Беларусь на ростанях
Пётр Краўчанка
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 506с.
Вільня 2007
Шарэцкі лічыў за лепшае не заўважаць усіх гэтых антыканстытуцыйных выпадаў, а разам з ім маўчала і бяздзейнічала левая аграрна-камуністычная большасць. Але і правыя таксама не вельмі дэманстравалі свою рашучасць супрацьстаяць прэзідэнту.
У сакавіку я выступіў перад парламентам, спрабуючы хоць неяк разварушыць сваіх калег:
— Паважаныядэпутаты! Калі мыўбліжэйшыя тыдні не пераломім сітуацыі і не здолеем заслухаць старшыню Дзяржтэлерадыё Кісяля, калі мы не даможамся, каб работа парламента асвятлялася на дзяржаўным тэлебачанні рэгулярна і аб’ектыўна, лічыце, што праз паўгода нас адсюль вынесуць наперад нагамі, бо Вярхоўны Савет ператворыцца ў палітычны труп...
3 роўным поспехам можна было выступаць у пустым калідоры.
Спікера ўразіла Амерыка
Паводзіны Шарэцкага істотна змяніліся ў красавіку 1996 года, пасля яго візіту ў Злучаныя Штаты.
Уключыць мяне ў склад дэлегацыі спікер не палічыў патрэбным, але, вярнуўшыся з Вашынгтона, нечакана запрасіў да сябе. Падрабязна распавядаючы, як праходзіў візіт, Шарэцкі ўсяляк дэманстраваў неўласцівыя яму раней дружалюбнасць і шчырасць.
— Ведаеце, Пятро Кузьміч, — сказаў ён у канцы размовы, — гэтая паездка зрабіла на мяне велізар-
нае псіхалагічнае ўражанне, я цяпер на многія рэчы стаў глядзець інакш. Думаю, настаў нарэшце час сур’ёзна развярнуць наш карабель у другі бок.
Чаго ён, уласна, хацеў ад мяне, я тады так і не зразумеў. Сітуацыя высветлілася толькі праз некалькі дзён.
Выявілася, на сустрэчы ў сенацкім камітэце па міжнародных справах кіраўнік камітэта сенатар Клейбарн Пэл адразу спытаў у Шарэцкага:
— Спадар старшыня, а дзе ж Краўчанка?
Сенатар Пэл — унікальная асоба. Былы ўдзельнік антыфашысцкага паўстання ў Славакіі, дыпламат і выведнік, ён зрабіў бліскучую палітычную кар’еру. Звыш сарака гадоў правёў у Сенаце, шмат гадоў узначальваў Камітэт па міжнародных справах. Мы з ім былі добра знаёмыя, неаднаразова сустракаліся, калі я быў міністрам замежных спраў. У 1991 годзе я сустракаў яго ў Мінску, куды ён прыляцеў на асабістым самалёце, каб ушанаваць ахвяраў Халакосту.
Пытанне Пэла моцна збянтэжыла Шарэцкага, ён замітусіўся і не знайшоў нічога лепшага, чым сказаць:
— Разумееце, спадар сенатар, у Краўчанкі шмат спраў, шмат візітаў, ён прыедзе наступным разам.
— Ну што ж, пачакаем гэтага наступнага paay, — адказаў Пэл.
У Дзяржаўным дэпартаменце ў нашага спікера таксама пацікавіліся, чаму не прыехаў Краўчанка.
Тады Шарэцкі, відаць, і вырашыў, што ў Вашынгтоне я свой чалавек. Таму, адкрыта гаворачы са мной аб намерах змяніць сваю палітычную арыентацыю, ён разлічваў перадаць сігнал аб гэтым у Дзяржаўны дэпартамент.
Мне заставалася толькі ўсміхнуцца.
Сітуацыя пагаршаецца
Вясна 1996 года аказалася бурнай. Палітычна актыўная частка грамадства прадэманстравала сваю гатоўнасць узняцца на адкрытую барацьбу з дыктатурай, якая насоўвалася.
У сакавіку — красавіку ў Мінску прайшла серыя самых буйных пасля 1990 года дэманстрацый, арганізаваных Беларускім Народным Фронтам. Улада перепалохалася і ўжыла супраць дэманстрантаў грубую сілу. Было шмат збітых і затрыманых міліцыяй.
Калі б апазіцыя ў парламенце падтрымала апазіцыю вулічную, дык, магчыма, удалося б рэзка пераламаць абстаноўку.
