Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Мы прыслухаліся якраз у той момант, калі ён пачаў як бы нехаця, з гэтакай акруглай раскачкай выводзячы матыў, абяцаючы, аднак, вось-вось узяць іншы тэмп,— гэта ўгадвалася перш за ўсё, чым слых вызначыў, што іграюць «Лявоніху», цудоўны беларускі танец. У вячэрнім паветры, паасенняму чуйным, ён гучаў так шчымліва, з такой падмываючай сілай, што і шафёр, які ўжо паддамкраціў задні мост, працаваў, стараючыся не вельмі грымець ключом.
«Ах, Лявоніха, Лявоніха мая...» — быццам бы неслася адтуль, з доміка, і здавалася, што гэта ён сам, невялікі, чатырохаконны, акуратны, увесь гучыць гэтай песняй.
Ах, «Лявоніха»! За кожным матывам, пачутым некалі, як за кожным пахам кветкі, цэлая бездань успамінаў, лепшая палавіна жыцця, a то і цэлае жыццё.
Ах, «Лявоніха»! Упершыню я пачуў твой цудоўны, заліхвацка-гарэзлівы і разам з тым журботна-пяшчотны лад даўно-даўно, не толькі да вайны, задоўга да юнацтва, у дзяцінстве, дзесьці ў родных мясцінах, куды яго выпадкам занесла, можа быць, з якім-небудзь ярмарачным гарманістам. I, бадай, ён тады ўжо нешта нагадаў мне, нібы ўвайшоў у маю душу невядомым шляхам яшчэ раней. Многа спагадзя, у юнацтве, калі мне давялося быць на адным з вялікіх беларускіх свят у сталіцы рэспублікі — Мінску, я зноў пачуў яго і ўбачыў гэты танец на сцэне вялікай канцэртнай залы. Тут ужо я ведаў, што гэта «Лявоніха», і матыў яе яшчэ глыбей узрушыў мяне. Прайшло яшчэ многа год, прайшла маладосць, прайшло многа беззваротна, толькі вайна не прайшла яшчэ. I вось недзе на мяжы Літвы і Беларусі я пачуў раптам «Лявоніху». He, я яшчэ яе недзе чуў, не можа быць, каб гэта за ўсю вайну ўпершыню...
Тут мы, прыслухоўваючыся ўсё больш беражліва і напружана, абменьваючыся між сабой ад хвалявання разгубленымі ўсмешкамі, вельмі выразна пачулі, што ўсё хутчэйшаму тэмпу музыкі ўторыць глухі, грубы, але суладны стук і грукат танца.
Мы з таварышам не вытрымалі і пайшлі да доміка па сцежцы ўгору, уздоўж градак з макам, які адцвітаў і ўжо выйшаў у галоўкі. Чым бліжэй мы падыходзілі, тым больш гарэзліва і нясцерпна заліваўся баян, збіваючы з ног. Баяніст ударыўся раптам у такія тонкія, пеўневыя вярхі і то раптам «прарэзваў» на басах, масніцы дома тым часам аддавалі ўсё, што маглі.
Дзверы былі расчынены насцеж, усюды, нават у сенцах, тоўпіліся жанчыны, дзяўчаты, шмат нашых байцоў і два-тры маладзенькія афіцэры. Адзін з іх, з трохпавярховай нашыўкай за раненні і ордэнам, танцаваў на сярэдзіне. Пілотка цудам трымалася на яго незвычайна густой капе цёмнарусых валасоў з выцвілымі ад сонца чубамі налева і направа. У пары з ім танцавала дзяўчына ў ваенным. Шырокія кірзавыя халявы ботаў свабодна хадзілі вакол яе стройных, хаця і даволі поўных ног, а форменная спаднічка туга абцягвала яе. Але гэта не перашкаджала ёй танцаваць лёгка, з непрымусовай гуллівасцю, з настойлівым і неадступным выклікам лейтэнанту ў пілотцы. Пілотка ў яго ўжо вось-вось павінна была зваліцца — такія ён штукі вырабляў — і ўсё трымалася, быццам прыхопленая да валасоў шпількай.
За тлумліва людскім кругам не адразу было разгледзець, дзе баяніст. Ен сядзеў на лаве, спіной да стала, на якім быў непрыбраны посуд, што ціха брынчэў і быццам хадзіў па стале ў тэмпе танца. Гэта быў крыху санлівы хлопец з шырокім, здаровым тварам, на якім выраз санлівасці і спагадлівай важнасці станавіўся тым больш прыкметным, чым больш заліхвацка і задзёрыста ён выводзіў віртуёзныя абароты танца.
