• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    Як міністру замежных спраў, давялося паспытаць падвойнага падпарадкавання і мне. Усе гады я працаваў, практычна не маючы нейкіх кансалідаваных палітычных установак.
    Вядома, ліха не бывае без дабра. I гэткае «падвойнае падпарадкаванне» забяспечвала мне дастаткова вялікую самастойнасць. Ва ўсякім выпадку, адказнасці за свае рашэнні я мог браць на сябе колькі хацеў. А спачатку паўтара года нада мной наогул ніхто не вісеў. А калі я і браў пад казырок перад Саўмінам, дык толькі фармальна.
    Да прыкладу, перад кожнай сесіяй Генасамблеі ААН урад зацвярджаў тезісы даклада беларускай дэлегацыі. Але складаў гэтыя дакументы я сам, потым перадаваў іх у Саўмін, праз тыдзень Кебіч іх падпісваў і вяртаў назад.
    Стасункі з Вярхоўным Саветам былі гэткімі самымі.
    Пасля кожнага замежнага візіту я прыходзіў у парламент, прасіў слова ў «Розным» ці падчас
    пленарнага пасяджэння і выступаў з інфармацыйным дакладам аб зробленай працы. Парламентарыям гэта падабалася. Апрачатаго, практычна ў кожную замежную дэлегацыю я ўключаў кагосьці з дэпутатаў, часта прыцягваў іх да працы ў якасці экспертаў. Гэта ўмацоўвала мае пазіцыі ў Вярхоўным Савеце і неаднойчы дапамагло мне падчас канфліктаў з першымі асобамі краіны.
    А ўзнікалі такія канфлікты нярэдка...
    Вайна без абвяшчэння
    У першыя месяцы свайго спікерства Станіслаў Шушкевіч адкрыта спрабаваў перацягнуць мяне ў свой лагер. Мяне гэта абурыла, але я стараўся пазбягаць канфліктаў, усяляк дэманструючы сваю карэктнасць.
    Але з лета 1992 года, калі падчас візіту ў Польшчу ўзнік невялікі публічны канфлікт, пачалося наша адкрытае супрацьстаянне.
    У беларусісую дэлегацыю ўваходзілі міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў, старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, яшчэ некалькі членаў урада. Але на перамовы з прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенсам па нейкай незразумелай прычыне Шушкевіч узяў толькі Васіля Быкава, аднаго з лідэраў БНФ дэпутата Вярхоўнага Савета Валянціна Голубева і мяне.
    Перамовы праходзілі ў вельмі сяброўскай атмасферы. Валенса дэманстраваў самыя цёплыя да нас адносіны. Нам удалося абмеркаваць мноства пытанняў і выйсці на падпісанне адзінаццаці двухбаковых дакументаў, якія адкрывалі сур’ёзныя магчымасці для далейшага супрацоўніцтва ў многіх сферах.
    Валенса вітаў нас кароткай прамовай на польскай мове.
    Затым слова ўзяў Шушкевіч. Ён гаварыў, натуральна, па-беларуску. За сталом перамоваў знаходзіўся перакладчык, але было відаць, што і Валенса, і польскі міністр замежных спраў Кшыштаф Скубішэўскі цудоўна разумеюць нас і без перакладу. Таксама, як і мы іх.
    Аднак дзесьці на другой-трэцяй хвіліне выступу Скубішэўскі раптам перабіў Шушкевіча:
    — He разумею, пане старшыня. Гаварыце, калі ласка, па-руску.
    Гэта была відавочная бестактоўнасць. Мала Ta­ro, што, парушаючы пратакол, міністр перабіў кіраўніка дзяржавы, ён яшчэ запатрабаваў, каб той адмовіўся ад сваёй дзяржаўнай мовы!
    Але Шушкевіч паспяшаўся згадзіцца:
    — Зразумела, спадар міністр. Я перайду на рускую.
    Ледзь дачакаўшыся, калі ён скончыць, я адразу ж звярнуўся да Валенсы:
    — Спадар прэзідэнт, тры месяцы таму мы з вамі вялі перамовы сам-насам. Вы тады гаварылі папольску, я — па-беларуску, і ў мяне склалася ўражанне, што вы цудоўна разумееце нашу мову. Магчыма, нам варта вярнуцца да былога моўнага фармату: вы гаворыце на польскай мове, мы — на беларускай. А калі спадар Скубішэўскі штосьці не зразумее, дык тут прысутнічае перакладчык.
    Лех Валенса ўспрыняў мае словы як асабісты камплімент. Яго цешыла, што ён, у нядаўнім мінулым просты рабочы, ведае замежныя мовы.
