• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларусь на ростанях  Пётр Краўчанка

    Беларусь на ростанях

    Пётр Краўчанка

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 506с.
    Вільня 2007
    105.03 МБ
    Даклад быў выдадзены асобнай брашурай, раздадзены дэпутатам і журналістам, а потым яго зачыталі на сходзе дэпутатаў. Дэпутаты выслухалі прамову Віктара Ганчара, ухвальна паківалі, палаяліся на злачынны рэжым і... разышліся па дамах, не ўяўляючы, што з такімі высновамі рабіць.
    Калі б на гэтым усё скончылася, Шарэцкі, напэўна, вазіў бы гэтую абвінаваўчую брашуру за мяжу, дэманстраваў бы яе заходняй грамадскасці, робячы, так бы мовіць, свой маленькі піяр.
    Але нечакана для ўсіх Ганчар накіраваў тэкст даклада за сваім подпісам у Генеральную пракуратуру — з прапановай распачаць супраць прэзідэнта крымінальную справу.
    Многім дэпутатам аж у пяты закалола.
    Пракуратура даклад Ганчара без увагі не пакінула і крымінальную справу распачала. Аднак, зразумела, не супраць Лукашэнкі, а супраць самога Віктара Іосіфавіча. Яму інкрымінавалася «абраза гонару і годнасці прэзідэнта», што магло пацягнуць за сабой прысуд на пяць гадоў турмы.
    I вось тут кіраўнікі Вярхоўнага Савета паказалі сябе ва ўсёй красе. Памыляецца той, хто думае, што яны кінуліся на абарону свайго адважнага калегі. Зусім не!
    Яны паспяшаліся ад яго публічна адрачыся!
    Пазіцыю кіраўніцтва Вярхоўнага Савета выклаў журналістам дэпутат Уладзімір Нісцюк:
    — Ганчар сам вінаваты ў тым, што здарылася... Дзеля сваіх палітычных амбіцый Ганчар справакаваў гэты скандал, і пракуратуры нічога не заставалася, як прыцягнуць яго да адказнасці...
    3 гэтай заявы можна было зрабіць выснову, што пракуратура сфармулявала прэтэнзію правільна, а таму заступацца за Ганчара ніхто не збіраецца.
    — Пазіцыя калег-дэпутатаў — справа іх сумлення, — сказаў Віктар Ганчар, калі каментаваў сітуацыю.
    Хоць, напэўна, ён разумеў, што ў дачыненні да гэтых «калег» панятак «сумленне» немагчыма ўжываць у прынцыпе.
    Невядома, чым скончыўся б разгляд справы, калі б не ўмяшанне міжнародных праваабарончых арганізацый. Ганчара тады не пасадзілі, справу супраць яго спынілі. Але гаркавы асадак застаўся.
    Пасля гэтага на сходах дэпутатаў Віктар Ганчар з’яўляўся рэдка. Болыпую частку часу ён праводзіў у Латвіі, дзе працаваў па сваёй юрыдычнай спецыяльнасці ў нейкай кампаніі. Адной яскравай асобай на апазіцыйным небасхіле Беларусі паменела.
    Аняменне
    Пасля рэферэндуму апазіцыя была пазбаўленая парламенцкай трыбуны, у яе не засталося ніякіх легальных рычагоў уплыву на сітуацыю.
    Трэба было правесці велізарную працу, каб абудзіць грамадскую свядомасць унутры краіны і за яе межамі. Мы павінны былі зрабіцца рэальным фактарам палітычнага жыцця, выкарыстоўваючы ўвесь даступны нам арсенал змагання.
    Аднак гэтак лічылі далёка не ўсе.
    Большая частка апазіцыйных лідэраў зусім не хацелі выйсці за межы той палітычнай рэзервацыі, куды загнаў іх Лукашэнка. Яны адчувалі сябе дастаткова камфортна і ў стане «віртуальнага супраціўлення». Складалася ўражанне, што ім нават падабалася становішча, калі ўжо не трэба несці ніякай дэпутацкай адказнасці, а можна абмяжоўвацца пустымі «вячоркамі», нікчэмнымі заявамі і рытуальным ныццём.
    Яны не хацелі змагацца за ўладу, бо знайшлі сабе новае шырокае поле дзейнасці — у міжсобных інтрыгах. Банальны вобраз «павукі ў слоіку» цалкам адпавядае тагачаснай дэпутацкай «дзейнасці».
    Ну, а тых, хто не хацеў такіх «павуковых» адносінаў, пачыналі цынічна выпіхваць з апазіцыйнай супольнасці, як гэта адбылося і з Віктарам Ганчаром, які ніколі не хаваў, што для яго галоўнае — дамагчыся ўлады, а не перманентна заставацца ў апазіцыі.