Аднак левыя ў парламенце ці салідарызаваліся з Лукашэнкам, ці занялі нейтральную пазіцыю. Але і правыя паводзілі сябе, мякка кажучы, няўпэўнена. 3 ліберальнай фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» толькі віцэ-спікеру Генадзю Карпенку хапіла рашучасці і мужнасці ачоліць калону дэманстрантаў.
У дэманстрацыях удзельнічалі дзесяткі тысяч чалавек.
Арыштаваныя лідэры Народнага Фронту Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык пачалі галадоўку пратэсту, якая працягвалася 20 дзён.
Сітуацыя была настолькі напружаная, што вымушаны быў умяшацца нават прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. На просьбу вядомага праваабаронцы і дэпутата Дзяржаўнай Думы Сяргея Кавалёва ён пазваніў Лукашэнку з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі. Хоць і тут не абышлося без канфузу. Змест гэтай размовы прывяла ў сваёй нашумелай кнізе «Показкі крамлёўскага дыгера» расійская журналістка Алена Трагубава.
— Аляксандр Рыгоравіч, тут у мяне Кавалёў сядзіць, паважаны чалавек... Ведаеце, трэба было б змяніць меру стрымання вашым арыштаваным дэманстрантам!
— Як гэта змяніць меру стрымання?! — абурыўся Лукашэнка.
I Ельцын пачаў яму тлумачыць. Але ў меру свайго разумення:
— Ну, як-як? Змяніць, і ўсё! Напрыклад: у каго пяць гадоў — таму два гады даць, у каго два гады — таму ўмоўна...
Як піша Трагубава, праваабаронца Кавалёў, які ў савецкі час сам прайшоў праз турмы за дысідэнцкую дзейнасць, ад такой «рэкамендацыі» ледзь не страціў прытомнасць.
Нечаканы канфлікт
Хоць міжнародная грамадскасць рэзка пратэставала супраць рэпрэсій у Беларусі, наш Вярхоўны Савет працягваў захоўваць стаічнае маўчанне. Толькі на пачатку траўня, ужо пасля згаданага званка з Масквы Ельцына, Шарэцкі ўсё ж падняўся на парламенцкую трыбуну, каб абазначыць сваю «пазіцыю».
Але замест таго, каб устаць на абарону грамадзян, якія былі страшэнна збітыя міліцэйскімі дручкамі за тое, што рэалізавалі на практыцы сваё канстытуцыйнае права на дэманстрацыі, Шарэцкі нечакана абрынуўся з крытыкай на адрас Расіі і асабліва Польшчы.
Расію ён заклеймаваў за традыцыйную імперскасць, а палякаў абвінаваціў у шавінізме, у насаджэнні ў Беларусі каталіцызму. Асаблівую пікантнасць яго пафаснаму выступу надало тое, што ён прагучаў 3 траўня, калі Польшча адзначала
сваё нацыянальнае свята — дзень Канстытуцыі 1791 года.
У гэты дзень у Авальнай зале прысутнічаў польскі пасол і шмат польскіх журналістаў. Азірнуўшыся на гасцявую ложу, я ўбачыў здзіўленне і абурэнне на іх тварах.
Калі Шарэцкі скончыў, у зале запанавала магільная цішыня. I тут я ўстаў і спытаў:
— Ці можна ўзяць слова?
— He! — рашуча адрэзаў Шарэцкі. — Мы не будзем дыскутаваць.
— Тады прашу даць слова па працэдуры.
У гэтым, згодна з рэгламентам, Шарэцкі адмовіць не мог, і я падышоў да мікрафона ў зале.
— Паважаныя дэпутаты, паважаныя замежныя госці. Я не разумею таго, што адбываецца. Даклад нашага старшыні абсалютна не да месца. Ён непрымальны ні па форме, ні па змесце. Як старшыня камісіі я не проста адмаўляюся яго падтрымаць, але заяўляю катэгарычны пратэст супраць таго, каб у нашым парламенце так гаварылі пра нашых суседзяў — пра братнюю Полыпчу і пра братнюю Расію. Мяркую, што вы, Сямён Георгіевіч, павінны прынесці свае выбачэнні. Сёння на прыёме ў пасольстве вы будзеце віншаваць польскага пасла са святам, але як пры гэтым вы пагледзіце яму ў вочы?
Шарэцкі схіліўся да Карпенкі, які сядзеў побач, і штосьці прашаптаў яму на вуха. Пазней Карпенка расказаў мне, што Шарэцкі яму шапнуў:
— Ну, б..., падлавіў жа мяне Краўчанка...
