Беларуская Атлянтыда
Вячаслаў Ракіцкі
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 501с.
Мінск 2006
Размова зь Ігарам Марзалюком
Калі мы кажам словы «нявольнікі», «нявольніцтва», «нявольніцкія рынкі», дык адразу ва ўяўленьні паўстаюць малюнкі цёмнаскурых рабоў з ланцугамі, прадаваных на кірмашах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі, ці якія працуюць на плянтацыях цукровага трысьнёгу пад наглядам жорсткіх рабаўладальнікаў. Але беларус наўрад ці надумае зьвязваць такія асацыяцыі са сваёй гісторыяй, культурнай традыцыяй, са сваім мінулым і тым больш уявіць нечуваную рэч — сваіх продкаў у ролі рабаўладальнікаў — гандляроў і пакупнікоў «жывога тавару». Але аказваецца, што продкі беларусаў падчас ваенных канфліктаў з усходнім суседам выступалі ня толькі ў ролі ахвяраў. Вось жа ў часе Інфлянцкай (Лівонскай) вайны XVI стагодзьдзя магілёўскія месьцічы-добраахвотнікі выпраўляліся на маскоўскі бок «па жывы тавар» ды прадавалі на магілёўскім рынку жыхароў Маскоўскай дзяржавы.
— Хіба нявольніцтва не было забароненае яшчэ Першым Статутам ВКЛ 1529 году?
— He. Першы Статут ВКЛ забараніў нявольніцтва толькі для свабодных грамадзянаў дзяржавы. Вольны чалавек ня меў права, згодна са Статутам, прадаць сябе альбо сваіх дзяцей у рабства, нават калі й быў вінен камусьці грошы. Але патомныя рабы ці, як іх называюць нашы крыніцы, «чэлядзь нявольная», працягвалі заставацца ўласнасьцю гаспадара. Рабамі станавіліся таксама асуджаныя на сьмерць крымінальныя злачынцы, у выпадку, калі пацярпелы пага-
джаўся зрабіць іх сваімі нявольнікамі замест «караньня горлам». Вольныя людзі, калі жаніліся на рабынях, таксама страчвалі свабоду. Але была яшчэ адна крыніца папаўненьня колькасьці нявольнікаў, якая згадваецца ў Першым Статуце — «каторыя палонам заведзены суць зь зямлі непрыяцельскае». Дарэчы, знакаміты Трэці Статут 1588 году зьнішчыў нават саму назву «нявольнік», наказаўшы нявольнікаў называць «дворная чэлядзь», а таксама скасаваў астатнія прычыны нявольніцтва, што былі ў Першым Статуце, акрамя ваеннага палону.
— Якія катэгорыі магілёўскіх месьцічаў бралі ўдзелу падобных выправах? Якім часам датуюцца найбольш раньнія зь іх?
— Дзякуючы таму, што захаваліся амаль усе актавыя кнігі Магілёўскага магістрату, мы маем магчымасьць скласьці ўяўленьне й пра падрыхтоўку, і пра саміх удзельнікаў выправаў. Крыніцы сьведчаць, што «ў загранічча Маскоўскае», у «зямлю непрыяцеля маскавіціна» хадзілі паводле ўласнай згоды групы добра ўзброеных, «удаўшыхся ў казацтва» на час такой экспэдыцыі, магілёўскіх рамесьнікаў. Сярод удзельнікаў паходаў крыніцы згадваюць ганчароў, шубнікаў і прадстаўнікоў іншых рамесных спэцыяльнасьцяў. Са зброяй у гараджанаў праблемаў не было — бо кожны зь іх, згодна з магдэбурскім правам, павінен быў мець у хаце зброю на выпадак вайны. Найбольш раньнія дакумэнты пра падобныя паходы ды захоп «жывога тавару» датаваныя 1579 годам, апошні выпадак зафіксаваны ў крыніцах у 1581 годзе.
— А ці засталіся ў крыніцах апісаньні падрыхтоўкі падобных экспэдыцыяў? Можа, былі адмысловыя рытуалы, зьвязаныя зь іхнай падрыхтоўкай?
— Падобныя апісаньні сапраўды ёсьць. Уявім сабе
Магілёў таго часу. Ідзе нядзельная служба ў праваслаўнай царкве. Асобнаю групаю, у поўным узбраеньні, стаяць «паказачаныя браты». Пасьля прычасьця ўсе ўдзельнікі будучага паходу ўрачыста прысягаюць адзін аднаму дзяліць здабычу справядліва, пароўну:
Іж калі шлі за граніцу, тпады пастанавене такое ўчынілі й рукі межы сабою далі й словам сбаім прырэклі іжу адным таварыстве з намі мелі быць і есьлі б што Пан Бог паслаў, то мы мелі, вышэдшы загранічча,у роўны дзел дабычу сваю межы сабою разьдзяліць.
— ^ык што, сярод ахвотнікаў, што хадзілі на маскоўскі бок, былі толькі праваслаўныя?
— На той час у Магілёве сярод месьцічаў не было ніводнага каталіка, як, натуральна, і ніводнага каталіцкага касьцёлу ў горадзе. Як бачым, прыналежнасьць да праваслаўя не перашкаджала хадзіць магілёўцам у шуканьні вайсковай здабычы на маскоўскі (таксама праваслаўны) бок. Падкрэсьлім, іх ніхто не змушаў да гэтых выправаў. Гэта была ініцыятыва зьнізу, якая ішла ад саміх жыхароў гораду.
— Ці ўступалі гэтыя ахвотнікі ў бой з аддзеламі расейскага войска?
— Найважнейшай і адзінай мэтай, зь якой магілёўцы хадзілі на маскоўскі бок, быў трывіяльны рабунак і захоп у палон ды продаж у нявольніцтва насельніцтва варожай дзяржавы. Атрады перасоўваліся па чужой тэрыторыі ўначы, каб ухіліцца ад сустрэчы з маскоўскімі вайскоўцамі, нападалі на вёскі на досьвітку, рабуючы ўсё, што толькі можна было знайсьці ў сялянскіх хатах:
Року 1579 Івашка Сапронавіч хадзіў за граніцу ў таварыстве ў казаціпва пад Смаленск і тут есмо
дасталі суполне кобылі дзьве,робятмоскалей два, овчын двадцат чотыры, овец чотыры, замок нутреных чотыры, узголовья дзерюгі дзьве, армяк адзін, місы тры, коўшы два, косы тры, тапароў сем, скоблі дзьве, воску, воўны рун трідцат, чобаты троі, коўшы тры, скобпі дзьве, сорочок дванадцать.
— Хто лічыўся найбольш каштоўнай здабычай — мужчыны, жанчыны ці дзеці?
— У крыніцах няма ніводнай згадкі аб палоне й продажы ў нявольніцтва дарослых мужчынаў. Гэта цалкам зразумела. Падчас нападу яны баранілі свае сем’і, і іх, як правіла, забівалі на месцы. У палон вывозілі жанчын і дзяцей. Прынамсі, усе ацалелыя акты купліпродажу нявольнікаў у Магілёве гавораць толькі пра іх. Натуральна, што асабліва вялікім попытам карысталіся маладыя здаровыя жанчыны. Дарэчы, празь іх часьцей за ўсё сярод удзельнікаў выправаў выбухалі канфлікты, якія прыводзілі да разбору ў магістрацкім судзе. Даволі часта здаралася так, што паабяцаўшы выплаціць за маскоўку «братам» долю ейнага рэальнага сабекошту на нявольніцкім рынку, удзельнік экспэдыцыі, стаўшы ейным гаспадаром, гэта рабіць не сыіяшаўся. He заўсёды дзяльба здабычы прызнавалася ўсімі ўдзельнікамі справядлівай. Так, у верасьні 1579 году выбухнуў канфлікт паміж магілёўцамі Багданам Кузьмінічам і Жданам Ахрэмавічам. Багдан Кузьмініч паскардзіўся ў суд на былога брата па зброі аб несправядлівым захопе ў яго здабычы замежнай. Аднак Ждан аспрэчваў гэтую скаргу, кажучы пра парушэньне Багданам «братэрскай прысягі» аб роўным падзеле здабычы:
Гды ж мы ўжо з загранічча выйшлі і ўжо на стану будучы, хацелі межы сабою дзяліцца, але ж ён сам тых рэчаў, што меў з сваімі тавары.шалл ў дзел
роўны даць не хацеў, то я на стан яго ні зь якімі памочнікамі не находзіў, але мяне пан Тудоўскі, яко старшы межы намі будучы, казаў яго дабычы ўзяць удзел, што я ўзяў маскоўку, каня сьляпога, жарабят двое, аўчын адзінаццаць а ня так многа, яка ён жалуе.
— Ms ў Магілёве гандлявалі палоннымі ліаскоўцамі?
— Жывы тавар выстаўлялі на продаж на Гандлёвай плошчы, якая знаходзілася побач з магілёўскім замкам. У часе Інфлянцкай вайны там быў адмысловы нявольніцкі рад, дзе дэманстраваліся жыхары Масковіі, якія воляй лёсу сталі рабамі.
— Ці захаваліся ў дакумэнтах цэны на нявольнікаў?
— Так. Маладая здаровая жанчына каштавала ад дзьвюх да пяці копаў грошаў літоўскіх. Падлетка можна было набыць за адну капу. Капа грошаў літоўскіх была роўная двум талерам. Гэта былі вялікія на той час грошы. Дзеля параўнаньня: згодна са Статутам 1588 году дзьве капы грошаў каштаваў добры конь альбо вол.