А кароткія загарэлыя пальцы байца як быццам і не спяшаліся бегаць па белых гузіках, як быццам яны толькі сачылі за парадкам, а іграў сам баян — на тое, маўляў, і інструмент такі дарагі...
Ну дзе ж я яшчэ на вайне чуў «Лявоніху»?..
Вось баяніст налягае грудзьмі на свой ганарлівы інструмент і, ледзь не хмурачыся ад важнасці, выводзіць нешта ўжо зусім незвычайнае, але якраз тое, што патрэбна распаленаму ходу танца. Раптам лейтэнант страсянуў галавой, пілотка нарэшце звальваецца з галавы, ледзь затрымаўшыся за чуб,— ды не, гэта ён знарок. Яшчэ адным такім жа зухаватым рухам галавы ён садзіць яе на месца і, працягваючы вырабляць калена за каленам, прыціскае рукі да грудзей, кланяецца, адступае, натыкаючыся спіной на цесны натоўп гледачоў: «Увесь, не магу болей...»
«Ага,— рукамі, нагамі і ўсёй наступальнай выхадкай быццам гаворыць дзяўчына,— ага, увесь? He, трымайся, калі ўзяўся, воін».
,— Міця, не адступі! —кідае нехта адчайны прызыў з натоўпу, бачачы ўсё гэта.
— He, баюся, што шво разыдзецца,— жартуе, задыхаўшыся, лейтэнант, усё яшчэ працягваючы танцаваць.
I дзяўчына з выразам ласкавай і хітраватай урачыстасці на потным, расчырванелым твары і ў вялікіх шэрых вільготных вачах пачынае шкадаваць яго, таксама адступаючы і раскланьваючыся на хату.
I, перш чым гарманіст абарваў, я прыгадаў, калі яшчэ я чуў такую ігру на баяне і глядзеў танец накшталт гэтага. Гэта было недзе пад Юхнавам, у зімнім лесе, поўным дыму і пары, што ішла з сумётаў, пад якімі глыбока ў прамерзлай зямлі хавалася акопнае жыццё. Як гэта далёка адсюль, як гэта даўно было!
Танцавала тады перад байцамі, пад сасновымі накатамі вялізнага бліндажа, адна жанчына з пятліцамі ваеннага ўрача. Яна была родам з Беларусі і запомнілася мне яшчэ таму, што пры ўручэнні ёй у той вечар ордэна сказала замест: «Служу Савецкаму Саюзу» — «Служу савецкаму народу» — і страшэнна збянтэжылася, думаючы, што зрабіла непапраўную памылку. А потым разышлася і танцавала да ўпаду родную «Лявоніху».
Ах «Лявоніха», мілая песня, вунь як ты далёка пабывала і назад вярнулася!..
Мы паціху выйшлі. «Віліс», што ладна настаяўся, ірвануўся па яшчэ светлай шашы. I доўга ў дарозе яго ход складваўся нам на матыў: «Ах, Лявоніха, Лявоніха мая...»
I я прыгадаў, што мог прыгадаць з гэтай песні, падбіраючы радок да радка і, мусі быць, мяняючы што-небудзь, блытаючы беларускую мову з рускай, падстаўляючы словы, якіх не хапае, каб толькі не траціць ладу, што надоўга ў дарозе захапіў маю душу.
А Лявоніху Лявон палюбіў, Лявонісе чаравічкі купіў. Лявоніха, душа ласкавая, Чаравічкамі палясківала.
А чаму ж цябе пярун не забіў, Як ты мяне ў маладосці любіў...
A. Т. ТВАРДОЎСКІ
Сэрца народа
Наўрад ці знойдзецца чалавек у нашай краіне, які б не ведаў цудоўнай застольнай песні:
Бывайце здаровы, Жывіце багата...
Але мы ведаем яе ў рускім перакладзе, а песня гэта беларуская, народная, якая з явілася ў першыя гады калгаснай заможнасці і набыла пасля паўсюднае прызнанне.
Адна гэта песня, якую балюча было пачуць у дні, калі ўся беларуская зямля ляжала за лініяй фронту, адна гэта простая, задушэўная і жартоўналаскавая песня — лепшае сведчанне красы зямлі і народа, які насяляе яе, народа са шчодрым, чэсным і вясёлым сэрцам.
Гэта тое самае сэрца, што моцна і назаўсёды даверылася праўдзе, якую першым абвясціў вялікі рускі народ...
