Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
гістарычныя помнікі, старажытныя збудаванні, курганы і г. д. Абапіраючыся на гэтыя веды, у размове з насельніцтвам можна нагадаць той ці іншы факт і ў сувязі з ім запытацца, ці не склалася ў народзе паданне, песня, легенда ці які-небудзь другі твор, звязаны з гэтай падзеяй. Пры вывучэнні краю неабходна звярнуць увагу і на сучасны яго стан: эканамічнае развіццё, культурныя дасягненні і г. д. Вельмі карысна сувязь з калектывамі мастацкай самадзейнасці, у якіх не толькі выконваюцца, але часта і складаюцца новыя фальклорныя творы.
Увогуле трэба падкрэсліць навуковую каштоўнасць звестак аб самадзейных калектывах, якія зараз адыгрываюць важную ролю ў развіцці духоўнай культуры народа. Гісторыя калектыва мастацкай самадзейнасці, яго рэпертуар, лепшыя салісты і іншае патрабуюць нашай увагі.
Пры збіранні рабочага фальклору вельмі важна ведаць гісторыю прадпрыемства. Калі яно заснавана яшчэ ў дарэвалюцыйны час, трэба высветліць, калі, пад чыім кіраўніцтвам адбываліся маёўкі, забастоўкі, мітынгі, якія іншыя важныя падзеі мелі месца на гэтым прадпрыемстве. Падобная інфармацыя дапаможа збіральніку ў размовах з ветэранамі працы хутчэй атрымаць неабходныя звесткі аб распаўсюджанасці рэвалюцыйнай і рабочай паэзіі і яе характарыстыку.
Вопыт работы па збору рабочага фальклору сведчыць аб карыснасці сувязей з грамадскімі арганізацыямі прадпрыемства, рэдакцыяй ці рэдкалегіяй заводскай газеты, калектывам мастацкай самадзейнасці.
У падрыхтоўку трэба ўключыць і азнаямленне з этнаграфічнай літаратурай, таму што многія творы фальклору звязаны з народнымі звычаямі або абрадамі.
He менш карысна вывучыць асаблівасці мясцовай гаворкі, што дазволіць збіральніку найбольш дакладна запісваць фальклорныя творы.
Як запісваць фальклор
Перад тым, як гаварыць аб запісванні фальклорных твораў, неабходна спыніцца на патрабаваннях да запісаў. Думка аб тым, што ў запісах фальклорных твораў павінна быць адлюстравана душа народа, яго жыццё, мары і надзеі, узнікла даўно. Найбольш абгрунтавана яна была выказана М. А. Дабралюбавым у рэцэнзіі на зборнік А. Афанасьева «Народныя рускія казкі», дзе М. А. Дабралюбаў пісаў: «Нам казкі важныя болей за ўсё як матэрыялы для характарыстыкі народа».
У гэтым жа артыкуле М. А. Дабралюбаў патрабаваў ад збіральнікаў вуснай народнай творчасці не абмяжоўвацца простым запісваннем тэксту песні або казкі, а перадаваць і ўсю абстаноўку, як знешнюю, так і ўнутраную. Што гэта азначае практычна?
Сам па сабе фальклорны твор, хаця і ўяўляе вялікую мастацкую каштоўнасць і выказвае глыбокія думкі, не дае поўнага малюнка адносін народа
да гэтага твора. Ці верыць казачнік у сваю казку, ці сапраўды тая ці іншая песня — абрадавая, ці супадае паданне з рэчаіснасцю і многія іншыя пытанні патрабуюць адказаў. Таму збіральнік фальклору разам з запісаным творам павінен даць адказ на многія падобныя пытанні. Галоўныя з іх — гэта адносіны выканаўцы да твора і адносіны да твора слухачоў: сур ёзныя, іранічныя, адмоўныя, станоўчыя і г. д. Такія заўвагі, калі іх абагуліць, дапамагаюць вызначыць гісторыю асобных жанраў ці груп фальклорных твораў. Так, заўвагі Е. Раманава, М. Федароўскага і іншых збіральнікаў беларускага фальклору другой паловы XIX ст. адносна пашыранасці, асабліва сярод моладзі, гумарыстычных і сатырычных казак, якія ўсё больш трывала ўваходзілі ў рэпертуар казачнікаў, не толькі характарызавалі змены ў казачным эпасе, але і наогул сведчылі аб павелічэнні ўдзельнай вагі рэалістычных твораў у беларускім фальклоры.
