• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    I дадаваў:
    — Проста вы яшчэ не ўсё разумееце.
    Няцяжка ўявіць, якога псавання нерваў вартая праца з такім намеснікам. I кал і ў траўні 1991 ro­fla яму споўнілася 60 гадоў, літаральна праз два дні я, не адчуваючы аніякіх згрызотаў сумлення, накіраваў яго на пенсію.
    Вакол Шэльдава групавалася некалькі гэткіх самых рэтраградаў, змрочна настроеных супраць любых зменаў. 3 імі таксама давялося развітацца.
    У самім МЗС усё было ў непрывабным стане, паўсюль пыл забыцця. Рамонт пе праводзіўся, напэўна, не адзін дзесятак гадоў. Пасля вайны, у сталінскія часы, для беларускага МЗС быў узведзены асобны будынак за кошт сродкаў Міністэрства замежных спраў СССР. Але, на жаль, потым у ЦК КПБ вырашылі, што для нашага МЗС такі будынак — замнога, і яго перадалі Міністэрству сельскай гаспадаркі.
    У мяне была спакуса пачаць барацьбу за яго вяртанне. Я нават з’ездзіў паглядзець гэты адняты ў дыпламатаў будынак, і ён мне не спадабаўся: змрочны, вялікія цёмныя калідоры, невялікія кабінеты. Знешне грунтоўны, масіўны, унутры падзелены на катушкі, ён мала падыходзіў для дыпламатычнага ведамства.
    У выніку дзякуючы грамадскім зменам і нашым высілкам міністэрства перабралася ў будынак былога гаркама партыі, добра мне вядомы па папярэдняй працы.
    Пасол Савецкага Саюза
    27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, дзе была ясна пазначана мэта — дасягненне рэальнай незалежнасці — і дзе абвяшчалася імкненне Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай.
    Гэта вельмі дапамагло нам у працы з саюзным МЗС і дазволіла весці сябе даволі незалежна перад Масквой. Прыязджаючы ў Маскву, я мог спасылацца на тое, што ў сваёй працы абапіраюся на
    рашэнні найвышэйшага дзяржаўнага органа Беларусі, а не вярзу лухту і не займаюся палітычнай імправізацыяй.
    Дзеля справядлівасці хачу адзначыць, што саюзнае МЗС ужо і не спрабавала даваць нейкія ўказанні. Пачала дзейнічаць новая палітыка ў адносінах да саюзных рэспублік.
    Праз паўтара месяца пасля прызначэння я нечакана атрымаў спецыяльны ліст з Указам прэзідэнта СССР аб наданні мне дыпламатычнага рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР’. Рашэнне цалкам беспрэцэдэнтнае! Незадоўга да гэтага ў гутарцы са сваім намеснікам Шэльдавым я закрануў праблему надання мне дыпламатычнага рангу, і ён сказаў:
    — Практыка такая: наданне рангу адбываецца праз паўтара-два гады працы. Гэта значыць вы павінны паказаць сябе, зарэкамендаваць. Потым урад рэспублікі, узгадніўшыся з Міністрам замежных спраў СССР, выйдзе з прапановай у цэнтральныя органы. Таму трэба чакаць.
    Калі я паказаў Шэльдаву падпісаны Гарбачовым указ, ён проста сумеўся ад здзіўлення.
    Пазней мне стала вядома, што ўказ быў асабістай ініцыятывай Гарбачова, якому далажылі, што ў Беларусі і ва Украіне прызначаны новыя міністры замежных спраў, і ён, дэманструючы намер даваць рэспублікам болын самастойнасці, прапанаваў адразу надаць ім дыпламатычныя рангі.
    Ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла — моцная падмога ў працы маладога міністра, ён высока цэніцца ў дыпламатычным свеце. Гэта дазво-
    Згодна з савецкай службовай іерархіяй, ён адпавядаў воінскаму званню маршала роду войскаў.
    ліла мне ўпэўнена трымацца ў Ныо-Ёрку падчас удзелу ў працы першай у маёй кар’еры Генеральнай Асамблеі ААН перадусім з пункту гледжання дыпламатычнага пратакола.
    Новыя задачы і першыя крокі
    Прыярытэтных задач перад намі стаяла некалькі.
