• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор

    Беларускі фальклор


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 840с.
    Мінск 1977
    158.56 МБ
    Фальклор адрозніваецца ад пісьмовай літаратуры і асаблівасцямі тыпізацыі. Літаратуры рэалістычных напрамкаў уласціва стварэнне тыповых характараў у тыповых абставінах. Тыповы характар, адлюстроўваючы асноўныя рысы свайго сацыяльнага асяроддзя і сваёй эпохі, праяўляецца праз індывідуальныя якасці героя, праз яго індывідуальнае і непаўторнае аблічча. Вобразы вуснапаэтычнай творчасці не маюць такой індывідуалізацыі. Як пісаў праф. У. I. Чычараў, «у фальклоры мы маем уласна не тыповыя характары, а тыповыя вобразы, якія абагульняюць якасці людзей. Напрыклад, Іван — адзін і той жа ў розных казках: розныя мянушкі яго — сялянскі сын, дурань, царэвіч і інш.— толькі вар’іруюць дэталі вобраза, але не змяняюць яго сутнасці».* Да асаблівасцей фальклору належыць і тое, што мастацтва слова тут вельмі цесна звязана з музычным мастацтвам, харэаграфіяй і неаддзельна ад працэсу выканання.
    Узнікненне фальклору адносіцца да глыбокай старажытнасці і звязана з працоўнай дзейнасцю чалавека, з яго барацьбой за падпарадкаванне сіл
    * Чйчеров В. Н. Русское народное творчество. М., 1959, с. 14.
    прыроды. «Прызнана і ўстаноўлена,— пісаў A. М. Горкі,— што мастацтва слова нарадзілася ў глыбокай старажытнасці з працэсаў працы людзей. Прычынай узнікнення гэтага мастацтва служыла імкненне людзей да арганізацыі працоўнага вопыту ў моўных формах, якія найбольш лёгка і трывала замацоўваліся ў памяці,-— у формах двухрадкоўяў, «прыказак», «прымавак», працоўных лозунгаў старажытнасці».* Далейшае развіццё народнай паэзіі таксама было звязана з працоўнай дзейнасцю чалавека, з яго барацьбой за справядлівасць і сацыяльную роўнасць.
    Ідэі справядлівасці, сацыяльнай роўнасці заўсёды ўласцівы народнай паэзіі, якая адлюстроўвае думы, запаветныя мары і пачуцці працоўных, іх адвечнае імкненне да свабоды, шчасця і міру. Класавы характар і народнасць фальклору якраз і праяўляюцца ў тым, што ён нясе гэтыя ідэі, перадае адносіны народа да важнейшых падзей, выказвае інтарэсы працоўных. Калі звярнуцца да беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці дакастрычніцкага часу, лёгка заўважыць, што на ўсіх этапах развіцця ў ёй моцна гучыць голас сацыяльнага пратэсту. Творы адлюстроўвалі і ў той жа час услаўлялі барацьбу супраць прыгнёту, супраць іншаземных захопнікаў. Патрыятызм працоўных мас, іх самаадданая барацьба за свабоду і незалежнасць нашай краіны, за яе росквіт ярка праявіліся ў творах савецкага часу. Выкрышталізаваныя ў фальклоры маральныя і этычныя нормы, эстэтычныя густы, адносіны да працы — гэта мараль і этыка працоўных, гэта погляды народа на мастацтва, гэта яго адносіны да працы. Аднак трэба мець на ўвазе, што не ўсе вуснапаэтычныя творы адлюстроўвалі толькі перадавыя, прагрэсіўныя і рэвалюцыйныя ідэі. Умовы жыцця працоўных мас у грамадстве, падзеленым на антаганістычныя класы, адбіліся на іх свядомасці, якой былі ўласцівы і супярэчнасці і абмежаванасць, што знайшло адлюстраванне і ў некаторых творах. Апрача таго, дзе-нідзе ў рэпертуар працоўных траплялі творы, складзеныя прадстаўнікамі пануючых класаў і царквы з мэтай прапаганды сваіх, варожых працоўным ідэй. Таму да шматлікіх твораў, якія бытавалі і бытуюць у народзе, патрэбен класавы і гістарычны падыход, які дапаможа пазбегнуць суб’ектывісцкіх памылак у іх ацэнцы і адрозніць сапраўдную народную паэзію ад твораў, якія не з’яўляюцца фальклорам. Возьмем, напрыклад, некаторыя песні і казкі эпохі феадалізму, у якіх побач з пратэстам супраць прыгнёту адбілася і абмежаванасць светапогляду сялян, якія не маглі яшчэ ведаць шляхоў вызвалення. Калі ўлічыць гістарычныя ўмовы, у якіх узнікалі творы, мы іх ацэнім станоўча. Калі ж гэтыя ўмовы ігнараваць, значная частка фальклорнай спадчыны атрымае памылковую ацэнку. Другі прыклад — духоўныя вершы. Хаця яны раней бытавалі ў вуснай перадачы, многія з іх ні па паходжанню, ні па ідэйнаму зместу нельга аднесці да народнай паэзіі. Вось чаму класавы і гістарычны падыход да вуснапаэтычнай народнай творчасці з’яўляецца адным з асноўных патрабаванняў сучаснай навукі.