Важна ведаць, наколькі пашыраны той ці іншы твор, межы яго распаўсюджанасці, калі іх магчыма вызначыць.
У асобных выпадках у пэўную мясцовасць прыносяць з сабою творы людзі з іншых месц. Цікава высветліць, як гэтыя творы ўспрыймаюцца, як уваходзяць у мясцовы рэпертуар: са зменамі ці цалкам захоўваюць свой першапачатковы выгляд.
Многія творы беларускай народнай паэзіі звязаны з пэўнымі абрадамі і звычаямі.
Добра, калі разам з абрадавымі песнямі збіральнік дае апісанне абрадаў, з якімі яны звязаны. Параўнанне сённяшніх запісаў з дарэвалюцыйнымі дасць магчымасць высветліць, якія элементы абрадаў больш устойлівыя. Вывучэнне гэтых з’яў дапаможа нам стварыць новыя абрады або падтрымаць тое карыснае новае, што ўзнікае ў народзе.
Пры запісах песень трэба абавязкова адзначыць, як тая ці іншая песня называецца ў народзе: калядная, вяснянка, калыханка, жніўная, талочная, шахцёрская і г. д.
Зараз на дапамогу збіральнікам павінна прыйсці сучасная гуказапісваючая апаратура. Але і ў гэтым выпадку, калі фальклорны твор, асабліва песня ў харавым выкананні, запісваецца на магнітафон, неабходна весці запісы ў сшытку ці ў блакноце. Такі запіс гарантуе дакладнасць тэксту, да якога збіральнік дадае ўсе неабходныя звесткі, аб якіх гаварылася вышэй.
Запісваць творы народнай паэзіі неабходна ад выканаўцы ў час выканання. Добры народны выканаўца — гэта сапраўдны мастак, які часта ідзе сваім шляхам і па сутнасці стварае свае ўласныя варыянты народных твораў. Ен уносіць у іх свой мастацкі густ, свае адносіны да той ці іншай з’явы, свой светапогляд. Але такое творчае выкананне патрабуе пэўных умоў. Hi ў якім разе нельга перабіваць выканаўцу пытаннямі, просьбамі спыніцца, паўтарыць той ці іншы радок, даваць яму няспынна адчуваць, што запісваецца кожнае яго слова. У гэтым выпадку замест добрага мастацкага твора мы можам запісаць сюжэтную схему, пераказаную сухой невыразнай мовай.
Калі ж збіральнік не паспеў запісаць асобныя месцы фальклорнага твора, ён іх павінен прапусціць, і толькі пасля таго, як выкананы ўвесь твор, можна папрасіць зноў паўтарыць яго. Запісваць трэба слова ў слова, захоўваючы ўсе асаблівасці мовы і манеру выканання.
Hi ў якім выпадку нельга апрацоўваць запісы, «падпраўляць» мову ці змест, бо гэтым самым знішчаецца ўсякая навуковая каштоўнасць работы. Запісваць творы трэба так, як чуе іх збіральнік. «Пісаць як чуеш» — гэта павінна быць правілам. Прытрымліваючыся яго, збіральнік перадасць не толькі змест, але і ўсе моўныя асаблівасці твора.
Захаванне галоўных дыялектных асаблівасцей: фанетычных, марфалагічных і лексічных — мае важнае навуковае значэнне. Пэўныя асаблівасці сведчаць аб старажытнасці ўзнікнення твора, іншыя дапамагаюць вызначыць месца яго ўзнікнення і г. д. Апрача гэтага, мясцовыя асаблівасці арганічна ўваходзяць у сістэму мастацкіх сродкаў твора.
Фальклорныя запісы робяцца ў адпаведнасці з існуючай зараз сістэмай графікі, звычайным беларускім алфавітам, які дазваляе перадаць усе адценні мовы. Можна запісваць і ў фанетычнай транскрыпцыі, але гэта больш складана. Трэба запісваць усе адступленні, уводныя эпізоды, а таксама рэплікі слухачоў. Абавязкова адзначаць месца знаходжання націску. Дыялектныя, мала пашыраныя словы неабходна растлумачыць. Пажадана такое тлумачэнне атрымаць ад самога выканаўцы твора ці ад слухачоў.
