• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская Атлянтыда  Вячаслаў Ракіцкі

    Беларуская Атлянтыда

    Вячаслаў Ракіцкі

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 501с.
    Мінск 2006
    101.08 МБ
    — Няўжо зусім не перасякаліся шляхі замку й ваколіцы?
    — Тут можна згадаць адзін вельмі цікавы факт. У Нясьвіжы штогоду ладзілася так званае сьвята курка, гэткае спаборніцтва ўладароў замку й стралкоўмесьцічаў на найлепшага стралка. У першай чацьверцы стралкоў былі сам гаспадар замку, ягоная жонка, гаспадар гораду й войт. У другой чацьверцы маглі ўдзельнічаць любыя жыхары гораду, хто меў стрэльбу. Пераможца фіксаваўся ў магістрацкай кнізе й атрымліваў узнагароду. Гэта спрыяла павышэньню вайсковага майстэрства, а тым самым умацоўвала абарону й гораду, і замку.
    — Замак меў шмат функцыяў. А ці не заміналі гэтыя функцыі адна адной? Ці не зашмат увогуле браў на сябе замак?
    — Магчыма, і зашмат. Гэта адчулася ў XIX стагодзьдзі, калі замак са сваёй ролі заканадаўцы культурных традыцыяў перакваліфікоўваецца ў заканадаўцу эканамічных падставаў дзяржавы. Прыкладам таму — лёс Ружанскага замку, які згарэў ад пажару на сукнавальні, разьмешчанай у ягоных будынках. Але нават тады, у XVIII стагодзьдзі, замак заставаўся тым, чым ён не пераставаў быць ніколі — апірышчам дзяржаўнасьці. I гэта добра ўсьвядомілі расейскія ўлады, калі пасьля акупацыі Беларусі забаранілі мясцовым магнатам ня толькі трымаць уласнае войска, але й будаваць крэпасьці.
    — Вы хочаце сказаць, што замак сам зьнішчаў сябе? Тут лёгіка працягласьці існаваньня замкаў у прасторы й часе пэўнай краіны, у прыватнасьці, Беларусі?
    — Усё матэрыяльнае мае свой пачатак і свой канец. Але кожная зьява мае яшчэ й функцыі ці характарыстыкі духоўныя, міталягічныя, знакавыя. Найгорш, што замак страчвае сэнс як знак, сымбаль, мэтафара Беларусі. Бязьлітасны ход гісторыі прывёў да таго, што ў замках паадчыняліся калгасныя канторы, як гэта здарылася ў Падароску пад Ружанамі. Былыя вуліцы з прыгожымі назвамі, якія акаляюць замак, прыкладам, Францускі тракт у Альбэрціне, пераўтварыліся ў Калгасныя вуліцы. На Гальшанскі замак насунуўся сьвінакомплекс, а ягоныя сутарэньні зрабіліся сьцёкамі для гною. На тэрыторыі Крэўскага й Ружанскага замкаў сталі пасьвіць авечак, козаў, кароваў. А ля разбураных панскіх сядзібаў і замкаў на Мёршчыне дзеці зьбіраюць сьлімакоў, якіх колісь завезьлі туды й вырошчвалі гаспадары-магнаты. Сьлімакі й руіны замкаў — усё, што засталося ад колішніх фарпостаў моцы й прыгажосьці.
    КРАІНА МЯСТЭЧКАў
    Размова з Захарам Шыбекам
    «Мястэчка» ў старабеларускай мове азначала ня што іншае, як ласкавае «гарадок», «маленькі горад» ці «горад невялічкі». Мястэчка... Прамаўляеш гэтае слова — і адчуваеш у ім нсйкую пяшчоту й цеплыню, унутранае замілаваньне й супакаеньне, якія ідуць з глыбіні стагодзьдзяў, ад нашых продкаў. I такія асацыяцыі — зусім не выпадковыя. Бо для свайго часу мястэчка — гэта самы дасканалы й самы гарманізаваны тып людзкіх паселішчаў. Яны — паміж вёскай і горадам, не адарваныя ад іх. А таму бралі ўсё лепшае з абодвух — і здаровы дух прыроды, і здабыткі гарадзкой цывілізацыі. Вось як апісваюць беларускія географы В. Жучкевіч, А. Малышаў і Н. Рагозін выгляд тыповага для колішняй Беларусі мястэчка:
    Мястэчка мела своеасаблівы выгляд. Ягоным цэнтрам была кірмашовая плошча, побач зь якой на самым высокім месцы стаялі царква й касьцёл, будынак мясцовага праўленьня, некалькі лавак з таварамі сялянскага хатняга ўжытку. Галоўная вуліца была шырэйшай за іншыя, часам брукаваная. Пры ўезьдзе ў мястэчка знаходзіліся заезд і карчма. На перакрыжаваньні дарогаў ставіўся велізарны крыж. У цэнтральнай частцы знаходзіліся некалькі добрых дамоў, якія належалі сьвятарам і буйным гандляралі. Крыху воддаль жылі й працавалі рамесьнікі. Ускрайкі займалі сялянскія гаспадаркі.