    — А што? Я згодны са спадаром Краўчанкам. Мы ўсе цудоўна разумеем беларускую мову. Што за праблема, Кшыштаф? Я падтрымліваю прагіанову. Спадар Шушкевіч, давайце далей на беларускай.
    Я бачыў, як ухвальна заківаў галавой Васіль Быкаў і як пачырванеў Шушкевіч, разумеючы, што заўтра Голубеў раскажа ўсяму парламенту пра інцыдэнт і як апазіцыя на гэта адрэагуе.
    Праз паўтары гадзіны, ужо ў самалёце, які павінен быў даставіць нас у Кракаў для сустрэчы з польскім навуковым і культурным істэблішментам, Васіль Быкаў па-сяброўску ўзяў мяне пад локаць:
    — Пятро Кузьміч, ты малайчына, правільна зроблена. He трэба было паддавацца ціску гэтага Скубішэўскага. Няхай ведаюць, што ёсць наша мова, і няхай паважаюць нашу мову.
    Тут Шушкевіч, не азіраючыся, цераз плячо працягвае мне тэкст свайго выступу ў Кракаве і кажа:
    — Пятро Кузьміч, паглядзіце.
    Я бегла праглядаю тэкст і пачынаю смяяцца. Аказваецца, памочнікі спікера паленаваліся пісаць яму даклад і проста скапіявалі мой выступ, які я рабіў у Празе ў студзені таго самага года.
    — Што вы смеяцеся? Штосьці не так?
    — Ды не, усё так, — адказваю я. — Цудоўны, проста феерычна добры выступ!
    — Як вы мяркуеце, на якой мове мне лепей выступаць — на беларускай ці на польскай?
    — I на той, і на другой. Ведаеце, у вас сапраўды добрая польская. Вы першы вялікі абзац зачытайце па-польску. Гэта прагучыць. Потым перайдзіце на беларускую. А завяршыце ўсё зноў на польскай — пад апладысменты палякаў.
    У Кракаве Шушкевіч выступаў толькі на польскай мове. Нашто ён са мной раіўся — засталося незразумелым. Хоць смяяцца са спікера мне, вядома, таксама было не варта...
    Пасля гэтага візіту ў Польшчу нашы адносіны з Шушкевічам канчаткова сапсаваліся. Ён стаў выка-
    рыстоўваць найменшую нагоду, каб публічназвесці са мной рахункі. To раптам з трыбуны Вярхоўнага Савета пачынаў гаварыць пра тое, што нейкія жанчыны ў консульскім аддзеле МЗС няправільна сябе пайодзяць, а вінаваты ва ўсім Краўчанка, то «губляў» эмзээсаўскія прадстаўленні на зацвярджэнне паслоў, то дазваляў сабе шпількі ў мой адрас у інтэрв’ю.
    Падстава
    У кастрычніку 1992 года ў Мінск прыехаў першы пасол Расійскай Федэрацыі Ігар Сапрыкін. Падчас уручэння даверчых лістоў Шушкевічу Сапрыкін, як дасведчаны дыпламат, пачаў асцярожна зандаваць сітуацыю, каб зразумець расстаноўку сілаў у беларускім кіраўніцтве. Спытаў ён і пра міністра замежных спраў. I тут Шушкевіч рубаНУЎ:
    — Спадар пасол, перадайце на Смаленскую плошчу, што дні Краўчанкі злічаны, у бліжэйшыя некалькі тыдняў ці нават дзён ён пазбавіцца сваёй пасады. Вы можаце папросту не браць яго ў разлік. Лічыце, што яго проста няма.
    Сапрыкін збянтэжыўся ад гэткай нетрадыцыйнай шчырасці і няўцямна спытаў:
    — А ў чым прычына, як мне гэта растлумачыць?
    — Проста мы лічым, што гэты чалавек не саспеў для гэтай пасады, мы ўжо падбіраем іншую кандыдатуру.
    Сапрыкін вярнуўся ў пасольства і адразу ж адправіў адпаведную шыфратэлеграму ў Маскву.
    А на наступны дзень я ўжо ведаў яе змест. Mae сябры з расійскага МЗС знялі з яе копію і тэрмінова перадалі мне. Я прачытаў і зразумеў, што трэба рыхтавацца да бойкі з Шушкевічам.
    Бойкі я не баяўся. Крыўдна было за іншае. У гэты час мы вялі цяжкія перамовы з Расіяй пра падзел саюзнай уласнасці, і Шушкевіч міжвольна, а магчыма, і свядома аслабляў нашы пазіцыі на гэтых перамовах.