Запіс фальклорных твораў — цяжкая і складаная справа. Розныя фальклорныя жанры маюць свае асаблівасці.
Песня, як і ўсе творы, запісваецца ў час выканання, пасля чаго запіс правяраецца і ўдакладняецца пры паўторным выкананні ці пад дыктоўку выканаўцы. Песня падзяляецца на асобныя музычныя фразы, якія супадаюць з вершаванымі радкамі. Пры запісванні неабходна прытрымлівацца гэтага падзелу. Калі ёсць магчымасць, пажадана запісваць песню адначасова двума збіральнікамі. Пасля запісу тэкст звяраецца, а спрэчныя месцы высвятляюцца ў выканаўцы. Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца запісы песень, дзе разам з тэкстамі даецца і мелодыя.
Больш складаным з’яўляецца запіс эпічных жанраў. Хуткі тэмп, у якім часам вядзецца расказ, не заўсёды дазваляе запісаць яго слова ў слова. Пры паўторнай перадачы твора казачнік рэдка прытрымліваецца яго першапачатковага тэксту. Таму, калі празаічны тэкст немагчыма запісаць поўнасцю, можна першыя сказы запісаць поўнасцю, стараючыся захаваць у іх мясцовыя асаблівасці мовы, а далей запісваць скарочанымі словамі. Скарачаць можна толькі вядомыя словы, якія часта ўжываюцца ў творы. Мастацкія прыёмы (паралелізмы, параўнанні і г. д.) і ў гэтым выпадку неабходна запісваць цалкам. Пажадана як можна шырэй выкарыстоўваць пры фальклорных запісах магнітафон.
Калі песні, казкі, частушкі можна запісваць, папярэдне падрыхтаваўшыся да гэтага, то так званыя «малыя» жанры: прыказкі, прымаўкі, загадкі — запісаць значна цяжэй. Яны не выконваюцца, а ўжываюцца амаль усім на-
сельніцтвам, прадбачыць загадзя іх ужыванне ў мове немагчыма. Таму збіральніку гэтых жанраў трэба быць надзвычай уважлівым да народнай мовы. Адны і тыя ж прыказкі і прымаўкі звычайна ўжываюцца ў розных выпадках, набываюць розны сэнс, у сувязі з гэтым іх неабходна запісваць у кантэксце, гэта значыць разам з іншымі словамі або сказамі, каб было зразумела, якую думку падкрэсліваў ці абагульняў чалавек. Калі тая ці іншая прыказка або прымаўка ўжыта ў пэўным сэнсе і вядома, што яна ўжываецца і ў іншых выпадках, неабходна падкрэсліць гэта. Разам з загадкай трэба запісваць і адгадкі, якіх да адной загадкі можа быць некалькі. Звычайна песні, частушкі, казкі, легенды, народная драма, сказы маюць варыянты, гэта значыць блізкія па змесце, па ідэйных і мастацкіх асаблівасцях творы, якія часам адрозніваюцца паміж сабой двума-трыма словамі або радкамі. У іншых выпадках гэтыя адрозненні бываюць больш істотнымі. Калі запісан твор і ёсць яго варыянты, неабходна запісваць і іх.
Пашпартызацыя фальклорных запісаў
Запіс фальклорнага твора набывае навуковую каштоўнасць толькі тады, калі ён мае падрабязную пашпартызацыю. Вядома, што фальклорныя запісы з’яўляюцца не толькі мастацкімі творамі, але і матэрыялам для доследаў прадстаўнікоў розных галін навукі: фалькларыстаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, гісторыкаў, энтографаў, мастацтвазнаўцаў і інш. Для навуковых доследаў трэба ведаць час, месца запісу, ад каго запісана і многія іншыя звесткі. Таму да кожнага запісу фальклорнага твора неабходна дадаць наступнае:
1) звесткі аб асобе, якая запісала твор: прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, адукацыя, прафесія, адрас;
2) дату запісу;
3) месца запісу твора: вобласць, раён, вёска, калгас, горад, завод, навучальная ўстанова;
4) звесткі аб асобе, ад якой запісаны твор: прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, нацыянальнасць, прафесія, адукацыя, адрас.