• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    Зразумела, Шарэцкі вінаваты. Але, ведаючы ўзровень яго магчымасцяў, такія паводзіны можна было прадбачыць. Аднак яшчэ больш згубнай была згодніцкая пазіцыя спрактыкаванага юрыста Ціхіні. Падобна, што яму было папросту ўсё роўна.
    Як мне потым расказалі масквічы, усе дзесяць гадзін перамоваў ён маўчаў, літаральна кінуўшы Шарэцкага, назіраючы, як яго маральна ламаюць Лукашэнка і такі цяжкавагавік, як Чарнамырдзін. Што гэта было? Няўжо боязь нажыць сабе ворагаў у асобе Строева, Селязнёва і Чарнамырдзіна?
    Што да Шарэцкага, то, думаю, на прыкладзе Строева ён усё ж здолеў хоць бы ўсвядоміць, што сяброўства ў палітыцы — рэч адносная. Шкада, але і сяброўства, і здрада — гэта толькі разменныя манеты ў вялікіх палітычных гульнях. А галоўнае ў іх — гэта ўласны лёс, уласная кар’ера і ўсё тое, што называецца «шкурны інтарэс».
    Кожны сам за сябе
    Многіх трывожыць пытанне: чаму наша беларуская апазіцыя заўжды прайграе? Бо ў дэмакра-
    тычным руху ёсць нямала разумных, таленавітых, мужных людзей.
    Чаму мы не можам супрацьстаяць невуцтву і хамству, якія творыць улада?
    Азіраючыся на падзеі цяпер ужо далёкага лістапада 1996 года, менавіта там бачу вытокі нашых сённяшніх няўдач.
    Бо тады, напярэдадні рэферэндуму, мы прайгралі не толькі з той прычыны, што на баку Лукашэнкі была грубая сіла. I зусім не таму, што нам здрадзіла кіраўніцтва Расіі. I Лукашэнка, і расіяне абаранялі свае інтарэсы...
    I не заганялі ж іголкі пад пазногці Шарэцкаму, Карпенку, Калякіну расійскія прыхільнікі беларускага прэзідэнта. He пагражалі пісталетам, не нацягвалі на галовы адгазнікі, якія не працуюць. Іх не ламалі, яны самі зламаліся. He ўперліся, як, напэўна, уперліся б, калі б размова ішла пра іх сем’і. Яны забыліся, чые інтарэсы павінны абараняць, бачылі толькі сябе, свае дробязныя разлікі.
    Прычына нашай паразы не ў напоры Лукашэнкі, не ў саступцы яму расіян. Яна ў тым, што мы — праціўнікі аўтарытарнага перавароту — не былі (як тады, так і цяпер) адзінай камандай, спаянай і згуртавапай агульнай мэтай.
    Нават у хвіліну сур’ёзнай небяснекі для дэмакратыі і для краіны апазіцыйныя лідэры так і не здолелі ўзняцца вышэй за ўласныя дробныя амбіцыі і славалюбства, вышэй за прыватныя сімпатыі і антыпатыі. Бо прытоеная барацьба ў антыпрэзідэнцкай частцы Вярхоўнага Савета нават тады не сціхала ні на адну хвіліну. Спрэчкі, разборкі, інтрыгі... Мала хто гатовы быў без аглядкі, як, напрыклад, дэпутаты Валерый
    Шчукін, Людміла Гразнова, Васіль Шлындзікаў, стаць у шэраг абаронцаў дэмакратыі, затое многія стараліся знайсці крайняга, зваліць адказнасць за паразу на каго хочаш, акрамя сябе. Так, мы ўсе былі супраць аўтарытарызму, які насоўваўся. Але кожны пры гэтым трымаўся сам па сабе, не жадаючы падставіць плячо іншаму.
    Як і заўжды, не было ў апазіцыйнай эліты і галоўнага — волі да перамогі. Рашучасці пайсці ў бой з адкрытым забралам і бясстрашна павесці за сабой астатніх.
    Відавочна, што гэта адчувалася і простымі грамадзянамі. У адказ на заклік БНФ на плошчы сабралася нейкая сотня людзей, напэўна, самых стойкіх, якія, насуперак відавочнаму, яшчэ не страцілі надзеі на лепшае.
    Яны кругласутачна стаялі каля парламента, на холадзе і дажджы, усялялі мужнасць у тых дэпутатаў, якія ўсё яшчэ не хацелі мірыцца з ужо непазбежнай паразай...
    Ціхая адстаўка
    Досыць сімвалічныя былі і абставіны адстаўкі прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра літаралыіа за тыдзень да прыезду пасланцоў Расіі.