    Найперш, гэта міжнароднае супрацоўніцтва па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, вылучэнне ініцыятывы аб стварэнні ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі, прыцягненне замежных інвестыцый, атрыманне кампенсацый ад ФРГ вязнямі канцлагераў, супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, пошук і вяртанне страчаных гістарычных і культурных нацыяналыіых каштоўнасцяў.
    Дастаткова пэўна ўсвядоміўшы іх, я накіраваўся ў свой першы замежны візіт. Ен быў у Швецыю.
    Я меўся прыняць удзел у міжнародным экалагічным форуме, які праводзіўся Радай кіраўнікоў урадаў краін Балтыйскага рэгіёна. 3 улікам новых павеваў на канферэнцыю, апрача дэлегацыі СССР, якую ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў У. Ф. Пятроўскі, былі запрошаныя міністр замежных спраў Эстонскай ССР Ленарт Мэры (будучы прэзідэнт Эстоніі) і міністр замежных спраў БССР.
    Форум праходзіў на пачатку верасня 1990 года ў невялікім курортным гарадку Ронебю на поўдні Швецыі. Старшыняваў на ім прэм’ер-міністр Швецыі Інгвар Карлсан. Выступілі прэм’ер-міністры: Польшчы — Тадэвуш Мазавецкі і Даніі — Паўль Шлютэр, а таксама Уладзімір Пятроўскі.
    Атрымаў слова і я. Гэта быў мой дэбют у якасці міністра. I, бадай, дэбют усёй нашай дыпламатыі.
    Упершыню на афіцыйных пасяджэннях падкрэслівалася, што БССР прадстаўлена асобнай дзяржаўнай дэлегацыяй. Падчас форуму на флагштоку перад залай пасяджэнняў і перад атэлем, дзе мы спыніліся, лунаў беларускі сцяг.
    Упершыню прадстаўнік Беларусі заявіў аб зацікаўленасці ў двухбаковым супрацоўніцтве на аснове прынцыпаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — «дакуменце лёсавызначальнага значэння ў гісторыі беларускай нацыі».
    Па сутнасці, у маім дакладзе ўпершыню выкладаліся канцэптуальныя задачы беларускага МЗС, якое пачало выбудоўваць сваю знешнюю палітыку. Бо новае беларускае МЗС было абавязана рэалізоўваць сфармуляванае Вярхоўным Саветам імкненне Беларусі да статуса нейтральнай, свабоднай ад стратэгічнай і тактычнай ядзернай зброі.
    Упершыню на буйным міжнародным форуме беларуская дыпламатыя паставіла пытанне аб актывізацыі дапамогі не ў ліквідацыі (як прынята было казаць раней), аў мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай трагедыі, гэтай «галгофы XX стагоддзя для беларускага народа».
    Прагучала ў дакладзе і праблема кампенсацый за Чарнобыль. Я не змог змірыцца з тым, што мінула ўжо чатыры з паловай гады пасля катастрофы, а ў ААН так і не было прынята аніводнага міжнароднага юрыдычнага дакумента, які кваліфікаваў бы характар, маштабы, аб’ёмы Чарнобыльскай трагедыі. I, самае галоўнае, вызначаў бы ролю кожнай рэспублікі ў плане наступстваў і аб’ёму тых сацыяльна-эканамічных праблем, якія абрынуліся на яе.
    Нам трэба было давесці, што Беларусь пацярпела больш за астатніх, бо, паколькі ў свеце лічылася, што мацней за ўсіх пацярпела Украіна, пра трагедыю Беларусі практычна не згадвалі. Гэта пры тым, што 70 адсоткаў радыенуклідаў выпалі на Беларусі, пацярпела амаль чвэрць нашай тэрыторыі, 20 адсоткаў раллі, 18 адсоткаў лясоў.
    Я паведаміў, што ў сувязі з сесіяй Генасамблеі ААН, якая мела адбыцца, беларускае МЗС пачало падрыхтоўку спецыяльнай рэзалюцыі, прысвечанай Чарнобылю. Раней яе не прымалі з некалькіх прычын.
    Міжнароднае ядзернае лобі было зацікаўлена ў замоўчванні праблемы.