    Фальклор займаў і займае важнае месца ў духоўным жыцці народа. Цяжка пераацаніць яго грамадска-палітычнае, эстэтычнае і выхаваўчае значэнне на ўсіх этапах развіцця грамадства, хоць яго роля і ўдзельная вага не заўсёды былі аднолькавымі. Народная вусная паэтычная творчасць вучыць палымяна любіць сваю радзіму, яна садзейнічае выхаванню лепшых якасцей чалавека: імкнення да свабоды, павагі да людзей, працавітасці, справядлівасці, сумленнасці, непрымірымасці да недахопаў і інш. Народная паэтычная творчасць выхоўвае пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва. У дакастрычніцкую эпоху для большасці працоўных фальклор з’яўляўся фактычна і школай, і кнігай, і, нарэшце, цэлым кодэксам маральна-этычных норм. Палымянае паэтычнае слова народа ўзнімала масы на барацьбу з прыгнятальнікамі, садзейнічала росту класавай свядомасці працоўных.
    Народная творчасць — адна з жыватворных крыніц развіцця нацыянальнага прагрэсіўнага мастацтва і літаратуры. Аб вялікім значэнні фальклору ў развіцці літаратуры вельмі трапна пісаў A. М. Горкі: «Мільтан і Дантэ, Міцкевіч, Гётэ і Шылер уздымаліся вышэй за ўсё тады, калі іх акрыляла творчасць калектыву, калі яны чэрпалі натхненне з крыніцы народнай паэзіі, бязмерна глыбокай, незлічона разнастайнай, моцнай і муд« A
    ран».
    Асабліва вялікае значэнне меў фальклор для развіцця літаратуры тых народаў, якія доўгі час пакутавалі пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам, мова і літаратура якіх былі пад забаронай. Фальклор з’явіўся першай паэтычнай школай многіх выдатных беларускіх пісьменнікаў. Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, М. Багдановіча, Я. Коласа, Я. Купалы і многіх іншых вядомых беларускіх паэтаў і празаікаў непарыўна звязана з народнай паэзіяй і па сутнасці вырастала з яе. Гэта сувязь праявілася не толькі ў шырокім выкарыстанні фальклорных сюжэтаў, тэм, вобразаў, мастацкіх сродкаў, але і ў падыходзе, ацэнцы і адлюстраванні з’яў рэчаіснасці. Сувязь з народнай творчасцю спрыяла станаўленню рэалізму і народнасці беларускай літаратуры.
    Фальклор як мастацтва слова звязаны з іншымі відамі народнага і прафесійнага мастацтва. Можна было б прывесці шмат прыкладаў дабратворнага ўплыву народнай паэтычнай творчасці на прафесійнае музычнае, выяўленчае мастацтва, на драматургію. Многія буйныя музычныя творы напісаны на фальклорныя сюжэты і шырока выкарыстоўваюць народны мелас. Напрыклад, толькі на сюжэт вядомай многім народам казкі «Золушка» кампазітарамі розных краін напісана каля дзесяці опер і балетаў, у тым ліку дзіцячая опера Б. Асаф’ева і балет С. Пракоф’ева. Беларускае народнае паданне «Машэка» лягло ў аснову лібрэта аднайменнай оперы Р. Пукста. Пастаянна звярталіся да беларускага народнага меласу кампазітары
    М. Чуркін, М. Аладаў, А. Туранкоў і інш. Да фальклорных сюжэтаў звярталіся сусветна вядомыя майстры жывапісу В. М. Васняцоў, В. А. Сяроў і інш. Шырокае выкарыстанне сюжэтаў і матываў вуснапаэтычнай творчасці ўласціва таксама народнаму прыкладному мастацтву, асабліва кераміцы, разьбе па дрэву. У сваю чаргу літаратура і прафесійнае мастацтва ўплываюць на развіццё фальклору, асабліва на мову, стыль, вершаскладанне, у пэўнай ступені на сістэму вобразаў і прыёмы мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.
