• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская Атлянтыда  Вячаслаў Ракіцкі

    Беларуская Атлянтыда

    Вячаслаў Ракіцкі

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 501с.
    Мінск 2006
    101.08 МБ
    — Гэта значыць, што за мяжой беларусаў пакуль успрымаюць не як беларусаў, а як проста людзей, якія жывуць у нейкай загадкавай краіне пад назвай Беларусь?
    — Менавіта так. I таму кожны раз гэта іншая ацэнка, якая залежыць як ад канкрэтных грамадзянаў Беларусі, што сутыкаюцца з замежнікамі, так і ад сытуацыі, у якой адбываецца гэтае сутыкненьне. Вось
    тодькі адзін прыклад. На пачатку 1990-х, калі былым савецкім грамадзянам дазволілі выяжджаць за мяжу, у Польшчы атабарылася ладная сьціжма бандыцкіх груповак зь Беларусі, якія займаліся рэкетам падарожнікаў у Эўропу. Тады ў палякаў склалася трывалае ўражаньне, што беларусы — гэта спрэс агрэсіўныя й бязьлітасныя рабаўнікі. Шчыра кажучы, калі я ўпершыню пачуў гэткае меркаваньне, то міжволі як бы ўзрадаваўся, бо так абрыдла ацэнка беларусаў як нягеглых гаротнікаў, ня здатных да хоць якіх рашучых учынкаў... Але з часам польскія ўлады справіліся з тымі бандамі, і палякі пакрысе забыліся на беларусаў як на адважных злодзеяў. Цяпер яны нас ужо зноў шкадуюць — няшчасных ахвяраў палітычнага гвалту. Дарэчы, цяпер нас шкадуюць ня толькі ў Полыпчы, а ўсюды, дзе хоць трохі ведаюць пра Лукашэнку й зацугляны ягонай прагай улады беларускі народ.
    — Разам з тым, шмат хто лічыць, што якраз дзякуючы палітыцы Лукашэнкі, якая не характэрная для сучаснай Эўропы, Беларусь сталася досыць вядомай у сьвеце, прынамсі — эўрапейскім.
    — Натуральна, усім нам хацелася б, каб вядомасьць беларусаў шырылася праз розныя станоўчыя брэнды, а не праз адмоўныя. Асабіста мне непрыемна, што куды б беларусы ў замежжы ні прыяжджалі, усюды іх шкадуюць як ахвяраў апошняй дыктатуры Эўропы. Няма гонару ў тваёй вядомасьці, калі празь яе цябе не паважаюць, а шкадуюць. Станаўленьне нацыянальнага міту залежыць ад самога народу. Міт, напэўна, распачнецца тады, калі беларусы нарэшце схамянуцца, узрушацца. Глядзіце, як аранжавая рэвалюцыя ва ўкраіне палепшыла імідж украінцаў і пашырыла іхную вядомасьць у сьвеце. Хацелася б верыць, што нешта падобнае некалі здарыцца і ў Беларусі. Аднак, на маё разуменьне, фармаваньне нацыянальнага міту адбываецца незалежна ад нашых
    жаданьняў. Ніколі наперад нельга ведаць, якога кшталту падзея ці палітычная фігура будзе прэзэнтаваць твой народ перад чалавецтвам. Наўрад ці думалі румыны, што іх будзе прэзэнтаваць князь Дракула — адзін з найвялікшых садыстаў сьвету, які пасадзіў на кол тысячы няшчасных — што ён станецца найважнейшым чыньнікам румынскага нацыянальнага міту. А возьмем міт нямецкай нацыі. Ен жорсткі, нечалавечы, але гэта вялікі міт. Ня трэба блытаць нацыянальны міт з каляднай казкай для дарослых. Міт неабавязкова мусіць падабацца тым, каго ён прэзэнтуе. Істотна тут толькі тое, каб ён быў, і быў менавіта як міт, а не як анэкдот. А пакуль яго няма, мы застаемся падобнымі да чалавека без уласнага ценю.
    БЯЗЬ МІТУ НЯМА НАЦЫІ
    Пасьляслоўе аўтара
    Калі разважаеш, чаму суседзі беларусаў, а ў нядаўнім мінулым «сябры па няшчасьці» — палякі, літоўцы, латышы, чэхі — так шпарка крочаць шляхам будаўніцтва ўласных дэмакратычных дзяржаваў поплеч зь іншымі народамі, прыходзіш да высновы: не згубіўшы сваёй мовы, культуры, гісторыі, гэтыя народы маглі ідэнтыфікаваць сябе як нацыі, быць пэўнымі ва ўласных сілах. Вось і разарвалі путы каляніяльнай залежнасьці й зажылі сваім розумам.
    Я заўсёды зайздросьціў палякам, якія міталягізавалі падзеі сваёй гісторьгі й нават сваіх літаратурных герояў. Нават той іранічны вершык, у якім дзіця называе сябе маленькім палякам, а сваім гербам — белага арла, ёсьць нацыянальным мітам, які зь дзяцінства яднае палякаў. Кожная сфармаваная нацыя мае свой нацыянальны міт, і няма нацыі без уласнага міту. Зьяднаць грамадзянаў краіны нельга ні паводле спажывецкай ідэі «шкваркі й чаркі», ні паводле, хай нават вонкава й прывабных, але чужых мітаў, ні паводле лжывых замшэлых тэорыяў панславізму ці заходнерусізму. Менавіта гэта прапаноўвалася беларусам два апошнія стагодзьдзі й прапаноўваецца сёньня. Гэта — шлях на ўзбочыну ад эўрапейскай цывілізацыі. А колісь беларуская дзяржава з тысячагадовай гісторыяй і багатай, але згубленай ці скрадзенай, культурай займала ў Эўропе пачэснае месца.
    Адшукаць, вярнуць, абжыць сваю спадчыну — такую задачу пасьля вяртаньня незалежнасьці ў 1990-х гадах паставілі сабе многія людзі навукі й культуры Беларусі. Такую ж мэту меў і сумесны праект часопісу «Спадчына» й Радыё Свабода — праграма «Неабжытая спадчына». Вынікам яе стала разуменьне, што культурныя,
    гістарычныя, сьветаглядныя плашчыны краіны Беларусь — сапраўдная Атлянтыда, якая зьнікла ў віры трагічных падзеяў мінулага тысячагодзьдзя, затанула ў водах чужых культураў. I ў новае тысячагодзьдзе перадача, памяняўшы фармат, увайшла пад назовам «Беларуская Атлянтыда».
    На шуканьне беларускай Атлянтыды выправілася вялікая група аднадумцаў — гісторыкаў, філёзафаў, культуролягаў, мастацтвазнаўцаў, фальклярыстаў, пісьменьнікаў. Гэта людзі, якія адмовіліся надалей несьці цяжар догмаў савецкай ці русафільскай навукі, або ніколі імі не былі абцяжараныя. Практычна кожная перадача дарыла ці навуковае адкрыцьцё, ці сьвежы, нечаканы позірк на праблемы й зьявы нацыянальнай гісторыі й культуры. Знайшоўшы адзін скарб, мы бачылі пэрспэктывы адкрыцьця новага. I так, здаецца, можа быць датуль, пакуль агульнымі высілкамі беларусы ня знойдуць сваю Атлянтыду — свой уласны Нацыянальны Міт.
    У кнігу ўвайшлі сцэнары выбраных перадачаў, якія прагучалі ў этэры ў 2000—2005 гадах. Аб’ём і кампазыцыя выданьня не дазволілі надрукаваць тэксты яшчэ каля сотні перадачаў, створаных за пяць гадоў. Яны ня ёсьць горшымі, проста трэба было рабіць выбар.
    Шэраг фрагмэнтаў старажытных прававых дакумэнтаў і мэмуарнай літаратуры падаюцца ў адаптаваным варыянце. Адаптацыя, а таксама фалыслёрныя запісы зробленыя ўдзельнікамі перадачаў.
    Вячаслаў Ракіцкі
    ШУКАЛЬНІКІ АТЛЯНТЫДЫ
    Валянцін Акудовіч
    Філёзаф Валянцін Акудовіч нарадзіўся ў мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне, вучыўся ў школе імя Кастуся Каліноўскага, працаваў рабочым, скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, стаў майстрам спорту СССР у турызьме, дапамог жонцы выгадаваць двух дзяцей, атрымаў мянушку Хросны бацыса Бум-Бам-Літу й напісаў кніжку «Мяне няма», калі зразумеў татальную адслоненасьць быцьця ад таго, што звычайна называюць Валянціналі Акудовічам.
    Алесь Анціпенка
    Нарадзіўся ў Слаўгарадзе. Кандыдат філязофскіх навук. Працаваў у Інстытуце філязофіі й права Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным цэнтры імя Ф. Скарыны, Беларускім фондзе Сораса. Навуковыя зацікаўленьні: сацыяльная экалёгія, філязофія прысутнасьці, эмоцыі й чалавечая суб’ектыўнасьць, беларускі мэнталітэт, тэорыя камунікацыі й мэдыяў.