    Спікер ідзе ва-банк
    Пік натчага супрацьстаяння прыпаў на красавік 1993 года. Шушкевіч тады ўпершыню вырашыў скарыстаць сваё канстытуцыйнае права выступіць у парламенце са штогадовым дакладам аб праблемах знешняй і ўнутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь.
    Я ведаў, што ён старанна рыхтуецца да гэтага выступу. У той час у яго абвастрыліся адносіны з Кебічам, і выступіць добра для спікера было вельмі важна.
    Даклад яму пісала вялікая група даволі кваліфікаваных экспертаў, якіх узначальваў доктар філасофскіх навук Анатоль Міхайлаў. Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ён з таварышамі прыдумаў эфектны бізнес-праект пад назвай «Недзяржаўны Еўрапейскі гуманітарны універсітэт»*. Блізкасць да Шушкевіча, мяркую, дапамагала яму вырашаць пытанні забеспячэння заснаванай ім «беларускай Сарбоны».
    Вельмі «практычны» склад розуму гэтага філосафа не пакідаў сумневаў, што даклад, падрыхтаваны яго групай, будзе, каб дагадзіць спікеру, накіраваны супраць мяне. Прадчуванні мяне не падманулі.
    Сябры перадалі мне некалькі старонак даклада, прысвечаных маёй персоне. Тэкст быў вытры-
    Хоць сярод заснавальнікаў былі і дзяржаўныя структуры, і Праваслаўная царква.
    маны ў надзвычай жорсткім тоне і ўтрымліваў прыніжальныя ацэнкі — не толькі маёй дзейнасці, але і работы ўсяго калектыву міністэрства. Я вырашыў перагаварыць з Шушкевічам і пазваніў спікеру:
    — Станіслаў Станіслававіч, ёсць неадкладнае пытанне. Я тэрмінова хачу зайсці.
    Праз хвілін пятнаццаць я ўжо быў на пятым паверсе Вярхоўнага Савета, які тады размяшчаўся ў будынку былога ЦК КПБ. Шушкевіч сядзеў за сталом, поруч з ім быў і дарадца Міхайлаў. Я павітаўся і, звяртаючыся да Міхайлава, папрасіў:
    — Анатоль Арсеньевіч, буду ўдзячны, калі вы дасцё нам магчымасць пагутарыць тэт-а-тэт.
    Міхайлаў пачырванеў і выйшаў. Без доўгіх падводак я ўзяў, як кажуць, быка за рогі:
    — Я ведаю, што на наступнае пленарнае пасяджэнне парламента вы рыхтуеце вельмі негатыўны даклад, прысвечаны знешняй палітыцы. Я вас вельмі прасіў бы не рабіць гэтага, бо даклад неаб’ектыўны, тэндэнцыйны і не адпавядае рэчаіснасці. Такая ацэнка дзейнасці будзе заўважаная і ў іншыхдзяржавах. Гэтаўдарпаіміджы краіны... Калі справа асабіста ўва мне, то стаўце ў парламенце пытанне аб недаверы. Але ачарняць работу калектыву міністэрства і пасольстваў я вам не дазволю.
    Шушкевіч адрэагаваў нязвыкла прама:
    — Гэта мая пазіцыя, і я давяду яе да ведама дэпутатаў.
    Спрачацца было бессэнсоўна. Гледзячы яму ў вочы, я выразна сказаў:
    — У такім разе, я не думаю, што вы доўга прабудзеце спікерам парламента! I я зраблю ўсё для вашага сыходу.
    Ад гэтай пагрозы Шушкевіч сумеўся і не знайшоў што адказаць.
    У прыёмнай чакаў Міхайлаў. На яго твары было напісана здзіўленне: надта ўжо кароткай аказалася размова.
    — Дык вы ўжо пагаварылі?.. Удала?
    — Больш чым удала, — сказаў я.
    I адразу ж накіраваўся да Кебіча.
    Пачуўшы пра тое, што адбылося, прэм’ер-міністр проста расцвіў. А ў канцы майго аповеду ён весела разрагатаўся. Паціраючы рукі, перапытаў:
    — Так проста яму і сказаў?! I што ён?
    — Пачаў хапаць ротам паветра.
    — Ну, ты малайцом! Ну ты яму і ўрэзаў, ну ты яму і даў!
    He паспеў я пасля размовы з прэм’ерам вярнуцца ў свой кабінет, як у мяне на стале зазваніла «тройка». Падымаю слухаўку — на сувязі Вячаслаў Францавіч: