• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    У 1992 годзе блізкае кола дарадцаў прэм’ера папоўнілася яшчэ адной асобай — Іванам Антановічам. Незадоўга да гэтага ў мяне з апошнім адбыўся надзвычай непрыемны інцыдэнт, які адыграў сваю ролю і ў маіх стасунках з прэм’ер міністрам.
    «Ён жа рвецца да ўлады!»
    Познім снежаньскім вечарам 1991 года Антановіч раптоўна завітаў да мяне. Нечаканым быў не сам яго візіт. Пасля падпісання віскулёўскіх пагадненняў прыходзілі да мяне многія. Чамусьці многія людзі раптам уявілі сябе пасламі, намеснікамі міністра, дарадцамі пасольстваў і наогул дыпламатамі, пакліканымі прадстаўляць нашу, цяпер ужо суверэнную краіну за мяжой.
    Нечаканым было іншае. Антановіч быў дарэшты п’яны. I вось гэта мяне моцна ўразіла. Адзінае, за што я заўжды паважаў свайго былога калегу па партыйнай працы, дык гэта за тое, што ў савецкі час ён быў адным з нямногіх партфункцыянераў, якія ніколі не дакраналіся да чаркі. I раптам такі пасаж...
    — Пеця, ты павінен мяне накіраваць паслом ці дарадцам у Парыж! — выгукнуў проста з парога Антановіч.
    — Іван Іванавіч, па-першае, добры вечар. Падругое, прысядзьце і супакойцеся.
    Антановіч супакойвацца не хацеў.
    — Ты накіруеш мяне ў Парыж? Ты мне адразу скажы!
    — Іван Іванавіч, мы зараз усё абмяркуем. Сядайце.
    Мяне абурыў яго панібрацкі зварот. Мы ніколі з ім не пераходзілі на «ты» і ніколі асабліва не сябравалі. Нават у асяродку партнаменклатуры Антановіча адкрыта недалюблівалі за фенаменальную здольнасць даводзіць да абсурду любую справу, за якую ён браўся. I сёння журналісты ўспамінаюць яго знакамітую фразу, сказаную шмат гадоў таму: «У выпадку атамнай вайны на зямлі застанецца няшмат людзей, але гэта будуць нашы, савецкія людзі!»
    У савецкі час Антановіч здолеў зрабіць някепскую кар’еру. Ён дамогся таго, пра што марылі многія беларускія чыноўнікі, — пераводу ў Маскву. У 1990 годзе ён стаў членам Палітбюро і сакратаром ЦК расійскай кампартыі і фактычна правай рукой яе няўдачлівага правадыра Івана Палазкова. Але здарыліся путч і Віскулі, і раптоўна ўсе поспехі Антановіча быццам свінні з’елі. Ён кінуўся на радзіму, у Мінск.
    Я разумеў, што ў яго стрэс, псіхалагічны зрыў, а таму стараўся быць карэктным, хоць і не збіраўся неадкладна абяцаць яму штосьці канкрэтнае.
    — Іван Іванавіч, вы беларус, у вас ёсць досвед работы ў ЮНЕСКА, вы цудоўна ведаеце мовы. I я не выключаю, што вы атрымаеце прызначэнне ў Парыж, хоць гарантый даць не магу. Пакуль у нас там няма свайго пасольства. Няма ні штату, ні грошай. Можа прайсці паўгода ці нават год, пакуль усё гэта з’явіцца. Трэба пачакаць...
    Але яго жыццё руйнавалася, і чакаць ён не жадаў.
    — He, ты скажы, бярэш мяне ці не? Я стаўлю пытанне рубам.
    — Гэта несур’ёзна, Іван Іванавіч. I не трэба размаўляць са мной у такім тоне.
    — Ах, так? Тады я выкіну цябе з гэтага кабінета! Вось убачыш, ты не будзеш міністрам! Я табе гэта абяцаю!
    Давялося папрасіць яго выйсці.
    Пасля гэтай размовы Антановіч прарваўся на прыём да Кебіча і ў прамым сэнсе ўпаў перад ім на калені.
    — Вячаслаў Францавіч, — узмаліўся ён, — я буду служыць вам верай і праўдай, толькі знайдзіце мне прыстойную пасаду.
    Як ні дзіўна, Кебіч, які Антановіча заўжды адкрыта не любіў, пасаду яму знайшоў — прызначыў дырэктарам Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прагнозу. Болып за тое, у хуткім часе наблізіў яго да сябе.
    Гэта было зусім незразумела, але ў канцы 1991 года Кебіч быў ужо не той, якім быў раней. 3 разумнага, энергічнага, прыстойнага і ў добрым сэнсе бескампраміснага кіраўніка ён паступова ператвараўся ў чалавека, які любіць лісліўцаў і акружае сябе падхалімамі.
    Такому новаму Кебічу няўдачлівы Антановіч прыйшоўся даспадобы.
    У хуткім часе рабочы тыдзень прэм’ера стаў пачынацца з аналітычнага даклада Антановіча, які не толькі прадстаўляў Кебічу агляд прэсы ці закрытай, службовай інфармацыі, але і шчодра забяспечваў яго чуткамі, плёткамі і асабістымі домысламі.
    Натуральна, Антановіч скарыстаў магчымасць паквітацца са мной. I ён пачаў марудна, але ўпэўнена мяне «з’ядаць».
    Пазней адзін з кіраўнікоў упраўлення інфармацыі Савета Міністраў распавёў мне эпізод,
    сведкам якога ён быў. Падчас чарговага даклада Антановіча прэм’еру гутарка зайшла пра мяне. I тут Антановіч заяўляе:
    — Вячаслаў Францавіч, няўжо вы небачыце, што Краўчанка вас падседжвае. Ён жа рвецца да ўлады!
    — Што такое? — насцярожыўся прэм’ер-міністр.
    — А вось што! Паглядзіце на індэкс цытаванасці.
    — Што яшчэ за індэкс?
    — Гэта колькасць згадак у прэсе. Вось паглядзіце: яго 482 разы згадвалі, Шушкевіча — 330, а вас толькі 247! Ён жа з любой нагоды дае інтэрв’ю. Ён кожны свой ад’езд і прыезд каментуе... А што такое цытаванасць, Вячаслаў Францавіч? Гэта ўбіванне прозвішча ў свядомасць людзей. Гэта не выпадковасць. Ён ірвецца наверх!
    Словы Антановіча запалі ў нястойкую душу прэм’ера, і дзесьці з пачатку 1993 года ён часта стаў задаваць сваім блізкім паплечнікам, у тым ліку і ўрадаваму сакратару Васілю Драгаўцу, пытанне:
    — Як нам спыніць Краўчанку?
    Знешне ў нашых стасунках нічога не змянілася. Мы часта перазвоньваліся, я мог у любы час папросту зайсці да яго ў кабінет. Пры асабістых сустрэчах Кебіч усяляк дэманстраваў свае сяброўскія да мяне адносіны, усміхаўся, жартаваў. Але перамену ў ім я адчуў: мне стала цяжка вырашаць з ім розныя працоўныя пытанні.
    Гэта тычылася ўсяго. I фінансавання МЗС, і кадраў, і адкрыцця новых пасольстваў.
    Але самае галоўнае, Кебіч раптам пачаў тармазіць нашы сур’ёзныя знешнепалітычныя ініцыятывы, адкрыта заступаць мне дарогу. Хоць ад гэтага цярпеў, вядома, не столькі я персанальна — больш за ўсё цярпелі нацыянальныя інтарэсы краіны.
    Раздзел другі
    Да чаго гэта даводзіць, або Як мы не трапілі ў Раду Бяспекі
    Да чаго даводзяць усе нашы ўнутраныя разборкі ды інтрыгі, недавер і падазронасць, калі выплюхваюцца ў вялікую міжнародную палітыку, лёгка можна ўбачыць на спробе Беларусі дамагчыся ў 1993 годзе абрання ў Раду Бяспекі ААН.
    Вядома, статус непастаяннага члена Рады Бяспекі ААН не азначаў, што Беларусь адразу ж стане грандам сусветнай палітыкі. Але гэта было б фактам прызнання нашай краіны паўнапраўным суб’ектам міжнародных адносінаў. Рада Бяспекі — асноўны орган ААН, які вырашае найважнейшыя пытанні сусветнай палітыкі, прадухіляе ці гасіць ваенныя канфлікты, прымае меры па ліквідацыі ці змякчэнні наступстваў сусветных катаклізмаў — землятрусаў, паводак, засух і тэхнагенных катастроф. Статус нават непастаяннага члена, а гэта два гады, адкрываў бы перад Беларуссю перспектыву кантактаў і ўзаемадзеяння з пяццю вядучымі сусветнымі дзяржавамі — пастаяннымі яе членамі. Ці трэба гаварыць, наколькі гэта было важна для нашай маладой дзяржавы!
    Наша чарга надышла
    Трэба зазначыць, што ініцыятыва з вылучэннем Беларусі не была спантаннай авантурай беларускага МЗС.
    У ААН існуе прынцып рэгулярнай ратацыі і чарговасці пры выбранні членаў Рады Бяспекі. Дзесяць непастаянных месцаў размеркаваны па геаграфічным прынцыпе паміж групамі дзяржаў. Да прыкладу, адно месца павінна належаць арабскім краінам, адно лацінаамерыканскім і г. д. Беларусь уваходзіла ў групу краін Усходняй Еўропы. I ў 1993 годзе настала наша чарга заняць месца ў Радзе Бяспекі.