    — Ці можна сказаць, што Беларусь гістарычна — краіна мястэчкаў?
    — Безумоўна. Такая ж урбаністычная мадэль у XV— XVIII стагодзьдзях існавала ва ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Эўропе. Мястэчкі рабілі Беларусь эўрапейскай краінай. Можна сказаць з упэўненасьцю: ёсьць мястэчкі — ёсьць Беларусь, няма мястэчкаў — няма Беларусі.
    — I калі яны ўзьнікаюць на беларускіх землях?
    — Узьніклі мястэчкі ў XIV стагодзьдзі. Гэта быў якраз той час, калі ў дзяржаўнай казьне ВКЛ зьявіўся лішак грошай для разбудовы гарадоў і мястэчкаў. Гэтыя грошы здабываліся ваеннымі паходамі вялікіх князёў літоўскіх Альгерда й Вітаўта, працай беларускага народу і ўсталяваньнем сталых гандлёвых сувязяў з заходнеэўрапейскімі краінамі. Ад XIV стагодзьдзя плыты беларускага лесу пачалі спускацца па рэках да Балтыйскага мора. Эўропе спатрэбіўся мачтавы лес. Марская магутнасьць Англіі стваралася ў тым ліку й імпартам беларускага лесу. Першыя мястэчкі расьлі пераважна на дзяржаўным экспарце лесу. Многія зь іх сталі фрахтовымі пунктамі гэтага экспарту. Мястэчкі таго часу маглі засноўвацца толысі дзяржавай, і ўсе падаткі ад мястэчкаў ішлі ў казну.
    — Які пэрыяд гісторыі быў найбольш спрыяльнм дзеля разьвіцьця мястэчкаў?
    — Росквіт мястэчкаў прыпаў на пэрыяд ад другой паловы XVI стагодзьдзя да сярэдзіны XVII. У 1588 годзе права заснаваньня іх на ўласнай зямлі атрымалі кожны шляхцюк і кожная царкоўная ўстанова. Калі ў XV—XVI стагодзьдзях на тэрыторыі Беларусі было больш як дзьвесьце мястэчкаў (пераважна дзяржаўных), то ў XVI—XVII стагодзьдзях — ужо каля чатырохсот (і пераважна прыватных). Назіралася імклівая ўрбанізацыя беларускіх земляў. Гэтаму спрыяў рост прыбытковасьці сельскай гаспадаркі. У той час Эўропа перайшла на пераважна расьліннае
    харчаваньне. Цэны на зерне трымаліся высокія. Каб павялічыць прадукцыйнасьць сельскай гаспадаркі, Жыгімонт II Аўгуст і ягоная маці Бона Сфорца, італьянка паводле паходжаньня, правялі ў 1557 годзе ў ВКЛ першую аграрную рэформу пад назвай «валочная памера». Беларускія мястэчкі выступалі своеасаблівымі зборнымі пунктамі сельскагаспадарчай прадукцыі дзеля адпраўкі яе потым рэкамі й праз Балтыйскае мора паводле назначэньня. Рэформа закранала й арганізацыю новых мястэчкаў. Адлегласьць паміж імі была 12—30 кілямэтраў. Таму кожнае мястэчка рэальна ахоплівала сваім уплывам акругу радыюсам ня болей за пятнаццаць кілямэтраў. Гэта была якраз тая адлегласьць, якую вясковец мог лёгка пераадолець за дзень, калі не пехатой, дык конна.
    — Цікавая беларуская акалічнасьць: і сёньня, а ў мінулым перадусім, на захадзе Беларусі невялікія населеныя пункты называюць мястэчкамі, а на ўсходзе — вёскамі. Мястэчка найперш уласьціва для заходняй Беларусі?
    — Бальшыня мястэчкаў узьнікала на захадзе, які меў блізкія й зручныя сувязі з эўрапейскімі рынкамі, меней — на ўсходзе. Але і ўсход уцягваўся ў эўрапейскі гандаль праз сыстэму рэкаў і гужавы транспарт. На ўсходзе эўрапейскі ўплыў і заканчваўся, між іншым, межамі басэйну Дняпра й Заходняй Дзьвіны. Басэйн Волгі ўжо цягнуўся да паўдзённага, мусульманскаазіяцкага сьвету. А Беларусь была неад’емнай часткай эўрапейскага эканамічнага арганізму. Калі ейныя рэкі выступалі капілярамі, то мястэчкі — своеасаблівымі лімфатычнымі вузельчыкамі гэтага арганізму.
