Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Кожная перамога давалася з вялізнай цяжкасцю, кожны раз мы натыкаліся на жорсткае супрацьдзеянне Олбрайт. Тады я адважыўся на адчайны крок — выехаў у Вашынгтон для сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Уорэнам Крыстаферам.
Але ў той дзень мне не пашчасціла. Крыстафер тэрмінова вылецеў за мяжу, і размаўляць мне давялося з адным з яго намеснікаў — Строўбам
«Размен» — традыцыйная для ААН практыка: мы маглі заручыцца падтрымкай некаторых краін, паабяцаўшы ім станоўчае галасаванне па іншых рэзалюцыях, якія тычыліся ўжо іх непасрэдных інтарэсаў.
Тэлбатам. Гэта была, напэўна, самая вострая і цяжкая размова за ўсю маю дыпламатычную кар’еру.
Спачатку ўсё было даволі мірна і пратакольна. Разам з нашым паслом Сяргеем Мартынавым мы абмеркавалі з Тэлбатам некалькі агульных пытанняў двухбаковых адносінаў. Затым я папрасіў Мартынава пакінуць нас для размовы тэт-а-тэт.
Застаўшыся з Тэлбатам сам-насам, я наўпрост заявіў яму, што мы збянтэжаны паводзінамі спадарыні Олбрайт і не зусім разумеем амерыканскае кіраўніцтва. Беларусь без затрымак пагадзілася на ўсе пажаданні ЗША па ядзерным раззбраенні, на просьбу амерыканскага боку мы падпісалі і Лісабонскі пратакол. Але тут атрымліваецца, што наша пазіцыя зусім не заахвочваецца. Ці нельга неяк адкарэктаваць дзеянні спадарыні Олбрайт?
Трэба было бачыць, як змяняўся твар Тэлбата, калі ён слухаў. Ён то бляднеў, то чырванеў, a потым раптам закрычаў:
— Спадар міністр! Што вы сабе дазваляеце?! Хто даў вам права крытыкаваць члена ўрада Злучаных Штатаў?! Вы хоць бы ведаеце, што спадарыня Олбрайт з’яўляецца членам кабінета міністраў?
Выслухаўшы, я адказаў як мага спакайней:
— Па-першае, спадар Тэлбат, вы на мяне не крычыце, я ўсё ж міністр суверэннай дзяржавы. Калі гэтае пытанне не вашага ўзроўню, я звярнуся да спадара дзяржсакратара.
Тэлбат раптам здзьмуўся, быццам спушчаны паветраны шарык:
— Спадар міністр, я вас вельмі прашу... Там унізе стаяць журналісты. Давайце дамовімся, што вы не будзеце рабіць аніякіх каментарыяў для прэсы. Я вас вельмі прашу!
Па вяртанні з Вашынгтона я вырашыў шчыра пагутарыць з самой Мадлен Олбрайт. Праз беларускую дыяспару я знайшоў яе аднакашнікаў па універсітэце, і яны дапамаглі арганізаваць сустрэчу. У нас атрымалася мілая, свецкая размова. Я выклаў ёй усе свае аргументы. Олбрайт практычна не спрачалася, дэманстравала разуменне, але ў канцы размовы сказала:
— Ведаеце, спадар міністр, я падзяляю і паважаю вашу пазіцыю, але зразумейце — Чэхія для мяне вельмі дарагая...
Далей гаварыць было бессэнсоўна.
Падтрымка Дугласа Хэрда
3 Нью-Ёрка я вылецеў у Лондан для перамоваў з міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Дугласам Хэрдам.
3 англічанамі ў нас склаліся добрыя адносіны. У той час Вялікабрытанія была, напэўна, адна з самых дружалюбных у адпосінах да Беларусі краін Заходняй Еўропы. Як бліжэйшы еўрапейскі саюзнік ЗША, Вялікабрытанія магла паўплываць і на амерыканскую пазіцыю.
Перамовы з Хэрдам павінны былі адбывацца ў старажытным міністэрскім палацы і прызначаліся на 9 гадзін раніцы. У 8.45 я пад’ехаў да будынка і папрасіў кіроўцу пакружыць хвілін дзесяць па наваколлі. I вельмі правільна зрабіў.
Хэрд спазняўся. Дзесьці хвілін за пяць да пачатку сустрэчы мы ўбачылі, як ён імкліва выскачыў з машыны і бегма, праз тры прыступкі, падняўся па высокім ганку. Праз хвіліну са сваёй машыны выйшаў і я. Пакуль падымаўся, Хэрд паспеў аддыхацца і сустрэў мяне цёплай усмешкай.