    Ішло пленарнае пасяджэнне Вярхоўнага Савета, кворум вісеў, як кажуць, на валаску, і мы хацелі хутчэй прагаласаваць важнае пытанне. Раптам да Шарэцкага падышоў адзін з дэпутатаў і штосьці прашаптаў яму на вуха. Шарэцкі ўстаў, спусціўся ў залу і накіраваўся проста да мяне.
    — Пятро Кузьміч, толькі што мне паведамілі: Чыгір напісаў заяву аб адстаўцы. Я вас прашу,
    тэрміпова схадзіце да яго і пераканайце прыйсці да нас у залу. Скажыце, што мы акажам яму ўсялякую падтрымку.
    Шарэцкі ведаў, што з Чыгіром мы добра знаёмыя. Калі я працаваў памочнікам Барташэвіча, ён быў інструктарам ЦК і часта заходзіў да мяне з дакументамі для другога сакратара. Ладзілі мы і пасля таго, як Міхаіл Мікалаевіч стаў прэм’ерміністрам. Таму спікер і звярнуўся да мяне.
    Было зразумела, што адстаўка кіраўніка ўрада магла аказаць магутнае ўздзеянне на чыноўнікаў дзяржапарату і на парламент. А падтрымка Чыгіра Вярхоўным Саветам стала б відавочным ударам па пазіцыях Лукашэнкі.
    Я выйшаў з залы, папрасіў ахову адчыніць дзверы, якія аддзялялі парламенцкае крыло будынка ад урадавага, і праз хвіліну быў ужо ў прыёмнай прэм’ера.
    Шарэцкі, відаць, паспеў папярэдзіць сакратарку Чыгіра, і яна, нічога не спытаўшы, паказала на дзверы:
    — Заходзьце.
    Заходжу ў кабінет, а Чыгір размаўляе па тэлефоне:
    — Аляксандр Рыгоравіч, ды не, усё не так. Вы мяне не разумееце. Паслухайце...
    Відаць, у гэты момант Лукашэнка яго перабіў і стаў штосьці доўга гаварыць. Чыгір моўчкі кіўнуў на крэсла. Такім чынам, я аказаўся мімавольным сведкам іх размовы.
    Было зразумела, што Лукашэнка, які ў гэты час знаходзіўся ў Гомелі, стараўся ў чымсьці пераканаць Чыгіра, напэўна, пачакаць з адстаўкай. Чыгір млява супраціўляўся і адмахваўся ад яго абвінавачанняў, абмяжоўваўся сціслымі фразамі на-
    кшталт «Гэта не зусім так» ці «Вы мяне недакладна зразумелі».
    Пасядзеўшы хвілін пяць, я ўстаў і сабраўся выйсці з кабінета. Чыгір заківаў — маўляў, сядзі на месцы. Але я ўсё ж вырашыў выйсці. У мяне з’явілася думка: можа, я замінаю яму даць Лукашэнку болын жосткі адпор.
    Пачакаўшы ў прыёмнай хвілін дзесяць, я зноў зазірнуў у кабінет: размова працягвалася. Агулам яны размаўлялі хвілін сорак. Нарэшце, сакратарка паказала мне, што тройка пераключана на яе, і я вярнуўся ў кабінет.
    — Міхаіл Мікалаевіч, Шарэцкі папрасіў мяне даведацца, што вы збіраецеся рабіць далей.
    — Сыходжу ў адстаўку. I не толькі я. Са мной сыходзіць увесь урад!
    — Вы ў гэтым упэўнены? Ведаю большасць вашых намеснікаў...
    — He, не, усё дамоўлена. Усё будзе нармальна.
    — Міхаіл Мікалаевіч, калі так, то давайце біць як след. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савета запрашае вас проста зараз прыйсці ў Авальную залу. Вам дадуць слова, і вы зможаце зрабіць публічную заяву з парламенцкай трыбуны. А мы прымем па-> станову ў вашу падтрымку. Вы ўяўляеце, які гэта можа выклікаць рэзананс?
    — Гэтага я не хачу, — адмовіўся Чыгір. — Я не буду выступаць. У нас дамоўленасць з Лукашэнкам...
    Я намаўляў яго яшчэ нейкі час, а потым, вылаяўшыся ў душы, устаў і развітаўся. Чыгір, вядома, быў прыстойным чалавекам, але вось байцом — ніколі.
    Нават сыходзячы ў адстаўку, прэм’ер-міністр разлічваў не надта сапсаваць адносіны з прэзідэнтам. I стараўся сысці непрыкметна, як англій-
    скі джэнтльмен са званага вечара, не прыцягваючы да сябе ўвагі, не развітваючыся, не вытлумачваючы прычын.