    Такім самым чынам кіраўніцтва Вярхоўнага Савета здрадзіла і апазіцыйнаму дэпутату Уладзіміру Кудзінаву, які не паддаўся на шантаж і не адклікаў свайго подпісу. Ён быў арыштаваны і правёў у турме чатыры гады. Як і ў выпадку з Ганчаром, ні Шарэцкі, ні іншыя кіраўнікі Вярхоўнага Савета не палічылі патрэбным зрабіць з гэтай нагоды нават элементарнай пратэставай заявы.
    На пачатку 1997 года ўсё ж заставалася спадзяванне, што такія настроі — наступствы лістападаўскага шоку. Ува мне яшчэ жыла надзея, што наша апазіцыйнае балота можна неяк разварушыць, прымусіць дзейнічаць, працаваць, супраціўляцца.
    Але пазней я зразумеў поўную бессэнсоўнасць такіх чаканняў.
    Мы за бортам
    На пачатку 1997 года я лічыў, што наша галоўная задача — атрымаць ад Захаду прызнанне той часткі Вярхоўнага Савета XIII склікання, якая захавала вернасць Канстытуцыі і дэмакратычным прынцыпам.
    Першая праверка мела адбыцца на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене. Першапачаткова меркавалася, што дэлегацыю Вярхоўнага Савета ўзначаліць Шарэцкі — як легітымны кіраўнік заканадаўчай улады. Аднак Сямён Георгіевіч ляцець у Вену не адважыўся і прапанаваў мне ўзначаліць дэлегацыю, у склад якой увайшлі Уладзімір Нісцюк і Андрэй Фёдараў.
    У Вену прыехалі адразу дзве дэлегацыі з Беларусі — наша і Палаты лрадстаўнікоў на чале з Уладзімірам Канаплёвым. У зале пасяджэнняў Асамблеі мы апынуліся разам, хоць і за рознымі столікамі. Прычьш ні на адным з іх не было шыльдачкі з назвай нашай дзяржавы.
    Сітуацыю павінна была разбіраць мандатная камісія.
    Падчас яе працы і адбылася вострая сутычка з Канаплёвым. Але я загадзя падрыхтаваў аргументацыю — чаму трэба прызнаць менавіта нашы паўнамоцтвы, чаму менавіта Вярхоўны Савет, а не прызначаная Лукашэнкам Палата прадстаўнікоў з’яўляецца адзіным легітымным заканадаўчым органам Беларусі, няхай нават пазбаўленым рэальнай улады.
    Па прапанове мандатнай камісіі Парламенцкая асамблея прызнала паўнамоцтвы менавіта нашай
    дэлегацыі. Канаплёва з кампаніяй выправадзілі з залы, а на нашым століку з’явілася доўгачаканая шыльдачка са словамі «Рэспубліка Беларусь». У Мінск мы вярталіся пераможцамі.
    Потым нам прыйшло запрашэнне парламентаў пяці дзяржаў. Па даручэнні Вярхоўнага Савета я сустрэўся з кіраўнікамі парламентаў, дыпламатамі, аўтарытэтнымі палітыкамі Англіі, Даніі, Бельгіі, Францыі і Аўстрыі. У Англіі мяне заспела запрашэнне прыехаць у Германію, дзе ўжо знаходзіліся Шарэцкі, Багданкевіч, Шлындзікаў, Карпенка, таксама запрошаныя кіраўніцтвам гэтай краіны.
    Ва ўсіх шасці еўрапейскіх сталіцах я расказваў аб сітуацыі ў Беларусі, прасіў аказаць легітымнаму парламенту палітычную падтрымку. Трэба сказаць, што палітыкамі гэтых краін нашы аргументы ўспрымаліся з разуменнем. Але Захад яўна не быў гатовы да рашучых дзеянняў. Далей за спачуванні і запэўніванні ў самых шчырых сімпатыях справа не ішла.
    Тады ж нас спасцігла і сур’ёзная дыпламатычная параза.
    У Лондане я сустрэўся з Лені Фішэр, старшынёй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. У той час вырашалася пытанне аб тым, ці застанецца за Беларуссю статус назіральніка ў гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. Мы лічылі, што Беларусь павінна захаваць свой статус, але з умовай, што прадстаўляць нашу краіну ў ПАРЕ будзе толькі дэлегацыя Вярхоўнага Савета, які прызнаваўся ў свеце адзіна легітымным.