Спікер не разумеў, што ў мяне і думкі не было яго «падлавіць». Я толькі стараўся прадэманстраваць польскім дыпламатам і журналістам, што абразлівыя для іх краіны і народа эскапады нашага
спікера ні ў якім разе не ёсць пунктам гледжання ўсяго беларускага парламента.
Некалькі дзён Шарэцкі дэманстратыўна не размаўляў са мной. А потым паклікаў да сябе ў кабінет.
— Ведаеце, мне трэба замірыцца з палякамі. Зрабіце так, каб мяне запрасілі ў Польшчу. Трэба арганізаваць афіцыйны візіт, каб я сустрэўся са спікерам польскага парламента. Пасля таго, што адбылося, гэта можаце зрабіць толькі вы.
Асаблівага энтузіязму ў мяне гэта не выклікала. Было зразумела, што давядзецца мець непрыемныя размовы з польскім бокам. Але адносіны з Польшчай трэба было аднаўляць — у гэтым Шарэцкі меў рацыю.
— Добра, Сямён Георгіевіч, — адказаўя, — калі вы зможаце папрасіць прабачэння ў спікера польскага парламента, я пайду на гэта. Але памятайце, што сустрэчу трэба будзе пачынаць менавіта з выбачэнняў.
Шарэцкі пагадзіўся.
Цягам двух-трох тыдняў мы арганізавалі візіт у Полыпчу дэлегацыі Вярхоўнага Савета на чале з Шарэцкім. Палякі паводзілі сябе добразычліва, паказваючы, што зла на беларускага спікера не трымаюць — павініўся, і добра.
Шарэцкі быў здзіўлены, як цёпла яго сустракалі. 3 палітычнага гледзішча гэта быў вельмі важны візіт. Думаю, што менавіта тады ўдалося сфармаваць сяброўскае стаўленне польскіх дэпутатаў да нашага парламента. Пазней, калі Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет, палякі сістэмна і паслядоўна, і ў Радзе Еўропы, і па-за ёй, аказвалі падтрымку беларускім дэпутатам, якія захавалі вернасць Канстытуцыі і дэмакратычным каштоўнасцям.
Трэба адзначыць, што пасля гэтага візіту нашы адносіны са спікерам пацяплелі. Думаю, ён усвядоміў, што лепш мець старшыню міжнароднай камісіі за саюзніка, чым атрымліваць палітычныя поўхі.
А вось перад Расіяй Шарэцкі не палічыў патрэбным нават выбачыцца.
«Рада Еўропы? Ёсць важнейшыя справы...»
Як ужо гаварылася раней, палітычны крызіс 1995 года, калі Беларусь стала адхіляцца ад дэмакратычнага шляху і фактычна засталася без дзеяздольнага парламента, затармазіў наша прасоўванне ў кірунку Еўропы. Але з пачаткам работы Вярхоўнага Савета XIII склікання шанцы трапіць, нарэшце, у Раду Еўропы зноў узраслі.
Вярхоўны Савет сфармаваў пастаянную дэлегацыю для работы ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), у якую ўвайшлі дэпутаты Юрый Малумаў, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Шэршуноў, Сяргей Калякін і я. Мы некалькі разоў выязджалі ў Страсбург, правялі серыю важных перамоваў. Мне давялося тройчы выступіць з трыбуны ПАРЕ па праблемах міграцыі, распаўсюджання наркотыкаў, раззбраення.
Мая апошняя паездка ў Страсбург адбылася ў кастрычніку 1996 года, калі ў Беларусі ўжо быў абвешчаны рэферэндум аб новай рэдакцыі Канстытуцыі. Там у мяне прайшла няпростая размова з новым кіраўніком гэтай арганізацыі — немкай Лені Фішэр. Справа ў тым, што 9 кастрычніка яна павінна была прыехаць у Мінск, але сур’ёзна вагалася, ці варта ёй гэта рабіць з прычыны складанай палітычнай абстаноўкі ў краіне. 3 вялікай цяжкасцю мне ўдалося пераканаць Лені Фішэр не адмяняць гэты візіт.
Але лепей бы я гэтага не рабіў!
У Мінску прадстаўнік МЗС заявіў Лені Фішэр, што прэзідэнт не можа яе прыняць у сувязі з моцнай занятасцю дзяржаўнымі справамі. Прыдумаўшы зручную прычыну, з ёй адмовіліся сустракацца і ва ўрадзе краіны. Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы была вымушаная абмежавацца сустрэчай з кіраўніцтвам парламента і выступам перад дэпутатамі ў Авальнай зале. Безумоўна, для нас гэта было вялікай палітычнай і маральнай падтрымкай.