    Гарбачоў, а за ім і савецкія дыпламаты лічылі, што няма чаго крычаць на ўвесь свет і стаяць з працягнутай рукой — мы, маўляў, вялікая краіна, мы ўсе праблемы агораем самі. Але ў рэальнасці саюзны цэнтр рабіць нічога не жадаў, а беларускае кіраўніцтва, баючыся прагнявіць Маскву, маўчала. Хоць мы былі проста абавязаныя выставіць прэтэнзіі да Міністэрства атамнай энергетыкі СССР.
    Мінатам патанаў у грашах, але пры гэтым не купіў для Беларусі ніводнага ядзерна-магнітнага рэзанатара для таго, каб праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных захворванняў і наогул медыцынскую дыягностыку, неабходную для выяўлення ракавых захворванняў, асабліва шчытападобнай залозы. Адна такая устаноўка каштавала ад паўтара да шасці мільёнаў долараў, але Мінатам для беларусаў грошай не знайшоў...
    Гаварылася ў дакладзе і аб праблеме выплаты кампенсацый ахвярам фашызму. У канцы 1950-х гадоў паўтара дзесятка краін — Англія, Францыя,
    Бельгія, Ізраіль ды іншыя — узнялі гэтую праблему, дамагліся прыняцця Германіяй адпаведных законаў. Спачатку яны прымяняліся ў дачыненні да яўрэяў, цыганоў і камуністаў, якія знішчаліся па расавых ды ідэалагічных прыкметах. Затым правам на выплаты скарысталіся вязні канцлагераў і рабочыя, якіх прымусова вывозілі на прадпрыемствы Германіі. Але савецкае кіраўніцтва тады штучна замусоліла гэтую праблему, і грамадзяне СССР ніякіх кампенсацый ад Германіі не атрымалі.
    Забягаючы наперад, адзначу, што цяпер я магу ганарыцца тым, што стаў першым палітыкам, які паставіў гэтую задачу ў павестку дня дыпламатычных службаў не толькі Беларусі, але і Украіны, і ўсяго Савецкага Саюза і дамогся яе станоўчага вырашэння. Хоць далося тое нялёгка.
    «Сёе-тое» атрымалася...
    Упершыню пытанне кампенсацыі мне ўдалося закрануць на сустрэчы з міністрам замежных спраў СССР Эдуардам Шэварднадзэ, якая адбылася ў Ныо-Ёрку 23 верасня 1990 года падчас сесіі Генасамблеі ААН. Размова доўжылася больш за дзве гадзіны і была напружаная.
    Незадоўга да гэтага, у ліпені, у наваколлях Брэста адбылася сустрэча Шэварднадзэ з міністрам замежных спраў ФРГ Гансам Дзітрыхам Геншэрам. I цяпер я ўзняў пытанне, чаму на гэтую сустрэчу не быў запрошаны ніхто з кіраўніцтва Беларусі? Бо праблема вываду савецкіх войскаў з Германіі, якую яны абмяркоўвалі, наўпрост тычылася нашай рэспублікі, куды будзе перадыслакаваная значная частка былой групоўкі савецкіх войскаў у Германіі. Апрача таго, гэтая тэма
    дазваляла вярнуцца і да праблемы кампенсацый ахвярам фашызму.
    Ад адказу на першае пытанне Шэварднадзэ, ва ўласцівай яму манеры, ухіліўся, а па другіх заявіў, што праблема кампенсацыі савецкім бокам не ўзнімалася, не абмяркоўвалася таму, што яна быццам урэгулявана яшчэ ў 1950-я гады.
    На маю прапанову абмеркаваць яе цяпер, пакуль яшчэ не падпісана пагадненне з ФРГ, Эдуард Амбросьевіч мякка, як яму было ўласціва, але настойліва параіў гэтага не рабіць — пытанне, маўляў, «зайгранае».
    Мяне гэта не пераканала. Я нават нагадаў Шэварднадзэ, што яго родны брат Акакій загінуў на беларускай зямлі і пахаваны ў Брэсцкай крэпасці. Гэтая згадка не вельмі яму спадабалася. У выніку мы не здолелі прыйсці да нейкага паразумення.
    Але я не супакоіўся. I працягваў грукацца ва ўсе дзверы.
    Значнага прарыву ўдалося дамагчыся ў лістападзе 1990 года ў Чэхіі, дзе з ініцыятывы прэзідэнта Вацлава Гавела ў замку Шціржын, непадалёк ад Прагі, праходзіў міжнародны сімпозіум, прысвечаны руху да незалежнасці ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.