы, былую «Ленінскую школу», дзе раней вучыліся актывісты з братэрскіх кампартый. Неўзабаве ў ім атайбуецца новае стварэнне экспрэзідэнта Савецкага Саюза — «Гарбачоў-фонд».
    Мінск — «усходні» Брусель?
    Яшчэ ў Віскулях лідэры Расіі, Беларусі і Украіны дамовіліся, што Масква, якая ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках асацыюецца з былым саюзным цэнтрай, не павінна стаць цэнтрам новай Садружнасці. Гэтая роля была адведзена беларускай сталіцы. I на алма-ацінскім саміце адзінаццаць дзяржаў пацвердзілі прынятыя 8 снежня рашэнні.
    Мяне гэта вельмі ўсцешыла, бо перад беларускай дыпламатыяй адкрываліся сур’ёзныя перспектывы. 3 «малодшага брата» Беларусь магла выйсці на першыя ролі. Мы атрымалі унікальны шанц зарэкамендаваць сябе ў новай якасці.
    Калі б СНД рэальна запрацавала, безумоўна, статус Мінска сапраўды змяніўся б. Гэта ж у ім размяшчаліся штаб-кватэра і ўсе службы Садружнасці. Мінск уяўляўся нам гэтакім «усходнім» Бруселем, цэнтрам постсавецкай інтэграцыі, якая магла б дапамагчы былым рэспублікам Саюза разам вырашаць усе складаныя праблемы і рухацца па шляху рэформаў, у бок Еўрапейскага Саюза.
    Усе разумелі, што ў той момант у нас, таксама як і ў іншых постсавецкіх рэспублік, не было перспектывы ў бліжэйшыя гады папоўніць шэрагі Еўрасаюза. Хоць стратэгічнай лініяй беларускай дыпламатыі, на мой погляд, павінен быў стаць еўрапейскі выбар.
    Перакананы, што калі б пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі Беларусь не стала рэзка мяняць вектар сваёй знешняй палітыкі, ужо сёння наша краіна стала б паўнапраўным сябрам Еўрапейскага Саюза.
    А ў той пераходны перыяд Мінск меў шанцы сапраўды ператварыцца ў сталіцу новага палітычнага і эканамічнага ўтварэння, якім уяўлялі СНД.
    Але гэтыя спадзяванні пачалі развейвацца ужо ў першыя месяцы існавання Садружнасці.
    Падаецца, што нас «кідаюць»...
    Але, на жаль, у Алма-Аце па-за ўвагай саміту засталіся многія важныя праблемы, якія неабходна было вырашаць без прамаруджвання.
    У першую чаргу — пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння новых дзяржаў, а таксама лёс маёмасці былога Саюза і яго даўгоў. Для абмеркавання гэтых праблем было запланавана 30 снежня правесці новы саміт у Мінску.
    Але ўжо ў Алма-Аце ўсім стала відавочна, што мінская сустрэча наўрад ці дазволіць далёка прасунуцца ў гэтых пытанпях.
    У асноўнай частцы алма-ацінскага саміту, якая праходзіла за зачыненымі дзвярыма, удзельнічалі толькі першыя асобы рэспублік — кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Астатнія члены дэлегацый чакалі вынікаў перамоваў у іншым памяшканні.