    У прынцыпе, наша вылучэнне магло стаць простай фармальнасцю і прайшло б без якіх-кольвечы эксцэсаў. Але ў нас з’явіўся канкурэнт — Чэхія, якая ў студзені 1993 года пасля «аксамітнага» разводу са Славакіяй таксама стала самастойнай дзяржавай і нечакана выявіла жаданне балатавацца ў Раду Бяспекі ад групы ўсходнееўрапейскіх краін.
    Барацьба абяцала быць нялёгкай, бо чэшскі лідэр Вацлаў Гавел карыстаўся ў свеце аўтарытэтам, і раўняцца з ім з усходнееўрапейскіх палітыкаў не мог ніхто.
    Нашым козырам было тое, што мы першымі, абсалютна добраахвотна, без папярэдпіх умоў згадзіліся адмовіцца ад ядзернай зброі, якая размяшчалася на нашай тэрыторыі. I цяпер мы спадзяваліся на заахвочванне такога станоўчага прыкладу. Хоць большасць экспертаў ацэньвалі нашы шанцы невысока. Так, аўтарытэтны расійскі дыпламат Юлій Варанцоў запэўніваў мяне, што Беларусь можа разлічваць максімум на 22—23 галасы, з якіх палова будзе належаць краінам СНД.
    Але здавацца мы не збіраліся.
    Разумеючы складанасці нашай унутрыпалітычнай сітуацыі, я падстрахаваўся, вынес гэтае пытанне на зацвярджэнне парламента і ўрада, дзе быў без спрэчак падтрыманы, вынікам чаго стала афіцыйная дырэктыва Міністэрству замежных спраў.
    Цяпер мела адбыцца напружаная «перадвыбарная кампанія»: мы павінны былі змагацца за галасы на Генасамблеі ААН.
    Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, прэм’ер-міністр Клаус і міністр замежных спраў Зяленіч ужо вялі актыўную работу па прыцягненні галасоў. Напрыклад, прэм’ер Клаус зрабіў спецыяльны ваяж па 10 краінах Лацінскай Амерыкі і знайшоў там нямала прыхільнікаў. Акрамя таго, Чэхію падтрымала Францыя, а гэта амаль аўтаматычна азначала прыцягненне яшчэ каля 30 галасоў былых французскіх калоній.
    Натуральна, што я звярнуўся да Кебіча і Шушкевіча як да першых асоб дзяржавы з просьбай падчас кожнага замежнага візіту, кожнага прыёму замежнай дэлегацыі прасоўваць сярод іншых і гэтае пытанне. А сам кінуўся ў нялёгкі бой на дыпламатычным полі.
    Пазіцыя «жалезнай лэдзі»
    Справа ўскладнялася тым, што ў падтрымку Чэхіі выступіла пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН, «жалезная лэдзі» амерыканскай дыпламатыі Мадлен Олбрайт. Чэшкаяўрэйскага паходжання, яна ўсёй душой падтрымала сваіх суайчыннікаў, па поўнай праграме выкарыстоўвала ўсе свае магчымасці.
    Было відавочна, што Олбрайт карыстаецца поўнай падтрымкай Вашынгтона і сваім вялікім уп-
    лывам на прэзідэнта Клінтана. А па статусе яна мала саступала свайму фармалыіаму кіраўніку Уорэну Крыстаферу. Чэхію ў сценах ААН яна лабіравала жорстка і адкрыта, літаральна выкручваючы рукі дэлегацыям невялікіх і залежных ад ЗША краін трэцяга свету.
    Вядома, з такім размахам мы працаваць не маглі. Але і склаўшы рукі не сядзелі. Цягам амаль васьмі месяцаў па даручэнні МЗС Генадзь Бураўкін правёў у Нью-Ёрку не адзін дзесятак сустрэч. Ён зандаваў пазіцыі іншых краін, агітаваў, прапаноўваў ім выгадны «размен»*.
    У верасні, вылецеўшы ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў Генасамблеі, якая адкрывалася, я таксама актыўна ўключыўся ў гэтую работу. Памятаю, як у адзін дзень мне давялося правесці адразу дзевяць сустрэч з міністрамі замежных спраў. Гэта была пякельная работа ў шалёным рытме. I нам удалося дамагчыся пэўных поспехаў. Апрача постсавецкіх рэспублік, мы заручыліся падтрымкай некаторых краін Еўропы, у тым ліку Італіі, шэрагу дзяржаў трэцяга свету.