— Ці меў якія-небудзь шанцы вызваліцца чалавек, прададзены ў рабства?
— Усё залежала ад таго, на якіх умовах прадавалі палонных. Самай лёгкай формай няволі быў продаж у часовае рабства на «выробак». Гэта значыць, палонны павінен быў адпрацаваць заплачаныя за яго грошы за вызначаны ў акце куплі-продажу час. Звычайна тэрмін часовага рабства вагаўся ад двух да чатырох гадоў. Менавіта на такіх умовах у жніўні 1579 году была прададзеная маскоўка Саламаніда:
На справах мескіх у ратушу будучым, стаўшы
ачавіста ^ешка Ескавіч, мешчанін магілёўскі, сазнаў, іж паланянку маскоўку Саламаніду, каторую дастаў будучы за граніцаю ў зямлі непрыяцельскай, каторую прыдаў на вырабак учсцібаму Цімошку Бутану, мешчаніну магілёўскаму, за капы дзьве грошаў манэты й лічбы літоўскіх, каторую мает он у себе держаті до трех лет, a no трех летех волно маеть быть от него пушчона, a в неволі держана ня мает быт і, каму хоча, таму мает служыці.
— А ці існавала для тагачасных палонных пажыцьц'ёвае рабства?
— Існавала. У актах куплі-продажу сустракаем такія паняцьці, як продаж «вечна» ці «абел вечна». У такіх выпадках чалавек станавіўся чэлядзьдзю нявольнай да свайго скону, як і ягоныя нашчадкі. Праўда, і ў гэтым выпадку ў палоннага заставаўся шанец стаць вольным. У актах куплі-продажу агаворвалася, што ў выпадку, калі палоннага знаходзілі ягоныя сваякі, тады гаспадар абавязаны быў прадаць ім яго за той жа кошт, за які набыў.
— Як выкарыстоўвалі палонных дзяцей?
— Яны працавалі як хатняя прыслуга, лёкаі, нянькі. Дакумэнты за другую палову XVI стагодзьдзя сьведчаць, што практычна ў доме кожнага багатага магілёўскага бюргера, прадстаўнікоў магістрату, цэхавага старшыны, купецтва для паслугаў хатніх меліся «чаляднікі-маскалікі». Перапрашаю за параўнаньне, але менавіта маленькія велікаросы выконвалі ролю «белых мурынаў» у дамах магілёўскай эліты. Аднак, трэба адзначыць і факты ўсынаўленьня й выкупу бязьдзетнымі магілёўцамі маленькіх рабоў у іх гаспадароў. Tax, у 1581 годзе Апанас Дзямідавіч, шубнік магілёўскі, адкупіў у Марыны Жыдкай, мяшчанкі магілёўскай, маскаліка:
Маскалік кабу няволі вечна не застаў іж яго ўзяў не ў няволю, але яко за ўласнае дзіця, каторае перехабаць, также карміці адзяваці й таму рамяству, што сам умеець, шубтцтбу научыць. А калі той Федка Макаравіч дойдзе лет дарослых, вольна яму будзе каму хацець служыці.
— Усё гэтатолькімагілёўская экзотыка? Цібыло гэткае і ў іншых рэгіёнах тагачаснай Беларусі?
— Мы маем шмат дакумэнтальных сьведчаньняў, што чэлядзь маскоўская — чалядніцы-маскоўкі ды маскалікі — былі на паслугах таксама ў Вільні, Берасьці, Менску, Горадні, Наваградку. Іншая справа, што час пакінуў нам у найлепшай захаванасьці й камплектнасьці менавіта кнігі Магілёўскага магістрату ды быў ня літасьцівы да гарадзкіх архіваў іншых беларускіх гарадоў, зь якіх ацалелі толысі адзінкавыя асобнікі магістрацкіх кнігаў.
КАНСТЫТУЦЫЯ 3 ТРАўНЯ 1791 ГОДУ
Размова з Анатолем Ррыцкевічам
3 траўня 1791 году чатырохгадовым Соймам Рэчы Паспалітай, у склад якой на канфэдэраі^ыйнай аснове тады ўваходзіла й Вялікае Княства Літоўскае, быў ухвалены асноўны закон краіны. 3 траўня — дзяржаўнае сьвята Польшчы. На тэрыторыях Заходняй Беларусі й сёньня можна сустрэць знакі ўшанаваньня той Канстытуцыі, якая для свайго часу была вельмі прагрэсіўная. Прыкладам, на могілках у Глыбокім стаіць стэла ў гонар Канстытуцыі 3 траўня. Цэнтральны пляц таго ж Глыбокага да 1939 году называўся «Пляцам Канстытуцыі 3 траўня», пра што й сёньня згадваюць даўгавечнікі гораду.