    Фалькларыстыка як навука аб народнай паэзіі таксама звязана з іншымі галінамі навукі і ў першую чаргу з гісторыяй. Вывучэнне народнай вуснапаэтычнай творчасці толькі тады будзе плённым, калі даследчык знойдзе тлумачэнне складаных з’яў развіцця фальклору ў фактах гісторыі яго стваральнікаў — працоўных мас. Значная частка фальклорных твораў, асабліва песень, звязана з абрадамі. Іх вывучэнне патрабуе добрых ведаў этнаграфіі — навукі, якая займаецца даследаваннем матэрыяльнага і духоўнага быту народа, у прыватнасці пытаннямі паходжання і сутнасці тых ці іншых абрадаў або звычаяў. Знаёмства з тэорыяй музыкі і харэаграфіяй аказвае вялікую дапамогу ў вывучэнні песень, прыпевак і частушак у першую чаргу пры разглядзе іх мастацкіх асаблівасцей, рытмікі, структуры верша, а таксама пры класіфікацыі песень і г. д.
    У творчасці кожнага народа ёсць свае непаўторныя рысы, якія складаюць нацыянальную спецыфіку фальклору. Разам з тым вельмі многія творы, складзеныя рознымі народамі, падобны паміж сабой. Прычынамі такога падабенства з’яўляюцца агульнасць законаў развіцця чалавечага мыслення, свядомасці людзей і мастацкай творчасці, асабліва ў падобных умовах жыцця, генетычная блізкасць некаторых народаў, як, напрыклад, славянскіх, пастаянны працэс культурнага абмену паміж народамі.
    Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць таксама мае шмат падобнага з творчасцю іншых народаў свету і ў той жа час уносіць у агульную скарбніцу народнай паэзіі свой пэўны ўклад, канкрэтнае значэнне якога становіцца відавочным пры разглядзе асноўных этапаў развіцця беларускага фальклору і складвання яго асаблівасцей.
    Адным з важнейшых фактараў, пад моцным уплывам якога адбывалася і адбываецца развіццё беларускага фальклору, з’яўляецца адзінства паходжання і трывалыя сувязі ўсходнеславянскіх народаў, іх духоўнай культуры, што абумовіла блізкасць паэзіі і садзейнічала ўзаемапранікненню, ўзаемаўзбагачэнню фальклору. Фальклор Старажытнай Русі — агульная спадчына ўсходніх славян, з якой вырасла і расквітнела вусная паэзія рускіх, украінцаў і беларусаў.
    Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць эпохі феадалізму была прадстаўлена амаль усімі жанрамі, якія ўласцівы таксама рускаму і ўкраінскаму фальклору: каляндарная і сямейная абрадавая паэзія, казкі, паданні і легенды, прыказкі і прымаўкі, загадкі, замовы, народны тэатр у розных яго відах, сацыяльна-бытавая лірыка. He было ў беларускім фальклоры
    твораў такіх жанраў, як быліны або думы, спецыфічных для рускага і ўкраінскага фальклору, але беларускі народ таксама стварыў свой гераічны і гістарычны эпас, які хаця і не набыў адзінай жанравай формы, аднак даволі поўна адлюстроўваў многія гераічныя старонкі гісторыі нашага народа. На Беларусі бытавалі казкі і паданні аб волатах і асілках, казкі на былінныя сюжэты і песні быліннага складу, гістарычныя песні і паданні, якія апавядаюць аб барацьбе беларускага народа з рознымі іншаземнымі захопнікамі і прыгнятальнікамі.