    На жаль, Лені Фішэр не захацела прыслухацца да нашых аргументаў, і Беларусь апынулася за бортам Рады Еўропы. Гэта было вялізнай стра-
    тай для нашай краіны на многія гады. I сёння, калі чую заявы некаторых лідэраў апазіцыі аб тым, што Беларусь нельга і блізка падпускаць да Рады Еўропы, думаю, што гэта стратэгічная памылка.
    Перакананы, што і сёння мы павінны заклікаць еўрапейцаў прыняць нашу краіну ў гэтую арганізацыю. Нават у нашым цяперашнім аўтарытарным стане.
    Што можа быць дрэннага ў тым, што беларускі рэжым там рэгулярна атрымліваў бы публічную лупцоўку, а беларускія грамадзяне маглі б шукаць абароны ад самавольства ўладаў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека? Іншая рэч, што такое членства не патрэбна Лукашэнку. Такім чынам, апазіцыя ў гэтым пытанні выконвае «сацыяльны заказ» улады.
    Як жыць далей?
    Падчас паездкі па еўрапейскіх сталіцах у нашай дэлегацыі ўзніклі сур’ёзныя супярэчнасці.
    Я прапаноўваў грунтоўна прааналізаваць прычыны нашай паразы ў 1996 годзе і распрацаваць далейшую стратэгію. Трэба было прадставіць беларускай і сусветнай грамадскасці рэалістычную праграму нашых дзеянняў. Тады нам было б значна лягчэй працаваць з еўрапейскімі структурамі, якія зразумелі б, што яны могуць зрабіць для вяртання нашай краіны на дэмакратычны шлях развіцця... Але Шарэцкі ўспрыняў мае аргументы ў штыкі.
    Яго праграма зводзілася да аднаго: трэба дамагацца, каб Захад не прызнаваў Лукашэнку, ізаляваў яго, не запрашаў з візітамі. Потым і Генадзь Карпенка пачаў настойваць на поўнай ізаляцыі не толькі Лукашэнкі, але і Беларусі ў цэлым. Захад,
    маўляў, павінен увесці эканамічнае эмбарга, адмовіцца набываць беларускія тавары, не даваць крэдытаў, спыніць гуманітарную дапамогу...
    3 такім падыходам, а ён часта гучыць і цяпер, я ніяк не мог пагадзіцца. Зразумела, можна лячыць галаўны боль і з дапамогай гільяціны. Але прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць, а краіна, народ павінны жыць. 3 дапамогай санкцый мы змагаліся б не з Лукашэнкам, а з народам. А як потым аднаўляць разбураныя дыпламатычныя і эканамічныя адносіны?
    Мінула некалькі гадоў, і я пераканаўся ў сваёй рацыі на прыкладзе Сербіі. Захад шмат гадоў змагаўся супраць дыктатарскага рэжыму Слабадана Мілошавіча. А калі рэжым абрынуўся, збяднелую ад шматгадовых санкцый і вайны краіну проста кінулі на волю лёсу.
    Такой сумнай перспектывы для сваёй Радзімы я не хацеў тады, не хачу і сёння.
    Кампраміс ваўка з авечкай
    Улетку 1997 года Еўрасаюз ініцыяваў правядзенне двухбаковых перамоваў паміж беларускімі ўладамі і Вярхоўным Саветам.
    Гаворка ішла аб спробе цывілізаванага вырашэння палітычнага крызісу ў нашай краіне. Уладам і апазіцыі прапаноўвалася дамовіцца аб рэформе Канстытуцыі.
    Як ні дзіўна, Лукашэнка чамусьці пагадзіўся з гэтай ініцыятывай. Галоўную ролю тут адыграў Іван Антановіч, які ў 1997 годзе змяніў Уладзіміра Сянько на пасадзе міністра замежных спраў. Менавіта ён па даручэнні Лукашэнкі падпісаў ліст на імя старшыні Еўрапейскага Саюза аб згодзе пачаць такія перамовы.
    Чым кіраваўся Антановіч? Думаю, уласнай фанабэрыяй. Ён лічыў сябе вялікім палітыкам, майстрам тонкай інтрыгі і таму разлічваў лёгка перайграць нас у гэтай барацьбе і зарабіць для Лукашэнкі палітычныя ачкі на Захадзе.
    Перамовы пачаліся 17 чэрвеня 1997 года і праходзілі ў былым Доме палітасветы, пазней перайменаваным у канцэртную залу «Мінск». Апрача Антановіча ў склад урадавай дэлегацыі ўвайшлі два прэзідэнцкія ідэолагі — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Іван Пашкевіч і начальнік Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі Міхаіл Падгайны.