Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Раздзел другі
Як я стаў дыпламатам
Стаць дыпламатам я марыў з юнацкіх гадоў.
Першую спробу я зрабіў, калі вучыўся на трэцім курсе гістфака БДУ. Тады, у 1970 годзе, мы з маім аднакурснікам Валодзем Кузьміным паехалі ў Маскву, каб перавесціся ў знакаміты МДІМА (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін).
Дагэтуль памятаю, што падышлі да інстытута і доўга распытвалі, як туды ўвайсці, бо МДІМА меў закрыты, рэжымны статус. Двое рабочых, якія прыбіралі снег, сустрэлі нас саркастычнымі ўсмешкамі і не менш насмешлівымі словамі:
— Ну-ну, давайце-давайце, вас ужо чакаюць пасламі ў Занзібар.
Мне ўдалося прабіцца праз ахову на прыём да рэктара МДІМА Міхаіла Якаўлева. Сустрэў ён мяне цёпла, уважліва выслухаў мае аргументы. Яны зводзіліся да таго, што я адзіны ў рэспубліцы атрымліваю стыпендыю імя Карла Маркса, някепска валодаю іспанскай мовай, факультатыўна вывучаю польскую, ведаю лаціну. Плюс грамадская работа ў камітэце камсамола.
Рэктар слухаў мяне цалкам добразычліва і, як мне падалося, нават спачувальна. А потым задаў адзінае пытанне:
— Прабачце, таварыш Краўчанка, а вы член КПСС?
Поўны юнацкага рамантызму, пра такі непераадольны бар’ер я нават не здагадваўся. А таму наіўна спытаў:
— А хіба гэта абавязкова?
— На жаль, мы прымаем людзей пераважна пасля арміі, тых, каго рэкамендуюць палітаддзелы. Я думаю, калі вы хочаце паступіць у наш інстытут, то лепей за ўсё вам апынуцца ў арміі, там уступіць у партыю, а потым паступіць да нас.
Такія правілы дзейнічалі ў той час. Уступіць у партыю студэнту не было чаго і марыць. Дый для інтэлігенцыі існавалі квоты. У некаторых кар’ера складвалася ўдала акурат з-за таго, што яны былі бэйбусамі — іх выганялі з інстытута і забіралі ў армію, але там яны ўступалі ў партыю, і многія дзверы перад імі адчыняліся насцеж.
ГІарады Якаўлева я не паслухаў, на выдатна скончыў БДУ і абараніў дысертацыю.
Другая спроба
Праз дзесяць гадоў мая мара стаць дыпламатам ужо дакладна ажыццявілася б, каб не Кебіч...
Генадзь Барташэвіч, першы сакратар Мінскага гаркама, прапанаваў мне ехаць паступаць у Дыпламатычную акадэмію. Там былі дастаткова жорсткія анкетныя патрабаванні: партыйны накіраванец павінен быць кандыдатам навук, мінімальны ўзровень пасады — загадчык аддзела абкама ці гаркама, узрост да трыццаці пяці гадоў. Паводле анкетных дадзеных я цалкам падыходзіў.
I вось у адну з пятніц Барташэвіч выклікаў мяне і ў прысутнасці Кебіча (другога сакратара) прапанаваў паехаць у Маскву. Паводле прынятых
тады правілаў даў два дні на роздум — суботу і нядзелю.
Для мяне, маладога кандыдата навук, які толькі пачаў узнімацца па партыйнай лесвіцы, гэта быў відавочны падарунак лёсу.
Але па рэакцыі Барташэвіча і асабліва Кебіча я зразумеў, што, фармальна прапаноўваючы мне паехаць на вучобу, адпускаць мяне яны не хочуць, бо я толькі прыйшоў у гаркам і ўжо паспеў энергічна ўзяцца за справу.
У панядзелак, перад традыцыйнай планёркай, мяне выклікаў Кебіч і пачаў «выкручваць рукі».
— Слухай, хлопец, — казаў ён, — ты што?! Мы табе даверылі, вылучылі, ты стаў дэпутатам гарсавета. Мы далі табе кватэру. А ты? Усё кідаеш і бяжыш у Маскву?
Пачырванеўшы, я стаў апраўдвацца, што дыпламатыя — гэта мая мара са студэнцкіх гадоў. Вячаслаў Францавіч рэзка перапыніў мае тлумачэнні:
— Яшчэ паспееш!
Ледзь пачалася планёрка, чую шэпт Барташэвіча:
— Ну што Пятро? Пагадзіўся ці не?
Кебіч напаўголаса адказвае:
— Уламаў. Застаецца...
Вось так дзякуючы Кебічу я тады і не стаў дыпламатам.
Зрэшты, як аказалася, да лепшага. Пасля Дыпакадэміі мяне накіравалі б трэцім сакратаром пасольства ў якую-небудзь забытую богам афрыканскую краіну, дзе пад пальмавымі шатамі я настальгаваў бы па далёкай радзіме без усялякіх надзей на службовае прасоўванне.
Знаёмства з «вялікай дыпламатыяй»
Быў у маёй партыйнай біяграфіі і выпадак прамога судакранання з дыпламатыяй.
У 1979 годзе, калі я толькі прыйшоў на партыйную работу, мне было даручана напісаць даклад для Андрэя Андрэевіча Грамыкі — міністра замежных спраў СССР. Тады Грамыка, ураджэнец Беларусі, балатаваўся ў Вярхоўны Савет Саюза на сваёй малой радзіме і павінен быў выступіць з вялікай прамовай у зале Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, які ў той час выкарыстоўваўся для ўрачыстых сходаў.
Пісаць такія даклады было няпроста. У працэсе работы на кожнай прыступцы чыноўнай лесвіцы да самага верху ў тэкст уносіліся праўкі. I першапачатковы варыянт часцей за ўсё рабіўся непазнавальным. Але, слухаючы выступ Грамыкі, я з задавальненнем адзначыў, што ў маім тэксце не была зменена аніводная фраза. У гэткім самым некранутым выглядзе даклад праз некалькі дзён быў надрукаваны ў газеце «Правда».
Вядома, ён быў вытрыманы ў традыцыйным савецкім стылі і ўяўляў з сябе рэферат, складзены з рашэнняў з’ездаў, прамоў Брэжнева, Панамарова і самога Грамыкі. Наогул, гэта былі кандовыя, жалезабетонныя савецкія ацэнкі сусветнай палітыкі з абавязковай лаянкай на адрас амерыканцаў і крытыкай кітайскага кіраўніцтва. Праўда, імкнучыся ўнесці ў даклад хоць бы нейкую жывінку, я прыдумаў даволі ўдалую фразу: «Калі маўчаць дыпламаты — гавораць гарматы».
Папацець тады давялося ладна. Бо апрача даклада мне давялося напісаць тэксты для ўсіх 9 прамоўцаў у падтрымку кандыдата: ад дырэктара Інстытута тэхнічнай кібернетыкі АН БССР да кам-
самольскай актывісткі з БДУ. Ступень зарэгламентаванасці была надзвычайная.
Гэтае судакрананне з «вялікай дыпламатыяй» для мяне не прайшло бясследна — у тэму давялося «ўехаць». Хоць толькі значна пазней я зразумеў, што ўся гэтая слоўная эквілібрыстыка была вельмі далёкая ад сапраўднай работы дыпламата, пакліканага адстойваць інтарэсы сваёй краіны.
Але для мяне гэта быў і своеасаблівы экзамен на права пачаць узыходжанне па партыйнай лесвіцы. Я яго вытрымаў і праз паўгода быў прызначаны загадваць аддзелам навукі і навучальных устаноў Мінскага гаркама партыі.
Першыя выбары
У Бярэзінскім запаведніку мы дамовіліся з Кебічам захоўваць у таямніцы маё будучае вылучэнне, каб не правакаваць непатрэбных інтрыг да першай сесіі Вярхоўнага Савета, дэпутатам якогая, як і Кебіч, быў абраны месяцам раней на першых дэмакратычных выбарах у Вярхоўны Савет БССР. Сесія распачыналася неўзабаве, у траўні.
Кебіч прайшоў у Вярхоўны Савет па сельскай акрузе, дзе ўлада партыі была яшчэ дастаткова моцная, а я атрымаў свой мандат у Мінску. Гэта быў унікальны выпадак: на тых выбарах ужо аніхто з партыйных функцыянераў у сталічных гарадах у дэпутаты не прабіўся.
Думаю, што перамагчы мне дапамог сумны досвед Уладзіміра Галко — першага сакратара MineKara гаркама, які пацярпеў скрышальнае паражэнне на выбарах у саюзны парламент у 1989 годзе. Я быў яго даверанай асобай і павінен прызнацца, што, падпарадкоўваючыся волі начальства і
кандовым партыйным устаноўкам, тую кампанію мы вялі груба і бяздарна.
Яшчэ горш было іншае: Галко не ўмеў і баяўся гутарыць з людзьмі...
Адным словам, Галко, які слепа кіраваўся ўказаннямі зверху, на жаль, прайграў. Хоць некаторыя спрабавалі растлумачыць і Галко, і цэкоўскім начальнікам неабходнасць новых прыёмаў у працы з людзьмі. Памятаю, як сакратар Фрунзенскага райкама партыі Леанід Радкевіч прапанаваў: «Давайце падтрымаем у суседняй акрузе Зянона Пазняка, а за гэта апазіцыянеры на руках унясуць Галко ў Вярхоўны Савет».
На што «старэйшыя таварышы» адказалі:
— Яшчэ раз такое прыдумаеш, пакладзеш на стол партбілет!
Кандыдат ад наменклатуры
Пасля прыніжалытага для наменклатуры паражэння Галко было прынята негалоснае рашэнне: партфункцыянеры на паўторныя выбары (а ў Мінску заставалася тады чатыры свабодныя акругі) не пойдуць. Галоўнае, маўляў, закрыць дарогу ў саюзны парламент прадстаўнікам БНФ. Таму, калі ў акрузе, дзе прайграў Галко, надумаў вылучацца Зянон Пазняк, у ЦК вырашылі выцягнуць са свайго кадравага рэзерву сціплага прафесара Станіслава Шушкевіча.
У той час Шушкевіч рабіў на мяне вельмі прыемнае ўражанне дабрадушнага і зусім не амбіцыйнага чалавека. Ён ніколі не ўваходзіў у кабінет у шапцы, заўжды здымаў яе на падыходзе. Мехаваты, з зашмалыдаваным галыптукам і сціплай усмешкай, ветліва грукаўся, вітаўся абавязкова з паклонам. 3 маёй падачы Шушкевіч стаў прэзі-
дэнтам Таварыства навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Ён праводзіў алімпіяды па фізіцы, хіміі, іншых прадметах, і займацца папулярызацыяй навукі сярод падлеткаў у яго зусім някепска атрымлівалася. I калі загадчык сектара аддзела навукі ЦК КПБ В. Пракошын прапанаваў вылучыць Шушкевіча на пасаду прарэктара БДУ, я адразу згадзіўся і завізаваў праект пастановы, чым забяспечыў яго далейшае ўзыходжанне.
I вось у 1989 годзе прарэктар БДУ Шушкевіч воляй выпадку апынуўся ў палітыцы. Акруговы перадвыбарны сход, гэты партыйны фільтр, дзе, паводле тагачаснага закону аб выбарах, праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў, не прапусціў праз сваё сіта Пазняка. Затое Шушкевіч быў зацверджаны амаль аднагалосна. He тое каб у ЦК ускладалі на яго нейкія вялікія спадзяванні: дастатковай падставай паслужыў разлік, што гэты мала каму вядомы прафесар — значна меншае зло, чым Зяноп Пазняк. Так і пачалася вялікая кар’ера будучага спікера беларускага парламента.
Потым я неаднойчы захапляўся «празорлівасцю» партыйцаў, якія асаблівым наменклатурным нюхам патрапілі ўгадаць бясшкоднасць для іх і для саўковай сістэмы гэтага чалавека, асноўным палітычным багажом якога была драма бацькі — вядомага беларускага пісьмеішіка, рэпрэсаванага ў гады сталіншчыны і цудам ацалелага ў ГУЛАГу. Станіслаў Шушкевіч выступаў як сын рэпрэсаванага, выяўляючы сабой у сямейнай хроніцы перамогу гістарычнай справядлівасці.
Але, нягледзячы на свой, здавалася б, дэмакратычны антураж, ён з першага і да апошняга дня добрасумленна працаваў на наменклатуру, перад якой губляўся і бянтэжыўся. Сваёй сакрамен-
тальнай фразай — «Гэта не мая справа», якая нязменна гучала кожны раз, калі патрэбна было дзейнічаць, ён здаваў адну пазіцыю за другой. I, урэшце, ператварыўся ў аднаго з галоўных віноўнікаў таго, што былі здадзены практычна ўсе дэмакратычныя заваёвы первіых гадоў незалежнасці.
Мая працоўная акруга
Маладушнае рашэнне цэкоўцаў не вылучацца ў сталічных акругах мяне абурала. Набліжаліся новыя выбары, цяпер ужо ў рэспубліканскі парламент, і я вырашыў: абавязкова пайду кандыдатам у дэпутаты!