У скарбніцы беларускага фальклору ёсць і іншыя цудоўныя песні, створаныя ў розны час і таксама вядомыя і любімыя за межамі гэтай рэспублікі. Узяць, напрыклад, пяшчотную і чуллівую «Перапёлачку», ці зухаватагарэзлівую нацыянальную танцавальную «Лявоніху». У ёй лёгка ўгадваецца багатае сэрца народа, з ласкавай пяшчотнасцю, з прастадушнай весялосцю і гарэзлівай зухаватасцю.
Беларусы наогул народ глыбока паэтычны. Кожны горад, кожная рака, што працякае па іх зямлі, надзелены асэнсаваным, легендарным паходжаннем...
Пройдуць гады, і народная фантазія абавязкова звяжа з памятнымі мясцінамі баёў за вызваленне Беларусі і гістарычнымі імёнамі свае легенды, паданні і песні. Гэтак жа будзе ўзнагароджана і памяць вызваліцеляў горада Магілёва, пра паходжанне якога, паводле народнага падання, расказаў у сваёй паэме «Магіла льва» Янка Купала, і памяць вызваліцеляў Мінска і іншых гарадоў Беларусі.
A. К. СЕРЖПУТОУСКІ
Хаця добрыя апавядальнікі трапляюцца даволі рэдка, затое яны заўсёды прыцягваюць многа слухачоў. Бо тут вусныя апавяданні замяняюць усю літаратуру, якою карыстаюцца пісьменныя людзі, і таму маюць велізарнае значзнне ў жыцці непісьменнага простага люду. Пад уплывам апавяданняў, казак, прыказак і іншых твораў вуснай народнай творчасці вырабляецца часткова ўвесь светапогляд, уся жыццёвая мудрасць і ўсе этычныя ўяўленні цёмнага вясковага люду.
<...> Сапраўдныя падзеі змешваюцца ў апавяданнях беларуса з дзівоснай выдумкай. Нярэдка сам апавядальнік не ўсведамляе, дзе канчаецца рэчаіснасць і дзе пачынаецца выдумка. Такія, напрыклад, апавяданні пра страхі, пра хаджэнні мерцвякоў, пра штукарствы чараўнікоў і г. д.
Народ глядзіць на казачныя эпізоды як на падзеі, якія сапраўды адбываліся ў жыцці. Нездарма пры размовах спасылаюцца на тыя альбо іншыя сказанні з вядомых казак, апавяданняў і г. д.
Апавядальнікамі з’яўляюцца, вядома, больш здольныя і развітыя людзі. Гэта, так сказаць,— інтэлігенцыя. Адны з апавядальнікаў валодаюць найвыдатным красамоўствам, другія адрозніваюцца дарам мастацкага чуцця і творчасці, і амаль усе яны маюць схільнасць да філасофіі.
<...> Хаця кожны беларус ведае дзесяткі два бытавых апавяданняў і некалькі казак, не кожны любіць і ўмее расказваць. Добрыя апавядальнікі
сустракаюцца даволі рэдка. Усё іх мастацтва заключаецца ў тым, што яньг ў свае апавяданні ўносяць асабістыя рысы,— перадаюць апавяданне пад вуглом гледжання свайго светапогляду... Добры апавядальнік... не звяртае ўвагі на дасканаласць зместу і падрабязнасці якой-небудзь падзеі. Ен бярэ ў апавяданні галоўную думку, якая выражаецца прыказкай ці адной характэрнай фразай, развівае гэту думку і вобразнымі зваротамі мовы тут жа складае цэльнае, закончанае, апавяданне. Добры апавядальнік — гэта свайго роду мастак-раманіст плюс актор-апавядальнік.
A. К. Сержпутоўскі ў час экспедыцыі (1909 г.)
Вось такія таленавітЬія людзі, нікім не заўважаныя, усё сваё жыццё нраводзяць у глухіх кутках. Пры іншых умовах, мусіць, яны сталі б нацыянадьным гонарам.
— Хадзі, песня родная, к нам у нашы святліцы! — на лад салаўіны прасіла жалейка; кволым голасам кленчыла дуда; дробным макам рассыпаючыся, шапталі цымбалы; залаціста-басавым голасам малілася ліра,— пагасціш у нас і пойдзеш далей у вандроўку. Ніякія перуны цябе не заб’юць, ніякія астрогі цябе не зняволяць, ніякія мячы і стрэльбы ў цябе жыцця не забяруць. і