    Але Лукашэнка не ацаніў яго лаяльнасці. Уласна, ён і не мог ацаніць гэты крок прыстойнага чалавека, прыняўшы, па сваёй звычцы, ветлівасць за праяву баязлівасці. Сам ён ніколі не сышоў бы без скандалу і барацьбы. I нічога Чыгір не выйграў, выканаўшы іх «дамоўленасць». Агульнавядома, пад якія публічныя здзекі і пераследаванні ў наступныя гады патрапіў не толькі сам Чыгір, але і яго сямейнікі.
    Як я і меркаваў, калегі Чыгіра па ўрадзе ў апошні момант адмовіліся пайсці следам за ім. Сышоў толькі блізкі да апазіцыі міністр працы Аляксандр Сасноў. У выніку ціхая адстаўка прэм’ер-міністра практычна ніяк не паўплывала на сітуацыю.
    А ўсе спробы Чыгіра заднім днём надаць сваёй адстаўцы пратэставы характар, звязаць яе з нязгодай з палітыкай Лукашэнкі і правядзеннем рэферэндуму аказаліся запозненымі. I славы барацьбіта за дэмакратыю яму не прынеслі.
    Пралічаны ход Лукашэнкі
    23 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет распачаў ратыфікацыю пагаднення дзвюх галін улады, падпісанага пры пасрэдніцтве расіян.
    3 трыбуны гучала шмат крытыкі, дэпутаты разумелі, што гаворка ідзе фактычна аб палітычным самазабойстве парламента, які добраахвотна перадаваў свае паўнамоцтвы камісіі, не прадугледжанай Канстытуцыяй. Аднак камуністы і аграрыі ўсё ж гатовы былі падтрымаць пагадненне.
    Здавалася, што пагадненне будзе ратыфікаванае абсалютнай большасцю галасоў, аднак нечака-
    на ўсё рэзка змянілася. У момант, калі галасаванне пачалося, кіраўнік прапрэзідэнцкай фракцыі Уладзімір Канаплёў раптам даў сваім каманду галасаваць супраць. Ён знаходзіўся на пастаяннай тэлефоннай сувязі з Лукашэнкам і нават дэманстратыўна ўзняў над галавой мабільнік: маўляў, такая воля прэзідэнта.
    Шарэцкі некалькі разоў ставіў пытанне на перагаласаванне, угаворваў, упрошваў дэпутатаў падтрымаць яго. Але дарэмна. Пагадненне было канчаткова правалена.
    3 боку Лукашэнкі гэта быў дакладна пралічаны ход. Так, зрываючы ратыфікацыю, ён адмовіўся ад магчымасці легітымізаваць вынікі свайго, мякка кажучы, сумнеўнага рэферэндуму. Але, з іншага боку, калі парламент не зацвердзіў пагаднення, значыць, дамоўленасці не выконваюцца, прычым, не ім, Лукашэнкам, а дэпутатамі. Гэта развязвала прэзідэнту рукі.
    Магчыма, ён проста не дазволіў парламенту ціха сканаць, каб не пазбаўляць сябе асалоды бачыць прыніжэнне заканадаўчай улады, калі спецназ будзе сілай разганяць Вярхоўны Савет. Гэта — у якасці кампенсацыі за дні панічнага страху, перажытага ім падчас гісторыі з імпічмен-' там, калі яго ўлада практычна вісела на валасКУ-
    «Улада валялася ў гразі»
    Пасля правалу пагаднення прапрэзідэнцкія дэпутаты пакінулі Вярхоўны Савет і пачалі збірацца на свае пасяджэнні ў будынку Саюза моладзі, побач з рэзідэнцыяй прэзідэнта. Але прыцягнуць на свой бок большасць дэпутацкага корпуса ў тыя дні яны так і не здолелі.
    У гэты час Ціхіня літаральна сабатаваў работу Канстытуцыйнага Суда, катэгарычна адмаўляўся прыняць да разгляду пытанне аб імпічменце, • нягледзячы на тое што пагадненне не было прынятае. Пачатак працэдуры аўтаматычна азначаў бы пачатак адхілення Лукашэнкі ад улады.
    А пакуль «галоўны захавальнік Канстытуцыі» злачынна цягнуў час, пачала прыносіць плён кампанія ціску на падпісантаў імпічменту.
    Адзін за другім 12 дэпутатаў адклікалі свае подпісы і перадалі Ціхіню адпаведныя лісты, завераныя віцэ-спікерам Юрыем Малумавым. Такім чынам, з 74 подпісаў пад імпічментам засталося 62. Толькі тады Шарэцкі, нарэшце, спахапіўся і дадаў да іх свой аўтограф. Але гэта ўжо нічога не мяняла.