У размове я не хаваў, што самае важнае для мяне пытанне — гэта галасаванне па Радзе Бяспекі. Хэрд быў значна больш за амерыканцаў успрымальны да маіх аргументаў і напрыканцы гутаркі запэўніў:
— Спадар міністр, мы прагаласуем «за». Апрача таго, пастараемся паўплываць на Аўстралію, Канаду ды іншыя краіны Брытанскай садружнасці нацый. Мяркую, многія з іх змогуць вас падтрымаць.
Каго ж прадстаўляе Краўчанка?
3 Лондана я вылецеў у Мінск, куды на наступны дзень павінен быў прыбыць дзяржсакратар ЗША Уорэн Крыстафер.
I вось у роднай сталіцы я даведаўся пра ашаламляльную навіну. Аказваецца, Кебіч і Шушкевіч, якія даўно сталі непрыяцелямі, раптам аб’ядналіся і «сябравалі» цяпер супраць свайго міністра замежных спраў. А ролю маўра, які сноўдаўся паміж кабінетамі прэм’ера і спікера, узяў на сябе паслужлівы Іван Антановіч.
Жадаючы біць як мага больш балюча, яны абралі аб’ектам сваіх інтрыг не мяне асабіста, а... галасаванне на Генасамблеі па Радзе Бяспекі, якое мела адбыцца.
У сувязі з прыбыццём у Мінск дзяржсакратара ЗША было вырашана цалкам мяне ізаляваць. Кебіч і Антановіч праінфармавалі амерыканскі бок, што асобная сустрэча Краўчанкі і Крыстафера не плануецца. Больш за тое, яны паспрабавалі не дапусціць маёй прысутнасці і на перамовах Крыстафера з Кебічам.
Зразумела, што я не збіраўся з гэтым мірыцца. Спачатку ў нас адбылася гранічна жорсткая раз-
мова з прэм’ерам па тэлефоне, затым ён запрасіў мяне да сябе. У кабінеце Кебіча я нават не спрабаваў стрымліваць свае эмоцыі:
— Вячаслаў Францавіч, вы хоць бы разумееце, што гэта значыць?! Вы ідзяце на скандал. Бо маўчаць я не буду і гатовы неадкладна выйсці на парламенцкую трыбуну... Можа быць, гэта кепска скончыцца для мяне, але нашто гэта вам?
Кебіч і сам разумеў, што скандал яму не выгадны — занадта слабыя ў той момант былі яго пазіцыі. Пачыналася фронда нашых сілавых міністраў, і невядома, да чаго яшчэ адзін скандал мог прывесці.
— Добра, Пятро Кузьміч, не гарачыся, — палагаднеў ён. — Давай сустракацца разам. Крыстафер прылятае ўсяго на чатыры гадзіны, так што часу для трох сустрэч малавата. Нашто ствараць лішнія праблемы? Правядзём сустрэчу з ім удвух.
Мне нічога не заставалася, як пагадзіцца.
— Вячаслаў Францавіч, вы разумееце, што асноўнае пытанне — гэта вырваць у амерыканцаў падтрымку нашай кандыдатуры ў Раду Бяспекі?
— Так-так, вядома... — сказаў ён, не гледзячы мне ў вочы.
Па тоне, якім Кебіч прамовіў гэтае «так-так», я зразумеў, што Рада Бяспекі яго не вельмі хвалюе. I сапраўды, на перамовах, якія праходзілі ў зале прыёмаў Дома ўрада, прэм’ер-міністр і Антановіч, які выконваў ролю перакладчыка, працягвалі не тоячыся дзейнічаць супраць свайго міністра замежных спраў.
На пачатку сустрэчы Кебіч рассыпаўся ў кампліментах на адрас ЗША і асабіста дзяржсакратара. Ён гаварыў, што Амерыка — гэта апора дэмакратыі ва ўсім свеце і прыклад пераймання для Бе-
ларусі. I ён, як кіраўнік урада, зробіць усё магчымае, каб Беларусь увасобіла гэты прыклад у сябе на практыцы. Ён ужо гатовы цалкам скапіяваць у Беларусі амерыканскую палітычную сістэму. У нас, аказалася, ужо нарадзілася Рэспубліканская партыя накшталт амерыканскай, а лідэрам гэтай партыі стане не хто іншы, як ён сам.
Слухаючы свайго прэм’ер-міністра, я ледзь стрымліваў усмешку. Яму было яўна няўцям, што Крыстафер — рафінаваны дэмакрат, які не адчувае асаблівай любові да рэспубліканцаў. Ці Антановіч схалтурыў, рыхтуючы прэм’ера да гэтай сустрэчы, ці ён сам усё пераблытаў. Хутчэй — першае, бо Рэспубліканская партыя сапраўды ў хуткім часе ў нас з’явілася і ачоліў яе хтосьці з Савета Міністраў.