    Вацлаў Арэшка
    Нарадзіўся ў Расеі за пяцьдзясят кілямэтраў ад Эўропы. Дзяцінства прайшло паміж горадам Сьвярдлоўскам, дзе працаваў бацька, і вёскаю Жарабковічы ў заходняй Беларусі, дзе жыў дзед. Гэтыя гістарычныя мясьціны вызначылі далейшую дасьледчую дзейнасьць — тэатразнаўства, гісторыя культуры й мастацтва Беларусі. Навуковыя інтарэсы: тэатральнае барока, шляхецкая культура. Перакладчык з польскай і старапольскай моваў.
    Алесь Белы
    Нарадзіўся ў Менску. Гісторык. Дасьледуе гісторыю іканаграфіі, картаграфіі, дыпляматыю й замежныя сувязі Вялікага Княства Літоўскага. У ягонай сфэры навуковых інтарэсаў таксама ўплыў заходнеэўрапейскіх культурных, тэхналягічных і эканамічных рэаліяў на фармаваньне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. За кнігу «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» ўганараваны прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру.
    Тацяна Валодзіна
    Нарадзілася на Лепелыпчыне ў вёсцы з выразнай назвай Суша. Этнакультуроляг, кандыдат філялягічных навук. Дасьледуе міталягічныя сэнсы й спрадвечныя народныя ісьціны. Напісала манаграфіі «Талака ў сыстэме духоўнай культуры беларусаў» і «Сэмантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў». Адна з аўтараў кнігі «Малыя жанры. Беларускі фальклёр» і энцыкляпэдычнага слоўніка «Беларуская міталёгія».
    Пятро Васючэнка
    Нарадзіўся ў Полацку. Мараю дзяцінства было адшукаць славуты Полацкі лябірынт, апісаны Вацлавам Ластоўскім, але адшукаў для сябе бібліятэку і ўнівэрсытэцкія аўдыторыі. Пісьменьнік, крытык, літаратуразнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Аўтар пятнаццаці кніг прозы, драматургіі, крытыкі, навуковых дасьледаваньняў. Ягоныя творы перакладзеныя на ангельскую, баўгарскую, польскую, расейскую, славацкую й чэскую мовы.
    Анатоль Грыцкевіч
    Нарадзіўся ў Менску. Доктар гістарычных навук. Аўтар сямі кніг і соцень артыкулаў па гісторыі ВКЛ, а таксама пра барацьбу беларусаў за незалежнасьць у 1917—1920 гадах. Паходжаньне з роду старажытнай слуцкай шляхты вызначыла ягоны інтарэс да гісторыі й культуры шляхецкага саслоўя ў Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў ачоліў Згуртаваньне беларускай шляхты. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Быў прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
    Ніна Здановіч
    Адзінаццатае дзіця ў сям’і, яна нарадзілася ў Слоніме. Стала археолягам, каб злучыць памкненьні абодвух каранёў: мацярынскага, сялянскага, зь ягонай адвечнай цягай да зямлі, і бацькоўскага, шляхетнага, ад якога застаўся гонар ды імкненьне дакапацца да пачаткаў роду. Асноўны аб’ект дасьледчай увагі — керамічны посуд. Аўтарка кнігі «Кафлярства ў Беларусі» й разьдзелаў у некалькіх навуковых зборніках.
    Вольга Іпатава
    Нарадзілася ў навагоднюю ноч ля сьцяны Мірскага замку, дзе тады стаяў шпіталь. Жыла ў Міры, затым у Наваградку. А першая сталая праца была ў Горадні, у замку апошняга караля Рэчы Паспалітай. Пісьменьніца, паэтка. Аўтарка першай у беларускай літаратуры гістарычнай трылёгіі «Альгердава дзіда». Гістарычнай тэме прысьвечаныя таксама раман «За морам Хвалынскім», аповесьць «Прадыслава» ды іншыя.
    Тодар Кашкурэвіч
    Карэнны мянчук. Мастак. Майстар традыцыйных беларускіх музычных інструмэнтаў (дуда, ліра). Адзін з заснавальнікаў Цэнтру этнакасмалёгіі «Kryuja», галоўны рэдактар альманаху «Druvis». Займаецца дасьледаваньнем і рэканструкцыяй дахрысьціянскага космасу Беларусі. Удзельнік шэрагу этнамузычных праектаў.
    Ірына Колабава
    Нарадзілася ў Гомелі. Гісторык. Вывучае й выкладае гісторыю грашовага абарачэньня ў Беларусі ў XVII— XVIII стагодзьдзях. Асноўныя кірункі дасьледаваньня — склад манэтнага фонду, мясцовая грашовая тэрміналёгія, рынкавыя кошты, дзейнасьць фальшываманэтчыкаў на тэрыторыі Беларусі.