    — Якуюролю адыгрывалі мястэчкіў палітычнай, эканамічнай, культурнай арганізацыі дзяржавы?
    — Мястэчкі былі добрымі сувязнымі й на ўнутраным
    рынку. Празь іх здабыткі вясковай працы трапляді ў гарады. А гарады ў сваю чаргу выкарыстоўвалі мястэчкі як пасярэднікаў для збыту сваіх прамысловых вырабаў вяскоўцам. Як вынік, і маленькія беларускія вёсачкі ўцягваліся ў таварна-грашовыя дачыненьні й траплялі пад эканамічны ўплыў гарадоў. Мястэчкі прэзэнтавалі таксама лякальную культуру, якая духоўна ўзбагачала гарады. I ў сваю чаргу служылі гарадам каналам дзеля напаўненьня вясковага асяродзьдзя гарадзкой сьвядомасьцю й культурай. Дзякуючы мястэчкам кожная беларуская вёсачка рабілася часьцінкай агульнабеларускай культурнай прасторы на чале з гарадамі. Што да грамадзкай ролі, мястэчкі мала чым саступалі гарадам. Паводле Бельскага сэйму 1564 году, яны атрымалі нароўні з гарадзкімі цэнтрамі магчымасьць набываць магдэбурскае права й вызваляцца з-пад апекі фэадалаў.
    — Як зьмянілася роля мястэчкаў пасьля таго, як Беларусь стала часткай Расейскай імпэрыі?
    — Пасьля далучэньня Беларусі да Расеі мястэчкі ператвараліся ў рэзэрвацыі для габрэйскага насельніцтва. Заснаваньне новых мястэчкаў прыпынілася. Будаўніцтва чыгунак паскорыла бег тавараў і тым зьменшыла колькасьць патрэбных гандлёвых пунктаў, якімі зьяўляліся мястэчкі. Такія мястэчкі царская адміністрацыя тут жа пераводзіла ў разрад сельскіх паселішчаў. Адзінай падставай было тое, што ў Расеі мястэчкаў не існавала. А таму колысасьць мястэчкаў у Беларусі паменшылася з чатырохсот васямнаццаці ў 1863 годзе да трохсот дваццаці двух у пачатку XX стагодзьдзя. Царскі ўрад увогуле плянаваў частку мястэчкаў зрабіць вёскамі й толькі больш значныя перайменаваць у пасады. Праўда, на ажыцьцяўленьне гэтага праекту казна не знайшла дастатковых сродкаў. He знаходзілася сродкаў і на перавод найбольш выбітных мястэчкаў у разрад гарадоў. Ва ўмовах цар-
    скай Расеі працэсы ўрбанізацыі празь мястэчкі, вёскі й выдзяленьне зь сялянства гарадзкіх станаў істотна ўскладніліся. Гэтым працэсам царскі ўрад ніяк не спрыяў. Беларусы ператвараліся ў сялянскую нацыю, безабаронную перад зьнешняй небясьпекай і якая лёгка прыстасоўваецца да ўлады, нават калі тая чужынская. Далучэньне Беларусі да Расеі мела шмат адмоўных вынікаў. Але, можа, самым трагічным было якраз запавольваньне й дэфармацыя ўрбаністычнага працэсу, які забясьпечваў фармаваньне паўнавартаснай беларускай нацыі.
    — Але расейцы не змаглі цалкам зьнішчыць беларускіх традыцьійных паселішчаў — мястэчкаў...
    — Сапраўды, царская ўлада не змагла канчаткова зламаць традыцыйную ўрбаністычную мадэль Беларусі. Буйныя мястэчкі захоўваліся й звычайна рабіліся цэнтрамі воласьцяў і парафіяў, а пасьля адмены прыгону і ўвядзеньня чыгунак рабіліся яшчэ больш інтэнсіўнымі трансфарматарамі эканамічнага й культурнага абмену паміж горадам і вёскай. У мястэчках канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя гадаваліся статкі адкормленых сьвіней і гусей, якія перапраўляліся потым у гарады. Дый жыцьцё ў мястэчках рабілася ўсё больш урбанізаваным. Вось як навукоўцы апісвалі тыповае мястэчка напрыканцы XIX стагодзьдзя:
    Праваслаўны сьвятар ліястэчка Крэвы сьведчыў, штоў 1871 годзе ягоныя прыхаджане мяшчанскага саслоўя імкнуліся пераўзысьці сялянаў. На сьбяточны дзень многія мелі сурдут чорнага, радзей шэрага колеру; іншыя — камізэлькі й нават ліанішкі. Апраналіся ў каптаны, але ўсё ж чорнага колеру, а ня шэрага, як вяскоўцы. Мужчыны галіліся, пакідалі толькі невялікія вусы й рэдка — бакенбарды. Жанчыны ў сьвяточныя дні апраналі стракатыя паркалёвыя, a то й ваўняныя сукенкі.