А вось Крыстафер усмешкі не стрымліваў. Яму даводзілася слухаць і больш вытанчаную ліслівасць на адрас сваёй краіны. Ну, а па пытаннях, якія ён стаў задаваць, было відаць, што аб партыйнай сістэме Беларусі ён паінфармаваны значна лепш, чым Кебіч аб амерыканскай.
— Што ж гэта за партыя і калі яна была створана?
Кебіч адказаў, што партыя пакуль яшчэ не створана, але ўстаноўчы з’езд пройдзе ў найбліжэйшы час. Яе аснову складуць кіраўнікі многіх буйных прадпрыемстваў, сур’ёзныя бізнесмены, менеджэры...
— Гэта будзе стоадсоткавая рэспубліканская партыя, мы нават асноўныя тэзісы праграмы ўзялі ў вас.
Крыстафер увесь час паблажліва ўсміхаўся, a потым усім сваім выглядам пачаў дэманстраваць, што сустрэча падыходзіць да канца. I тут я з жахам зразумеў, што Кебіч не збіраецца ўзнімаць
пытанне аб Радзе Бяспекі. Ён таксама стараўся як мага хутчэй скончыць размову і ўжо перайшоў да традьіцыйных заключных рэверансаў.
Тут я не надта карэктна ўмяшаўся:
— Вячаслаў Францавіч, дайце слова мне!
Кебіч адразу зніякавеў:
— Так-так, тут наш міністр яшчэ штосьці хоча сказаць...
Вось так! He выкласці пазіцыю ўрада, парламента і беларускай дзяржавы, а «яшчэ штосьці сказаць»!
Я расказаў Крыстаферу аб сваёй спробе сустрэцца з ім у Вашынгтоне і аб размове з Тэлбатам.
— Спадзяюся, — сказаў я, — ваш намеснік далажыў вам пра нашы просьбы і пажаданні. Беларусь вельмі разлічвае на падтрымку вашай краіны ў ходзе галасавання па Радзе Бяспекі.
Затым, коратка паведаміўшы аб нашых прэтэнзіях да Мадлен Олбрайт, я папрасіў дзяржсакратара выкласці яго пункт гледжання на гэтую сітуацыю:
— Для нас важны любы адказ. Нават калі ён будзе адмоўным, гэта дапаможа нам лепей зразумець расстаноўку сілаў перад галасаваннем.
Крыстафер заўважна збянтэжыўся і запытальна паглядзеў на пасла Злучаных Штатаў у Мінску Дэвіда Суорца.
I тут нечакана ў размову ўступіў Антановіч. Ён нахіліўся да Суорца і загаварыў па-англійску:
— Спадар пасол, а хіба вы не паведамілі спадару дзяржсакратару аб асаблівай пазіцыі нашага прэм’ер-міністра па гэтым пытанні?
Тут ужо я не вытрымаў:
— Вячаслаў Францавіч, а што ў вас за адметная пазіцыя па пытанні аб Радзе Бяспекі? Хіба мы не
з’яўляемся членамі аднаго ўрада? I хіба ён ужо не выказаў сваёй пазіцыі?
Кебіч сарамліва маўчаў.
— Я не разумею, — спытаў Крыстафер, — пытанне па Радзе Бяспекі ініцыявана асабіста міністрам Краўчанкам ці гэта ўсё ж узгодненая пазіцыя краіны?
— А хіба вы, спадар пасол, — сказаў я, звяртаючыся да Суорца, — не паведамілі ў дзярждэпартамент, што па гэтым пытанні прымаліся рашэнні вышэйшых органаў выканаўчай і заканадаўчай улады Беларусі, што гэта кансалідаваная, узгодненая пазіцыя?
Суорц адказаў штосьці мудрагелістае.
Вынік размовы падвёў Крыстафер:
— Мы ўзважваем шанцы Беларусі і Чэхіі. Канчатковы адказ мы можам даць не раней чым праз дзень-два.
— Ну што ж, спадар Крыстафер, я сёння вылятаю ў Нью-Ёрк і спадзяюся атрымаць адказ асабіста. Для нас гэта вельмі важна.
На гэтым сустрэча завяршылася.
Выходзячы з Дома ўрада, я адчуваў сябе прыгнечаным. Аказваецца, выконваючы афіцыйнае даручэнне ўрада і парламента па прасоўванні Беларусі ў Раду Бяспекі ААН, я ўсяго толькі праяўляў сваю «асабістую ініцыятыву»!